Вы тут

Алесь Мухін: «Чалавек, які думае, сапраўды развівае свет»


Бізнесмен, інтэлектуал і добры сем'янін. Алесь Мухін не толькі самы вядомы беларускі ігрок «Што? Дзе? Калі?» і вядучы беларускай версіі гульні. Адначасова ён і генеральны дырэктар кампаніі «Караван» — самага вялікага дыстрыб'ютара кавы і чаю ў Беларусі, тата дваіх дзяцей, муж. Пра тое, як можна ўдала спалучыць усе гэтыя іпастасі — у размове сам-насам.

28-17

— У вашым офісе ўсё даволі дэмакратычна і адкрыта. Вы, як кіраўнік, таксама маеце адпаведныя якасці?

— У сваёй працы я абапіраюся на прынцыпы дэмакратычнасці і інавацыйнасці. Нам важна, каб людзі на працоўных месцах праяўлялі ініцыятыву. Ёсць кампаніі, дзе большая частка ідэй ідзе ад кіраўніцтва: дзесьці штосьці пачулі, прыдумалі, пабачылі ў сне. А мы імкнёмся рабіць так, каб нашы супрацоўнікі, якія пастаянна наведваюць тэматычныя семінары і лекцыі, таксама былі на вяршыні сучаснай думкі ў продажы, маркетынгу, лагістыцы. Напэўна, кампанія «Караван» якраз і адрозніваецца тым, што ў нашых людзей слова «праца» асацыюецца з паняццем «другі дом».

— Які чалавек ніколі не трапіць у вашу кампанію?

— Найбольш мне не падабаецца коснасць мыслення. Той, хто жыве выключна па нормах і правілах, не будзе паспяховым у сучаснай камерцыйнай думаючай структуры. Раней я лічыў, што юрысты і бухгалтары павінны быць у пэўных рамках. Але, насамрэч, у іх задача яшчэ складанейшая: трэба быць у рамках, але, з іншага боку, мысліць шырэй, каб мець магчымасць прапанаваць альтэрнатыўныя варыянты існуючай рэчаіснасці.

— Што для вас першаснае ў працы: самарэалізацыя ці грошы?

— Калі я быў маладым чалавекам і заканчваў беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт (у сярэдзіне 1990-х), разумеў, што тыя фінансавыя магчымасці, якія прапаноўвае дзяржава маладым настаўнікам, нават калі працаваць на некалькі ставак, крыху не адпавядаюць звычайнаму для мяне ўзроўню жыцця і амбіцыям. Таму кар'ера педагога не склалася.

Казаць, што грошы не адыгрываюць ніякай ролі, будзе няправільна. Сёння яны — крытэрый паспяховасці чалавека. З іншага боку, мне было важна займацца тым, што добра атрымліваецца, няхай і трэба дзесьці падвучыцца. І каб праца была выканана на сто працэнтаў. Я не раблю нічога «і так пойдзе». Ужо калі забіў цвік — будзе моцна сядзець. Хаця гэта рэдка здараецца. Калі дзяцей выхоўваю, значыць, яны павінны вырасці добрымі. Калі кірую кампаніяй, тады стараюся рабіць гэта максімальна эфектыўна, як дазваляюць мае магчымасці, амбіцыі і інтэлект.

28-3

— Наколькі тое, што вы займаецеся «інтэлектуальным спортам» — «Што? Дзе? Калі?», звязана з вашымі поспехамі ў бізнесе?

— Нездарма дэвіз знатакоў усіх краін — «Што наша жыццё? Гульня!». Калі ўдумацца ў гэту пушкінскую фразу, яна дае адказ на ваша пытанне. Справа ў тым, што я ўспрымаю «Што? Дзе? Калі?» як квінтэсэнцыю штодзённага жыцця, асабліва ў маім выпадку — як мадэль пабудовы адносін у якасці кіраўніка. Там я капітан каманды, тут — узначальваю буйны холдынг. І там, і там мне неабходна псіхалагічна падвесці ігракоў каманды да належнага піка формы. Што і адбываецца на нашых нарадах. І там, і там мне трэба адшукаць правільны адказ. Іншае пытанне, што ў гульні гэта адбываецца за хвіліну, а тут — у нейкіх сітуацыях нават хутчэй ці, наадварот, расцягваецца на месяцы. Таму гульня — гэта своеасаблівая мадэль жыцця.

— Чаму «Што? Дзе? Калі?» мае столькі прыхільнікаў? Чаму людзі імкнуцца да інтэлектуальнасці?

