Вы тут

План-канспект урока: ці патрэбен ён?


Калісьці вельмі распаўсюджанымі былі віншавальныя паштоўкі. Яны і цяпер існуюць, і нават куды больш яркія і прыгожыя, чым тыя, ранейшыя...

Зараз і праз інтэрнэт павіншаваць можна, і эсэмэскі з віншаваннямі дасылаць... Ды й проста: узяў мабільнік і патэлефанаваў з нагоды таго ці іншага свята. А ў гады маёй маладосці нават тэлефоны звычайныя далёка не ва ўсіх былі, так што віншавалі мы сваіх родных і блізкіх з тым ці іншым святам менавіта праз паслугі пошты.

І якая ж для мяне гэта была няпростая задача: пісаць тэксты віншавальных паштовак! Здаецца, ну што там складанага: усяго некалькі віншавальных радкоў прыдумаць. Але ж ніяк не атрымліваліся ў мяне гэтыя радкі: каб не шаблонна было, каб не падобныя былі гэтыя віншаванні адно на другое.

Дык вось, штовечаровае напісанне планаў-канспектаў да кожнага ўрока чымсьці нагадвала для мяне тыя даўнія віншаванні. З адной толькі розніцай: віншаванняў за год дзясяткі два набіралася, не больш, а планаў-канспектаў на кожны дзень — па пяць-шэсць...

А ці патрэбны яны настаўніку ўвогуле, гэтыя штоўрочныя планы?

Напэўна, усё ж патрэбныя, асабліва педагогу-пачаткоўцу. Малады настаўнік можа на ўроку нават не заглядваць у гэты план-канспект (ці амаль не заглядваць), але адно тое, што ён ёсць і ў любы момант можа дапамагчы, напаўняе ўпэўненасцю яго душу. План-канспект дапаможа не збіцца з рытму ўрока, правільна разлічыць працягласць таго ці іншага этапу, своечасова яго завяршыць. Потым гэтае «адчуванне часу» прыйдзе само... Але і вопытныя настаўнікі, рыхтуючыся да таго ці іншага ўроку, накідваюць прыкладны план-канспект — хутчэй для падстрахоўкі, бо падчас урока могуць нават не зазірнуць у гэтыя свае запісы.

Так што планы-канспекты ўсё ж патрэбны настаўніку. Іншая справа, якія?

Гэта можа быць невялікі схематычны накід прыкладнага вядзення ўроку, а можа — і паўнацэнны разгорнуты канспект... Менавіта такую яго форму патрабуюць усе правершчыкі.

Што ж абавязкова павінна ўваходзіць у гэты план?

Ён павінен змяшчаць дзве часткі: фармальную і змястоўную. Фармальная частка канспекта ўключае нумар урока ў тэме, якая вывучаецца, тэму і мэту ўрока. Змястоўная частка плана-канспекта ўключае апісанне этапаў урока, а менавіта паўтарэнне апорных ведаў, засваенне новага матэрыялу, фарміраванне ўменняў і навыкаў (так званая рэфлексія) і хатняе заданне.

Вядома ж, гэтыя этапы можна распісаць па-рознаму. Можна скарочана, схематычна, можна настолькі поўна, што ледзьве не кожная хвіліна будзе ўлічана. Такія поўныя планы-канспекты звычайна да адкрытых урокаў рыхтуюць... Але і скарочаны зрабіць — таксама справа няхуткая.

А калі іх трэба за адзін вечар цэлых шэсць напісаць? І ўсе розныя?..

І ўсё ж змястоўная частка плана-канспекта ніколі не выклікала ў мяне нараканняў (хоць, каюся, чым даўжэй я працаваў у школе, тым карацейшай гэтая частка ў мяне рабілася). А вось што датычыцца фармальнай часткі, або так званай мэты ўрока...

Менавіта напісанне мэты ўрока і нагадвала мне заўжды тое даўнейшае складанне віншавальных тэкстаў сваякам. Здаецца, якой павінна быць мэта любога без выключэння ўрока? Адзінай, на мой погляд, — засваенне вучнямі матэрыялаў урока. Тады навошта ў кожным паўрочным канспекце пра гэтую мэту пісаць?

Але, на думку тых, хто распрацоўваў прыкладны план канспектаў, мэта ўрока павінна быць «трыадзінай»: пазнавальнай, развіваючай і выхаваўчай. У фармальнай частцы плана-канспекта кожную з гэтых трох мэтаў трэба падрабязна распісаць. І так распісаць, каб не паўтарацца ў кожным з планаў-канспектаў!

А як тут не паўторышся, хацелася б мне ведаць?

Вось і «штампуеш» у плане-канспекце (як у тых віншавальных паштоўках) казённыя фразы кшталту: «выхаваць пачуццё гуманізму, павагу да старэйшых, адмоўнае стаўленне да шкодных звычак і г. д.» (гэта для выхаваўчага кампаненту мэты), альбо: «развіць лагічнае мысленне, памяць, уменне правільна абагульняць даныя і рабіць высновы...» (гэта, як вы самі разумееце, будзе развіваючы кампанент).

Добрыя словы, правільныя... І для ўсіх без выключэння прадметаў падыходзяць — пачынаючы ад фізікі з хіміяй і заканчваючы беларускай мовай. Ну, а калі яны такія ўсеабдымныя, гэтыя мэты, дык, можа, напісаць іх адзін раз у тэматычным планаванні — і дастаткова?

Генадзь Аўласенка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чакаем смешных гісторый і ад вас!