Вы тут

Са мной такое не здарыцца


У той вечар, калі ў Парыжы адбылася серыя тэрактаў, мы з мужам хадзілі ў тэатр. Я не шкадую, што склалася менавіта так. Больш за тое, назаўтра, калі прачытала навіны, я сабрала ўсю сям'ю і павезла ў гандлёвы цэнтр па пакупкі да зімы. Далей спланавала паход у кінатэатр, а потым запісалася на трэніроўку, якую даўным-даўно адкладала. Я зрабіла ўсё, каб паказаць няшчасцю: мы збіраемся жыць далей!

На мой погляд, найлепшы адказ на тэрор, вайну і ўсеагульнае гора — гэта жыццё. Мне хочацца паказаць бядзе, што дарэмна стараецца, што нас не зламаць. Вось мы набываем цёплую куртку сыну — так, рыхтуемся да халадоў, збіраемся перазімаваць без цябе! Вось мы чытаем кніжкі — назапашваем веды, нам будзе дзе прымяніць іх, адступіся! Мы ідзём у тэатр, кіно, на трэніроўку — мы расцём і развіваемся, імкнёмся стаць лепшымі, для лепшай будучыні без цябе!

Як бы мы ні спачувалі сотням незнаёмых людзей, як бы ні падзялілі іх боль, нам трэба працягваць жыць. І менавіта зараз, калі жыццё нагадвае, што ніхто не застрахаваны і што смерць — справа выпадку, нам варта жыць на поўную моц і не прапускаць свае магчымасці.

club5000

Мы дзень у дзень робім адны і тыя ж рэчы, праводзім звыклыя рытуалы пад'ём-сняданак-работа-абед-дадому-вячэра-сон. Назіраем за тэрактамі і вайной па тэлевізары і думаем, што з намі такое ніколі не здарыцца. Заўважаем інвалідаў і хуценька адводзім вочы — гэта не пра нас. Мы дапамагаем слабейшым і лічым, што гэтым набываем імунітэт ад такой жа бяды, нас не зачэпіць.

Нядаўна ў валанцёра «Клуба 5000» маці захварэла на рак. Віялета больш за 20 гадоў аддала цэнтру дзіцячай анкалогіі. Сама ў дзяцінстве перанесла захворванне касцявога мозгу. Яна для сваіх пацыентаў сапраўдны сябар, заўсёды стараецца зрабіць больш, чым проста медык. У яе і няма нікога, акрамя маці, бо, цалкам прысвяціўшы сваё жыццё працы, так і не збудавала сям'ю. І тут — удар у спіну. Здавалася б, такім служэннем яна абараніла сябе і сваё наваколле ад цяжкага захворвання, з якім усё жыццё дапамагала змагацца іншым. З ёй гэта не павінна было здарыцца! Але так бывае.

Адначасова з Віялецінай маці такі ж дыягназ паставілі яшчэ тром супрацоўнікам анкалагічнага цэнтра. Ад гэтага немагчыма засцерагчыся. Яно можа здарыцца з любым.

Даўняя вайна, якую мы вывучалі па кніжках і кінастужках, здавалася перажыткам мінулага, архаізмам. Мы проста шанавалі яе памяць і верылі, што з намі такое не здарыцца. Але яна паступова стала вяртацца ў сучаснае жыццё. Падступалася здалёк: Сірыя, Егіпет. І неўзабаве стукнула па суседзях, нашых найбліжэйшых братах. Ва Украіне гінуць і беларусы. Да нас прыехала шмат бежанцаў, якія шукаюць жыллё, працу і проста мірнае заўтра. Вось апошняга мы, на жаль, гарантаваць не можам. Бо цяпер зусім не ўпэўнены, што з намі такое не здарыцца.

Мы не застрахаваны ад няшчасцяў. Але не можам сядзець і чакаць, пакуль бяда прыйдзе ў двор. Мы будзем супраціўляцца, рабіць усё наадварот. Супрацьстаяць слязам можа толькі ўсмешка, перамагчы смерць здолее толькі жыццё.

Калі не стала маёй цёткі, навіна застала мяне з эпілятарам у руках. Я збіралася пагаліць ногі. Паклаўшы тэлефонную трубку, так і спаўзла ў крэсла, не выпускаючы прыбор. Толькі паспела прамовіць, пакуль не задушылі слёзы: «І што цяпер рабіць?» — «Вядома, што, — ціха і спакойна адказаў мой муж, — галіць ногі». І на той момант гэта была самая карысная парада.

Я была за 330 кіламетраў ад роднага дома, дзе рыхтаваліся да пахавання, і магла паехаць туды толькі назаўтра. А сёння мне заставалася горка плакаць, няспынна хадзіць па кватэры, заламваць рукі, кусаць локці ці... галіць ногі. Звычайныя жыццёвыя справы, якія, колькі б ні адкладаў, усё роўна калі-небудзь давядзецца выканаць, неаднаразова ратавалі мяне ў цяжкія хвіліны скрухі.

Нядаўна я пачула гісторыю пра жанчыну, якая, хварэючы на анкалогію, кожную раніцу ў бальніцы пачынала з касметычных працэдур. Яна мела вялікі запас шкляначак з крэмамі і кожны раз з задавальненнем аддавалася працэсу. Жанчыне было гадоў 80. Няшчасныя маладыя суседкі па палаце даўно аддалі свае шэрыя твары пад уладу хваробе. А яна ўсміхалася і спакойна ўцірала крэм. І гэта была яе маленькая перамога. Перамога жыцця над смерцю.

Таццяна НЕМЧАНІНАВА, заснавальніца дабрачыннага руху «Клуб 5000»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.