Вы тут

Быў. Ёсць. Будзе


Караткевіч у кіно.

Кіно — гэта з'ява масавая, здымаецца, каб яго глядзелі. Таму пісьменнікі карысныя для кіно: калі іх творы чытаюць, то стужкі, знятыя па іх сцэнарыях, захочуць убачыць. Уладзімір Караткевіч для беларускага кіно стаў асобай выключнай: дзякуючы яму былі зняты цудоўныя фільмы. А некаторыя з яго твораў і цяпер было б актуальна экранізаваць.

26-31

« — Як вы прыйшлі ў літаратуру?

— Ад думкі: усе пішуць, а чаму я не магу?!»

Мы ведаем яго як выдатнага літаратара, аўтара любімых «Дзікага палявання...» і «Чорнага замка...». Мы ведаем пра яго як пра сябра з выдатнай кнігі Адама Мальдзіса «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча». Мы нават можам даведацца пра Караткевіча-мужчыну з «Жанчын Караткевіча» Дзяніса Марціновіча. Але чамусьці не выдадзена яшчэ кніг пра тое, як здымалася кіно па творах пісьменніка, мы не ведаем Караткевіча-сцэнарыста, Караткевіча, які ператвараў уласныя кнігі ў экраннае мастацтва. Ён разумеў сілу кіно: нездарма вучыўся на сцэнарных курсах у Інстытуце кінематаграфіі ў Маскве. Сам напісаў сцэнарыі да некаторых фільмаў паводле сваіх твораў. Але рэжысёры і сцэнарысты зачытваліся імі — і самі хацелі зняць менавіта гэта.

«Чорны замак Альшанскі», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Лісце каштанаў», «Сівая легенда» — гэты спіс можна працягваць, таму што паводле яго твораў здымаліся як ігравыя фільмы, так і анімацыйныя і дакументальныя. А чаму б не здымаць, калі ў творах яго адно чараўніцтва? Яго кнігі захаплялі, трывожылі, заварожвалі, уздзейнічалі як чарадзейны эліксір.

«— Якая мэта вашых гістарычных раманаў?

— Прышчэпка супраць памылак.»

Кнігі Караткевіча і экранізацыі яго твораў — «розныя — як і яго вочы». І ў гэтым, з аднаго боку, няма нічога страшнага, бо рэжысёр у першую чаргу стварае ўласны мастацкі твор, які можа не адпавядаць кнізе. А з іншага боку, экранізаваць кнігу так, як хочацца, — гэта своеасаблівая здрада пісьменніку, бо гэта яго героі і яго сюжэт. Але тлумачэнне заўсёды адно: колькі людзей — столькі і думак.

Вось і з вядомым беларускім фільмам «Дзікае паляванне караля Стаха», як гэта ні дзіўна, адбылася гісторыя непрымання стужкі... самім Караткевічам. Рэжысёр Валерый Рубінчык зрабіў фільм сваім уласным творам, пра які, як пра нешта асобнае, незалежнае ад аповесці, немагчыма сказаць амаль нічога дрэннага — гэтае кіно называлі першым беларускім «фільмам жахаў». Так яно і было. Але ў ім «мала што засталося ад філасофіі Караткевіча». Адам Мальдзіс піша, што Караткевіча не дапускалі да здымкаў — ён ніяк не мог паўплываць на працэс, таму і вынік яго не задаволіў. Пасля выхаду стужкі пісьменнік казаў: «...Нялёгкі гэта пісьменніцкі хлеб. Пакутуеш, пакуль народзіш. А потым — другі раз, калі бачыш, што іншыя робяць з тваім чадам...»

— Памятаю, як Караткевіч прыйшоў на першы прагляд «Дзікага палявання...», ён сядзеў за мной, я чула, як ён соп, уздыхаў, а калі стужка скончылася, сказаў: «Гэта не маё кіно». Ён жа ў здымках не ўдзельнічаў, таму яму цяжка было прымаць вынік, але з кожным новым праглядам, я чула, ён прывыкаў да фільма, нельга сказаць, прыняў ён яго да канца ці не. Калі я чытала ўпершыню «Дзікае паляванне караля Стаха», мне было страшна, я чытала ноччу, я памятаю, як па скуры бегалі мурашкі. Мне вельмі падабалася. Я і сёлета гэтую аповесць зноў перачытвала», — падзялілася ўспамінамі аператар Таццяна Логінава.

Фільм выйшаў, ля кінатэатраў выстройваліся чэргі. Можа, людзі ішлі глядзець на тое «Паляванне», якое яны чыталі, на тую Яноўскую, якую яны сабе ўяўлялі? А атрымалі іншае. Так, у экранізацыі ёсць і этнаграфічныя недакладнасці, і занадта хуткае развіццё сюжэту, і, безумоўна, неадпаведнасці тэксту аповесці. Але гэта мастацкі твор рэжысёра — Рубінчык з «кінагенічнага» «Дзікага палявання...» зрабіў «прыблізна гістарычную» стужку, якая, тым не менш, стала адной з самых прызнаных беларускіх карцін за мяжой — атрымала ўзнагароды ў Францыі, Канадзе, Італіі.

