Вы тут

Да старых магіл


Трапіць у гісторыю і ў гісторыі застацца — гэта, як вы разумееце, рэчы розныя. Але згадзіцеся, смеху варты той падарожнік, які не прагне трапіць у гісторыю як чыстай вады авантуру, выпраўляючыся наведаць тых, хто застаўся ў гісторыі як спісе слаўных і не вельмі падзей, іх прычын, наступстваў і ацэнак.

І вось яшчэ што. Выпраўляючыся ў падарожжа да тых, хто застаўся ў гісторыі, мы звычайна едзем да іх, як навечна жывых. І значна радзей наведваем іх магілы.

[caption id="attachment_111817" align="alignnone" width="600"]26-13 Кап­лі­ца-па­ха­валь­ня Ды­боў­скіх.[/caption]

Калі па аздобленай безліччу сучасных невялікіх палацаў і парачкай маляўнічых вадаёмаў «бетонцы», што злучае Рубяжэвічы з Дзяржынскам, ад'ехаць ад апошняга ў бок першага на літаральна восем кіламетраў (ад першага ў бок апошняга будзе дванаццаць, калі вы едзеце «не ў той бок») і спыніцца ля ўказальніка, які якраз такі кіламетраж і канстатуе, то... Можна трапіць на выцягнуты ўздоўж дарогі ўзгорак, парослы з аднаго боку бэзам, з другога — маладымі стройнымі бярозкамі. Прыкметны ён не толькі тым, што ля ўзведзенай на ім каплічкі-ратонды — «помніка стылізатарскай архітэктуры з элементамі неаготыкі» — фатаграфаваўся, седзячы ў траве, Уладзімір Караткевіч. Тут, на ўзгорку, стаяла калісьці царква. Пабудавана яна была даўно, яшчэ ў 1756-м, на сродкі пані Анэлі. Апошняя, нарадзіўшыся Анжалікай Мянчынскай, спачатку пабралася шлюбам з самым злосным з усіх Радзівілаў Еранімам Фларыянам. А калі аўдавела і зноўку пашлюбілася, то ператварылася ў княгіню Варанецкую, якой былы дзевер, Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька, даверыў кіраванне Койданаўскім графствам. Кіравала пані Анэля не вельмі, але не пра тое размова. Царква, збудаваная на яе сродкі, называлася Рудзіцкай — ад назвы блізкай вёскі. Асвечана была як Праабражэнская. «Будынкам драўляная, на каменным фундаменце, з адасобленай званіцай», — пішацца ў дакументах. Вы будзеце стаяць перад гэтым узгоркам, успамінаючы гэтыя словы, і быццам бачыць гэтую царкву на свае вочы. Бо такі чароўны той узгорак.

Яшчэ літаральна летась тут ляжаў, «дагары нагамі» перакулены і напалову ў зямлю ўрослы, пашкоджаны часам і кулямі чорны помнік. «Прохожий, помни о кончине своей, помолись о душе моей», — чыталі на яго паверхні цікаўныя і зацікаўленыя, ускараскаўшыся на ўзгорак, хутчэй, дзеля таго, каб зірнуць на каплічку — фамільны склеп паноў Дыбоўскіх, чым на гэты няшчасны помнік. Другі надпіс на ім амаль не чытаўся. Хіба што мясцовыя жыхары, памятаючы тэкст яшчэ з дзяцінства і з часу, калі ён не быў так моцна пашкоджаны, маглі працытаваць яго на памяць: «Вот он лежит, отец наш милый, но он не наш уже, увы. Умолк язык его унылый, уста сомкнулись для молвы. Но наше сердце помнит, знает, что наши души его спасают. Привет из гроба вам, друзья, привет тебе, семья моя». Узор эпітафіі пачатку ХХ стагоддзя, калі смерць яшчэ лічылася часткай жыцця, яе велічным, высакародным фіналам.

Рамантыкам

Наўрад ці вы знойдзеце ў бэзавых зарасцях хаця б адзін экзэмпляр Lucanus maculіfemoratus Dybowskіі, жука-аленя. Гэты самы вялікі ў беларускай фаўне жук жыве ў вялікіх дубровах. Але звярніце ўвагу на частку відавога імя: Луканус макуліфемаратус Дыбоўскага. Маецца на ўвазе доктар Бенедыкт, вядомы навуковец мінулага, даследчык флоры і фаўны нашай і іншых зямель. Тыя Дыбоўскія, пра якіх ідзе тут размова, і доктар Бенедыкт, як і яго брат Уладзіслаў, таксама батанік, заолаг і палеантолаг, — людзі з аднаго роду. Магілу Уладзіслава можна знайсці на Навагрудчыне, каля Любчы. Мы, памятаю, выпраўляліся на яе пошукі разам з Міхаілам Карповічам, вядомым у Любчы краязнаўцам і вельмі нераўнадушным да падарожнікаў чалавекам.

Помнік гэты быў усталяваны на магіле айца Уладзіміра Елісеевіча Квяткоўскага — настаяцеля Рудзіцкай царквы, памерлага ў 1908-м. Вядома нават, дзе і кім ён быў выраблены. «И.Мехедко. Мінскъ губ. Сторожевская ул. д. 64», — выбіта на баку помніка.