— Я лічу, што найболей прагрэсіўную частку чалавецтва, як казалі ў савецкія часы, адрознівае так званы «сенсорны голад» — пошук новай інфармацыі, адчуванняў, падзей. Менавіта такія людзі рухаюць наперад чалавечую цывілізацыю. Гэта не значыць, што ўсе павінны стаць знатакамі. Але гульня «Што? Дзе? Калі?» для тых, хто бярэ ў ёй удзел, — гэта спосаб самарэалізацыі. Чалавек, які думае, сапраўды развівае свет.

Але валодаць глыбокімі ведамі — гэта эрудыцыя, а ўмець імі скарыстацца — інтэлект. У нас менавіта інтэлектуальная перадача. Яна дае людзям магчымасць з дапамогай іх ведаў і, прыклаўшы інтэлектуальнае намаганне, адказаць на пытанне. Толькі ўлічваючы мноства фактараў і адсякаючы непатрэбнае, аддзяляючы зерне ад пустазелля, можна адшукаць правільны адказ на пытанне і ў «Што? Дзе? Калі?», і ў жыцці.

— Вы якраз ведзяце беларускую версію гульні. Ужо каму, калі не вам, ведаць, ці здольны беларусы карыстацца тымі ведамі, якія ў іх ёсць?

— Вядома. Шмат хто кажа, што Беларусь — краіна-транзіт, знаходзіцца на стыку цывілізацый... І ўсё гэта правільна. Але гэта абставіны, якія ёсць апрыёры. Тое, што наша краіна валодае цудоўнымі тэхнічнымі і гуманітарнымі спецыялістамі ўсіх узроўняў, абсалютна дакладна. І доказ гэтаму, што ў пасляваенныя часы менавіта Беларусь была «зборачным цэхам» усяго СССР. Запчасткі рабіліся па ўсім Саюзе, а збіралі менавіта ў нас ці часам у краінах Балтыі. Гэта кажа пра тое, што ў Беларусі ўзровень інжынернай думкі быў вышэйшы, чым у іншых краінах.

Тыя вынікі, якія паказваюць беларускія каманды «Што? Дзе? Калі?», пры праглядзе нашымі маскоўскімі калегамі выклікаюць захапленне. Я не магу сказаць, што ў нас нейкае местачковае мерапрыемства, якому далёка да найлепшых аналагаў. Справа не толькі ў асобе вядучага ці ў тым, што мы самі сабою ганарымся. Як толькі мы пачалі здымаць беларускі клуб, значная колькасць нашых знатакоў аказалася ў маскоўскім.

— А вашы дзеці гуляюць у «Што? Дзе? Калі?»?

— На прафесійным узроўні не. На аматарскім, зразумела. Я прыхільнік таго, што дзіцяці трэба даць шмат розных альтэрнатыў. А далей няхай яно само выбірае. Калі мая дачка паміж «схадзіць у суботу ў інтэлектуальны гурток» ці «з'ездзіць пакатацца на кані» выбера другое, таму што ёй гэта больш падабаецца, калі ласка.

— Значыць, вы не вельмі строгі тата?

— Напэўна, так. Я ўсё ж такі стараюся выканаць тую функцыю, якой, на жаль, у нашай краіне ў сістэме адукацыі не хапае, — прафарыентацыі. І гэта моцна адбіваецца на лёсе ўсіх нашых суайчыннікаў. Таму я імкнуся максімальна дапамагчы з гэтым сваім дзецям на любым этапе іх жыцця. Я ў савецкія часы хадзіў у спартыўную секцыю, скончыў музычную школу, паралельна гуляў у двары, збіраў манеты, маркі, чытаў кніжкі. Таксама стараўся вырасціць і сына. У выніку ён самастойна паступіў на факультэт міжнародных адносін БДУ. А я і мезенцам не паварушыў. Гэта значыць, што мы змаглі выхаваць у ім здольнасць чагосьці дасягаць, а з іншага боку, далі такі інтэлектуальны патэнцыял, які дазволіў яму паступіць у ВНУ. Тое ж і з дачкой. Яна і тэнісам займаецца, і ў гурток тэатральны ходзіць, і на кані любіць пакатацца. Я хачу, каб дзеці адчулі жыццё ва ўсіх яго праявах і займаліся тым, што ім болей даспадобы.

28-1

— Усё ж такі дзіця трэба накіроўваць?

— Пазіцыя, што дзіця само разбярэцца ці няхай яму ў гэтым дапамогуць настаўнікі, памылковая. Асабліва ў сучасным грамадстве. Пэўныя арыенціры, якія стрымлівалі чалавецтва падчас усяго цывілізацыйнага развіцця — рэлігія ці дэспатычныя рэжымы, трымалі людзей у цуглях. Зараз гэтага няма. Інтэрнэт, камп'ютарныя гульні — маса спакус прапануе збочыць з жыццёвай сцежкі і абстрагавацца ад рэчаіснасці. У гэтым сэнсе задача бацькоў — накручваць хвост. Мала людзей нараджаюцца з унутраным «маторчыкам», што «я абавязкова чагосьці дасягну». Як правіла, так усе кажуць, але, калі сутыкаюцца з першымі жыццёвымі цяжкасцямі, пасуюць, а жыццё часта прапаноўвае больш лёгкія варыянты.

