Вы тут

Нам ёсць што адстойваць і чым ганарыцца


На цырымоніі прынясення прысягі з нагоды ўступлення на пасаду кіраўніка дзяржавы Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў сваёй прамове агучыў прыярытэты ўнутранай і знешняй палітыкі незалежнай Беларусі.

7-41

Высокая палітычная культура народа

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго перапаўняе пачуццё гонару за з'яднанае грамадства, за мільёны землякоў — грамадзян свабоднай Беларусі. «У час праведзенай кампаніі па выбарах кіраўніка дзяржавы наш народ чарговы раз прадэманстраваў усяму свету высокую палітычную культуру, адзінства перад тварам знешніх выклікаў і незалежнасць поглядаў. Нас не раз'ядналі ў мінулым, не ўдалося гэта цяпер і, я абсалютна ўпэўнены, ніколі не ўдасца зрабіць у будучыні», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што «шматлікія наглядальнікі, і нашы, і замежныя, маглі пераканацца ў тым, што ўся выбарчая кампанія прайшла спакойна, адкрыта, у строгай адпаведнасці з беларускім заканадаўствам». Усім кандыдатам былі прадастаўлены шырокія магчымасці для агітацыі.

Аляксандр Лукашэнка ад усяго сэрца падзякаваў суайчыннікам, усім тым, хто падтрымаў яго кандыдатуру. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта не асабісты поспех, а агульнанацыянальная перамога. «Гэта перамога беларускага народа. Падкрэсліваю, без усялякай ліслівасці: упершыню за ўсе перадвыбарныя кампаніі гэта была тая, назіраючы за якой, і я, і ўсе вы ганарыліся самі сабой і нашым народам, — сказаў Прэзідэнт. — Народ спакойна, ціха, адкрыта прыйшоў і паказаў, хто гаспадар у гэтым доме. У гэтым велізарная заслуга беларускага народа. І я ганаруся служыць гэтаму народу».

«У няпросты гістарычны момант народ прадэманстраваў з'яднанасць, масава прыняўшы ўдзел у выбарах. Сваімі галасамі людзі выказалі прыхільнасць да той унутранай і знешняй палітыкі, якую мы праводзім вось ужо больш як два дзясяткі гадоў», — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заўважыў, што гэтая палітыка не дасталася ў спадчыну. «Тады былі зусім іншыя выклікі, мы жылі ў вялікай краіне, якая магла дыктаваць усяму свету ўмовы існавання і ўраўнаважваць яго. Сёння іншыя выклікі, і нам часам адным даводзілася фарміраваць гэтую ўнутраную і знешнюю палітыку, дзесьці спатыкаючыся, дзесьці натыкаючыся на перашкоды, але мы не хлусілі, мы ніколі нікога не падманвалі. Мы ішлі сваім шляхам, і гэты шлях паказаў правільнасць нашых дзеянняў. Значыць, нашы намаганні не дарэмныя. Нам сапраўды ёсць што адстойваць сёння і чым ганарыцца», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

«Праведзеныя выбары чарговы раз даказалі самым розным сілам, у тым ліку па-за межамі нашай краіны: стаўка на сілавы захоп улады ў Беларусі шляхам «каляровых рэвалюцый» і «плошчаў» правальная! Гэтага ніколі не будзе!» — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі «па-ранейшаму ёсць жменька, сапраўды жменька, палітыкаў, якія жадаюць распаліць агонь унутранай смуты».

«Характэрна, што такіх радыкалаў не прымае не толькі пераважная большасць народа, але нават і тая зусім невялікая частка людзей, якая не падзяляе пэўныя стратэгіі ўлады. Гэта значыць, што іх ідэалогію нават іх прыхільнікі не прымаюць», — канстатаваў Прэзідэнт.

Цана рэформаў

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што занадта шмат сёння гавораць і пішуць аб рэформах. «Пры гэтым ніхто не гаворыць, што менавіта яны з сябе ўяўляюць», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

«Калі хтосьці за рэформы, то будзьце сумленнымі і скажыце, што трэба зламаць палітычны лад, дзяржаўнае ўладкаванне Беларусі, трэба раздзяліць, разрэзаць дзяржаўную народную ўласнасць і раздаць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Да гэтых рэформаў нас штурхаюць, і за гэтыя рэформы хтосьці сёння ў свеце гатовы шмат заплаціць».

