Вы тут

Хто ўсё ж такі «руліць»?


— Вам гарбаты ці кавы? — спыталі ў яе, як толькі яна пераступіла парог рэдакцыі.

— Гарбаты, — адказала. — Зялёнай.

«Ах, якая! Толькі паглядзіце на яе! А ты ўвогуле ўпэўнена, што тут ёсць зялёная гарбата?» — звярнулася я да яе ў сваіх думках, не надта ветлівых. Бо адкуль ім быць ветлівымі, калі такое дэманстратыўнае адчуванне ўласнай значнасці мне ніколі не здавалася прыстойным. Недалюбліваю я гэткіх фіфачак, якія лічаць, што свет кожнае імгненне самаствараецца наноў — у адпаведнасці з іх патрэбамі і жаданнямі. Я добра ведаю, што зялёнай гарбаты ў рэдакцыі няма. Скончылася. Якраз учора ўжылі апошні пакецік, а новай набыць не паспелі.

Толькі я так да яе «звярнулася», толькі паспрабавала зноў паглыбіцца ў свае справы (візіцёрка прыйшла не да мяне, і мне ўсё роўна, па якім пытанні), як пачула ўдакладненне, зробленае тым самым упэўненым тонам, якім прамаўлялася першая частка заказу.

— Зялёнай з язмінам, — сказала візіцёрка.

«Ты яшчэ колер кубка закажы, — зноў у думках прабурчэла я. — Пад лак на пазногцях».

Гэта я апісваю падзеі колькігадовай даўнасці, калі ў «маю» рэдакцыю прыходзілі не перспектыўныя пачаткоўцы-літаратары і іх калегі, літаратары-мэтры, а... модныя блогеры, аўтары шлягераў, «зоркі» ўсіх велічынь і такія вось жалезабетонныя «акулы маркетынгу». Стапудова, яна хацела стварыць уражанне. Паказаць сваю ўпэўненасць. Каб далей, што б яна ні сказала, яе слухалі ў тры вухі і падтаквалі. Вось жа вучаць іх недзе такому. А можа, і не вучаць. Хлопца, што заходзіў да мяне ўчора, дакладна «навучылі». Адчыняе дзверы — і адразу па-пісанаму... А гэтая — вытанчаная, з якой-ніякой пазіцыяй, нават калі апошняя дыктуе ёй выносіць штодзённа не смецце, а мозг.

Памятаю, я не магла не расказаць Яму пра гэты выпадак. Але адказ прымусіў задумацца: а як я стаўлюся да пытання выбару, нават калі размова ідзе пра такую дробязь, як кава ці гарбата? Ды ніяк! Гэта значыць, або адмаўляюся ад прапановы наогул, або раблю «ніякі» выбар: што вам, маўляў, прасцей згатаваць, тое і добра. Абы не нарабіць нікому клопату.

Але мой самааналіз, праходзячы праз татальную няўпэўненасць, пра фатальнае няўменне ні ў чым сабе не адмаўляць, праз далікатнасць, якая больш перашкаджае, чым спрыяе, упарта вырульвае да разважанняў зусім іншага кшталту.

Калі я іду на дзелавую сустрэчу, то я іду на дзелавую сустрэчу: выкласці прапановы, атрымаць меркаванні ў адказ, абгаварыць дэталі, прыняць рашэнне, акрэсліць тэрміны рэалізацыі. А калі мне пачнуць расказваць, як гарачы напой спрыяе змястоўнай і глыбокай размове, я засмяюся: вы яшчэ пахучыя свечкі запаліце! Тут міжволі ўзнікае пытанне: а хто менш упэўнены — той, хто далікатнічае, ці той, хто абавязкова і нават дэманстратыўна адмяжуе сябе «шчаслівым» кубкам і будзе ўскладаць адказнасць за вынік перамоў на тое, што ў гэты кубак наліта?

Сям'я, як я даўно ўжо ўцяміла, нічым не адрозніваецца ад той ці іншай кампаніі, калектыву. Таварыства з адказнасцю! І тут, і там «руліць» зусім не мацнейшы (ці з больш высокай самапавагай), а... той, хто гатуе гарбату і каву!

Наша візіцёрка, як памятаю, без ніякіх каментарыяў з боку сакратаркі атрымала не тое, што заказвала, а тое, што было ў наяўнасці.

Святлана Дзянісава,
галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.