Вы тут

Гандаль на ўсе вякі


Грыўні часоў ВКЛ, а таксама ўпрыгажэнні крывічоў і дрыгавічоў папоўнілі калекцыю Нацыянальнага гістарычнага музея.

«Гандаль Беларусі на шалях гісторыі» — так называецца выстава, што днямі адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музея. Прадметы, прысвечаныя гісторыі беларускага гандлю, не толькі дасталі з запаснікаў музея: іх прывезлі сюды з усёй краіны. Акрамя таго, калекцыя папоўнілася новымі ўнікальнымі экспанатамі.

[caption id="attachment_110529" align="alignnone" width="600"]17-5 Ра­ці­бор БЯ­ГУН не су­праць за­ві­таць у карч­му.[/caption]

Сучаснае мецэнацтва

Літоўскія грыўні XІV стагоддзя (г.зн. якія былі ў абарачэнні ў Вялікім Княстве Літоўскім) для музея набыла кампанія Japan tobacco іnternatіonal. Такіх манет тут раней не было, але іх марылі набыць. Яны яскрава ілюструюць адзін з перыядаў гісторыі краіны. Пяць грыўняў музею прадаў калекцыянер. Некалькі гадоў з ім вяліся перамовы, ён чакаў выгаднай прапановы. Дзякуючы спонсару манеты ўсё-такі папоўнілі нацыянальныя багацці і не былі вывезены за мяжу.

Яшчэ адзін каштоўны падарунак музею зрабіў прыватны калекцыянер Ілья ШТАЛЯНКОЎ. Ён адзначыў:

— Вельмі хочацца, каб рэчы, якія ёсць у калекцыі, бачыла як мага больш людзей. Таму я і вырашыў зрабіць падарунак музею. Гэта ўпрыгажэнні крывічоў і радзімічаў ІX—XІ стагоддзяў, знойдзеныя ў 2005 годзе ў Магілёўскай вобласці — тое, што ўжо ўдалося рэканструяваць. Думаю, упрыгажэнні зоймуць годнае месца ў калекцыі музея.

Шталенкоў удакладніў, што гэтыя прадметы выпадкова ўбачыў на адным з распродажаў, якія рэгулярна праводзяцца ў сталічным Палацы культуры чыгуначнікаў. Адразу зразумеў, што рэчы каштоўныя, таму набыў. А каб перадаць іх у Нацыянальны гістарычны музей, чакаць давялося яшчэ 10 гадоў — калі здарыцца адпаведная нагода.

Ілья Шталянкоў з'яўляецца членам праўлення Беларускага нумізматычнага таварыства. Пра гэтую арганізацыю ў «Звяздзе» згадвалася ў матэрыялах «круглага стала» пад назвай «Скарбы з сэрца краіны». Падчас той размовы адзначалася, што да гэтага аб'яднання цікавасць праяўляюць тыя, хто займаецца нелегальнымі археалагічнымі вышукамі (дазвол на такія работа выдае толькі Нацыянальная акадэмія навук). Тады ж згадваўся і продаж артэфактаў, што зусім беспакарана праходзіць у Палацы культуры чыгуначнікаў... Зразумела, што многія рэчы трапляюць туды з нелегальных археалагічных раскопак...

Ці з'яўляюцца падораныя прадметы насамрэч упрыгажэннямі крывічоў і радзімічаў ІX—XІ стагоддзяў, спецыялісты яшчэ будуць вызначаць і ў хуткім часе абнародуюць афіцыйнае навуковае заключэнне.

[caption id="attachment_110528" align="alignnone" width="600"]17-4 Пры­ла­вак са­вец­ка­га ча­су.[/caption]

Ад вікінгаў да савецкіх спекулянтаў

Аднак і акрамя падораных артэфактаў, на гэтай выставе ёсць шмат цікавага. Вярнуцца на некалькі стагоддзяў і нават тысячагоддзяў назад, паглядзець, чым жа гандлявалі ў даўнейшыя часы, дапамагла намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Ніна КАЛЫМАГА. Яна расказала, што гандаль зараджаўся яшчэ ў часы вікінгаў. Тады толькі пачыналіся гандлёвыя адносіны, пра што сведчаць археалагічныя знаходкі, першая манетная сістэма. Грошай яшчэ не было, аднак людзі ўжо маглі мяняцца, напрыклад шкурамі жывёл, упрыгажэннямі.

У музеі прадстаўлены ўнікальны Брылеўскі скарб, які таксама адносіцца да перыяду вікінгаў. Ён знойдзены ў 2000 годзе ў Барысаўскім раёне Мінскай вобласці. У ім можна ўбачыць меч, упрыгажэнні, а таксама гіркі — паказчык таго, што тавары ўжо пачалі ўзважваць.

Адно з цэнтральных месцаў экспазіцыі займае інсталяцыя карчмы перыяду Вялікага Княства Літоўскага. Разам сабраны медны посуд самых розных памераў і формы. Побач стаіць зграбная драўляная бочачка. Яна ўзята для экспанавання ў калекцыянера. Аднак музейшчыкі спадзяюцца, што ў будучыні ён або падорыць яе, або экспанат будзе набыты.

