Вы тут

Умовы конкурсу


Нагадаем, што на пачатку новага навучальнага года «Чырвонка. Чырвоная змена» абвясціла чарговы творчы конкурс для юных і маладых няштатных аўтараў. Напэўна, здзівіліся, убачыўшы яго назву? Вы не памыляецеся: менавіта пад ёй праходзіла апошняе «спаборніцтва» журналістаў-пачаткоўцаў. Гэтая назва была прыдумана напярэдадні Года моладзі і, як падаецца, найбольш удала сфармулявала тыя мэты і задачы, якія пераследуе наш творчы конкурс, выступаючы ў якасці своеасаблівай пляцоўкі для самавыяўлення: даць юным і маладым аўтарам магчымасць расказаць пра сваю пазіцыю, пра стаўленне равеснікаў да тых ці іншых праблем, якія ўздымаюцца ў грамадстве, у тым ліку найперш у сферы маладзёжнай палітыкі, расказаць пра іх асабісты ўнёсак у тую ці іншую справу.Я-малады-3

Я-малады-3

 

 

І вынікі апошняга «спаборніцтва» толькі пацвердзілі правільнасць выбару назвы: удзельнікі напоўніцу раскрылі са старонак «Чырвонкі. Чырвонай змены» тэму талентаў і здольнасцяў равеснікаў. Улічваючы гэта, было вырашана пакінуць ранейшую назву творчага конкурсу. Засталіся без змен і ўмовы яго правядзення, «адшліфаваныя» цягам некалькіх гадоў. Вялікая просьба да будучых юных і маладых аўтараў і іх куратараў — уважліва азнаёмцеся з абавязковымі ўмовамі, якім павінны адпавядаць дасланыя работы.

Конкурс, як і папярэднія, разлічаны найперш на беларускамоўную моладзь, якая збіраецца паспрабаваць свае сілы ў журналістыцы, каб у далейшым, магчыма, звязаць сваё жыццё з гэтай прафесіяй. Нагадаем, што яго творчая планка даволі высокая, каб малады чалавек, які збіраецца прысвяціць сваё жыццё гэтай цікавай, але нялёгкай сферы, змог пакаштаваць «журналісцкага хлеба» і цвяроза ацаніць свае здольнасці. Зноў жа традыцыйная просьба: не пішыце матэрыялы агульнымі словамі, не разважайце пра ўсім вядомае. Раскажыце — цікава! — пра канкрэтную падзею, мерапрыемства, якое арганізавала моладзь, каб выказаць сваю неабыякавасць да той ці іншай праблемы ці сітуацыі.

Знайдзіце маладых людзей, якія праз справы паказалі такі прыклад. Па выніках конкурсу пераможцы атрымаюць памятныя прызы. Тым з іх, хто налета збіраецца паступаць на факультэт журналістыкі, рэдакцыя дасць яшчэ і рэкамендацыі. Конкурс будзе доўжыцца да 1 мая (дата адпраўкі матэрыялаў). Найлепшыя творчыя работы (у залежнасці ад колькасці, якая паступіць) «Чырвонка. Чырвоная змена» можа працягваць друкаваць і надалей.

Вынікі (з улікам яшчэ не надрукаваных работ) плануецца падвесці ДА ПАЧАТКУ ЎСТУПНАЙ КАМПАНІІ. Матэрыялы на конкурс можна дасылаць на адрас kоnkursсhz@mаіl.ru або на паштовы (220013, г. Мінск, вул. Б.Хмяльніцкага, 10А, рэдакцыя газеты «Звязда») з абавязковай пазнакай «Я — малады. І мне не ўсё роўна!».

Абавязковыя ўмовы, якім павінны адпавядаць конкурсныя работы:

1. «Проба пяра» павінна быць ТОЛЬКІ НА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ.

2. Тэксты дасылаюцца ў фармаце RTF (калі па пошце, дык у раздрукаваным выглядзе, а фотаздымкі — на дыску).

