Вы тут

Гарады стануць кампактнымі


На Міншчыне пры забудове населеных пунктаў робіцца акцэнт на эфектыўнае выкарыстанне ўжо існуючых тэрыторый, фарміраванне якасна новага выгляду гарадоў і пасёлкаў. Паводле абноўленых генеральных планаў сёння развіваецца большасць райцэнтраў. У найбліжэйшы час стаіць задача скарэктаваць планы развіцця Чэрвеня, Слуцка, Валожына, Старых Дарог, Нясвіжа і Маладзечна. Такія факты агучаны падчас пасяджэння Мінаблвыканкама па пытаннях узвядзення жылля, інжынернай і транспартнай інфраструктуры, перспектывах будаўнічай палітыкі.

Як адзначыў дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «БелНДІгорадабудаўніцтва» Аляксандр Хіжняк, прапануецца перайсці на канцэпцыю кампактнага горада, развіваць населеныя пункты не за кошт прылеглых зямель сельскагаспадарчага прызначэння, а за кошт унутраных магчымасцяў. Такімі рэзервамі ў першую чаргу з'яўляюцца вялізныя тэрыторыі санітарна-ахоўных зон прамысловых прадпрыемстваў.

— Іх трэба аптымізаваць, распрацоўваць праекты і зніжаць планіровачныя абмежаванні для населеных пунктаў, — падкрэсліў Аляксандр Хіжняк. — Разумныя рашэнні па гісторыка-культурных аб'ектах таксама дазволяць мець дадатковую тэрыторыю для будаўніцтва жылля. Як правіла, яны знаходзяцца ў цэнтры гарадоў, якія забяспечаны неабходнай інфраструктурай, інжынернымі сеткамі. У выніку зніжэння затрат на ўладкаванне камунікацый можа быць зменшаны і кошт квадратнага метра жылля.

Прадпрыемствам таксама распрацаваны генпланы ўсіх гарадоў-спадарожнікаў Мінска. Яны накіраваны на паляпшэнне жыццядзейнасці людзей, камфортнае іх пражыванне. У першую чаргу тут прадугледжана развіццё інжынернай і транспартнай інфраструктур, чаго традыцыйна не хапае ў гэтых населеных пунктах. Але спецыяліст падкрэсліў, што і тут пры забудове ні ў якім разе не закранаюцца сельгасугоддзі.

Па словах старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама Сяргея Трусава, Мінская вобласць выканала пяцігадовае заданне па ўзвядзенні жылля за чатыры з паловай гады. З улікам першага паўгоддзя ўведзена яго ў дзеянне больш як 5 млн квадратных метраў. Што тычыцца будаўніцтва жылля ў гарадах-спадарожніках Мінска на найбліжэйшую перспектыву, то мяркуецца працаваць па двух — Рудзенску і Смалявічах. Аб'ёмы яго пакуль не вызначаны, усё будзе залежаць ад фінансавання.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?