Вы тут

Аб прыгожых і непрыгожых...


— Я — непрыгожая! Якая ж я непрыгожая! Я самая непрыгожая з усіх маіх сябровак!

Знаёмая сітуацыя, ці не праўда? Бо як жа часта дзяўчаты 15-17 гадоў шэпчуць такое, гледзячы на сябе ў люстэрка. Прытым і вельмі нават прывабныя (з пункту гледжання маладых людзей процілеглага полу), вось толькі занадта патрабавальныя да сябе...

Але я не пра іх. Я пра тых, хто і сапраўды, на жаль, не можа пахваліцца гэтай прыгажосцю.

Ім што рабіць?

Калі шчыра, то крытэрыі «прыгожы» і «непрыгожы» даволі ўмоўныя і не адзін раз змяняліся на працягу чалавечай гісторыі. У часы Ренесансу ў Еўропе найбольш цаніліся пышныя жаночыя формы (успомнім карціны Рубенса), а ў Кітаі таго ж часу ідэалам жаночай прыгажосці былі маленькія ступні (чым яны меншыя, тым прыгажэйшай лічылася дзяўчына). Таму дзяўчынкам, пачынаючы з самага ранняга дзяцінства, спецыяльным чынам бінтавалі ногі, каб яны амаль не раслі, наўмысна робячы няшчасных калекамі на ўсё астатняе жыццё. А што зробіш — прыгажосць, як кажуць, патрабуе ахвяр.

Вядома ж, існуюць і ў нас свае «крытэрыі» прыгажосці, і ёсць жанчыны і дзяўчаты вельмі прыгожыя (так ад прыроды склалася, і іх заслугі ў гэтым няма аніякай), але такіх няшмат. Куды больш проста сімпатычных, прывабных... І многія з іх, хоць у падлеткавым узросце былі, кажучы словамі Андэрсана, «брыдкімі лебедзямі», менавіта самі зрабілі сябе прывабнымі і сімпатычнымі. Якім чынам?

Хочаце ведаць, што канкрэтна робіць дзяўчыну прывабнай у вачах мужчын?

Абаяльнасць і выхаванасць. Здараецца, што прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва з дзвюх дзяўчат аддаюць перавагу не эгаістычнай высакамернай прыгажуні, а куды менш прыгожай, але вельмі мілай і абаяльнай дзяўчыне, якая заўсёды паводзіць сябе ветліва і добразычліва.

Разумовыя здольнасці. Прыгажосць прыгажосцю, але калі твая каханая ў размове і двух слоў звязаць не можа, ды і з інтэлектам у яе не вельмі... то такое каханне вельмі хутка праходзіць. Выключэнні, праўда, бываюць, але найчасцей тады, калі і ў мужчыны інтэлект не вышэйшы за плінтус.

Голас. Так, менавіта голас! Ёсць такі жарт: «Ён быў закаханы ў яе да таго часу, пакуль яна не загаварыла». І сапраўды, мілагучны, прыемны голас — палова вашага поспеху, мілыя дамы! А над голасам, у адрозненне ад знешнасці, не так ужо цяжка і працаваць. Над вымаўленнем, над інтанацыямі, нават над паўзамі. І над смехам таксама, бо гэта вельмі важна! Каб не адпалохваць сваім смехам хлопцаў, а наадварот, зачароўваць і заварожваць...

Позірк. Жаночы позірк — гэта скрышальная зброя, супраць якой мужчынам вельмі цяжка выстаяць. Вось толькі не ўсе жанчыны, на жаль, умеюць правільна карыстацца гэтай зброяй. А шкада!

Ледзь не забыўся пра паставу і паходку, Памятаеце, у фільме «Службовы раман» сакратарка вучыла сваю начальніцу, як павінна хадзіць сапраўдная жанчына? Тут таксама можна дабіцца такога ўзроўню, што ўсе мужчыны будуць не толькі азірацца, а яшчэ і доўга глядзець услед. А калі асляпляльная прыгажуня клыпае, нібыта качка, на высачэзных абцасах... хто тады на яе азірнецца? Хіба што бабулька якая, ды і тое з жалем і спагадай...

Дарэчы, егіпецкая царыца Клеапатра, якая спачатку вялікаму Цэзару галаву закружыла, а потым яшчэ і яго палкаводцу Антонію, зусім не была прыгажуняй. Калі паглядзець на яе выявы, дык нос у Клеапатры вялізны, а вочы залішне пукатыя. І ў жыцці, пэўна ж, яна гэтак выглядала, бо не асмеліліся б егіпцяне чаканіць на манетах карыкатурны вобраз.

Але ўсе летапісцы ўзгадваюць, што была царыца вельмі і вельмі абаяльнай. Такой абаяльнай, што ўсе мужчыны без выключэння галовы гублялі пасля знаёмства з ёй...

А гэта нашмат важнейшае за нейкую там банальную прыгажосць. Паверце мужчыну...

Генадзь АЎЛАСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».