Кіраўнік дзяржавы заклікаў прыхільнікаў рэформаў сумленна сказаць, што яны прадугледжваюць павышэнне пенсійнага ўзросту, увядзенне платнай медыцыны, адукацыі і гэтак далей.

Прэзідэнт упэўнены, што трэба задацца пытаннем, ці патрэбны краіне такія рэформы.

Такія пераўтварэнні правялі ўжо ў суседніх Расіі, Украіне. Ён заклікаў вучыцца на чужых памылках. «Яны паспрабавалі, паспыталі гэтых рэформаў — і што? — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр
Лукашэнка. — Што дрэннага ў той сістэме, якую мы стварылі?» Прэзідэнт нагадаў аб поспехах, якія былі дасягнуты ў сацыяльнай сферы, у тым ліку ў ахове здароўя, адукацыі.

Кіраўнік дзяржавы таксама выступіў супраць таго, каб увесці прыватную ўласнасць на зямлю і раздаць яе фермерам. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэты крок немэтазгодны, паколькі сельская гаспадарка (і аб гэтым сведчыць вопыт еўрапейскіх краін) мае патрэбу ў падтрымцы дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не мае намеру займацца дзяльбой і разбазарваннем таго, што стагоддзямі накоплена беларускім народам. «Гэта заўсёды ў славянскіх народаў заканчваецца трагедыяй: калі не рэвалюцыяй, то грамадзянскай вайной, а часта, як было ў гісторыі, і тым, і другім», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што раней беларускі бок прапаноўваў купіць акцыі «Беларуськалія», які ацэньваецца ў $32 млрд. Прэзідэнт дадаў, што спецыялісты прызнаюць гэтую цану. «У нас хто-небудзь купіў хоць адну акцыю за гэты кошт? Не», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама даў зразумець, што катэгарычна не згодны з такой прыватызацыяй прадпрыемстваў, пры якой заніжаецца іх цана.

7-35

Прыярытэты незалежнай дзяржавы для народа

«У спакойнай і бяспечнай краіне нам трэба будзе вырашыць маштабныя задачы ў эканоміцы. Трэба ўзняць яе на больш высокі ўзровень. Эканоміка наступнай пяцігодкі — якасна іншая эканоміка. Мы прадоўжым тэхналагічную, кіраўніцкую і інавацыйную мадэрнізацыю», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Эканомія, якасць і эфектыўнае кіраванне павінны стаць галоўным прыярытэтам. Пры гэтым патрабаванне безумоўнага захавання рабочых месцаў і выплаты дастойных зарплат застаецца ў сіле», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Перад намі мэта — не на словах, а на справе пабудаваць інавацыйную эканоміку, эканоміку ведаў. У перспектыве наша краіна павінна ўвайсці ў лік найбольш развітых дзяржаў», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

«Мы зробім усё, што ад нас залежыць, каб Беларусь стала адным з самых прыцягальных месцаў для інвестыцый, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Абапіраючыся на супрацоўніцтва з дзелавымі коламі вядучых краін, кааперацыйныя сувязі з нашымі традыцыйнымі партнёрамі, мы маем намер і далей нарошчваць свой экспарт. Пры гэтым актывізуем работу па пошуку новых рынкаў збыту». Прэзідэнт звярнуў увагу, што за апошнія гады ў гэтым напрамку краіна набыла сур'ёзны вопыт.

«Высокаразвітая эканоміка стане гарантам незалежнасці Беларусі», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

«Мы будуем, яшчэ раз падкрэсліваю, дзяржаву для народа. Таму прыярытэтам застанецца павышэнне якасці жыцця людзей. Укараненне ўсяго найлепшага ў сферы адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны насельніцтва, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Сістэма аховы здароўя, адукацыі будзе захавана, чаго б нам гэта ні каштавала, інакш не будзе ні ведаў, ні эканомікі ведаў, ні народа».

Асаблівая ўвага па-ранейшаму будзе нададзена ўмацаванню інстытута сям'і, падтрымцы шматдзетных бацькоў, сістэме крэдытавання ў жыллёвым будаўніцтве. «Акрамя таго, новы імпульс для развіцця атрымаюць культура, спорт, навука, маладзёжныя праграмы», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.

