Вы тут

Запазычыць найлепшае і не страціць уласнае


З такім лейтматывам прайшла ў Мінску Міжнародная канферэнцыя, прысвечаная ролі дзяржаўнай службы ў рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця.

Арганізатарамі гэтага экспертна-навуковага форуму выступілі Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Праграма развіцця ААН у нашай краіне. У верасні гэтага года на Саміце па ўстойлівым развіцці краіны — члены ААН прынялі новы Парадак дня на перыяд да 2030 года. Гэты дакумент змяшчае 17 мэт, рэалізацыя якіх пачнецца ўсімі краінамі ўжо з пачатку наступнага года. Для іх дасягнення (ліквідаванне беднасці і голаду, добрае здароўе і дабрабыт, якасная адукацыя, гендарная роўнасць, чыстая вада і санітарыя, недарагая і чыстая энергія, дастойная праца і эканамічны рост, індустрыялізацыя, інавацыі і інфраструктура, змяншэнне няроўнасці, устойлівыя гарады і населеныя пункты, адказнае спажыванне і вытворчасць, барацьба са зменай клімату, захаванне экасістэм, мір, правасуддзе і эфектыўныя інстытуты, а таксама партнёрства ў інтарэсах устойлівага развіцця) неабходны такія сістэмы дзяржаўнага кіравання, якія паспяваюць рэагаваць на вельмі хуткія змены звонку і ўнутры сваіх грамадстваў. Пра тое, як пабудаваць такія сістэмы, чым можа тут падзяліцца Беларусь і што ёй варта выкарыстаць з сусветнага вопыту, ішла размова на канферэнцыі. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар БУЗОЎСКІ запэўніў удзельнікаў форуму, што для Беларусі замежны вопыт у развіцці дзяржаўнай службы вельмі цікавы, ён дасканала вывучаецца і выкарыстоўваецца, хоць пакуль што і недастаткова шырока. Што тычыцца яго больш шырокага прымянення, то сітуацыя гэтая ў найбліжэйшы час павінна змяніцца. «Разам з тым, важна не дапусціць тэхнакратычнасці падыходаў і не страціць наш унікальны вопыт, — падкрэсліў Ігар Бузоўскі. — Падыходы, што існуюць у сусветнай практыцы дзяржаўнай кадравай палітыкі і дзяржаўнай службы, павінны быць вывучаны і выкарыстаны разам з дасягненнямі, якія мае ў гэтай сферы Беларусь». Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віктар ГУМІНСКІ заўважыў, што цяпер ёсць разуменне: далейшае ўстойлівае развіццё краіны немагчыма без інавацыйнай эканомікі, якая базіруецца на высокім узроўні дзяржаўнага кіравання. «Пытанне ў тым, якімі метадамі дзейнічаць, як выкарыстоўваць рэсурсы дзяржаўнай службы, каб павысіць якасць і эфектыўнасць яе работы», — акцэнтаваў праблематыку канферэнцыі парламентарый. — Беларускую мадэль сістэмы дзяржаўнага кіравання можна аднесці да паспяховых, але знешнія фактары патрабуюць унясення ў яе пэўных механізмаў адаптацыі, — лічыць рэктар Акадэміі кіравання Марат ЖЫЛІНСКІ. — Для вырашэння гэтай задачы галоўным застаецца пытанне глыбіні змяненняў нацыянальнай мадэлі. Яе задача — хутка і адэкватна рэагаваць на змены, як унутры, так звонку, і рабіць захады, якія вядуць да станоўчага і адчувальнага выніку на карысць грамадству і дзяржаве. Пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака САМАРАСІНХА пагадзіўся з высокай ацэнкай падрыхтоўкі кіраўнічых кадраў у Беларусі, у прыватнасці Акадэміяй кіравання. Ён таксама пагадзіўся, што сістэма дзяржаўнага кіравання ў нашай краіне досыць эфектыўная. «Дзяржаўнае кіраванне ва ўсім свеце мае тэндэнцыю да запавольвання свайго развіцця, — заўважыў ён. — Прычыны таму — непрадказальнасць падзей. Адміністрацыі павінны дзейнічаць так, як запланавана, аднак здараюцца рэчы на самых розных узроўнях і ў самых розных сферах, захады па якіх не былі і нават не маглі быць прадугледжаны. Таму вельмі неабходныя групы, якія займаюцца стратэгічным планаваннем будучыні. Гэтыя групы павінны ўключаць у сябе прадстаўнікоў розных службаў дзяржаўнага кіравання і розных сфер эканомікі». Санака Самарасінха прапанаваў адкрыць у Беларусі сацыяльную інавацыйную лабараторыю пры ўрадзе, якая дазволіць рэагаваць на выклікі грамадства, дзяліцца сваім вопытам з усім светам і выкарыстоўваць найлепшыя падыходы ў міжнароднай практыцы. Падчас канферэнцыі адбылося падпісанне мемарандума аб узаемаразуменні паміж Акадэміяй кіравання і ПРААН. Часткай рэалізацыі мемарандума можа стаць новая праграма навучання дзяржслужачых у Беларусі. Мэту гэтага адукацыйнага праекта раскрыў падчас свайго даклада на пленарным пасяджэнні памочнік Прэзідэнта Беларусі Кірыл РУДЫ. Ён казаў пра новае разуменне дзяржслужбы як прадастаўлення дзяржаўных паслуг на карысць і пад заказ жыхароў краіны. «Гэта азначае, што зараз не дзяржава павінна вырашаць, якія будуць нормы і правілы, што добра і што дрэнна. Не дзяржорганы павінны вызначаць гэтыя стандарты якасці, а самі спажыўцы дзяржаўных паслуг», — сказаў Кірыл Руды. Такая ацэнка якасці можа праводзіцца, напрыклад, праз сацыялагічныя апытанні. «Для ацэнкі кожнай дзяржаўнай паслугі фарміруюцца канкрэтныя мэтавыя паказчыкі. У наступным заработная плата і кар'ера дзяржаўнага служачага будзе залежаць ад іх», — растлумачыў памочнік Прэзідэнта. Ён таксама звярнуў увагу, што сучасная дзяржаўная паслуга, у першую чаргу, электронная. Новы адукацыйны праект для дзяржслужачых можа стартаваць ужо ў 2016 годзе. Для пераходу да іншага фармату кіравання, па словах памочніка Прэзідэнта, будзе выкарыстоўвацца і вопыт іншых краін (Кітая, Сінгапура, Казахстана, Расіі і г.д.). Увогуле праграма будзе разлічана на некалькі гадоў. Для яе распрацоўкі плануецца прыцягнуць выкладчыкаў Акадэміі кіравання, іншых ВНУ, а таксама прыватных бізнес-школ. Кірыл Руды не выключыў стажыроўкі ў Грузіі, Эстоніі, Сінгапуры і іншых краінах. Канферэнцыя «Роля дзяржаўнай службы ў рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця» стала завяршальным этапам кампаніі «Экспрэс ААН-70 у Беларусі». На ёй таксама былі падведзены вынікі гэтай маштабнай юбілейнай ініцыятывы, падчас якой з 23 па 30 кастрычніка на спецыяльным цягніку больш за 150 супрацоўнікаў ААН, прадстаўнікоў Адміністрацыі Прэзідэнта, парламента, міністэрстваў, прыватнага сектара, грамадзянскай супольнасці, рэлігійных суполак і дыпкорпуса наведалі 7 гарадоў Беларусі. Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА medvedeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.