Вы тут

«Сярод найлепшых еўрапейскіх гравёраў...»


У пачатку XVІІ стагоддзя ў афармленні кніг ксілаграфію ўсё часцей змяняе медзярыт — гравюра на метале (пераважна на медзі). Гэты жанр на доўгі час становіцца вядучым у мастацтве, і менавіта з ім звязаны найлепшыя дасягненні тагачаснай графікі. Самым умелым, дасканалым сярод майстроў медзярыту быў наш славуты зямляк Аляксандр Тарасевіч. Яго творы не саступалі работам найлепшых заходнееўрапейскіх гравёраў. Больш за тое, па аднадушным сцвярджэнні яго тагачасных калег, ён пераўзыходзіў многіх мастакоў Усходняй Еўропы, куды яго запрашалі папрацаваць.

[caption id="attachment_109527" align="alignnone" width="600"]10-30 Сту­дзень (з кні­гі «Ра­за­ры­ум»).[/caption]

Пра жыццё Тарасевіча вядома не так ужо і многа. Дата нараджэння згубілася дзесьці ў XVІ стагоддзі, хоць даследчыкі схільны лічыць такою 1640 год. Сваю непарыўную сувязь з родным краем гравёр падкрэсліваў і ў подпісах пад медзярытамі. Першую пра сябе звестку змяшчае на тытуле кнігі «Разарыум», дзе напісана па-лацінску: «Аляксандр Тарасевіч гравіраваў года 1672 у Глуску». Вось і вынікае, што тут і праходзіў ранні перыяд яго творчасці, хоць пазней стаў адмысловым умельцам.

Ён быў надзвычай адораны, рознабаковы, прафесійна сталы майстар, які бездакорна рабіў малюнкі, валодаў рэдкім пачуццём кампазіцыі, вышкаленай тэхнікай гравіроўкі, вялікай творчай фантазіяй... Гравёр працаваў у асноўным у галіне мастацкага аздаблення кнігі і ў станковай графіцы. Значныя дасягненні запісаў на свой рахунак і ў жанры партрэта. І ўсё ж, калі меркаваць па творчай спадчыне, больш за ўсё любіў працаваць па медзі і праслыў вядомым еўрапейскім гравёрам.

Паездзіць і пабачыць давялося нямала, аднак глыбокімі каранямі заўсёды быў звязаны з роднай Беларуссю. Больш за тое, няцяжка заўважыць, што назіранні за працоўнымі буднямі беларусаў адбіліся ў многіх яго работах. Сорак ілюстрацый кнігі «Разарыум» па задуме, стылі і выкананні відавочна дзеляцца на дзве групы: каляндарны цыкл і гравюры на евангельскія сюжэты. Гравюры першага цыкла адлюстроўваюць у асноўным сялянскую працу ва ўсе месяцы года. У іх відаць тонкасць назіранняў, уважлівае вока мастака і сіла рэалізму. Творы сведчаць, што ў працы Тарасевіч шырока карыстаўся натурай, рэаліямі навакольнага жыцця. Жывучы ў Глуску, мастак меў магчымасць непасрэдна назіраць за жыццём сялян, а значыць, перадаваць яго затым з глыбокім веданнем народнага побыту, фальклору, адзення... З вялікім майстэрствам адлюстраваны беларускія краявіды. І, як сведчаць подпісы, большасць з іх зроблены ў Глуску.

Над сваім першым вялікім цыклам мастак працаваў каля пяці гадоў — з 1762-га, калі ім быў выкананы тытул кнігі, і да 1677-га, даты выхаду кнігі «Разарыум» у свет. Гэта, бадай, яго найлепшая і найбольш вядомая работа ў кніжнай графіцы, якая прынесла аўтару славу.

Гравёр найярчэй праявіў сябе як мастак кнігі, аднак шмат працаваў і як партрэтыст. Сярод ранніх партрэтаў і тыя, што выкананыя ў Глуску. У прыватнасці, партрэт М. Сапунскага (1677) і многія іншыя работы. Высокім майстэрствам малюнка і гравіроўкі вылучаецца выкананы ў 1675 годзе ў Глуску медзярыт «Радаслоўнае дрэва А. Палубінскага» (маршалак Аляксандр-Гілярый Палубінскі быў мецэнатам мастака).

[caption id="attachment_109528" align="alignnone" width="600"]10-31 Даб­ра­ве­шчан­не (з кні­гі «Ра­за­ры­ум»).[/caption]

У 1680-я гады Тарасевіч пераехаў з Глуска ў Вільню, дзе супрацоўнічаў з друкарняй Віленскай езуіцкай акадэміі. Каля 1688 года майстар пакінуў Беларусь і Літву, асталяваўся ў Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе прыняў манаства пад імем Антоній.

Працы мастака з Глуска яскрава сведчаць, што ён меў бліскучую мастацкую адукацыю, але дзе вучыўся — невядома. Ёсць меркаванні, што адукацыю мастак набыў у Аўгсбургу (Баварыя), дзе вучыўся ў славутых Кіліянаў, бо паводле графічнай манеры яго творы блізкія да гэтай школы.

Выдатная адукацыя ў адным з цэнтраў тагачаснай еўрапейскай культуры назаўсёды вызваліла мастака ад царкоўна-кананічных схем і канонаў, спрыяла свецкаму рэалістычнаму падыходу да ілюстравання навакольнага жыцця. У асабістай бібліятэцы А. Тарасевіча, якую мастак, відавочна, перавёз у Кіеў з Беларусі (пасля яго смерці бібліятэка перайшла ва ўласнасць Кіева-Пячэрскай лаўры), сярод шматлікіх альбомаў і атласаў, гравюр з відамі архітэктурных ансамбляў Рыма, Мадрыда, Парыжа, Неапаля, ілюстраванай Бібліі, дапаможнікаў па навучанні рысунку былі творы замежных майстроў, пераважна галандскіх і нямецкіх.

Працы Аляксандра Тарасевіча сведчаць, што менавіта ён узняў беларускую гравюру да найлепшых узораў еўрапейскага мастацтва. Яго творы былі вядомы і ў Заходняй Еўропе. Лічыцца, што наш зямляк стварыў адметную школу гравюр і што яго працы для паслядоўнікаў засталіся недасяжнымі. Доўгі час яго творы ўпрыгожвалі касцёл манахаў-бернардзінцаў у Глуску, які ў 1935 годзе перастаў выконваць свае функцыі, а яго багацце было знішчана і расцягана. Назаўсёды зніклі і гравюры Тарасевіча.

Закончыў свой жыццёвы шлях Тарасевіч ігуменам Кіева-Пячэрскай лаўры. Па архіўных дакументах устаноўлена дата яго смерці — паміж 12 ліпеня і 15 жніўня 1727 года.

Існуе і такі факт, што ў гады жыцця Аляксандра Тарасевіча вядомым майстрам медзярыту праявіў сябе і Лявонцій Тарасевіч, якога схільны лічыць родным братам Аляксандра. Ён таксама быў буйным гравёрам Усходняй Еўропы, творы якога можна паставіць на адзін узровень з найлепшымі еўрапейскімі гравюрамі. У жыццёвай і творчай біяграфіі майстроў шмат агульнага, пра што сведчаць шматлікія даследаванні. І калі крыху пафантазіраваць, дык можна ўявіць, што ў нас быў не адзін, а два славутыя мастакі-гравёры.

Валерый Васілеўскі,

г/п Глуск, Магілёўская вобл.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».