Вы тут

Свет у пошуку новага парадку


Мінск зноў стаў пляцоўкай дыялогу аб вырашэнні канфліктаў — гэтым разам для экспертаў.

Міжнародная канферэнцыя «Свежы погляд на «замарожаныя канфлікты» на постсавецкай прасторы», што прайшла ў беларускай сталіцы ў рамках ініцыятывы «Мінскі дыялог», сабрала больш за 30 дыпламатаў, палітолагаў, навукоўцаў, экспертаў розных аналітычных структур з нашай краіны, а таксама з Расіі, Украіны, Злучаных Штатаў, Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Малдовы, Казахстана, Германіі, Польшчы і Бельгіі. Удзельнікі імкнуліся максімальна адкрыта казаць пра канфліктныя сітуацыі ў розных рэгіёнах былога Савецкага Саюза. Хоць большая частка канферэнцыі прайшла за зачыненымі дзвярыма, было што паслухаць і прадстаўнікам СМІ.

Андрэа Гаўрыч, прафесар міжнароднай інтэграцыі Гісенскага ўніверсітэта імя Юстуса Лібіха з Германіі, заўважыла, што сёння ў экспертных колах, акрамя ўкраінскага канфлікту, рэдка абмяркоўваюцца нейкія іншыя канфлікты на постсавецкай прасторы — армяна-азербайджанскі, руска-грузінскі, канфлікт у Прыднястроўі. «Вельмі добра, што на канферэнцыі мы зможам абмеркаваць усе гэтыя тэмы», — адзначыла прафесар.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў нашай краіне Петэр Дэтмар нагадаў: «25 гадоў таму многія спадзяваліся, што пасля халоднай вайны наступіць мірная эпоха. Узніклі новыя спадзяванні, што адказнасць за мір раздзеліцца на ўсіх... Некаторыя нават казалі пра канец гісторыі, але гэтага не адбылося. Так ці інакш, сённяшні свет непалярны, ён — у пошуку новага парадку, і гэтыя пошукі суправаджаюцца прымяненнем агрэсіі». На думку нямецкага дыпламата, крызіс бяспекі ва Украіне — самы глыбокі на постсавецкай прасторы. «Для пераадолення гэтага крызісу неабходны дыялог, вырашэнне ўкраінскага канфлікту павінна адбыцца палітычным шляхам», — лічыць Петэр Дэтмар.

Аляксандр Іскандаран, дырэктар Каўказскага інстытута з Арменіі, звярнуў увагу на той факт, што, насуперак папулярнай у зонах канфлікту версіі — маўляў, канфлікт разаграваюць менавіта знешнія сілы, рэгіён становіцца гарачай кропкай усё ж у выніку глыбокіх унутраных прычын. «Як правіла, знешнія фактары не могуць стаць прычынай унутранага канфлікту, — упэўнены ён. — Для яго павінна быць глеба. Такім чынам, канфлікты маюць унутраную прыроду, але ўплываюць на іх знешнія сілы».

Армянскі эксперт лічыць, што вырашэнню канфлікту можна дапамагчы. «Вельмі важна, каб фарматы перамоў былі інтэрнацыянальнымі, — мяркуе ён. — Калі на перамовах па ўрэгуляванні прадстаўлена толькі адна краіна або некалькі, але кожная з іх мае пэўны інтарэс, то канфлікт, хутчэй за ўсё, не вырашыцца».

Глен Ховард, прэзідэнт Джэймстаўнскага фонду ЗША, звярнуў увагу ўдзельнікаў канферэнцыі на цікавы факт. «Беларусь становіцца ўсё больш важным актарам у сваім рэгіёне, — заявіў ён. — Гэта мой другі візіт у Мінск, а першы раз я быў тут на пачатку 2013 года разам з дэлегацыяй ЗША, тады мы сустракаліся з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Па выніках паездкі ў Мінск наша дэлегацыя сустракалася з прадстаўнікамі Дзярждэпартамента нашай краіны, тады тыя сказалі, што, маўляў, складана знайсці нешта геапалітычна важнае ў дачыненні да Беларусі. Прайшло два гады, і сітуацыя рэзка змянілася: і тыдня не праходзіць, каб пра Беларусь не гаварылі. Палітычная важнасць гэтай краіны вырасла». На думку Глена Ховарда, Мінск адыгрывае вельмі важную ролю ў дыпламатычным вымярэнні.

«Заходнія дзяржавы пачынаюць разумець важнасць Беларусі, яе геапалітычнай ролі, — канстатаваў амерыканскі эксперт. — У Амерыцы цяпер разглядаюць вашу краіну як перспектыўнага партнёра ў розных сферах». Глен Ховард асабліва падкрэсліў міратворчую ролю нашай дзяржавы ў рэгіёне. «Я веру, што Беларусь захавае свой нейтралітэт, як гэта зрабіла Швейцарыя», — заявіў эксперт.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».