«— Пісьменнік павінен весці?!

— Так. Але трэба ведаць, куды.»

26-32

Караткевічу мала было слова. Ён імкнуўся працаваць з тэатральным, тэлевізійным кінамастацтвам. Калі яго творы ставілі ці здымалі, іх не заўсёды разумелі так, як гэта рабіў ён сам. Але няўдачы Караткевіча не ламалі, наадварот, яшчэ больш падбадзёрвалі. Кіно вабіла яго.
І Караткевіч, калі яго творы перараблялі, спрабаваў іх выратаваць, прасіў «не псаваць гісторыю», нават на «Беларусьфільме» «кідаўся на калені», абяцаў, што больш нагі яго там не будзе. Не стрымаўшы абяцання, прыходзіў зноў.

Зноў ля кінатэатраў былі чэргі, зноў людзі шукалі квіткі, зноў быў экранізаваны Караткевіч. «Чорны замак Альшанскі» атрымаўся, на яго думку, лепш за «Паляванне», асабліва добра на экране «выглядаў» Лапатуха, ролю якога выконваў Генадзь Гарбук:

— Калі здымаўся «Чорны замак Альшанскі», Караткевіча на пляцоўцы не было, ён тады хварэў. Рэжысёр Міхаіл Пташук аднойчы перад здымкамі, калі мяне зацвярджалі на ролю, кажа мне: «Калі ты вучыў тэкст — забудзься на яго. Ты будзеш нямы». Я ледзьве не аслупянеў, там былі вялікія маналогі майго героя! І я сказаў Пташуку, каб ён пагаварыў наконт такіх змен з Караткевічам. Праз дзень усё было ўзгоднена — аўтар пагадзіўся. Не ведаю, як рэжысёр яго пераканаў. Так мы і зрабілі — у мяне ў стужцы няма ніводнага слова. Калі фільм быў гатовы, Пташук павёз стужку да Караткевіча, у Аксакаўшчыну. Я не ведаў, як ён успрыняў фільм, а раніцай я ўбачыў Караткевіча ў Аляксандраўскім скверы ля фантана — падышоў да яго на «дрыготкіх каленях». І ён мне сказаў, моцна паціскаючы руку: «Ты, стары, не думай, у мяне ногі слабыя, а рукі яшчэ моцныя, як абцугі!» І гэта была праўда. Я моўчкі, але шматзначна, сеў ля яго, ён паглядзеў на мяне з усмешкай, ляпнуў па маёй назе і сказаў: «Стары, пераканаў!» Адносіны ў нас былі цёплыя. Пра яго казалі, што ён нелюдзімы, замкнёны — усё гэта лухта!

«— Што самае галоўнае ў чалавеку?

— Суперажыванне, супакутванне з няўдачнікам.»

Пра Караткевіча кажуць, што ён быў вялікім псіхолагам. Калі чалавек кранаў яго, калі пісьменнік адчуваў нешта роднаснае, то прымаў яго. Калі не — не прызнаваў. Таксама ён рабіў і са стужкамі, знятымі па ўласных творах. Калі Караткевіч бачыў у фільме сваю гісторыю, адчуваў сваю філасофію, пазнаваў сваіх герояў — ён прымаў гэты твор.

— У Караткевіча, вядома, былі непрыемнасці з «Дзікім паляваннем...». Ён ніяк не мог яго «дабіць». І нават стаяла пытанне — можа, замяніць назву стужкі? Ён сядзеў на калідоры мастацкага аб'яднання сумны, я падышла да яго і спытала, што здарылася. А ён адказаў: «Ды вось, прыдзіраюцца, не ведаюць, што трэба, можа, назву замяніць». І мы з ім пачалі хутка прыдумляць розныя назвы, — кажа Ізольда Кавелашвілі, якая працавала над сцэнарыем «Дзікага палявання караля Стаха».

Пісьменнік лічыў, што кіно — гэта магчымасць уздзейнічаць на людзей, абуджаць іх памяць, казаў, што гэта магутная сіла. Але ў той жа час разумеў, што «сапраўдны пісьменнік цалкам сябе кіно ніколі не аддасць, таму што кіно — мастацтва групавое, дзе індывідуальнасць аўтара нібы раствараецца». Кіно для Караткевіча было і радасцю, і болем.

Калі ён штосьці пісаў, усе гэтага чакалі, часам падганялі яго, прасілі хутчэй выдаць кнігу, на што ён адказваў: «А вы думаеце, мне гэта лёгка?! Любімых герояў — пад кулі, на вісельні, на катаргу, у ссылку...». Як маці дзяцей, ён нараджаў, бывала, з пакутамі, творы, якіх усе чакалі, як першага снегу. Караткевіча чыталі, паводле яго кніг здымалі, гэтыя фільмы глядзелі... Што і казаць, глядзяць і цяпер. А ён, як чалавек, якому неабыякавы лёс свайго дзіцяці, пытаўся:

— Якія навіны на Божым свеце? Можа, мой фільм бачыў?

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.