Вы тут

У страха вочы вялікія,


або Няўжо мы такія баязліўкі?

Цяжка знайсці жанчыну, якая нічога не баіцца. Страхі суправаджаюць нас усё жыццё, незалежна ад узросту і сацыяльнага становішча. Адны страхі прыходзяць і знікаюць, іншыя затрымліваюцца надоўга, заганяючы ў ступар і пазбаўляючы спакою. Праўда, калі не ўлічваць крайнасці, калі сітуацыя патрабуе медыцынскага ўмяшання, то жаночыя страхі па сутнасці сваёй з'яўляюцца звычайным хваляваннем, уласцівым абсалютна ўсім жывым істотам. Што ж нас трывожыць і як з гэтым змагацца?

30-23

«А калі замуж не выйду...»

Сяброўкі адна за адной выходзяць замуж. Сваякі пастаянна цікавяцца, калі ж вы паклічаце іх на вяселле. Бацькі кажуць: «Мы пазнаёмім цябе з жаніхом. Будзь вясёлай, надзень адкрытую сукенку, зрабі прычоску...». Вас хочуць «выгадна» прадаць, і вы не супраць...

Вы вельмі-вельмі стараецеся прадацца. Спачатку выгадна, потым ужо як-небудзь... Зазіраеце ў вочы патэнцыяльнаму пакупніку, слухаеце яго, раскрыўшы рот, печаце яму смачныя пірагі — шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз страўнік... На вас немагчыма глядзець без жалю. Паверце, такі тавар выглядае ляжалым, яго ніхто не спяшаецца купляць. Усё гэта надта падобна на распродаж. А слова «распродаж», такое прывабнае для жанчын, вельмі адпужвае мужчын. Жанчына лёгка купіць на распродажы дзве непатрэбныя ёй блузкі толькі таму, што яны каштуюць танней, чым звычайна, а мужчына ўдвая пераплаціць за рэч, якая яму сапраўды патрэбна. Задумайцеся над гэтым...

«Я зацяжарала?!»

У пытаннях, што датычацца мацярынства, жанчыны, здаецца, баяцца ўсяго адразу. Баяцца незапланаванай цяжарнасці, баяцца не зацяжараць увогуле, а калі гэта ўжо здарылася, то баяцца расказваць пра сваё «становішча» сябрам і знаёмым (каб не сурочылі). Баяцца падчас цяжарнасці сваіх новых адчуванняў, баяцца пакутлівых родаў і патаўсцець пасля іх, баяцца першы час клапаціцца пра немаўля, а калі яно падрастае, пачынаюць баяцца за яго яшчэ больш і ў выніку гадуюць «цяплічную расліну», якой не дазваляецца бегаць і скакаць... Здаецца, мацярынства нясе ў сабе адны толькі страхі: нараджаць дзяцей балюча і страшна, а выхоўваць яшчэ страшней, бо вакол адны небяспекі: гузы, збітыя каленкі, «двойкі» ў школе, бойкі, дрэнныя кампаніі... І ўсё ж гэта натуральны працэс. Жанчыны нараджалі, нараджаюць і будуць нараджаць. І ў гэтым працэсе значна больш станоўчых эмоцый, чым страхаў і асцярог.

«Чым старэць — лепш памерці!»

З'яўленне першай маршчынкі або адзінай сівой валасінкі ў жыцці многіх жанчын адзначаецца тыднёвай дэпрэсіяй. А пасля 35 кожны дзень нараджэння ўспрымаецца як плявок лёсу ў душу. Карціны адзінокай, беднай і нямоглай старасці, дзе нават і шклянку вады падаць няма каму, нярэдка ўзнікаюць ва ўяўленні большасці з нас. А ў такім узросце яшчэ і хваробы пачнуць адна за адной атакаваць, і якое ўжо тут можа быць кругасветнае падарожжа з... высокім ціскам і абвастрэннем артрыту. Так, такая перспектыва здольная ўсяліць страх у любога. Любога, хто не разумее, што прыгажосць не залежыць ад узросту, шчасце прыходзіць не толькі да маладых, а трымаць сябе ў добрай фізічнай форме і сачыць за здароўем — не подзвіг, падуладны толькі абраным, а абавязковая праца для кожнага чалавека.

«Ой, не страціць бы!»

