Вы тут

Хвалюючая падзея для кожнага


Парламентарыі, вядомыя грамадскія дзеячы і палітолагі, замежныя госці выказваюць сваё меркаванне наконт галоўнай палітычнай падзеі мінулага дня.

7-40

Людміла ДАБРЫНІНА, старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу:

— Інаўгурацыя прайшла ў вельмі ўрачыстых умовах, гэтая падзея была хвалюючай для кожнага, хто там прысутнічаў. Увогуле, сама падзея — сведчанне таго, што пераважная большасць жыхароў нашай краіны давярае дзеючаму Прэзідэнту і таму курсу дзяржаўнага развіцця, які ў нас рэалізуецца. Сёння ўжо ёсць генеральная лінія развіцця краіны на наступныя пяць гадоў. У выступленні Прэзідэнта яскрава прасочваўся клопат пра кожнага грамадзяніна нашай дзяржавы. Увага была акцэнтавана на якасці адукацыі, медыцыны. Была пастаўлена галоўная задача — мы павінны забяспечыць годны ўзровень жыцця людзей. У той жа час Прэзідэнт заўважыў: мы многага дамагліся разам. Гаворачы пра будучыню, кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў, што неабходна пабудаваць новую эканоміку — інавацыйную і эканоміку ведаў, заснаваную на высокіх тэхналогіях. Аляксандр Лукашэнка асобна спыніўся на знешнепалітычных пытаннях — краіна і надалей будзе надаваць прыярытэтную ўвагу інтэграцыйнаму супрацоўніцтву, найперш у рамках Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага эканамічнага саюза.

Што да рэформаў, то, як заў-
важыў кіраўнік дзяржавы, вельмі важна быць паслядоўнымі ў гэтым пытанні. Перш чым праводзіць глабальную рэформу, неабходна рэфармаваць саміх сябе, тады і будучыня — у нашых руках.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук, загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь:

— Сённяшняя інаўгурацыя прадэманстравала, што Беларусь — спакойная краіна, у якой людзі ведаюць, чаго хочуць: яны выбралі шлях, пры якім дзяржава сапраўды будзе абараняць народ.

У сваім выступленні Прэзідэнт заклікаў не сутыкаць Беларусь з Усходам і Захадам. У нас ёсць свае нацыянальныя інтарэсы, мы зацікаўлены ў наладжванні адносін з тымі, хто жадае з намі супрацоўнічаць. Нам не патрэбны спрэчкі, канфлікты з суседзямі. Хацелася б, каб гэта пачула кіраўніцтва ўплывовых краін.

Рэспубліка Беларусь хоча быць рэальным, а не толькі геаграфічным цэнтрам Еўропы, мостам паміж Усходам і Захадам, а не месцам сутыкнення. У гэтым сэнсе ўкраінскі вопыт непрымальны для нашай краіны. Беларусь павінна стаць пляцоўкай для кааперацыі, прымірэння.

Ергалі БУЛЕГЕНАЎ, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Казахстана ў Беларусі:

— Пераканаўчая перамога Аляксандра Лукашэнкі на выбарах сведчыць аб поўнай падтрымцы народам свайго лідара і яго палітыкі. Вядома, у свеце няпростая сітуацыя, і, нягледзячы на гэта, той беларускі шлях, які акрэсліў ваш Прэзідэнт, у гэтых умовах найбольш рэальны і вядзе да росквіту.

У Беларусі і Казахстана склаліся адносіны стратэгічнага партнёрства. У многіх інтэграцыйных аб'яднаннях мы выступаем ініцыятарамі, таму планы на будучыню вельмі вялікія. Сітуацыя няпростая: у свеце крызіс. Але ўсё зменіцца, я аптыміст у гэтым плане. Да 2025 года ўсе пытанні, якія павінны вырашыцца (па поўным адкрыцці нашых межаў для тавараў, рабочай сілы), застануцца ў мінулым. І Еўразійскі эканамічны саюз стане аб'яднаннем, якое мае значную вагу ў свеце. Калі ЕАЭС запрацуе ў поўную сілу, ён ператворыцца ў адно з самых магутных міждзяржаўных аб'яднанняў.

Андрэа ВІКТАРЫН, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі:

— У Беларусі і Еўрасаюза ёсць агульныя інтарэсы, якія выяўляюцца ў сумесных праектах. Яны тычацца як абароны навакольнага асяроддзя, так і іншых сфер. Бакі працягнуць развіваць адносіны па тых напрамках, у якіх яны зацікаўлены, і будуць прыкладаць для гэтага сумесныя намаганні.

Мне камфортна працаваць у Беларусі, і я вельмі рада зноў прыехаць у краіну. Раней я ўжо працавала ў Беларусі, у 2000—2003 гадах, і імкнулася вярнуцца да вас. Я шчаслівая, што знаходжуся тут. Мне падабаецца назіраць, як вы развіваецеся, падабаюцца вашы людзі. Уражвае, наколькі за час маёй адсутнасці змяніўся Мінск. Спадзяюся, у мяне будзе час паглядзець усю краіну.

