Падлеткам мне досыць часта даводзілася звозіць з палёў сена, снапы, салому. Дарослыя на тых жа валах аралі зямлю, баранавалі. Незаменныя былі жывёлы, цягавітыя, дужыя.
...Тым летам наш калгас — апроч іншых — выконваў дзяржпастаўкі па сене. Прыёмны пункт размяшчаўся на крутым беразе ракі Пціч, далекавата, кіламетраў за 15 ад нашай вёскі, і гэту адлегласць яшчэ трэба было адолець. Па гарачыні — крый Бог, дзясятаму закажаш. Таму ў нас прыладзіліся сена грузіць пад вечар, моцна ўціскаць рублямі ды абвязваць вяроўкамі. Цямком жа, калі гарачыня спадала, валовы абоз адпраўляўся ў дарогу.
Дык вось. Мы едзем. На першай падводзе — найстарэйшы, Іван. Яму на той час гадоў пад дваццаць было, але ў войска яго не ўзялі, бо яшчэ хлапчуком у сячкарню ўсунуў руку — «падраўняў» тры пальцы.
А так ён хлопец харошы быў, па-сялянску грунтоўны, ураўнаважаны. У калгасе любую работу рабіў. Ды і асобныя вяскоўкі да сябе запрашалі — хто дах падлатаць, хто плот... У бабулі Тэклі дзверы ў хляве «распаўзліся». Іван свае рукі прылажыў — як новыя сталі... Гаспадыня з той радасці — пляшку на стол. Ваня адзін і выпіў.
Але ж на воз неяк ускараскаўся, лейцы на руку накруціў, закрычаў на валоў, лёг...
Зоркі з нябёсаў свецяць, лес абапал шуміць, ярмо парыпвае, сена пахне... Валы памаленьку ідуць ...
Івану для поўнага шчасця хіба дымку не хапае.
Сеў ён, выцягнуў з кішэні капшук з табакай, скруціў цыгарку, зноў лёг: зацягнуўся — і раз, і другі. Кайф, як сучасная моладзь кажа...
Мусіць, ён небараку і адолеў: не згледзеў, як задрамаў (а потым і заснуў), не пачуў, як ад яго самакруткі задымілася жакетка, як потым агонь «перапоўз» у... воз.
Добра, што гэта адразу ж заўважыў хлапчук, які ехаў следам! Да таго ж сена моцна ўтаптаным, увязаным было. І ў абозе ў той вечар — пяць падвод, не меней і возчыкаў...
Карацей — патушылі хлопцы агонь. Але Івану дасталася як мае быць: падаючы з возу (ды на галлё), ён, бедны, моцна пакалечыў нагу, вывіхнуў руку, зламаў некалькі рабрын — трапіў у бальніцу.
Але гэта даўно было. А можна сказаць, нядаўна, на дзень Перамогі, ужо дзед Іван, шчупленькі, сівы, з дбайна дагледжанымі вусамі і кіёчкам (на пінжаку — гэта святое! — медаль «Ветэран працы») кульгаў па вуліцы. Насустрач яму тутэйшы падшыванец. Паздароўкаўся ды пытае:
— Дзядуля Іван, а дзе вас так пакалечыла — на вайне?
— На ёй, акаяннай, а дзе ж яшчэ, — уздыхнуў стары. — Добра, што жывы застаўся...
Бо не будзеш жа дзіцяці, а тым больш на хаду, расказваць пра тых валоў, пра бабку Тэклю з яе дзвярыма і самагонкай, пра зоркі ў небе ды самакрутку ў руках?
Дзіця хіба зразумее?
Уладзімір Пугач,
м. Навасёлкі,
Петрыкаўскі раён
...Прачытала я ў любімай рубрыцы праўдзівую гісторыю, напісаную ў вершах, ды падумала: «А чаго ж гэта я маўчу?! У мяне ж таксама ёсць рыфмаваныя байкі! Гадоў колькі таму напісала, як захацелася мне кавуна, як доўга выбірала яго, як несла...
Што далей было, — чытайце:
...Лета сцеле туманы,
Жнівень надыходзіць,
Даспяваюць кавуны
У нечым агародзе.