Сувязное звяно паміж дзяржавамі і народамі

«Беларусь з'яўляецца міралюбівай і добразычлівай краінай без якіх-небудзь фантастычных амбіцый», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. «Наша жаданне адно, простае і зразумелае: будаваць спакойнае і шчаслівае жыццё ў сваім доме, у супрацоўніцтве і садружнасці з усімі суседзямі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы ніколі не стваралі праблем нашым суседзям, мы заўсёды былі дружныя з імі, мы ішлі з адкрытым сэрцам, з кавалкам хлеба, а не з каменем у руках. І будзе так у далейшым!»

Ён адзначыў, што сёння Беларусь — адзін з нямногіх найбольш стабільных куткоў у свеце. Хутка развіваючы транспартна-лагістычную інфраструктуру, рэспубліка стала незаменным транзітным калідорам. Праз тэрыторыю краіны цячэ вялікі паток тавараў, які будзе павялічвацца.

«Мір і парадак на нашай зямлі — найвышэйшая каштоўнасць. Вышэйшым за яе нічога быць не можа! Калі непарадак, калі канфлікт, калі вайна — не патрэбны ні хлеб, не патрэбны ні адзенне, ні зарплаты, ні прадпрыемствы, ні рэформы. Таму мір і парадак — гэта галоўнае!» — лічыць кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што прысутны на цырымоніі інаўгурацыі Леанід Кучма «можа больш аб гэтым расказаць».

«І мы, я яшчэ раз падкрэсліваю, нічога не пашкадуем дзеля захавання міру і бяспекі на нашай зямлі», — падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, з гэтай прычыны Беларуссю падтрымліваюцца захады, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь з'яўляецца самым бяспечным і самым надзейным маршрутам, які злучае Еўропу і Азію. «Гэтыя дзве цывілізацыі абавязкова пачнуць збліжацца, таму што альтэрнатывы інтэграцыі і інтэграцыйным працэсам яшчэ на Зямлі ніхто не прыдумаў, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Процістаянне паміж Захадам і Усходам прыводзіць толькі да далейшай эскалацыі канфліктаў, гуманітарных катастроф, рэзкіх спадаў узроўню жыцця людзей і ўсеагульнай дэградацыі. Прыклад таго — наша родная Украіна. Нехта там свае жыццёвыя інтарэсы бачыць, а церпіць нават ужо не народ Украіны, а тыя, хто не змог выехаць з таго ж Данбаса, — старыя і дзеці».

«Хочацца некаму пастраляць — выходзьце ў чыстае поле і квасьце там адзін аднаго, але не чапайце тых людзей, якія хочуць мірна жыць», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы, беларусы, як талерантная і адкрытая нацыя, будзем усяляк садзейнічаць росту ўзаемаразумення і супрацоўніцтва на кантыненце, каб стаць сувязным звяном паміж дзяржавамі і народамі. У гэтым бачу адну з найважнейшых сваіх задач на пасадзе Прэзідэнта, — падкрэсліў беларускі лідар. — Калі будзе дасягнута пастаўленая мэта, гэта дасць плён як Беларусі, так і нашым суседзям і іншым краінам».

7-36

Стратэгія шматвектарнага супрацоўніцтва

«Мы прадоўжым стварэнне Саюзнай дзяржавы з брацкай Расіяй, калі яна гэтага пажадае. Будзем развіваць цеснае ўзаемадзеянне з партнёрамі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, пры гэтым непахісна адстойваючы ўласныя інтарэсы», — сказаў Прэзідэнт. Беларускі лідар падкрэсліў, што Беларусь будзе і ў далейшым актыўным іграком на постсавецкай прасторы. «Гэта не толькі залог нашага дабрабыту, але і абарона ад розных пагроз», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што імкліва развіваюцца адносіны Беларусі са стратэгічным партнёрам — вялікім Кітаем. Аляксандр Лукашэнка выказаў словы ўдзячнасці старшыні КНР Сі Цзіньпіну і дэлегацыі, якую той накіраваў у Мінск на цырымонію інаўгурацыі. «Мы з імі правялі тры дні ў рабоце, шмат спрачаліся, вялі перагаворы. І я прашу перадаць Сі Цзіньпіну самыя добрыя пажаданні за яго падтрымку беларускага народа ад імя гэтага народа», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Ён дадаў, што Беларусь развівае сувязі з дзяржавамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, і ў гэтым ужо ёсць пэўныя вынікі.