Лілія АНАНІЧ, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь:

— Беларусь упэўнена абрала курс на далейшае развіццё незалежнасці і суверэннасці. Народ падтрымаў праводзімую Аляксандрам Лукашэнкам палітыку, перавыбраўшы яго на прэзідэнцкіх выбарах. У людзей ёсць упэўненасць у будучыні, і гэтая будучыня — у мірным і стабільным развіцці краіны.

Самае галоўнае, што ў цэнтры праводзімай Прэзідэнтам палітыкі знаходзіцца чалавек і ўсё ў краіне робіцца для дабрабыту людзей. У рэспубліцы ўкараняюцца самыя сучасныя тэхналогіі, у тым ліку інфармацыйныя, дзякуючы якім усе змаглі ўбачыць у прамым тэлеэфіры найважнейшую падзею — інаўгурацыю Прэзідэнта Беларусі — і адчуць дачыненне да гэтага мерапрыемства. Беларусы ганарацца сваёй краінай, у тым ліку маладое пакаленне, за якім — будучыня Беларусі.

Леанід КУЧМА, колішні Прэзідэнт Украіны:

— Гледзячы на сітуацыю ў Беларусі, хацеў бы пажадаць такой стабільнасці Украіне. Яна пайшла па такім шляху, па якім нікому не жадаю пайсці ў будучыні. Мінск стаў тым месцам, дзе былі закладзены асновы ўрэгулявання канфлікту ва Украіне. Я маю на ўвазе ў першую чаргу адвод цяжкіх відаў узбраенняў. Мяне радуе тое, наколькі за апошнія гады змянілася беларуская сталіца. Кожны раз, калі прылятаю ў Мінск, пачынаючы з аэрапорта, я атрымліваю велізарнае задавальненне, гледзячы наўкола. У тыя гады, калі я быў Прэзідэнтам Украіны і часта бываў у Мінску, гэты горад быў іншым. Ён змяніўся. Вы павінны ганарыцца тымі пераўтварэннямі, якія адбываюцца ў вашай краіне.

Чжун ШАНЬ, спецпасланнік Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі на інаўгурацыі Прэзідэнта Беларусі:

— Напярэдадні адбыліся нашы перамовы з Прэзідэнтам Беларусі, падчас якіх быў абмеркаваны ўвесь спектр беларуска-кітайскага супрацоўніцтва.

Сёння беларуска-кітайскія адносіны выйшлі на якасна новы ўзровень. Хачу адзначыць беспрэцэдэнтна высокую ступень двухбаковага ўзаемадзеяння, якое сведчыць аб узаемнай зацікаўленасці ў далейшым развіцці сувязяў паміж КНР і Рэспублікай Беларусь. На мой погляд, перспектывы беларуска-кітайскага супрацоўніцтва вельмі вялікія.

Кітай уважліва назірае за развіццём свайго стратэгічнага партнёра — Беларусі. Нашы краіны — добрыя даўнія сябры. І мы рашуча падтрымліваем абраны Беларуссю шлях, які дазваляе забяспечваць стабільнасць, бяспеку і мірнае развіццё.

Святлана Сарока, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:

— Зноў абраны Прэзідэнт нашай краіны нагадаў усім прысутным удзельнікам інаўгурацыі аб здабытках і складанасцях дваццаці мінулых гадоў яго кіравання. Пра тое, што мы, беларускі народ, пераадолелі цяжкасці і рушым наперад. Але пры гэтым Аляксандр Лукашэнка засяродзіў сваю ўвагу найперш на сучаснасці. На неабходнасці мадэрнізацыі вытворчасці, развіцці адукацыі і сацыяльнага забеспячэння кожнага, асабліва маладых сямей, матуль, старых. Падкрэсліў тое, як шмат пабудавана новых аб'ектаў — і культурных, і спартыўных. Створаны ўсе ўмовы для таго, каб людзі дастойна жылі, вялі здаровы лад жыцця, расцілі дзяцей і духоўна ўзбагачаліся.

Прэзідэнт падзяліўся планамі на найбліжэйшыя пяць гадоў, на якія народ даверыў яму кіраваць дзяржавай, і адразу адзначыў, што гэта будзе вельмі складаны для ўсіх час. Але «калі народ адзіны, ён непераможны». Сапраўды, у нацыянальным адзінстве закладзена невычэрпная сіла, з дапамогай якой мы разам будзем ладзіць сваю будучыню, падтрымліваць міралюбівую палітыку. Таму ў беларускага народа павінен быць вельмі моцны духоўны стрыжань: ён дапаможа нам пераадолець перашкоды, што сустрэнуцца на шляху стварэння мірнай, спакойнай і квітнеючай краіны.

Таццяна Удавенка, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве:

— Я сапраўды адчула адзінства Прэзідэнта з народам. Мы абралі шлях развіцця і зладжана будзем яго прытрымлівацца як у эканоміцы, так і ў знешняй і ўнутранай палітыцы. Гэта мяне супакойвае і выклікае гонар за Беларусь. Нашу краіну паважаюць. Якія санкцыі ў эканоміцы і да асобных грамадзян ні выкарыстоўваліся б, мы на правільным шляху і працягваем развівацца.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?