Страх страціць мужчыну грунтуецца на глыбінным унутраным перакананні, што жанчына без мужчыны — нуль без палачкі. Гэта значыць, мужчына перайшоў у разрад абсалютных каштоўнасцяў для жанчыны, часта ён нават больш каштоўны, чым яна сама.

Страх застацца адной — шкодная для здароўя рэч. Таму лепш дзейнічаць, чым сядзець і баяцца. Усвядомце, што вы (а не нейкі там мужчына) — цэнтр Сусвету. Мужчыны могуць мяняцца, вы застаяцеся. І лепш, чым з самой сабой, вам не будзе ні з кім і ні пры якіх абставінах.

Няма мужчыны — ідзіце ў клуб знаёмстваў, шукайце сябра ў інтэрнэце, прыгледзьцеся да калег... Ёсць мужчына? Тады ацаніце сітуацыю, адчуйце сэрцам, ці кахае ён вас. Пры гэтым любіце і ўдасканальвайце сябе, будзьце адкрытымі і цікавымі, тады адзінота вам дакладна не пагражае.

«Што пра мяне падумаюць?»

Гэтыя магічныя словы ўсяляюць страх у многіх з нас і прымушаюць рабіць непатрэбныя ўчынкі. Каб начальства не падумала пра нас дрэнна, мы працуем дапазна, выконваем не сваю працу і праглынаем любыя неапраўданыя нараканні ў наш бок. Па гэтай жа прычыне ўтойваем сакрэты асабістага жыцця ад сяброў і знаёмых і наогул не дазваляем сабе быць самімі сабой, а толькі тымі, каго хочуць бачыць у нас навакольныя. А раптам асудзіць хтосьці? Здаецца, што рэзкую крытыку наша далікатнае сэрца не перажыве. А варта правесці хоць бы раз эксперымент і зрабіць так, як хочацца нам, — і ўсё падасца не такім страшным. Ну асудзяць, і што? Пашчабечуць тыя, хто прывык малаціць языком; пазайздросцяць тыя, хто прывык зелянець ад зайздрасці; абурацца тыя, хто прывык, што ім заўсёды патураюць. У выйгрышы застаняцеся толькі вы самі, і паколькі выбераце свабоду жаданняў і дзеянняў, застаняцеся самой сабой.

«Я такая тоўстая!»

Яшчэ адзін тыповы жаночы страх — боязь папаўнець. Цікава, што яго адчуваюць не жанчыны, схільныя да паўнаты, а тыя, у каго няма пакуль праблем з лішняй вагой. Апошнія схільныя лічыць, што прычынай няўдач у асабістым жыцці з'яўляецца дрэнная фігура. Ім і ў галаву не прыходзіць, што гэта — вынік няўмення падтрымліваць адносіны з мужчынамі.

Не варта камплексаваць з прычыны занадта жаноцкіх формаў. У рэальным жыцці вельмі шмат абаяльных жанчын з пышнымі формамі, у якіх цудоўная сям'я. І нямала адзінокіх стройных прыгажунь. Проста трэба любіць сябе, сваё цела, весці правільны лад жыцця і прытрымлівацца здаровага харчавання. Толькі тады, калі вы знаходзіцеся ў міры сама з сабой, пара лішніх кілаграмаў не стануць прычынай псіхалагічнага дыскамфорту.

Так што, дамы, смела заказвайце першае і другое, а на закуску — дэсерт. І памятайце: магчымасць заплаціць за ваш абед або вячэру — узнагарода для мужчыны, падстава паказаць сваю значнасць.

«Баюся выглядаць недарэчна...»

Памятаеце, як у фільме «Дзённік Брыджыт Джонс» гераіня чырванела і хацела праваліцца скрозь зямлю, калі пад яе маленькай вячэрняй сукенкай былі «знойдзены» вялікія «бабуліны» трусы? Гэты эпізод запаў многім дзяўчатам у душу, бо кожная ведае, як страшна апынуцца ў такім непрывабным становішчы. Мы баімся праліць на сябе каву ў кавярні, упасці на слізкай падлозе, заснуць у метро, парваць калготкі... Карацей, існуе мноства сітуацый, у якіх мы можам выглядаць недарэчна. Але існуе і лякарства ад гэтага страху, і імя яму — смех! Не варта чакаць, пакуль хтосьці пасмяецца з вас. Добра ўмець самой пасмяяцца з сябе ў любой сітуацыі!

Вера ФЕМІНА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.