Вы тут

Шлях Рамана Лубкіўскага ў Беларусь


Выдатны ўкраінскі пісьменнік, славяназнавец, лаўрэат Нацыянальнай прэміі імя Т. Шаўчэнкі Раман Лубкіўскі для мацавання беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязяў апошняга часу зрабіў — адзін — больш, чым усе астатнія ўкраінскія пісьменнікі пачатку ХХІ ст. разам узятыя. І гэта не перабольшанне. Яго ў нас многія добра ведалі і паважалі, ён неаднойчы наведваў Беларусь па творчых і навуковых справах, любіў працаваць у колішнім Доме творчасці «Іслач»... Але чаму «зрабіў», а не «робіць»? На жаль, 23 кастрычніка, на 75-м годзе жыцця, яго раптоўна і нечакана (па дарозе з лецішча дадому ў Львоў) напаткала смерць...

29-24

Творчы набытак Лубкіўскага вызначаецца найперш, зразумела, уласнымі паэтычнымі дасягненнямі. Ён — адзін з самых вядомых украінскіх літаратараў, аўтар больш як трох дзясяткаў кніг паэзіі, паэт са сваім адметным голасам. Асобныя зборнікі яго вершаў выходзілі ў розных краінах, у тым ліку і ў Беларусі, — «Пялёсткі святла: лірыка» (1990). Што да найарыгінальнейшага таленту «аркодужного перевисання до народів» (П. Тычына), то адно яго перакладчыцкае сціло ажывіла ў стыхіі ўкраінскага вобразнага слова сотні твораў дзясяткаў паэтаў літаральна ўсіх сучасных славянскіх народаў. Апрача таго, яго пяру належаць глыбокія артыкулы ледзь пра ўсіх карыфеяў славянскай паэзіі (А. Пушкіна, Х. Боцева, І. Волькера, Д. Максімавіч і інш.), у тым ліку пра нашых Цётку (у яго перакладзе выйшла і кніжка паэткі «Творы», 1976), М. Багдановіча, Я. Купалу... Аднак, бадай, самае адметнае, чым вызначыўся Лубкіўскі, — і не толькі ва Украіне, але і ва ўсім славянскім свеце — гэта стварэнне дзвюх унікальных анталогій: «Слов'янське небо» (Львоў, 1972) і «Слов'янська ліра» (Кіеў,1983). Ідэя звесці ўсе славянскія паэтычныя рэкі ў адно літаратурнае мора аказалася надзвычай арыгінальнай. Ва ўсялякім разе, падобнага выдання ў пасляваенны час ні ў адной іншай славянскай краіне не з'явілася. У адзінае рэчышча славянскіх літаратур (а гэта 136 аўтараў!) улілася і рака беларускай паэзіі творчасцю звыш 30 паэтаў...

Гаворачы пра ўсё гэта, трэба, аднак, памятаць: Лубкіўскі ў першую чаргу — духоўны «паўпрэд» ва Украіне нашага Багдановіча. Яму належыць больш як дзясятак артыкулаў пра аўтара «Вянка», дзясяткі перакладаў яго твораў і — самае галоўнае — выданне кнігі М. Багдановіча «Стратим-лебідь» (Львоў, 2002). Гэта, па сутнасці, першы поўны збор твораў класіка беларускай літаратуры за межамі Беларусі. Падобнага замежнага выдання пакуль што няма нідзе. У стварэнні кнігі (арганізацыя выдання, яго ўкладанне, напісанне грунтоўных прадмовы і каментара, пераклад большасці твораў) — неацэнная заслуга Лубкіўскага і перад багдановічазнаўствам, і ўвогуле перад беларускай культурай...

Неабходна сказаць яшчэ пра адну яго крэатыўную ініцыятыву. Намаганнямі Лубкіўскага як даследчыка, перакладчыка і ўкладальніка праз два гады пасля «Стратим-лебідя» ў тым жа львоўскім выдавецтве «Світ» выйшла ўнікальная кніга «Шевченкова дорога в Білорусь» (2004). Уключаны ў кнігу вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя Кабзару (раздзел «У вянок генію»), літаратурна-крытычныя спасціжэнні яго творчай спадчыны, падрабязная хроніка сустрэч Шаўчэнкі з беларускай зямлёй і беларускімі шанавальнікамі ўкраінскага генія, ілюстрацыйны матэрыял... У задуме Лубкіўскага, ведаю, было выданне ў гэтай жа серыі твораў Янкі Купалы, у прыватнасці, тых, што да гэтага часу на ўкраінскай мове не друкаваліся. А таксама стварэнне і выданне арыгінальнай аўтарскай анталогіі на ўкраінскай мове — «Сто беларускіх паэтаў»...

Шлях, які нястомна пракладаў у культуру Беларусі Раман Лубкіўскі ўслед за львавянамі Іларыёнам Свянціцкім, Іванам Дзенісюком і іншымі, будзем спадзявацца, адолее новае пакаленне ўкраінскіх шанавальнікаў беларускага мастацкага слова.

Вячаслаў Рагойша

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».