Вы тут

Бібліятэка — не кніжны склад, а месца сустрэчы людзей


(Валянцін БОЙКА «Электронная «чыталка» супраць папяровай», «Звязда», 29 кастрычніка.)

[caption id="attachment_108952" align="alignnone" width="600"]5-36 Бібліёбусы цяпер ездзяць па ўсёй краіне (гэты, напрыклад, у Ашмянскім раёне). Але ці стануць яны, у плане чалавечых зносін, паўнавартаснай заменай бібліятэкам?[/caption]

Бібліятэка ці кніжны склад? Дзіўнае пытанне? А гэта як паглядзець. Асабліва сёння, калі аўтарытэт не толькі бібліятэкі, але і самой кнігі непамерна (і несправядліва) знізіўся. І таму ўсё больш настойліва гучаць галасы аб замене папяровай кнігі электроннымі носьбітамі, а звыклай бібліятэкі — электроннымі «чыталкамі».

За апошнія 20 гадоў у Беларусі знікла амаль палова бібліятэк. Не магу зразумець, каму яны сталі замінаць? Бо знікла не проста памяшканне, не кніжны склад, знікла месца для сустрэч, знікла магчымасць людзей кантактаваць між сабой, мець радасць калектыўнага бачання, дзеяння, абмеркавання.

«Нічога дзіўнага: час прымушае лічыць грошы», — заяўляе прыхільнік электроннай «чыталкі». А калі яму задаць пытанне: а чаму ён раўняе бібліятэкі з заводам, які зарабляе на сваёй прадукцыі? Гучыць адказ: «Трымаць разгалінаваную сетку «кніжняў»... становіцца немэтазгодна... Таму закрыццё або скарачэнне — адзінае магчымае выйсце з сітуацыі». Бо «матэрыяльны фактар пераважыць любыя эстэцкія дзівацтвы». Так і хочацца спытаць: якой сітуацыі? Якія дзівацтвы (аўтар палемікі зводзіць іх да «цёплага шоргату старонак і водару друкарскай фарбы»)? Што для апанента важней — скрозь, усюды і на ўсім зараблянне грошай ці выхаванне чалавека? Але ж бібліятэка не вытворчасць, а выхавальнік. Пачаўшы з адабрэння закрыцця паловы бібліятэк, аўтар катэгарычна адмаўляе ў праве на існаванне і самой кнізе. Дык жа бібліятэка і кніга — гэта дзве вялікія розніцы, як казалі некалі ў Адэсе.

І як бы хораша ні паклалі на лічбавы носьбіт томік Скарыны, Буднага ці Фёдарава, а калі трымаеш сапраўдную іх кнігу, рукі трымцяць ад дакранання да яе, шматсотгадовай. Тое ж адчуванне і ад сучаснай па-мастацку аздобленай кнігі. Бібліятэка не склад, не сховішча, дзе ціхенька спачываюць «папяровыя фетышы». Бібліятэка — месца сустрэчы людзей. Асабліва цяпер, калі не толькі ў маленечкіх вёсках, а і тых, дзе сотня, а то і больш жыхароў, няма ні магазіна, ні ФАПа, ні пошты, ні школы, ні клуба — нічога калектыўнага. А што ж рабіць жывым людзям? Суткамі сядзець па сваіх хатах і не вылазіць з «лічбы»? Дык жа далёка не ўсе сяляне сталі безагляднымі прыхільнікамі не толькі камп'ютара, але і інтэрнэту, «лічбы» — проста не навучыліся імі карыстацца. І не навучацца, бо сабрацца нават для такой вучобы няма дзе — няма адпаведнага публічнага памяшкання. Тут нават бібліёбус не выручыць, бо не пастаіш, не паразмаўляеш каля яго ні ў мароз, ні ў дождж.

У дваццатыя гады мінулага стагоддзя нават у далёка-далёкіх ад цывілізацыі вёсках адкрываліся хаты-чытальні. Як падае папулярная сёння ў многіх карыстальнікаў інтэрнэту «Вікіпедыя», «хата-чытальня — цэнтр асветы ў вёсках i сёлах СССР. З'явiлiся, мабыць, яшчэ ў XIX стагоддзi ў Расii, атрымалi вялiкi распаўсюд у 1920-х гадах i з'яўлялiся адной з формаў лiкбезу, а таксама палiтычнай прапаганды. Да сярэдзiны XX стагоддзя iх былi тысячы па ўсёй краiне. З павышэннем узроўню адукаванасцi насельнiцтва паступова, да пачатку 1960-х гадоў, функцыi хат-чытальняў перайшлi да клубаў, дамоў культуры i бiблiятэк». Значыць, «хата-чытальня» не толькі месца, дзе людзі маглі патрымаць у руках «жывую» кнігу альбо газету. Гэта магчымасць сабрацца разам — пагаварыць, сёе-тое абмеркаваць. А куды ісці сёння? На вуліцу? Пастаяць каля плота? А дзе сустрэцца са сваімі чытачамі пісьменніку? Хадзіць па хатах? Заходзіць у госці да кожнага асабіста? Але ці застанецца час кнігі пісаць.

Вось і ператвараецца «адзінае магчымае выйсце з сітуацыі» адносна «разгалінаванай сеткі «кніжняў» — іх «закрыццё або скарачэнне» — у адкрытую непавагу да людзей. Дык, можа, эканамічней «закрыць» саміх людзей, каб не хадзілі па бібліятэках, школах, поштах, каб не заміналі эканоміць грошы? А свае кнігі, што «не маюць ні гістарычнай, ні культурнай каштоўнасці», хай «выкінуць на сметнік», як зрабіў гэта Валянцін Бойка, які ў нумары газеты «Звязда» за 29 кастрычніка 2015 года надрукаваў свой погляд пад загалоўкам «Электронная «чыталка» супраць папяровай» (невядома толькі, навошта аўтар набываў тыя непатрэбныя «бескаштоўныя» кнігі, нашто грошы траціў). «Чыталка» для гарадскога аўтара, спешчанага дзясяткамі іншых магчымасцяў ладзіць сустрэчы, верагодна, і лепшая, але вось для вясковых людзей страчваецца самае галоўнае для жывога чалавека — магчымасць сустракацца з сабе падобнымі, абмяркоўваць набалелае, раіцца, спрачацца, проста пазіраць адно аднаму ў вочы. Седзячы ў сваёй хаце, гэтага не зробіш. А мы ж у большасці ўсё-такі калектыўныя істоты, мы прывыклі быць у людской чарадзе, каб разам, каб сумесна, каб размаўляць, а не маўчаць...

Занадта жорстка? Магчыма. Не, я не супраць самога аўтара. Я супраць той сітуацыі, што склалася з бібліятэкамі, супраць яе падтрымкі і папулярызацыі. Але хай гэта будзе і маім «асабістым поглядам», як і ў аўтара публікацыі. А нас хай рассудзяць людзі.

Анатоль БУТЭВІЧ, чытач кніг і прыхільнік бібліятэк

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».