Вы гэта робіце?


Сёння вядома не менш за 200 розных формаў раку. Некаторыя пашкоджваюць толькі адзін орган. Аднак асноўная характарыстыка для ўсіх — некантралюемы рост і распаўсюджванне злаякасных, анамальных клетак. Чаму рак развіваецца ў адных і не развіваецца ў другіх, застаецца пакуль не зразумелым. Медыкі паступова назапашваюць звесткі аб тым, якія фактары могуць адыграць галоўную ролю ў захваральнасці на рак. Сярод такіх фактараў ёсць цалкам падкантрольныя. Скажам, асаблівасці дыеты або стаўленне да курэння.

4-9

Вядома, што рак развіваецца павольна. Захворванне можа не заяўляць аб сабе цягам 5-40 гадоў пасля таго, як на чалавека ўздзейнічаў шкодны агент. Рак лёгкага можа праявіцца праз 25 і нават больш гадоў пасля працяглага ўздзеяння тытунёвага дыму. Гэты вялікі разрыў у часе паміж курэннем і развіццём захворвання тлумачыць тое, што так многа людзей ігнаруюць папярэджванні аб шкодзе курэння.

Валеолаг 2-й цэнтральнай раённай паліклінікі г. Мінска Людміла БАРТАШЭВІЧ нагадвае, што яшчэ неабходна рабіць для прафілактыкі раку.

* Не злоўжываць алкаголем.

* Пазбягаць моцнага сонечнага апраменьвання.

* Часцей ужываць свежыя фрукты і гародніну.

* Абмяжоўваць жывёльныя тлушчы.

* Сачыць за вагой.

Усё больш анкалагічных захворванняў можна вылечыць, калі распазнаць іх на ранняй стадыі, а таму...

...адзін раз на год зазірніце да ўрача-тэрапеўта, здайце неабходныя аналізы;

...рэгулярна рабіце флюараграфію.

Для жанчын:

Наведвайце ўрача-гінеколага не радзей за 1 раз на год.

Рэгугярна рабіце ўльтрагукавое даследаванне малочнай залозы (пасля 40-45 гадоў) або мамаграфію (пасля 50 гадоў).

Для мужчын:

Наведвайце ўрача-ўролага раз на год.

Здавайце аналіз крыві на прастатспецыфічны антыген (ПСА), калі дасягнулі 60-гадовага ўзросту (або з такой рэгулярнасцю, якую рэкамендаваў вам урач).

Тэрмінова ідзіце да ўрача, калі выявілі незвычайныя ўшчыльненні, вузлы або ўтварэнні на целе; калі змяніліся колер і памер радзімых плям на скуры; калі на слізістых вуснаў, языка з'явіліся язвы, разрастанні, трэшчыны; калі працяглы час кашляеце і ў макроце пры гэтым ёсць прожылкі крыві, калі асіп голас, цяжка глытаць і гэта не звязана з прастудай; калі пастаянна распірае жывот, ёсць парушэнні апетыту, цяжар, боль у страўніку, побач з падстраўнікавай залозай і г.д., запоры, дыярэя, прожылкі крыві ў кале.

4-8

Узорная талерка

Паводле апошніх звестак, асновай супрацьракавага меню павінны быць у першую чаргу гародніна, у якую дабаўляюцца аліўкавы алей або натуральнае масла, часнок, спецыі і прыправы. Мяса, рыба, яйкі з'яўляюцца толькі дадаткам да страў з гародніны — яны перастаюць быць асновай у рацыёне.

Вазьміце за аснову

Жывёльныя тлушчы: рыба, мяса і яйкі натуральнага паходжання. Што да мяса, то само яно не шкодзіць здароўю. Небяспеку ўяўляюць хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўваюць для яго апрацоўкі (кансервацыі, засолкі і г.д.). Устаноўлена: штодзённае ўжыванне перапрацаванага мяса (вэнджанага, вяленага, кансерваванага, салёнага, тых жа бекону, каўбас і сасісак) павышае рызыку развіцця раку кішэчніка.

Злакі: хлеб з мукі грубага памолу, цёмны рыс.

Тлушчы: алеі, масла.

Спецыі: куркума, кары, кмен, размарын, часнок.

Гародніна, фрукты.

Раслінныя бялкі (сачавіца, зялёны гарошак, фасоля, тофу і г.д.).

Майце таксама на ўвазе, што найбольш моцна назапашваюць пестыцыды яблыкі, грушы, персікі, нектарыны, клубніцы, вішня, маліна, вінаград, салодкі перац, сельдэрэй, стручковая фасоля, бульба, шпінат, салат-латук, агуркі, кабачкі, гарбуз.

Слаба назапашваюць — бананы, апельсіны, мандарыны, ананасы, грэйпфруты, дыні, кавуны, слівы, ківі, ажыны, манга, папая, брокалі, квяцістая капуста, белакачанная капуста, грыбы, спаржа, памідоры, цыбуля, баклажаны, зялёны гарошак, радыска, авакада.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?