Вы тут

Сутыкненне сістэм


За што даюць «Золата «Лістапада»?

Грэка-балгарскую карціну «Урок» Крысціны Грозевай і Петара Вылчанава на конкурсным паказе XXІІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю прадставілі як ужо культавую. І гэта пра фільм, створаны толькі ў 2014 годзе, і гэта пра дэбют. Карціна і імёны тых, хто над ёй працаваў, у тым ліку выканаўцы галоўнай ролі Маргіты Гошэвай, пракаціліся па фестывалях з трыумфам і былі адзначаны ў Сан-Себасцьяне, Токіа, Варшаве ды іншых гарадах. На мінскім кінафестывалі спіс узнагарод для фільма «Урок» папоўніўся — міжнароднае журы асноўнага конкурсу ігравога кіно на чале з расійскім рэжысёрам Вадзімам Абдрашытавым аддалі фільму «Золата «Лістапада».

[caption id="attachment_111270" align="alignnone" width="600"]21-22 Іван Бар­неў і Мар­гі­та Го­шэ­ва іг­ра­юць му­жа і жон­ку.[/caption]

Уявіце сабе дзве ўмоўныя сістэмы. Першая — бачная, відавочная, адчувальная — гэта асяроддзе чалавека з дзяржаўнымі структурамі, банкамі, нахабнымі бізнесменамі. Яна існуе і функцыянуе па пэўных правілах, больш завязаных на фінансах, менш — на самім чалавеку. Другая — даволі абстрактная, нематэрыяльная: гэта мараль і яе вызначэнне, якія існуюць як агулам для чалавецтва, так і праз уяўленне канкрэтнага чалавека.

Галоўная гераіня фільма «Урок» Надзея, настаўніца англійскай мовы ў правінцыйным балгарскім горадзе, вызначаецца для гледача ў існаванні ў дзвюх гэтых сістэмах. Першая ўпершыню праяўляецца, калі гераіня правярае баланс на рахунку і бачыць на ім лічбу 0,56. Сістэма маралі адлюстроўваецца ў самым пачатку фільма амаль з гукам крэйды па дошцы, які мы чуем раней, чым бачым карцінку. Аказваецца, сярод вучняў ёсць злодзей, яго першай ахвярай стала аднакласніца, што засталася без грошай на абед. Вонкава спакойная і вытрыманая Надзея ўнутрана абураецца гэтаму здарэнню і абавязкова хоча, каб злодзей, нават без называння яго імя, проста адчуў сябе вінаватым і вярнуў грошы. Галоўнае — прызнаць віну.

Сутыкненні і ўзаемаўплыў дзвюх сістэм — рэальнай і ірэальнай — у жыцці аднаго чалавека становяцца матывам карціны. Далей — больш: у мужа настаўніцы не атрымліваецца прадаць аўтамабіль, на грошы ад якога сям'я, напэўна, разлічвала, а яшчэ праз некаторы час нечаканасцю становіцца доўг перад банкам, які цяпер мае права выставіць дом Надзеі на аўкцыён. У пэўны момант здаецца, што развіццё сюжэту пойдзе па шляху нарастальнай безвыходнасці і фільм ператворыцца ў сацыяльную драму, але карціна не стала надрыўным выкрыкам пра несправядлівасць і адсутнасць выйсця, а аказалася значна шырэйшай.

З візітам прадстаўнікоў банка каша сюжэта заварана канчаткова, і мы разумеем, што сям'я знаходзіцца ў складанай сітуацыі, і чамусьці не здзіўляемся, што вырашэнне праблем кладзецца на плечы Надзеі. Вобраз настаўніцы як моцнай жанчыны тут падкрэслены амаль поўнай адсутнасцю яе мужа, які спакойна спіць альбо засмучана выпівае ў сваім фургончыку. Ён не існуе проста як намінальны персанаж і дае магчымасць вызначыць яго характарыстыку. Дастаткова хаця б узгадаць, што доўг банку і тыя «кругі пекла», праз якія Надзеі прыйшлося прайсці, узніклі таму, што муж некалькі месяцаў не аплачваў рахункі па крэдыце, каб набыць пэўную дэталь для машыны. Параўнанне праяў дваіх людзей перад агульнай праблемай паказваюць і пэўную змену ў дыспазіцыі паміж мужчынамі і жанчынамі, згодна з якой цяжар рознага ўзроўню складанасці бяруць на сябе апошнія.

Дарэчы, выканальнік ролі мужа (імя ў персанажа няма, што сімвалічна) Іван Барнеў з'яўляецца кіназоркай на сваёй радзіме дзякуючы ўдзелу ў такіх праектах, як «Я абслугоўваў англійскага караля», «Ноч і дзень», «Дзіфт», працы ў амерыканскіх фільмах. На «Лістападзе» Барнева можна было ўбачыць таксама ў конкурсе «Маладосць на маршы» — у балгарскім фільме «Смага» Светлы Цацоркавай, дзе акцёр выканаў эпізадычную ролю.