3. Кожная ілюстрацыя ці фотаздымак да тэксту дасылаецца АСОБНЫМ прымацаваным файлам.

4. Аб'ём конкурсных работ — не больш за 8 тысяч знакаў (з прабеламі).

5. Колькасць «проб пяра» ад аднаго аўтара не абмежавана, аднак пры вялікай колькасці конкурсных работ кожнаму ўдзельніку (пры ўмове належнай якасці матэрыялаў і адпаведнасці ўмовам конкурсу) даецца па адным шанцы. Астатнія яго матэрыялы будуць надрукаваны (зноў жа пры ўмове належнай іх якасці) як звычайныя журналісцкія — па-за конкурсам.

6. Узрост удзельнікаў таксама не абмежаваны, але найперш конкурс разлічаны на навучэнцаў старшых класаў.

7. Жанр «проб пяра» — любы, але гэта павінна быць толькі проза (нататка, рэпартаж, эсэ, замалёўка, інтэрв'ю).

8. Пажадана, каб матэрыял быў напісаны спецыяльна для конкурсу. Вялікая просьба не дасылаць школьных сачыненняў, рэфератаў (і па форме, і па змесце), асабліва падрыхтаваных пэўны час таму. На пачатку тэксту павінен быць загаловак (назва конкурсу не з'яўляецца такім), напрыканцы — імя і прозвішча аўтара.

9. Аўтар абавязаны пазначыць свае пашпартныя звесткі (нумар і серыя, ідэнтыфікацыйны нумар, кім і калі быў выдадзены дакумент, імя, імя па бацьку, прозвішча) і хатні паштовы адрас (індэкс, населены пункт, вуліца, дом). Гэтыя звесткі будуць патрэбны для бухгалтэрыі ў выпадку, калі «проба пяра» будзе надрукавана ў газеце. ТОЛЬКІ яны падаюцца аўтарам на БЕЛАРУСКАЙ і РУСКАЙ мовах. У выпадку, калі ў маладога ці юнага аўтара яшчэ няма пашпарта, вышэйназваныя звесткі падаюцца на аднаго з бацькоў, настаўніцу, кіраўніка гуртка (звесткі з пасведчання аб нараджэнні для бухгалтэрыі не падыходзяць).

10. Апроч таго, аўтар паведамляе СВОЙ нумар мабільнага або хатняга тэлефона, каб рэдакцыя ў выпадку неабходнасці магла аператыўна з ім звязацца.

11. Павінна быць пазначана поўная колькасць гадоў аўтара на момант адсылання конкурснай работы, нумар школы і класа.

12. Аўтар павінен паведаміць крыху дадатковай інфармацыі пра сябе (10-15 радкоў) у адвольнай форме. Напрыклад, якія і ў чым мае дасягненні (вучоба, спорт, мастацтва і г.д.), чым захапляецца ў вольны час, кім марыць стаць у будучыні і інш.

13. Калі дасланыя матэрыялы не падыходзяць да друку, яны не рэцэнзуюцца.

14. Пра канчатковую дату падвядзення вынікаў творчага конкурсу рэдакцыя паведаміць дадаткова. Адсочваць публікацыю «проб пяра» павінны самі юныя і маладыя аўтары або іх куратары (бацькі, настаўнікі, кіраўнікі гурткоў). * * * Ну што ж, напрыканцы наша заўсёднае: «вастрыце пёры», аўтары! Зычым усім творчых поспехаў і перамог! Як мы паўтараем, паверце, прайграўшых у конкурсе не будзе!

Р.S. Апроч гэтага нумара, з умовамі правядзення творчага конкурсу «Я — малады. І мне не ўсё роўна!» можна падрабязна пазнаёміцца ў «Чырвонцы. Чырвонай змене» ад 10 верасня, а таксама на сайце «Звязды».

Загаловак у газеце: Да творчай «перазагрузкі» будзьце гатовы!

Загаловак у газеце: Да творчай «перазагрузкі» будзьце гатовы!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.