Вы тут

Санаторый... з дастаўкай на дом


Штогод у краіне з'яўляюцца новыя формы сацпаслуг.

«Санаторый на даму» — гэта пакуль яшчэ новая форма работы з адзінокімі састарэлымі людзьмі і адзінокімі інвалідамі ў нашых сацыяльных службаў, але яна актыўна развіваецца. Галоўная яе мэта — падоўжыць і палепшыць жыццё пажылым.

6-37

Заварыць фітагарбату, пагаварыць па душах...

— Мы пачалі практыкаваць санаторыі на даму з кастрычніка мінулага года, — гаворыць дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна Алеся Хвашчэўская. — Да адзінокіх пенсіянераў выязджаюць сацыяльны работнік і тэрапеўт (фельчара замест доктара пасылаем толькі ў самыя аддаленыя вёскі). Калі ёсць такі запыт, да сацработніка і медыка могуць далучыцца псіхолаг, а таксама юрыст. Медык абследуе пажылога чалавека і складае карту прызначэнняў. І ўжо на падставе гэтага да пенсіянера прыходзяць валанцёры і праводзяць усе патрэбныя працэдуры. На працягу 14 дзён заварваюцца фітагарбаты, арганізуецца рэкамендаванае доктарам дыетычнае харчаванне, ароматэрапія, праводзіцца масаж... Часам медыкі вучаць саміх пажылых людзей прыёмам самамасажу, каб аблегчыць боль у суставах, напрыклад.

«Узаемадапамога, дабрыня і міласэрнасць — гэта тое, што заўсёды вызначала нашых людзей. Дапамога хворым і слабым, абарона дзяцей і клопат аб пажылых спрадвеку лічыліся ў нас святой, богаўгоднай справай.

Гэтыя векавыя маральныя каштоўнасці мы паклалі ў аснову беларускай сацыяльнай дзяржавы — дзяржавы для народа».

(З перадвыбарнай праграмы Аляксандра Лукашэнкі.)

Праводзім мы і музыкатэрапію — ладзім жывыя міні-канцэрты, з якімі выступаюць таксама валанцёры. Станцаваць кадрылю, праспяваць песні ваенных гадоў ці задушэўныя беларускія народныя — у праграме ўсё тое, што любяць нашы бабулі і дзядулі, якія з велізарным задавальненнем слухаюць і падпяваюць.

Алеся Хвашчэўская не ўтойвае, што старым адзінокім людзям вельмі не хапае зносін. «У асноўным ім патрэбны проста суразмоўцы, — гаворыць яна. — Пагаварыць па душах, выслухаць іх расказы...».

Спецыялісты адзначаюць, што падобныя санаторыі на даму арганізаваны ўжо ў Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, Гродзенскай абласцях.

А ў Вілейскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, акрамя «санаторыя на даму» і іншых інавацыйных праектаў, рэалізуецца і праект «Сацыяльная дача», у рамках якога спецыялісты цэнтра арганізуюць адпачынак пажылых грамадзян і інвалідаў у летні перыяд у вёсцы — на базе дома сезоннага пражывання. Мэтай яго спецыялісты бачаць у першую чаргу таксама пераадоленне сацыяльнай ізаляцыі і пашырэнне сацыяльных сувязяў пажылых людзей і інвалідаў.

Па стане на 1 кастрычніка гэтага года на ўліку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва стаялі 1 809 985 чалавек. Для параўнання: у студзені 2014 года на ўліку ў ТЦСАН стаялі 1,7 млн чалавек.

Калі трэба, прыедзе мабільная брыгада сацабслугоўвання

Увогуле, у Мінпрацы і сацабароны адзначаюць, што на 1 кастрычніка гэтага года ў нашай краіне абслугоўваюцца на даму 87 641 пажылы чалавек. Штогод тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва абследуюць умовы пражывання адзінокіх грамадзян і высвятляюць, якія яны маюць патрэбы. Можа, трэба дапамагчы нешта адрамантаваць, пераклеіць шпалеры...

Як правіла, самымі запатрабаванымі ў нашых адзінокіх пажылых людзей і тых, хто адзінока пражывае, з'яўляюцца сацыяльна-бытавыя паслугі — дастаўка тавараў, лекаў, прыборка, добраўпарадкаванне прысядзібнага ўчастка, расчыстка снегу і інш. Яны прадастаўляюцца па нізкіх цэнах або наогул бясплатна. Акрамя гэтага, у кожным раёне распрацоўваецца свой дадатковы пералік паслуг, якія прапаноўваюцца ўжо па больш высокім тарыфе. Звычайна ў іх лік уваходзіць колка дроў, рамонт плота, прысядзібных пабудоў, паслугі сацыяльнай цырульні, пральні і інш.

Сёлета 548 беларусаў перасягнулі 100-гадовую мяжу.

Для большай зручнасці ў сельскай мясцовасці апошнім часам адчыняюцца сацыяльныя пункты — філіялы цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання. На 1 кастрычніка гэтага года, па звестках Мінпрацы і сацыяльнай абароны, у нашай краіне налічвалася 1123 такія філіялы. Вяскоўцаў наведваюць і мабільныя брыгады сацабслугоўвання, у склад якіх могуць уваходзіць псіхолагі і юрысты.

У розных рэгіёнах краіны дзёйнічаюць «дамы зімоўкі». Гэта калі двое ці трое суседзяў аб'ядноўваюцца на зіму і жывуць у адным доме, дзе іх наведвае сацыяльны работнік. Ёсць і «дамы самастойнага пражывання» — гэта калі жылы дом у вёсцы, які пустуе, прыводзіцца ў нармальны стан і ў яго засяляюцца непрацаздольныя людзі, што не маюць жылля або апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Патранат ажыццяўляе ўсё той жа тэрытарыяльны цэнтр, сельвыканкам. Ёсць яшчэ прыёмная, гасцявая і патранатная сем'і, пра якія мы нямала пісалі. Ствараюцца і дамы самастойнага сумеснага знаходжання.

Сёлета ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Беларусі пачала дзейнічаць інфалінія, якая даступна на тэрыторыі ўсёй краіны. Для таго, каб атрымаць даведачную інфармацыю і кансультацыі спецыялістаў міністэрства, трэба тэлефанаваць па нумары 8-(017)-309-9-309 з 9.00 да 10.30 у будныя дні.

Святлана Бусько

busko@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

 

Карысна ведаць

Які парадак залічэння на сацыяльнае абслугоўванне на даму?

Для залічэння на сацыяльнае абслугоўванне на даму неабходна пісьмова звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па месцы фактычнага пражывання. Пры гэтым варта прад'явіць дакумент, які сведчыць асобу; дакумент устаноўленага ўзору аб праве на льготы; медыцынскую даведку аб стане здароўя.

Работнікі цэнтра на працягу трох рабочых дзён з дня звароту правядуць абследаванне матэрыяльна-бытавога становішча пажылога чалавека і складуць акт гэтага абследавання. Таксама яны запытаюць у дзяржорганаў і іншых арганізацый звесткі аб памеры атрыманай пенсіі за месяц, папярэдні месяцу звароту; даведку аб месцы жыхарства і складзе сям'і; звесткі аб тым, што пажылога чалавека, які звярнуўся па аказанне сацыяльных паслуг, не даглядае асоба, якая атрымлівае дапамогу па доглядзе інваліда 1 групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту.

Рашэнне аб заключэнні дагавора аказання сацыяльных паслуг прымаецца на працягу пяці рабочых дзён пасля атрымання гэтых звестак.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.