Але ў карціне «Урок» увага сканцэнтравана на Надзеі, прычым у самым літаральным сэнсе — увесь хронаметраж фільма галоўная гераіня не выходзіць з цэнтра экранных падзей. Больш за тое — яна і ёсць гэты цэнтр. Рэжысёры неадрыўна сочаць за жыццём жанчыны, за яе ўчынкамі, доўгімі планамі — за эмоцыямі на твары і падкідваюць гледачу моманты праяў яе характару кшталту эпізодаў, у якіх яна падбірае смецце ці вагаецца над сшыткамі вучняў, калі яе вымушаюць паставіць аднаму з іх найвышэйшы бал.

Кінакамера тут — пільная назіральніца і ў нейкім сэнсе люстэрка галоўнай гераіні. Надзея стаіць — статычная камера, Надзея ідзе ці бяжыць — камера рухаецца за ёй. Камера кіруецца распарадкам і імпульсамі Надзеі, камера любіць яе.

У гэтым сэнсе карціна «Урок» стала працягам традыцыі найвыдатнейшых сучаснікаў-рэжысёраў, бельгійцаў братоў Дардэн, якія ў свой час фільмам «Разета» на Канскім кінафестывалі 1999 года адкрылі новы кірунак развіцця кінематографа ў новым тысячагоддзі, у якім усё большую ролю стаў іграць гіперрэалізм. Браты Дардэн таксама любяць неадрыўна сачыць за звычайным чалавекам (у такіх фільмах, напрыклад, як «Дзіця», «Хлопчык з веласіпедам», «Два дні, адна ноч» з Марыён Каціяр у галоўнай ролі), любяць ставіць герояў перад маральным выбарам, любяць сумяшчаць сацыяльшчыну з мараллю персанажа, і галоўнае — любяць дараваць сваім героям любыя памылкі.

Так і ў фільме «Урок», па аналогіі з названымі дардэнаўскімі карцінамі, Надзея падчас усяго фільма ні разу не выходзіць з цэнтра ўвагі і падчас вырашэння сямейных праблем ёй прыходзіцца апеляваць да сваіх (агульначалавечых таксама) маральных прынцыпаў, у чым сутыкаюцца тыя дзве сістэмы. Крок за крокам Надзея выходзіць з сітуацый, калі трэба адмаўляцца ад нечага для сябе важнага, з высока паднятай галавой.

Яна прыходзіць па дапамогу да бацькі, з якім пасля смерці маці амаль не кантактуе, і бачыць побач з фотаздымкамі яе і сябе фота новай жонкі, твар якой замалёўвае чорным маркерам і сыходзіць, так і не агучыўшы сваю просьбу.

Яна затрымлівае тэрмін выплаты доўгу, які ўзяла ў прыватнай асобы (таго самага нахабнага бізнесмена) пад працэнты і за гэта вымушана паставіць высокую адзнаку яго пляменніку, але яна ставіць найвышэйшы бал усяму класу.

Яна зноў вяртаецца да бацькі і нават просіць прабачэння ў яго новай жонкі за «закрытыя маркерам чакры», але ў выніку выказвае свае рэальныя пачуцці і адыходзіць, не прыняўшы фінансавай дапамогі.

Маленькімі перамогамі Надзея, усё гэтак жа падбіраючы раскіданае смецце, шукаючы школьнага злачынцу, тым не менш падыходзіць да піку, калі такіх ахвяр аказваецца недастаткова.

Тут яна стаіць перад самым галоўным маральным выбарам. Толькі хай гэта не аддае банальнасцю, бо выбіраць Надзеі прыходзіцца паміж двума амаральнымі ўчынкамі. Праўда, адзін з іх падпарадкоўваецца каардынатам сістэмы сацыяльнага кантэксту, а другі — сістэме агульначалавечай маралі. Першая сістэма галоўную гераіню выматала, знясіліла, здрадзіла ёй. Другой сістэме ў яе непарушная адданасць.

Адгадайце, якую сістэму Надзея пакіне для сябе на першым месцы?

Карціна «Урок» можа выклікаць шмат пытанняў аб працягу гісторыі, наступствах выбару галоўнай гераіні, але важнасць гэтай інфармацыі губляецца ў закальцоўванні сюжэту гукам крэйды па дошцы. Ад аднаго ўрока да другога (а паміж імі прайшло яшчэ некалькі з невыпадковымі тэмамі падручніка) Надзея адкінула катэгарычнасць прэч дзякуючы ўласнаму вопыту — захаванню вернасці маралі нават пры пэўным ад яе адыходжанні.

Лёгкі, вывераны гумар пазбавіў карціну ад рызыкі стаць дыдактычнай, ад павеваў безнадзейнай рэальнасці і ад тупікоў сацыяльнай сістэмы. «Урок» сцвярджае чалавечую годнасць, выбачае «няправільныя» ўчынкі і разумее, што сутыкненні дзвюх сістэм да чаго толькі ні даводзяць часам.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.