Хтось смакуе...
А што ж я?
Задушыла жаба!
І пайшла па кавуна,
Як былінка, баба.
Зазірнула на базар —
У разбежку вочы,
Бо гарой ляжыць тавар —
Набывай, ахвочы!
— Каб нутро, як звон, гуло?
Каб сухі хвасточак?
А дзе кветкаю цвіло,
Каб там быў кружочак?..
Да паўдня перабірала —
Мацала, круціла,
І пазногцем калупала,
І далонню біла...
Адшукала...
Прыгажун —
Круглы, буйны, гладкі,
Усім бляскатам сваім
Просіцца да бабкі:
— Як кабанчык...
Я ж яго
Тыдзень буду есці...
А не ведае таго,
Як кавун данесці.
Нейк на спіну ўзваліла...
Потым — трохі пракаціла,
Падымаючы, самлела,
Як у лазні, узмакрэла,
Памінала Бога й чорта...
Бо паверх — ажно чацвёрты!
...Ледзь жывая, «ускаціла»!
Там — нарэшце! —
стол накрыла,
Нож у ягаду загнала. І...
Аж дрэнна бабе стала:
Быў кавун... ружова-белым
(Мо нітратным,
мо няспелым?),
Толькі зверху круглым,
значным,
А ўнутры — зусім нясмачным.
Потым баба ўсім казала,
Што... задоўга выбірала.
Так, дарэчы, бывае і ў хлопцаў-дзяўчат, якія, шукаючы сужэнцаў, доўга круцяць носам, а ў выніку — з вялікага гурту выбіраюць курту.
Раіса Васільева,
г. Гомель
...Гледзячы на шыкоўныя двух-, а то і трохпавярховыя катэджы пад Мінскам ды іншымі гарадамі, многія, напэўна, думаюць, што пабудавалі іх нейкія багацеі альбо зладзеі. За ўсіх не скажу, але ведаю, што вялікіх працаўнікоў там таксама шмат. З іх ліку, напрыклад, мае бацькі.
Нарадзіліся яны ў вёсках, амаль адначасова закончылі сталічныя інстытуты і, пабраўшыся шлюбам, адразу ж пачалі будавацца. Спачатку гэта была так званая дача непадалёк ад станцыі Радашковічы. Там, на ўчастку ў чатыры соткі, клопатамі бацькоў з'явіўся сад і паўстаў дамок памерам пяць на пяць квадратных метраў. Большы ўзводзіць — ні ў шырыню, ні ў даўжыню, ні ў вышыню — тады не дазвалялася.
Напэўна, таму, як толькі чаргавікам сталі выдзяляць участкі (па 10, 15 сотак) у прыгарадзе, наш тата адразу ж напісаў заяву і зноў «упрогся» ў будаўніцтва. На гэты раз — вялікага жылога дома для ўсёй сям'і.
І зразумець яго няцяжка: яны з мамай пажылі і ў інтэрнатах, і на здымных кватэрах, а таму не хацелі гэткага «шчасця» нам, сваім дзецям. А яшчэ, напэўна ж, думалі пра тое, што пастарэюць нашы бабкі-дзяды — ім таксама трэба будзе «век дажываць». Дык чаму б не ў дзяцей, у асобных пакоях?
У выніку дом атрымаўся і высокім, і вялікім. На першым, так званым тэхнічным паверсе — два гаражы, бацькава майстэрня, склеп і лазня, на другім — прасторная вітальня, кухня, гасцёўня, на трэцім — спальні...
Карацей, багата ў нас месца. Але ж не падумайце, што ў гэтым адны толькі плюсы — мінусаў таксама шмат. Раскажу пра адзін.
Тады наш дом быў яшчэ не завершаны (а завяршыць яго, відаць, немагчыма ў прынцыпе...). Але мы ўжо засяліліся і жылі, па завядзёнцы збіралі гасцей, пераважна — у дні народзінаў.