«Наша краіна адкрыта для раўнапраўнага супрацоўніцтва і дружбы з краінамі Захаду, ЗША і Еўрасаюзам, калі яны гэтага хочуць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. «Няма ніякіх перашкод для таго, каб перагарнуць старонкі мінулага і пачаць новую гісторыю адносін з чыстага ліста. Мы гатовы да гэтага і разлічваем на такую ж гатоўнасць нашых заходніх партнёраў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем заўважыў, што апошнім часам намеціліся добрыя перспектывы.

На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, адзінства і мэтанакіраванасць беларускага народа, яго адкрытасць і дружалюбнасць, яснасць праводзімага кіраўніцтвам краіны курсу прымусілі Захад паглядзець на Беларусь пад іншым вуглом. «Ён убачыў у нашай асобе прыстойнага партнёра, — адзначыў Прэзідэнт. — Мы вітаем рух у гэтым напрамку».

«Мы заўсёды сцвярджалі: спробы ізаляваць Беларусь, як і іншыя краіны, — гэта тупіковы шлях. Ён прыводзіць да сітуацыі, калі прайграюць усе», — сказаў беларускі лідар. «Лёгка стаць на шлях санкцый, але вельмі складана потым звярнуць з яго і вярнуцца да нармальнага жыцця. Таму не трэба заганяць сябе ў кут», — лічыць Прэзідэнт Беларусі.

На скрыжаванні ўсіх дарог

«Некаторыя, пачуўшы або ўбачыўшы, што мы вядзём перагаворы з прадстаўнікамі Злучаных Штатаў Амерыкі або Еўрасаюза, пачынаюць крычаць аж да Уладзівастока: Лукашэнка кудысьці разварочваецца! Як толькі ўбачылі нашы брацкія, цёплыя тэндэнцыі адносна нашай Расіі, нашай роднай Украіны, іншых постсавецкіх рэспублік — ужо на дыбкі становяцца на Захадзе», — адзначыў Прэзідэнт.

«Ды не разрывайце вы нас! Дайце нам спакойна жыць на гэтым кавалачку зямлі! Мы забяспечым вашы інтарэсы, і Усходу, і Захаду, у Беларусі. Усё, што вы хочаце, мы зробім. Толькі не разрывайце нас, не сутыкайце нас з Расіяй, не сутыкайце нас у Расіі, на Усходзе з Захадам», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы нікуды не паварочваем! Мы хочам жыць на сваёй зямлі. Мы хочам, каб жыццёва важныя інтарэсы беларусаў былі тут, на гэтым кавалачку зямлі. Мы ні на што, заўважце, больш не прэтэндуем. У нас няма жыццёва важных інтарэсаў нават у суседніх дзяржавах. Мы хочам спакойнага і мірнага жыцця», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі беларускаму боку намякаюць з Захаду, каб трымаліся далей ад Расіі, ён заўсёды сумленна і шчыра гаворыць, што Беларусь не можа быць далей ад Расіі, ад Украіны і Казахстана, таму што «мы выраслі з аднаго кораня». «Як гэта можна разарваць? Так, у нас ёсць уласны пункт гледжання, так, у нас ёсць уласныя інтарэсы, і мы не раз гэта дэманстравалі», — сказаў беларускі лідар.

«Але калі нас будуць на Усходзе падбухторваць супраць Захаду і нехта будзе радавацца санкцыям, якія Захад супраць нас уводзіць, не дачакаецеся! — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы будзем нармалізоўваць адносіны з Захадам, таму што яны таксама нашы суседзі. У нас ёсць там эканамічныя інтарэсы. У нас сёння 42 працэнты экспарту ў Расію, а больш як 50 працэнтаў — у Еўрасаюз. Дык як мы можам ад гэтага адмовіцца? І навошта ў гэты складаны і цяжкі час нас спрабаваць спіхнуць з гэтай дарогі, з гэтага шляху шматвектарнай знешняй палітыкі? Навошта? Калі тут застаўся адзіны, 800 км па шырыні калідор, дзе і Усход, і Захад могуць спакойна перамяшчацца і супрацоўнічаць?»

