Вы тут

Будзе лад у сям'і — будзе лад і ў краіне


Аб тым, як вырашаюцца самыя надзённыя праблемы маладых сем'яў, праўленне грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын» разглядала на сваім выязным пасяджэнні на прыкладзе Магілёўскай вобласці.

Міністр працы і сацыяльнай абароны, старшыня праўлення Беларускага саюза жанчын Марыяна Шчоткіна ўпэўнена:

— Найлепшай прапагандай сямейных каштоўнасцяў з'яўляецца рэальная падтрымка сем'яў. У Беларусі ўся дзяржаўная палітыка накіравана на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі, і ёсць рэальныя вынікі.

Справа не толькі ў матэрыяльным фактары. Трэба і надалей вырашаць комплекс пытанняў па духоўна-маральным выхаванні і развіцці моладзі, павышэнні прэстыжу інстытута сям'і.

Як гэта робяць на Магілёўшчыне, расказала старшыня абласной арганізацыі БСЖ Раіса Лычкоўская. Яна нагадала, што вялікая ўвага ў вобласці надаецца замацаванню маладых сем'яў на сяле, стымуляванню сем'яў, якія вядуць прысядзібную гаспадарку, адраджэнню працоўных дынастый.

Так, у Клімавіцкім раёне з поспехам рэалізуецца праект «Шчасце быць разам». Гэта не толькі конкурсы на найлепшыя маладую сям'ю і сельскі падворак, маладзёжнае тэатралізаванае прадстаўленне, але і правядзенне «залатога вяселля», на якое запрашаюць моладзь.

У Магілёве, Бабруйску, Бялыніцкім, Горацкім, Кіраўскім, Дрыбінскім раёнах створаны клубы маладой сям'і. У Горках і Бялынічах пры аддзелах ЗАГСа працуюць службы дапамогі маладой сям'і, праводзяцца «круглыя сталы», лекцыі, гутаркі на тэмы «Шлюбны кантракт», «Прававыя гарантыі маладым сем'ям», «Дзеці — гэта сур'ёзна», адбываецца ўрачыстая рэгістрацыя дзяцей у Дзень маці і Дзень сям'і. Актыў першасных і раённых арганізацый БСЖ сумесна з цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Дрыбіне і Глуску курыруюць клубы маладых бацькоў «Тата-школа» па падрыхтоўцы да нараджэння дзіцяці і ўключэнні мужчын у актыўнае выхаванне дзяцей. Ва ўсіх раёнах вобласці праводзяцца масавыя сямейныя мерапрыемствы: «Мама, тата, я — спартыўная сям'я», «Парад дзіцячых калясак», «Гэты дзень для цябе, мама!», «Чароўны малы», «Я + Я = маладая сям'я», конкурсы на найлепшае падвор'е маладой сям'і.

Удзельнікаў нарады ўразіла практыка Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы. Урачы расказалі, што менавіта дапамога БСЖ, у першую чаргу Надзеі Ермаковай, дапамагла ім заняць пазіцыі лідараў. Надзея Ермакова ў свой час «пачула» голас магілёўскіх дзіцячых медыкаў і знайшла спонсараў для набыцця ўнікальнага медабсталявання, якое дазваляе рабіць хірургічныя аперацыі немаўлятам.

Сапраўдным адкрыццём дня стала знаёмства з вопытам Круглянскага раёна. Бо той узровень сацыяльных, бытавых, спартыўных і забаўляльных паслуг робіць жыццё мясцовай моладзі набліжаным да таго, чым так спакушае горад. Варта толькі зазірнуць у агратурыстычны комплекс «Нікольскія сажалкі», які выдатна ілюструе ролю асобы ў гісторыі.

Бо «Сажалкі» і яшчэ шматлікія круглянскія цуды — усё гэта ініцыятыва і нястомная праца начальніка Круглянскай ПМК-266 Мікалая Патрончыка, які кожны дзень сваім прыкладам даказвае, што патрыятызм і дзяржаўны ўзровень — гэта не высокія словы, а сумленныя справы. Такая выснова вельмі блізкая для Беларускага саюза жанчын, бо асобы с БСЖ менавіта так жывуць і працуюць.

Ларыса РАКОЎСКАЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»

Ужо ў гэту нядзелю вырашыцца інтрыга

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг