Вы тут

Алесь Савіцкі. Пісьмо ў Рай


40 дзён таму пайшоў з жыцця пісьменнік Алесь Савіцкі.

14-26

Мы часта стэлефаноўваліся. Абмяркоўвалі самыя розныя тэмы — літаратурныя, жыццёвыя, будзённыя. Апошняя размова адбылася ў пятніцу вечарам, незадоўга да... Гутарылі пра лецішча на «Лысай гары» і восень, пра суседскую дзяўчынку і яго нядаўняе, апублікаванае ў «Звяздзе», эсэ «Сонца, што створана тваімі рукамі» (гэты твор, змешчаны ў нумары за 29.08.2015, стаў апошнім). Дамовіліся, што ў наступную суботу, 10 кастрычніка, ён прыйдзе на сустрэчу са студэнтамі Інстытута журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Але... У ноч на аўторак, 6 кастрычніка, сэрца пісьменніка нечакана спынілася.

10 кастрычніка — у дзень, калі была запланавана сустрэча са студэнтамі — праходзіла развітанне з Алесем Савіцкім.

Акурат у гэты час успаміналі яго ў самай вялікай журфакаўскай аўдыторыі — і гэта таксама сімвалічна. Таму што перш чым стаць пісьменнікам, ён быў журналістам. Пачаў друкавацца ў 1943 годзе, у ветрынскай падпольнай газеце «Чырвоная звязда». Са зразумелых прычын заметкі падпісваў «Саша С.».

Алесь Ануфрыевіч заўсёды ахвотна сустракаўся са школьнікамі, студэнтамі, вайскоўцамі: «Пакуль мы, ветэраны, жывыя — мы павінны расказваць. Каб моладзь ведала: за яе жыццё заплачана кроўю мільёнаў. Якая цана... Новыя пакаленні, як бы яны ні жылі, усё роўна шчаслівыя людзі: у іх будуць дзеці, унукі, праўнукі, каханыя жанчыны — усё будзе. А ў тых, што ляглі ў 18—20 гадоў у зямлю, абараняючы яе, — у іх нічога не будзе. Ніколі. Ні дзяцей, ні ўнукаў, ні праўнукаў. У іх застаецца толькі адно: велічны подзвіг, які яны здзейснілі ў імя Жыцця. І наша памяць. Памяць жывых.

Памяць ёсць не толькі ў людзей, яна ёсць і ў вольнай зямлі. Няма памяці толькі ў зямлі заваяванай, што скарылася чужынцу... У віхурныя часы выжывае толькі тая зямля, якая памятае. І выжывае толькі той народ, які гэтай Памяці не здраджвае. Без гістарычнай памяці ў народа адзін шлях — рабства і выміранне».

* * *

Тры гады таму падчас сустрэчы са студэнтамі Інстытута журналістыкі БДУ пісьменнік перадаў у медыятэку некалькі сваіх кніг розных гадоў выпуску. Тады ж паўдзельнічаў і ў калектыўных чытаннях «Новай зямлі», прымеркаваных да 130-годдзя Якуба Коласа.

Студэнты спыталі Алеся Савіцкага пра самую любімую яго кнігу. Адказаў, не задумваючыся: «Курган» Янкі Купалы. І — прачытаў па памяці ўсю паэму! Захапленне і здзіўленне — менавіта так можна абазначыць рэакцыю студэнцкай аўдыторыі.

Алесь Ануфрыевіч расказаў: «У 8 класе вывучыў гэтую паэму — і ведаю да гэтага часу. У партызанах аднойчы прачытаў яе хлопцам, і потым яны часта прасілі: «Шурка, чытай!»

Дарэчы, апошні здымак пісьменніка, які публікуецца сёння, зроблены ў канцы жніўня гэтага года студэнтам Інстытута журналістыкі БДУ Сяргеем Нікановічам.