«Гэта мой адказ тым, хто спрабуе з нас зрабіць ворагаў для Расіі і для Захаду», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Прадвызначыў Бог так, што мы знаходзімся ў гэтым месцы, у цэнтры Еўропы, на скрыжаванні ўсіх дарог. І гэта дарога стала сёння не заўсёды стабільнай, а часта гарачай. І мы павінны быць мудрымі палітыкамі, каб, жывучы ў гэтым бурным катле, не згарэць, каб нас не зварылі і не з'елі, па-народнаму кажучы», — адзначыў ён.

«Таму мы будзем праводзіць міралюбівую знешнюю палітыку, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — І мы будзем зыходзіць з уласных інтарэсаў і інтарэсаў нашых суседзяў».

7-37

Калі народ адзіны, ён непераможны

Прэзідэнт адзначыў, што ўсе разам мы стварылі жыццяздольную дзяржаву, якая стабільна развіваецца, пабудавалі нямала жылля, школ, бальніц, цудоўных палацаў культуры, спартыўных арэн, сучасных дарог і іншых аб'ектаў інфраструктуры, мадэрнізавалі тысячы прадпрыемстваў прамысловасці, што, выказаў упэўненасць Прэзідэнт, ужо ў бягучай пяцігодцы дасць эфект. У сціслыя тэрміны была вырашана праблема харчовай бяспекі. Больш за тое, прадукцыя беларускага АПК ператварылася ў сур'ёзную крыніцу экспарту.

«Створаны патэнцыял дасць магчымасць нам нават у перыяд глабальных эканамічных узрушэнняў забяспечваць развіццё Рэспублікі Беларусь, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У краіне пануе мір і сацыяльная справядлівасць. Чалавеку адкрыты ўсе шляхі: спрыяльныя ўмовы для работы, адукацыі, раскрыцця талентаў, выхавання сапраўдных майстроў сваёй справы. Гэта наша з вамі найвялікшая заслуга. Колькі мы патрацілі крыві і поту, каб гэтую сістэму стварыць...»

«Усё гэта фарміруе ў людзей пачуццё абароненасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Няхай гэтая ўпэўненасць будзе і ў тых, хто не галасаваў за сённяшні курс. Іншы пункт гледжання, калі ён прадыктаваны шчырым клопатам аб Радзіме, заўсёды будзе пачуты. А ўсе разумныя ідэі — выкарыстаны і ажыццёўлены», — гарантаваў кіраўнік дзяржавы.

«Кожны чалавек у Беларусі знаходзіцца пад аховай закону, а значыць, і Прэзідэнта», — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. «Гэты прынцып непахісны. Толькі такім чынам можна дабіцца кансалідацыі грамадства, абудзіць у ім стваральную энергію. Гэтых падыходаў мы будзем прытрымлівацца і ў будучыні», — сказаў ён.

Прэзідэнт заклікаў беларускі народ быць непадзельным цэлым і захоўваць згоду ў грамадстве. «Яшчэ здаўна гаварылі: калі народ адзіны, ён непераможны. Увесь наш гістарычны шлях, вопыт абавязваюць як зрэнку вока берагчы згоду ў грамадстве. Мы павінны быць непадзельным цэлым, тым маналітным арганізмам, які называецца «беларускі народ», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў: «Мы ўсе павінны разумець галоўнае, выразна яго ўсведамляць: наша будучыня ў першую чаргу ў нашых руках. Вырашэнне ўласных праблем ляжыць найперш унутры, а не звонку краіны».

