Вы тут

Старт пачынаецца з каледжа


Наяўнасцю дыплома ВНУ ўжо нікога не здзівіш. Прайшлі тыя часы, калі ва ўніверсітэтах вучыліся адзінкі. Затое рэдкасцю ў пэўным сэнсе сталі навучэнцамі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Выпускнікі і выхаванцы Столінскага дзяржаўнага эканамічна-аграрнага каледжа расказалі, чаму яны выбралі менавіта такі жыццёвы і прафесійны шлях.


Аляксандр Свірскі ўжо чацвёртакурснік, ён будучы тэхнік-праграміст. Хлопец жыве ў Столінскім раёне, вучыцца ў каледж пайшоў, бо хацеў стаць больш самастойным, знайсці новых сяброў. Прывабіла Сашу і спецыяльнасць: ён марыў звязаць сваё жыццё з камп'ютарамі.

— Вучоба вучобай, але яшчэ мне падабаецца, што ў нашым каледжы даволі насычанае культурнае жыццё. Навучэнцы арганізоўваюць канцэрты, КВЗ, спаборніцтвы, — кажа хлопец.

Адзінае, аб чым шкадуе Саша, што праз год яго вучоба скончыцца, трэба будзе развітвацца з сябрамі па каледжы і куратарам.

Яна Яўсеева таксама скончыла ўжо тры курсы — па спецыяльнасці «Маркетынг». Дзяўчына выбірала месца навучання, кіруючыся парадамі знаёмых.

— Насамрэч да паступлення горад выклікаў у мяне сумненні — ён жа такі маленькі, — прызнаецца Яна. — Але калі я сюды прыехала, спакой і цішыня прыемна мяне здзівілі. У Століне ўтульна і прыгожа, нічога не адцягвае ўвагу ад вучобы.

«Тут добрыя выкладчыкі, якія любяць сваю працу і нефармальна ставяцца да сваіх абавязкаў», — расказвае дзяўчына. Больш за ўсё Яне падабаюцца практыкаарыентаваныя заняткі, дзе навучэнцы самастойна праводзяць розныя маркетынгавыя даследаванні, вывучаюць сучасны рынак і густы спажыўцоў. Пасля заканчэння каледжа дзяўчына плануе паступаць ва ўніверсітэт, каб працягваць адукацыю па спецыяльнасці.

З цеплынёй успамінае пра сваю вучобу ў Столінскім каледжы Сяргей Раманюк, выпускнік 2009 года па спецыяльнасці «Камерцыйная дзейнасць».

— Кажуць, што студэнцтва — самы вясёлы час у жыцці чалавека. Гэта, напэўна, пра мяне. Хоць і прайшло ўжо шэсць гадоў пасля выпуску, мы з аднакурснікамі любім збірацца і прыгадваць тое, што было ў каледжы.

Хоць Сяргей аніводнага дня не працаваў па атрыманай спецыяльнасці, ён кажа, што гэта не так ужо і важна. «Тым, што ведаю пра камерцыю і гандаль, я карыстаюся амаль кожны дзень. Але галоўнае — гэта жыццёвы досвед, які я атрымаў, пакуль жыў у Століне».

Настасся Грышко скончыла каледж у 2011 годзе і адразу паступіла ў сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках на скарочаны тэрмін навучання.

Без падрыхтоўкі здала ўсе экзамены, больш за тое, у яе былі самыя высокія балы на ўсім патоку. Гэта, напэўна, і з'яўляецца паказчыкам якасці адукацыі, атрыманай ёй у Століне.

— У будучыні я і дзіця сваё пастараюся спачатку адправіць вучыцца ў каледж, — дзеліцца думкамі Насця, якая працуе зараз бухгалтарам у Пінскім раёне.

Сярэдняя спецыяльная адукацыя — гэта і школа самастойнасці для выпускнікоў базавых школ, і эканомія часу для тых, хто імкнецца як мага хутчэй пайсці працаваць.

Ганна Курак, студэнтка ІV курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.