Вы тут

Аднаўленне даверу


Ёсць рэальныя шанцы для наладжвання дыялогу паміж нашай краінай і Еўрасаюзам.

Міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей правёў перагаворы з нямецкім калегам Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам. У цэнтры ўвагі дыпламатаў былі такія тэмы, як нармалізацыя адносін Беларусі з Еўрасаюзам, актывізацыя ўзаемадзеяння нашай краіны і Германіі, вырашэнне ўкраінскага крызісу. «Гэты візіт праходзіць ва ўмовах абвастрэння і без таго напружанай міжнародна-палітычнай сітуацыі, — канстатаваў Уладзімір Макей на прэс-канферэнцыі па выніках перамоў з кіраўніком нямецкага знешнепалітычнага ведамства. — У Беларусі таксама з вялікай заклапочанасцю ўспрымаюць актывізацыю міжнароднага тэрарызму, чарговай праявай якога сталі жахлівыя тэракты ў Парыжы. Існуе мноства важных праблем, рашэннем якіх цяпер заняты Еўрапейскі саюз: тэрарыстычныя атакі, эканамічныя цяжкасці, крызіс ва Украіне і іншых рэгіёнах. І я папрасіў свайго германскага калегу, каб на гэтым фоне, у гэтай сітуацыі тэма Беларусі не згубілася. Мы вельмі зацікаўлены ў нармалізацыі адносін з Еўрасаюзам. Жадаем нармальных эканамічных стасункаў з Еўрапейскім саюзам і асобнымі еўрапейскімі краінамі. Гэта дапаможа нам быць мацнейшымі і ў палітычным плане». Па словах кіраўніка знешнепалітычнага ведамства нашай краіны, перамовы з нямецкім калегам прайшлі ў атмасферы адкрытасці. «Адбылося абмеркаванне перспектыў развіцця дыялогу паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, удзелу Рэспублікі Беларусь у працэсах еўразійскай інтэграцыі, яе ўзаемадзеяння з Германіяй у рамках міжнародных арганізацый, асабліва з улікам будучага старшынства Германіі ў АБСЕ ў 2016 годзе, шэрагу актуальных праблем міжнароднай палітыкі, — паведаміў дыпламат. — Я спадзяюся, што ў абмеркаванні ўсіх праблем мы дасягнулі ўзаемаразумення». Адказваючы на пытанне нямецкіх журналістаў пра ўкраінскі крызіс, міністр замежных спраў нашай краіны падкрэсліў, што сітуацыя ва Украіне «ўяўляе рэальную пагрозу для бяспекі ўсяго рэгіёна». «Наша стаўленне да ўкраінскага крызісу было з самага пачатку празрыстым і выразным, — заявіў Уладзімір Макей. — Наш Прэзідэнт шмат разоў казаў пра гэта. Мы зацікаўлены ў тым, каб мір ва Украіне быў адноўлены як мага хутчэй. Мы заўсёды выступалі за адзінства, за захаванне Украіны як адзінай дзяржавы. Мы — тры славянскія народы: украінцы, рускія і беларусы. Калі два браты сварацца, трэці павінен быць гатовым дапамагчы памірыць іх. Мы заўсёды рабілі ўсё магчымае, каб аднавіць мір на ўкраінскай зямлі. Вы ведаеце, што мы далі згоду на тое, каб кантактная група АБСЕ працавала ў Мінску, і яна рэгулярна праводзіць свае пасяджэнні. Мы цесна кантактуем і з расіянамі, і з украінцамі і імкнёмся зрабіць усё магчымае на афіцыйным і неафіцыйным узроўнях для аднаўлення стабільнасці і спакою ва Украіне». На пачатку свайго выступлення міністр замежных спраў Германіі заўважыў, што апошнім часам журналісты прывыклі: калі два міністры выходзяць да прэсы, то гаворка пойдзе пра антыкрызісны менеджмент, пераадоленне буйных крызісаў і канфліктаў на Блізкім Усходзе. У апошнія дні, зразумела, пра наступствы тэрактаў у Парыжы. «Знешняй палітыцы даводзіцца канцэнтравацца на гэтых пытаннях, — адзначыў Франк-Вальтэр Штайнмаер. — Але яна не павінна выпускаць з-пад увагі і доўгатэрміновыя працэсы. Таму я асабліва рады, што ў нас з візітам знаходзіцца мой беларускі калега Уладзімір Макей. У нас з ім былі кантакты падчас некалькіх міжнародных канферэнцый, у прыватнасці па лініі АБСЕ, членамі якой з'яўляюцца абедзве нашы краіны. Але гэта першы афіцыйны візіт беларускага міністра замежных спраў за многія гады, і ён, як мы абодва разумеем, закліканы паслужыць важным сігналам». Франк-Вальтэр Штайнмаер адзначыў, што ў Германіі шмат гаварылася пра Мінск як пра сінонім надзеі на зніжэнне напружанасці і пошук палітычнага рашэння канфлікту ва Украіне. «Мы памятаем пра тую бяссонную мінскую ноч 11 лютага, калі пасля доўгіх, амаль 20-гадзінных, перамоў быў нарэшце дасягнуты вынік, які стаў, прынамсі часова, паваротным момантам у эскалацыі падзей ва ўсходняй Украіне, — зазначыў нямецкі міністр. — Азіраючыся сёння назад, я нязменна лічу мінскія дамоўленасці важнымі. Яны па-ранейшаму ўяўляюць аснову, абапіраючыся на якую, мы спрабуем дасягнуць далейшага прагрэсу, як, у прыватнасці, падчас нядаўняй сустрэчы ў «нармандскім фармаце». Акрамя таго, у цэнтры ўвагі на перамовах Уладзіміра Макея і Франка-Вальтэра Штайнмаера знаходзілася развіццё двухбаковых адносін як паміж Германіяй і Беларуссю, так і паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. «Гэтая гутарка, гэтая сустрэча стала магчымай пасля таго, як у Беларусі адбыліся пэўныя зрухі», — сказаў нямецкі дыпламат, адзначыўшы ўрэгуляванне пытання з вызваленнем некаторых палітычных фігур, якіх на Захадзе лічылі палітзняволенымі. Ён канстатаваў мірныя ўмовы, у якіх прайшлі ў Беларусі прэзідэнцкія выбары, і адзначыў істотныя паляпшэнні ў параўнанні з электаральнай кампаніяй 2010 года. Франк-Вальтэр Штайнмаер выказаў задавальненне гатоўнасцю Беларусі разгледзець прапановы АБСЕ па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства, а таксама падумаць пра перспектывы ўзаемадзеяння з палітычнымі фондамі ФРГ. «Якасць нашага дыялогу істотна змянілася і палепшылася, — лічыць Франк-Вальтэр Штайнмаер. — Усё гэта фарміруе сітуацыю, у якой для нас адкрылася акно магчымасцяў і маюцца рэальныя перспектывы пакрокавага збліжэння паміж Беларуссю і Захадам». Па словах міністра замежных спраў Германіі, анамальна, калі паміж дзвюма такімі краінамі, як Германія і Беларусь, адсутнічаюць партнёрскія стасункі. «Нармалізацыя двухбаковых адносін адказвае нашым агульным інтарэсам, — упэўнены ён. — Таму мы павінны распачаць новую сур'ёзную спробу аднавіць неабходны ўзаемны давер». Кіраўнік нямецкага МЗС таксама дадаў, што германскі бок спрыяў прыняццю рашэння аб прыпыненні еўрапейскіх санкцый, якія дзейнічалі ў дачыненні да Беларусі. Надзея АЛЕКСАНДРОВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача. 

Грамадства

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых...

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.