* * *

«Жыццё як сюжэт для серыяла» — менавіта пад такой назвай публікаваліся нататкі пра кнігу Алеся Савіцкага «Сонца на ўсіх адно». І невыпадкова. Я патлумачыла чаму. Біяграфія гэтага ўнікальнага чалавека сама па сабе нібыта легенда: партызан — франтавік — журналіст — пісьменнік... Прыпісаў сабе год, каб трапіць у партызаны... Некалькі раненняў... Ордэн Славы І ступені знайшоў яго праз паўстагоддзя пасля заканчэння вайны. Які лёс!.. Апошнім часам вялікім поспехам карыстаюцца фільмы не па літаратурных творах — па канкрэтных лёсах, сапраўдных біяграфіях вядомых людзей. А які сюжэт для «кіношнікаў» — біяграфія Алеся Савіцкага...

Ён нарадзіўся ў Полацку. Замест юнацтва — партызанскія будні. На яго рахунку шмат падарваных эшалонаў, спаленых і ўзарваных мастоў. У 1944—1945 гадах у дзеючай арміі, удзельнічаў у вызваленні Варшавы і Гдыні, у баях за ўзяцце Берліна.

У 1958-м скончыў Літаратурны інстытут імя Горкага ў Маскве і аспірантуру. Аўтар кніг «Кедры глядзяць на мора», «Жанчына», «Белы гарлачык», «Палын — зелле горкае», «Самы высокі паверх», «Шкляная нітка», «І нічога ўзамен», «Зямля не раскажа», «Літасці не чакай», «Памерці заўсёды паспееш», «Верай і праўдай», «Обаль»... Сярод апошніх твораў — раман-споведзь «Пісьмо ў Рай».

* * *

Ён «састарыў» сябе, каб стаць партызанам. Я ўдакладняла:

— Аляксандр Ануфрыевіч, з якога года Вы ў партызанах?

— З 1942-га. Мне было 17.

— Як жа Вас узялі?

— Прыйшлі з Сяргеем Зімніцкім да камандзіра. Ён: «Што, мне дзіцячы садок разводзіць? Ідзіце дадому!» Кажу сябру: «У нас ёсць зброя, з ёю прымуць у любым атрадзе». Тады камандзір і спыніў нас... Калі паведаміў, што я з 1924 года, ён хітра ўсміхнуўся: «Ну добра, так і запішам».

— Ва ўсіх энцыклапедыях значыцца: нарадзіўся 8 студзеня 1924 года.

— Насамрэч, я з 1925-га. У партызанах прыпісаў сабе год, адтуль і пайшло. У 1942-м я быў у падрыўной групе атрада «Смерць фашызму». У 1943-м камсамольцаў паслалі на арганізацыю новага камсамольска-маладзёжнага атрада «Бальшавік». Мяне прызначылі камандзірам падрыўной групы.

«Зімою сорак другога мяне параніла. Разам з Сяргеем Зімніцкім мы мініравалі чыгунку ў сасновым бары паміж Полацкам і Фарынава. Міну — амаль дваццаць кілаграмаў толу, выплаўленага з артылерыйскіх снарадаў, — паставілі, але адбегчыся далёка не паспелі: цяжка было адольваць завалы з таўшчэзных соснаў, аплеценых дротам і закіданых снегам. Выбуху не чуў; памятаю вялізнае, на ўсё неба, малінава-белае сонца і ціхі, вельмі ціхі і прыгожы гул, як бомканне маленькіх званоў... Выратаваў мяне Сяргей. Ён першы апрытомнеў, доўга поўзаў па снегавых гурбах, але мяне знайшоў і пацягнуў да лесу. Потым я апрытомнеў таксама і папоўз сам («Пад роднымі клёнамі)».