Дык вось. У той раз стол накрывалі на 16 чалавек. Прыехалі з вёсак абедзве бабулі (дзяды засталіся на гаспадарцы), абедзве цёткі з дзядзькамі ды пляменнікамі, нашы хросныя, сябры бацькоў... Усе разам мы частаваліся, спявалі песні, танцавалі, малыя па чарзе чыталі вершы з табурэткі, а потым дурэлі і насіліся па пакоях... Але ж нарэшце сталі збірацца спаць.
Напярэдадні мы з мамай, як быццам, усё прадумалі — размеркавалі гасцей па пакоях і нават развялі — каго куды. Але ж потым нехта папрасіў памяняць падушкі (з большых на меншыя і наадварот), нехта хацеў вады, нехта баяўся, што дзецям будзе холадна, некаму не хапіла сарочкі...
Факт, што мы з мамай доўга насіліся па лесвіцы — то ўніз, то ўгору...
І да гэтага ж усё прыбралі, прыгатавалі, падалі на сталы, потым — прынялі ды спарадкавалі, памылі посуд... Стаміліся, карацей, страшэнна. Але ж нарэшце здалося, што ўсё парабілі. Значыць, дзверы на замок — і можна легчы самім?
Падыходжу я да свайго ложка і бачу, што коўдрачка, якую хацела занесці бабкам, ляжыць на месцы.
— А дзе яны самі? — пытаецца мама. — Ты іх палажыла?
— Не, — кажу, — я іх наогул даўно не бачыла.
Адчынілі мы дзверы ў пакой, дзе было ім паслана, — бабуль няма! Сталі ціхенька зазіраць у суседнія (можа, там з кім загаварыліся?) — нічога падобнага.
Паднялі бацьку, абшукалі ўсе куткі — таксама няма. Выйшлі на веранду і толькі тут пачулі нясмелы стук — як быццам, у дзверы? Тата пытаецца:
— Хто там?
— Мы-ы, — чуецца ў адказ.
Высветлілася, што перад сном нашы мілыя бабулі пайшлі на двор (хоць прыбіральня была і ў доме), потым па вясковай звычцы захацелі пасядзець пад хатай на лавачцы, завялі нейкую размову...
І толькі скончыўшы яе, заўважылі, што святла ў доме амаль няма, дзверы замкнутыя, а вокны, у якія можна было б пастукаць, знаходзяцца на... другім паверсе.
— Во, мая ты сваццечка, дажыліся! Столькі грошай сваіх у гэту даміну ўклалі, а начаваць на вуліцы будзем, — сказала баба Тоня.
— Не, зараз нешта прыдумаем, — не траціла надзеі баба Соня.
Удзвюх яны хадзілі вакол дома і думалі, што ж рабіць? Была прапанова кінуць у нейкае акно каменьчыкам... Але ж можа пабіцца шкло!
Была думка знайсці нейкую доўгую палку. Але ж як? На чужым, можна сказаць, падворку і ў цемры...
Дзядзькава машына стаяла на дварэ — хацелі па коле нечым стукнуць, каб сігналізацыя спрацавала. Але ж тады ўвесь пасёлак прачнецца...
Вось і вырашылі яны: хай будзе, што будзе: трохі «паскрабемся» ў дзверы, а калі ніхто не пачуе, то — колькі той ночы — хоць нагаворымся, будзем і праўда на лаўцы сядзець, бо самі ж вінаваты, пагнаў нячысцік на вуліцу...
Добра ўсё, што добра канчаецца. Назаўтра, і ўсе разам, мы ад душы пасмяяліся з бабуліных прыгод. На паслязаўтра — бацька падключыў электразванкі: адзін — ад брамкі, другі — ад дзвярэй. А мы з мамай узялі за правіла: перш чым замыкаць дзверы ды выключаць святло, глядзець, ці ўсе ў нас дома...
Шкада толькі, што рабіць гэта даводзіцца досыць рэдка, бо нашы бабулі (дзяды памерлі раней) жывуць у сваіх хатах і вёсках, бо ў брата свая сям'я (і жыллё ў горадзе). А ў тым вялікім доме мы жывём утраіх — госці з'язджаюцца рэдка.
Марына М.
Мінскі раён
Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар
dounar@zviazda.by
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».