Але якая ж карчма без карчмара?.. Яго фігура паказана тут досыць рэалістычна. У мінулыя часы чаго толькі ён ні рабіў! Быў і псіхолагам, які выслухоўваў, даваў парады, і журналістам, які задаваў слушныя пытанні, збіраў апошнія навіны... Менавіта ў карчму многія прыносілі і ўсе заробкі, і апошнія грошы. Таму яе па праве можна лічыць адным з цэнтраў гандлю.

XІX стагоддзе на выставе прадстаўлена прадметамі раскошы, якія можна было набыць у беларускіх крамах. У асноўным гэта сярэбраны посуд.

Вітрына, аформленая чорна-барвовымі колерамі, сімвалізуе цяжкі перыяд нашай гісторыі, калі адбыліся дзве гуманітарныя катастрофы — Першая і Другая сусветныя войны. Натуральна, гандаль тады асабліва не развіваўся. Таму прадстаўлены толькі банкноты і дакументы тых часоў.

Побач можна ўбачыць чамаданы, у якіх у пачатку XX стагоддзя кантрабандысты правозілі праз мяжу ювелірныя вырабы, жаночую бялізну, панчохі, мяса. Раскладзены грошы, якія хадзілі ў той час, — да іх нават можна дакрануцца.

Далей у экспазіцыі размешчаны мяшэчкі з фунтам разынак, пудам солі, якія можна патрымаць, каб зразумець, што сабой уяўлялі гэтыя меры вагі. Наглядна, на малюнку з выявай чалавека ў поўны рост, паказаныя сажань, локаць — усё ў натуральных памерах.

Бязмены, вагі рознай формы — гэтыя прадметы таксама набылі для музея спонсары.

Асобнае месца займае экспазіцыя шклозавода «Нёман», яго прадукцыя сярэдзіны XX стагоддзя. Гэта бытавое шкло, якое, аднак, зроблена па эскізах вядомых мастакоў.

Сцены выставачнай залы ўпрыгожваюць красамоўныя плакаты — яны выкананы па малюнках, паштоўках, якія захоўваюцца ў архіве музея. Можна ўбачыць нават прэйскурант коштаў мінулага стагоддзя, параўнаць, што было больш танным, а за што тады плацілі болей.

Завяршае экспазіцыю савецкі прылавак, на якім раскладзены тыповыя для таго часу рэчы. Побач з уяўнай гандляркай у фартуху і чэпчыку стаіць спекулянт — ён расхінае крысы пінжака і прапаноўвае самыя розныя дэталі...

Нацыянальны гістарычны музей ствараўся пасля Другой сусветнай вайны, падчас якой самыя цікавыя экспанаты былі вывезены за мяжу. Таму новыя фонды даводзілася збіраць па драбніцах. Але, як адзначыў на адкрыцці выставы дырэктар Алег РЫЖКОЎ, гэта адзіны музей у Беларусі, дзе ўсе экспанаты — не копіі, а арыгіналы.

17-6

Даўнія традыцыі

Прагульваючыся ўздоўж гандлёвых радоў розных часоў, можна адчуць сябе адначасова і пакупніком, і гандляром. Паспрабаваць адказаць на пытанні: «Якім чынам людзі займаліся гандлем? Якога майстэрства гэта ад іх патрабавала?» І адначасова зразумець логіку пакупніка: што выбіралі людзі ў тую або іншую эпоху, што іх цікавіла, што фарміравала запатрабаванні?.. Кіраўнік цэнтра вывучэння гандлю кампаніі «Менка» Рацібор БЯГУН, адзін з арганізатараў выставы, адзначыў:

— У сваім жыцці грамадства не можа кіравацца толькі інавацыямі. Яно павінна абапірацца на досвед мінулых пакаленняў, улічваць яго вопыт. Трэба ведаць гісторыю, традыцыі ў любой сферы, у тым ліку гандлю. Тым не менш сёння мы назіраем поўную нявывучанасць эканамічнай гісторыі Беларусі і гісторыі гандлю ў прыватнасці. Прызначэнне гэтага праекта — здабыць веды пра тое, як дзейнічала эканоміка ў мінулыя эпохі. А таксама вярнуць забытыя каштоўнасці, досвед, традыцыі. Вярнуць эканамічную культуру, якая калісьці была на нашых землях. Гэтая выстава дапамагла рэалізаваць місію нашага цэнтра, якую мы бачым у тым, каб аб'яднаць інтарэсы дзяржавы, грамадства, бізнесу і навукі ў больш эфектыўным вывучэнні гісторыю гандлю.

Навуковым кіраўніком гэтага праекта з'яўляецца прафесар Захар ШЫБЕКА. Ён даслаў сваё прывітанне з Ізраіля:

— Беларусам проста наканавана быць гандлярамі. Для таго ў іх ёсць унікальнае геаграфічнае становішча краіны, непараўнальны людскі рэсурс, даўнія традыцыі гандлёвай дзейнасці на беларускіх землях. Свае магчымасці і перавагі жыхары Беларусі павінны не толькі зразумець, але і рэалізаваць. Вывучэнне і веданне гісторыі беларускага гандлю, безумоўна, вельмі паспрыяе гэтаму.

Наступным крокам у гэтай справе стане навуковая канферэнцыя, прысвечаная гісторыі гандлю, якая пройдзе 21 і 22 лістапада.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».