* * *

З баявой характарыстыкі камандзіра дыверсійнай групы партызанскага атрада «Бальшавік» брыгады імя Варашылава А.А. Савіцкага ад 12 кастрычніка 1944 года:

«Тов. Савицкий А.А., уроженец города Полоцка Витебской области БССР. До войны был учащимся средней школы г. Полоцка. При оккупации г. Полоцка фашистскими извергами и организации в этом районе ещё первичных групп партизанского движения молодой юноша, тов. Савицкий А.А., оставляет свою родную мать и идет в ряды народных мстителей. Вступив в ноябре 1942 года в отряд «Смерть фашизму», тов. Савицкий вступает добровольно в диверсионную группу партизанского отряда для того, чтобы как можно больше отомстить оккупантам за те ужасы зверств, которые были нанесены белорусскому народу... За период с ноября 1942 по июль 1943 года в партизанском отряде «Смерть фашизму» тов. Савицкий имеет на своем боевом счету: спущенных под откос вражеских эшелонов с живой силой и техникой — четыре эшелона, подорваны на противотанковых минах — три вражеских автомашины с живой силой, тов. Савицким лично были подорваны толом 5 шоссейных мостов и 2 железнодорожных моста, на линии Полоцк — Молодечно, тов. Савицким лично было уничтожено 27 немецких солдат и офицеров. За эти подвиги командование отряда «Смерть фашизму» тов. Савицкого А.А. дважды представило к правительственной награде.

В июле 1943 года организовывается новый отряд этой же бригады — «Большевик». Тов. Савицкий А.А. как имеющий большой практический опыт по диверсионной деятельности с первых же дней организации отряда назначается командиром диверсионной группы в количестве 5 человек. За короткое время, т.е. за 4 месяца, тов. Савицкий вырастил группу в 18 человек. <...>

Указом Верховного Совета СССР тов. Савицкий уже награжден дважды: орденом Красной Звезды и медалью «Партизану Отечественной войны» І степени. Тов. Савицкий скромный воин, никогда не кичится своими успехами, имел широкий авторитет среди партизанских масс не только нашей бригады, но и всего партизанского движения Белоруссии, его боевые подвиги не раз обсуждались и изучались на партизанских собраниях. На его боевых примерах учились многие партизаны, как надо бить врага».

* * *

Усё жыццё Алесю Ануфрыевічу не давала спакою, што «яго» куля дасталася сябру: «Я напісаў верш на смерць майго сябра Колі Паўлава (быў змешчаны ў нашай партызанскай насценгазеце). Коля шкаляр, як і я. Масквіч, пайшоў у народнае апалчэнне разам з бацькам. Сын быў кантужаны, бацька — паранены. Абодва трапілі ў палон. Бацька сканаў ад ран. Коля яго пахаваў і ўцёк з палону. Далучыўся да нашага атрада. Ён быў у маёй падрыўной групе. Аднойчы групу на заданне пад Загацце павёў не я, а Паўлаў. Бо выпаў першы снег, а ў мяне валёнкі былі не падбітыя, прамакалі. Усё сваё жыццё я жыву з думкай пра тое, што калі б я пайшоў пад Загацце ў той лістападаўскі вечар... Гэтая мая куля дасталася Паўлаву, маю смерць ён узяў на сябе... А колькі іх, такіх маладзенькіх, загінула. Якая цана заплачана за сённяшняе жыццё...

Можа, свет быў бы іншым, калі б жылі тыя мільёны, якія ляглі ў зямлю. Яны, можа, напісалі б найлепшыя песні ці кнігі; можа, яны б зрабілі адкрыцці, якія здзівілі б свет».

* * *

Ордэн Славы Алеся Савіцкага «знайшоўся»... праз 55 гадоў. Пасля вызвалення Беларусі ён прайшоў франтавымі дарогамі. Я не магла не спытаць, дзе больш складана: у партызанах ці ў дзеючай арміі?

— Пры ўсіх страхах франтавога жыцця ўсё-такі там было лягчэй. Бо ты адчуваў, што за тваёй спінай — шпіталь, магутнасць арміі. Пасля злучэння з часцямі Чырвонай Арміі мы, партызанская моладзь, папоўнілі 3-ці механізаваны Сталінградскі танкавы корпус. Я трапіў у 9-ю гвардзейскую брыгаду дэсантнікаў. Дайшлі да Шаўляя, там увосень 1944-га была такая страшная калатнеча... Мяне параніла — трэці раз за вайну (да гэтага два разы ў партызанах). Пасля шпіталя ў Арэнбургу трапіў на фронт ужо пад зімовае наступленне: Варшава, Гдыня... Вайну скончыў у Берліне, пакінуў аўтограф на Рэйхстагу.

