Вы тут

Спатканні маладых


13 спектакляў з 14-ці краін прадстаўляюць у Мінску энергію тэатра маладых.

Права прымаць ІІ Маладзёжны тэатральны форум краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі Беларусь атрымала дзякуючы спектаклю «Офіс» Купалаўскага тэатра ў пастаноўцы маладога рэжысёра Кацярыны Аверкавай. Менавіта ён быў адзначаны гран-пры на І Маладзёжным тэатральным форуме ў Кішынёве. Было гэта ў 2012 годзе. Быў час для падрыхтоўкі не толькі да форуму, але і спектакляў, якія наша краіна магла б прадставіць у яго праграме. Было пра што падумаць, тым больш што ў нас Год моладзі і трэба маладых таленавітых гасцей сустрэць годна: за нейкі тыдзень, з 19 па 26 лістапада, беларускай публіцы пакажуць спектаклі тэатраў з 14 краін.

Права адкрыць форум аддалі спектаклю рэжысёра Іскандэра Сакаева «Чэхаў. Камедыя. Чайка» Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. Але яшчэ тым, хто не бачыў, раю абавязкова паглядзець спектакль Магілёўскага абласнога тэатра лялек «Гамлет». Рэжысёр Ігар Казакоў вызначыў яго жанр як «трагіфарш» нездарма: Гамлет-супергерой тут ператварае трагедыю ў камедыю і наадварот. Гэта абыякавым не пакіне і скептыцызм у дачыненні да будучыні беларускага тэатра развее. І вось жа можа здарыцца так, што і на другім Маладзёжным тэатральным форуме краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі перамога акажацца на баку Беларусі. Тым больш што недзе нам падыгрывае пастаноўка, якую прывозіць тэатр з Украіны: Кіеўскі акадэмічны «Малады тэатр» паставіў п'есу беларускага аўтара Дзмітрыя Багаслаўскага «Любоў людзей». Праўда, глядзець ёсць што кожны дзень: нам прадставяць спектаклі розныя па тэмах і формах, нават этнамюзікл з Азербайджана.

«Упэўнены, што форум адкрые новыя імёны, будзе спрыяць развіццю і збліжэнню самабытных нацыянальных культур краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі і стане пляцоўкай, дзе атрымліваюць пуцёўку ў жыццё новыя творчыя праекты», — адзначыў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. Але, акрамя Міністэрства культуры Беларусі, арганізатарамі форуму сёлета сталі Міжнародная канфедэрацыя тэатральных саюзаў, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, які стаў галоўнай пляцоўкай для мерапрыемстваў. Фінансава падтрымаў форум Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва краін — удзельніц СНД. Пра творчае адзінства моладзі і развіццё будучыні тэатральнага мастацтва на постсавецкай прасторы дбалі арганізатары. Напрыклад, генеральны дырэктар вядомага ва ўсім свеце Міжнароднага тэатральнага фестывалю імя Чэхава Валерый Шадрын казаў пра неабходнасць кантактаў для маладых рэжысёраў, мастакоў, драматургаў.

Маладзёжны тэатральны форум краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі задумваўся як пляцоўка для зносін маладых творцаў, каб абмен ідэямі мог прыводзіць да нараджэння новых тэатральных праектаў. Для гэтага ў праграме, акрамя праглядаў саміх спектакляў, прадугледжаны семінары, майстар-класы, «круглыя сталы», творчыя майстэрні. Тэатр — гэта найперш рэжысёрскае мастацтва, але і той від творчасці, калі вынік стварае каманда, дзе сваё слова гавораць і драматургі, і мастакі, і акцёры. Найлепшыя працы тэатральных маладых мастакоў прадстаўлены на выставе «Сцэнаграфічны каледж», яна ўпрыгожыла галерэйную прастору Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. А самыя лепшыя п'есы надрукуюць у зборніку. Лепшыя са спектакляў, якія сёння ствараюцца на постсавецкай прасторы маладымі творцамі, можна пабачыць толькі адзін раз у гэтыя дні. Тым больш каштоўным і чаканым падаецца гэтае знаёмства. Яшчэ і таму, што ад моладзі мы чакаем новых ідэй, падыходаў, эксперыментаў. Творчасці. Пульсацыі жыцця, карацей.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.