Паводле слоў Прэзідэнта, толькі ўпартая праца, разважлівасць і мудрасць будуць садзейнічаць развіццю Беларусі. «Вы, беларусы, на мяне не крыўдуйце, але, калі вы будзеце, скажу па-народнаму, дзесьці ленавацца, я вас вельмі сур'ёзна буду падштурхоўваць. Не бывае так, што вінавата толькі ўлада, а ўсе астатнія добрыя. Перш чым кагосьці ацаніць або пакрытыкаваць, паглядзіце на сябе, ці ўсё вы зрабілі для таго, каб вы, ваша сям'я, вашы родныя, блізкія, знаёмыя і наогул дзяржава былі шчаслівыя і жылі добра. Напэўна, не ўсё. Давайце гэтую «рэформу» пачнём з сябе. І калі мы з сябе пачнём, то мы спынім усялякія размовы пра рэформы. Мы проста будзем жыць выдатна, і нам не трэба будзе ставіць перад сабой якія-небудзь рэфарматарскія мэты на злом існуючага палітычнага і эканамічнага ладу», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што цяпер адкрываецца новая старонка ў гісторыі Беларусі. «Яна будзе вельмі змястоўнай, цікавай і неймаверна цяжкай. Каб паспяхова рухацца наперад, нам трэба будзе задзейнічаць усе свае рэзервы, праявіць вытрымку, самаадданасць, рашучасць, талент. Словам, паказаць свае найлепшыя якасці — той унутраны духоўны стрыжань, дзякуючы якому наш народ выходзіў пераможцам з любых сітуацый, таму што верыў у свае сілы і збіраў іх у кулак», — сказаў беларускі лідар.

«Мы ўсе хочам добра жыць, гэта нармальнае жаданне, патрабаванне народа да ўлады. Больш за тое, усе мы хочам жыць вельмі добра. Але пры гэтым яшчэ раз падкрэсліваю: усё залежыць ад нас. Будзем лепш працаваць — будзем лепш жыць. Простая формула, якую ніхто не змог абвергнуць», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Я строгі чалавек, я буду патрабаваць ад народа, ад сваіх падначаленых максімальна. Інакш у гэтым разладзе не вытрымаем — разарвуць на кавалкі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Я ўсведамляю, што некаторыя людзі прагаласавалі за мяне авансам. Гэта зразумела, асабліва на прэзідэнцкіх выбарах. Можа, хтосьці сумняваецца, ці таго выбралі». Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены: «Вы прагаласавалі правільна, і не таму, што я выключны, не таму, што я самы разумны і больш такіх няма, а таму, што мы сёння нікому нічога не павінны. Мы не адмывалі грошы ў перадвыбарную кампанію. Мы абышліся капейкамі, праводзячы выбары. Я нікому не даваў ніякіх абяцанняў — ні на Усходзе, ні на Захадзе, ні ў Амерыцы, ні ў Афрыцы. Мы прайшлі гэтыя выбары незалежна. Гэта самы вялікі здабытак, калі Прэзідэнт перамагае дзякуючы народу, калі яго народ выбірае, калі не адыгрываюць ролі грошы, калі мільярды не ўкідваюць у перадвыбарную кампанію, адмываючы і раскладаючы іх па кішэнях».

Звяртаючыся да выбаршчыкаў, у першую чаргу да моладзі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Калі вы пойдзеце ў далейшым галасаваць за кіраўніка дзяржавы, паглядзіце, якія грошы і якія людзі за ім стаяць. У мяне няма чужых людзей і няма грошай. У мяне ёсць толькі вы, ёсць беларускі народ. І яму я гатовы служыць да апошніх дзён, колькі ён будзе мне давяраць».

«Я звычайны чалавек. І значыць, магу памыляцца. Але я заўсёды стаўлю перад сабой жалезную задачу — не дапусціць пры такой уладзе сістэмных памылак. І мы з вамі іх не дапусцілі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Былі розныя перыяды. Можа, мы недзе няправільна рабілі. Пройдзе час — гісторыя ацэніць, народ ацэніць».

Звяртаючыся да сваіх прыхільнікаў, Прэзідэнт заявіў: «Я ніколі вам не здраджу. Я — чалавек, не здольны на здраду. Лічу, што лепш няхай цябе заб'юць на полі бітвы, але ты не павінен адступіць, ты не павінен здрадзіць свайму народу, сваім ідэям, усяму таму, што ты абяцаў. Хачу з гэтай высокай трыбуны заявіць: гэтага не было тыя 20 гадоў, што я служу народу, нашай дзяржаве. І гэтага не будзе ніколі».

Паводле БЕЛТА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».