Доўгі час не ведаў аб узнагародзе за баі пад Шаўляем. Прайшло 55 гадоў, аднойчы раздаецца тэлефонны званок: «Гэта з ваенкамата. Мы знайшлі ўзнагародныя дакументы: у 1944-м вы былі ўзнагароджаны ордэнам Славы». Думаю: «Хто ж гэта з нашых хлопцаў-пісьменнікаў мяне разыгрывае?» Каб падтрымаць жарт, пытаюся: «І многа нас?». У адказ: «Не, з ордэнам вы адзін. Яшчэ адзін з медалём».

— А вы сапраўды падумалі, што гэта розыгрыш?

— Абсалютна! Аказалася, прыйшоў новы ваенкам, даслалі запыт у архіў — і там знайшлі дакументы аб узнагароджанні.

* * *

Ён катэгарычна не прымаў фальсіфікацый Вялікай Айчыннай вайны:

— Я прайшоў «партызанку» з 1942 года і перакананы, што такой яскравай старонкі ў жыцці беларускай зямлі не было — калі паўстаў увесь народ, ад малога да вялікага... Так, шмат разоў бяда засявала сваім чорным насеннем наш край, і стагнала ад болю зямелька беларуская. За стагоддзі, што сплылі ў нябыт, ваеннага ліхалецця пранеслася над нашай Бацькаўшчынай нямала, але такога жаху яшчэ не было.

Напісана многа кніг пра вайну, але, мне думаецца, гэта толькі верхні пласт. Яшчэ будуць створаны новыя кнігі, будзе па-мастацку асэнсавана мужнасць нашага народа. Бо такой мужнасці — мужнасці не асобнага чалавека, а ўсяго народа! — гісторыя Беларусі не ведала. Калі мужнасць становіцца адметнай якасцю народа — гэта ўжо гістарычны факт. І калі сёння той-сёй спрабуе абылгаць, апляваць гераічную старонку зямлі і народа, уся мая партызанская сутнасць пратэстуе супраць гэтага.

Пакуль я жывы, буду маліцца (я, стары атэіст закасцянелы!), буду прасіць Неба, каб ніколі новыя пакаленні не зведалі гэтага страху, гэтай вайны, гэтай бяды.

* * *

Яго раман-споведзь «Пісьмо ў Рай» прысвечаны бацьку. І бацькам.

«Кожнаму з нас на загоне жыццёвага шляху на зямлі небам дараваны толькі дзве дарогі — альбо Рай, альбо Пекла», — напісаў Алесь Савіцкі. І, звяртаючыся ў думках да свайго бацькі, дадаў: «Пекла ты адбыў тут, на зямлі. А двойчы туды, як кажуць мудрыя людзі, трапіць немагчыма». Усё жыццё Алеся Ануфрыевіча і было, напэўна, Пісьмом у Рай.

Удава пісьменніка Людміла Барысаўна расказала: «Ён прасіў пасля смерці прах развеяць над родным Полацкам — там, дзе Палата ўпадае ў Дзвіну».

Здаецца, Алесь Савіцкі і пасля сыходу ахоўвае свой родны край, за які змагаўся ў час ваеннай навалы і які абараняў усё жыццё. Цяпер ужо з Нябёсаў шле нам сваё блаславенне...

Таццяна Падаляк

Фота Сяргея Нікановіча

Выбар рэдакцыі

Культура

Што сiмвалiзуе ўнiкальны габелен з выявай Мацi-Беларусi, i хто ўвасоблены ў вобразе франтавой медсястры

Што сiмвалiзуе ўнiкальны габелен з выявай Мацi-Беларусi, i хто ўвасоблены ў вобразе франтавой медсястры

У Гродне падчас святкавання Дня Незалежнасцi прадстаўлены габелен, якi выткалi спецыяльна да 75-годдзя Вялiкай Перамогi. 

Грамадства

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў

Дзяржаўнаму камiтэту судовых экспертыз споўнiлася сем гадоў.