Вы тут

Жыць без сэнсу — вось у чым сэнс


Мы ўсе шукаем сэнс жыцця. Агульны, экзістэнцыйны сэнс — і прыватны, свой, асабісты. Мы так захапляемся філасофскай думкай пра мэту, што гатовы пакласці ўсё жыццё на яе пошук. Атрымліваецца, што сэнс жыцця ў пошуку жыццёвага сэнсу? Беcсэнсоўна.

club5000

Я выканаўца, старанны выканаўца са схільнасцю да перфекцыянізму. Усё зраблю — толькі ясна пастаўце задачу. І не заікайцеся пра канчатковую мэту. Гэта ўсё разбурае.

Складаючы план дня, я кожны раз пісала ў нататніку «выратаваць свет». Лічыла, што гэта мой сэнс. І ведаць не ведала, як яго ажыццявіць. А потым аднойчы закрэсліла амбіцыйную фармулёўку і зверху напісала «саступіць месца ў транспарце», назаўтра ў гэтым жа пункце — «падняць настрой сумнаму незнаёмцу», на паслязаўтра — «падзякаваць дворніку за работу». Так я ішла да мэты, разбіваючы шлях на маленькія задачы. І так ратавала свет.

Калі я пастаўлю сабе мэту быць шчаслівай, то саб'юся ў самым пачатку. Стану баяцца, хвалявацца, сумнявацца, вяртацца, збочваць. Перастану верыць і апушчу рукі.

Лепш пастаўлю некалькі задач, больш рэальных, блізкіх і зразумелых. Скажам, утульны дом, сытны абед, любімая праца, задаволены муж і дзеці за гульнёй. Сапраўднае шчасце. І пачну пакрокава выконваць. Што там першым пунктам? Утульны дом? Засцілаю ложкі, бяруся за пыласос, паліваю кветкі, вешаю новую карціну. Утульна. Наступная задача?..

Увесь час мне не дае спакою думка пра ролю, місію, прызначэнне. Для чаго я на Зямлі? У чым сэнс? Што рабіць? Як служыць? Чым апраўдаць сваё існаванне? Я шукаю мэту паўсюль, збіваю ногі, блытаю дарогі.

Расчараваўшыся ў пошуках і страціўшы надзею, бяруся за наступную прыземленую задачу. На чарзе сытны абед. Ну што ж, згатую яго! Падкасваю рукавы, увіхаюся ля пліты — вуаля, вось вам першая страва, другая і кампот. А пасля дэсерту сапраўды на душы весялей...

Дык што я там шукала? Сэнс жыцця? Быць шчаслівай... А як гэта? Што ёсць шчасце? Не памыліцца б! І зноў шукаю не там, растрачваюся не на тое, іду не туды. За наступным паваротам таксама не хаваецца сэнс жыцця. Ён увогуле існуе?

Не. Не існуе. Так сцвярджае прафесар, доктар медыцыны Ірвін Ялом. Ён лічыць, што нашы псіхалагічныя праблемы ў асноўным звязаныя з няведаннем ці непрыняццем чатырох дадзеных ісцін: непазбежнасці смерці, уласнай свабоды тварыць сваё жыццё, унутранай адзіноты кожнага і, нарэшце, адсутнасці відавочнага сэнсу жыцця. Яно, жыццё, проста ёсць. І яго сэнс у тым, каб пражываць. Не шукаць і адчайвацца. А жыць без сэнсу. Вось у чым сэнс!

Гэтая ідэя ідэальна ўклалася ў мае экзістэнцыйныя пошукі. Я вольная! Вольная ад абавязкаў і мэт! Я вольная проста жыць!

І ўся мая філасофія, напрацаваны светапогляд і нажыты досвед таксама гладка ляглі на ідэю бессэнсоўнасці, радасна заківалі галовамі і імгненна пагадзіліся проста жыць, жыць без сэнсу.

Шукаць мэту існавання — значыць зазірнуць у планы Бога, дапытвацца пра Яго задумы. Спрабаваць кантраляваць сваё жыццё — значыць не давяраць Богу, спрачацца. А ў Яго ўсё прадумана без нас. Яшчэ да нараджэння мы маем ролю, функцыю (добра-добра, мэту, калі вам так зручней) у агульным арганізме Сусвету. Я магу ўсё жыццё маркотна закручваць гайкі, скардзіцца на бязглуздасць і нікчэмнасць свайго лёсу і нават не здагадвацца, як важна гэта для цэлага арганізма.

Мы жывём у сістэме. І работа кожнай дэталі адладжана. Кожная функцыя важная, бо яна дапаўняе астатнія, бо без яе не працуюць іншыя. Мы мануфактура. І калі гаечнік вырашае рэалізавацца, кідае сваю манатонную справу і шукае сэнс жыцця, пакутуе цэлы арганізм, уся мануфактура. Бо закручванне гаек, уявіце сабе, можа быць сэнсам жыцця!

Я перастала шукаць мэту і тым самым знайшла яе. Жыць без сэнсу і рабіць тое, што прыносіць задавальненне.

Дапісваю калонку, і задачу нумар тры — любімая работа — на сёння выканала. Пайду абдыму мужа і пагуляю ў цацкі з сынам. Так проста ператварыць формулу ў жыццё. Жыццё, якое не мае сэнсу.

Таццяна НЕМЧАНІНАВА, заснавальніца дабрачыннага руху «Клуб 5000»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.