[caption id="attachment_111819" align="alignnone" width="600"]26-12 Пом­нік ай­цу Ула­дзі­мі­ру Квят­коў­ска­му. Ра­ней.[/caption]

Апошні надпіс стаў заўважным летась, калі перакулены і ўрослы ў зямлю помнік паднялі і адрэстаўрыравалі. Тады ж адкрыліся вачам выкананыя з таго ж каменю крыж і біблія, «пакладзеныя» на вяршыню помніка. Цяпер на ўзгорку, дзе была царква, стаіць самы сапраўдны алтар, перад якім можна маліцца, просячы аб заступніцтве і дапамозе. Помнік праляжаў перакуленым больш за сем дзясяткаў гадоў, магіла некалі была разрабавана. Цяпер сюды прыносяць кветкі. І я не дарэмна пісала ў самым пачатку, наколькі варта падарожнікам прагнуць трапляць у авантурныя гісторыі, асабліва звязаныя з могілкамі і крыжамі: надмагілле святара адноўлена з нашай «падарожнай» ініцыятывы пад уздзеяннем здабытай у архіве інфармацыі на сродкі жыхароў вакольных вёсак.

А інфармацыя сапраўды ўражвала. Найперш — нечаканай дакладнасцю. Калі вы падарожнічаеце не толькі дзеля цікаўнасці, але і для таго, каб рабіць свету добрыя справы, выпраўляйцеся паміж вандроўкамі ў архівы. Вось што нам далі там кліравыя ведамасці.

Уладзімір Елісеевіч Квяткоўскі нарадзіўся ў сяле Морач Слуцкага павета ў сям'і святара ў 1849-м. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю з атэстатам другога разраду. Спачатку настаўнічаў, выкладаў Закон Божы. Святаром пачаў служыць з 1874-га. Рудзіцкая царква, у якую ён быў пераведзены ў 1876 годзе, стала яго пятым і апошнім месцам службы. Тут айцец Уладзімір разам з мясцовым панам, Антоніем Яленскім (мужам Сабіны з тых самых Дыбоўскіх, капліца якіх стаіць побач), будаваў і адкрываў царкоўна-прыходскую школу. Тут недалёка і жыў — з жонкай Марыяй Міхайлаўнай, трыма сынамі і дзвюма дочкамі. Назначаны быў благачынным, за што аднойчы, у 1902-м, указам Кансісторыі за нумарам 4886 «в награду прослужения с особенным усердием двенадцати лет сряду всемилостивейше сопричислен к императорскому ордену Святой Анны третьей степени».

[caption id="attachment_111818" align="alignnone" width="600"]26-10 Пом­нік ай­цу Ула­дзі­мі­ру Квят­коў­ска­му. Ця­пер.[/caption]

Вось яно як.

Магіла айца Уладзіміра тут не адзіная. У бэзавых зарасцях за капліцай таксама трапляюцца помнікі. Перакуленыя і без надпісаў. Магілы ў большасці разрыты, пра што сведчаць прамавугольныя ямы. Узгорак з капліцай Дыбоўскіх — любімае месца «паломніцтва» чорных капальнікаў. Магчыма, менавіта для гэтых «герояў» нашага часу больш за сто гадоў таму на чорным помніку з крыжам і Бібліяй было напісана: «Прохожий, помни о кончине своей...»

Паслядоўнікам

Уваход у капліцу Дыбоўскіх апошнім часам забіты дошкамі. З аднаго боку, добра: менш смецця і розных спакусаў. З другога — шкада: няма магчымасці прасякнуцца таямніцамі, якія капліца дагэтуль хавае. Нішы ў ёй, як вы здагадваецеся, таксама разбураны. Але палічыць іх можна: пахаванняў было восем. Цяпер ужо невядома, хто дакладна знайшоў свой апошні прытулак там. Але вядома, што ў спісе землеўладальнікаў Мінскай губерні (крыніца — «Издание Минского губ. стат. комитета») пад прозвішчам Дыбоўскіх значацца: Сабіна (імя па бацьку Леапольдаўна, у дужках Яленская), Эмілія, таксама Леапольдаўна, Канстанцін, па бацьку зноў жа Леапольдавіч, як і ўсе астатнія, а менавіта — Фабіян, Юзэф, Юстын і Ян. Вы падлічылі іх колькасць? Сем чалавек, ці не так. Ну, а восьмы — сам Леапольд. Але гэта так, здагадкі...

А калі спусціцца з узгорка на процілеглы ад «бетонкі» бок, на поле, можна, стоячы на ім, заўважыць падазрона роўную, ідэальна круглай формы пляцоўку дыяметрам не менш як добрая арэна. Што б гэта магло быць?..

Падарожнічала Святлана ДЗЯНІСАВА

Назіранні

Якой бы ўтульнай ні была сядзіба, з якой бы гістарычнай дакладнасцю ні была яна адноўлена і музеефікавана, а вока падарожніка, асабліва ўжо трохі «замыленае», нязменна ўдзячнае іншаму: не гэтай гістарычнай дакладнасці, не рарытэтным рэчам кшталту нейкага там звышарыгінальнага пісьмовага ці туалетнага прыбора, а... Смяяцца будзеце — часам так прывабліваюць кветкі на падаконніках, што астатняе быццам перастае існаваць. Не трэба тут чытаць між радкоў, што экспанаты, маўляў, нецікавыя. Проста трэба аддаць належную ўвагу тым людзям, якія ўмеюць так дамовіцца з пурпурным дрэвападобным эоніумам ці, скажам, плектрантусам Эртэндаля, што тыя выглядаюць як расліны, якія дакладна бачылі Тадэвуша Касцюшку ці Адама Міцкевіча — настолькі раскідзістыя іх сцябліны і настолькі зайздросная іх «шавялюра». Сядзібная флора мінулых стагоддзяў — чым не тэма для сур'ёзнага даследавання? І ці не самая дакладная крыніца для ўзнаўлення інфармацыі — палотны тагачасных мастакоў. Паглядзіце, як выглядае ампельны Senecіo rowleyanus на карціне Івана Хруцкага «У пакоі». Між іншым,1854 год.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.