Бацькі павінны ставіць перад дзіцем болей суровыя выклікі, чым асяроддзе. Напрыклад, матываваць наведваць тыя ж секцыі. А яшчэ ў школе добра вучыцца, рабіць хатнія заданні, сабаку выгульваць, мыць посуд. Гэта не армейскі падыход, але з цягам часу я бачу, што падабаецца дзіцяці, і ў гэтым падштурхоўваю яго напружвацца і станавіцца больш дасканалым.

Магчыма, у хуткім часе з'явіцца новая ідэя, якае аб'яднае чалавецтва, ці адновіцца мінулая — тая ж рэлігія. А пакуль што культывуецца грамадства спажыўцоў і ўсё, што з ім звязана. Таму тое, што частку свайго жыцця я вырашыў прысвяціць папулярызацыі такіх інтэлектуальных гульняў, як «Што? Дзе? Калі?» і «Брэйн-рынг», — мой пасільны ўклад у развіццё беларускага грамадства.

— Ці ёсць у вас нейкія сямейныя традыцыі?

— Вядома. Напрыклад, я не гатую есці! Але час ад часу пачынаецца абурэнне, і тады мы ўсе разам пешшу ідзём гуляць, заходзім у кавярню. Лічыцца, што тата «згатаваў паесці» — ён жа заплаціў за вячэру!

— Хто важнейшы: мама ці тата?

— Нельга сказаць, нават дзеці на гэтае пытанне ніколі не давалі адназначны адказ. У нас з жонкай зусім розныя функцыі ў сям'і. Мы дамовіліся, яшчэ калі былі студэнтамі, аб размеркаванні абавязкаў, і далейшае жыццё ўсё гэта толькі ўдасканаліла. Ёсць пытанні, якія вырашаю толькі я, ёсць і тыя, што цалкам ляжаць на Таццяне. Час ад часу збіраемся на сямейныя саветы. З гэтага пункту гледжання ў нас быт наладжаны. Толькі для такога трэба найперш ствараць усе ўмовы для жонкі.

— Вы можаце сказаць, што адшукалі сваю палавінку?

— Чалавецтва давала гэтаму сотні азначэнняў. Палавінка — толькі адно з іх. «Мы абодва нарадзіліся з дзіркай у сэрцы: ты заткнула маю, а я тваю» — пісаў Сцівен Кінг. Я, па шчырасці, веру не ў гэта, а ў розум мужчыны і мудрасць жанчыны. Калі два нармальныя чалавекі сустракаюцца і пачынаюць жыць разам, усё залежыць ад жаночай мудрасці. Мужчыны — яны ж пеўнікі, абы пакрасавацца. А жанчына будзе яго такога хваліць, але неназойліва скіроўваць рабіць тое, што ёй хочацца. У гэтым і ёсць поспех сям'і.

— Як вы думаеце, для жанчыны важна самарэалізоўвацца?

— Гэта таксама адна з праблем сучаснага грамадства. Яно падштурхоўвае жанчыну станавіцца ці хатняй гаспадыняй, але пры гэтым даглядаць дзяцей і сябе, калі муж у стане забяспечваць сям'ю. Ці ператварыцца ў зусім загнаную кабету, якая пасля працы павінна яшчэ і домам займацца. А пасля азіраецца — у
40 гадоў яна ўжо фізічна і маральна бабулька. У гэтым сэнсе беларускам падышла б сістэма частковай занятасці, папулярная зараз на Захадзе. У еўрапейскай эканоміцы ёсць цэлыя профільныя кірункі, у якіх запатрабаваны менавіта такія спецыялісты.

Лічу, што для жанчыны самарэалізацыя сапраўды важная. Я якраз не з таго разраду мужчын, якія ўпэўнены, што жонка павінна сядзець дома і ляпіць пельмені. Мне было б нецікава жыць з такой. Таму ў нашым грамадстве паўнавартаснай маці і жонцы досыць складана рэалізавацца ў прафесійным плане.

— Як вы вырашылі гэтую праблему?

— Я прыдумаў здымаць «Што? Дзе? Калі?» у Беларусі, чым зараз цалкам займаецца мая жонка. Праўда, гэта была нават не мая ідэя. Калегі па клубе, ведаючы Таццяну, самі прапанавалі пры здымках гульні ў Мінску зрабіць галоўнай менавіта яе: у жонкі адпаведная адукацыя. Я не думаў, што Таццяна справіцца, але ўсё атрымліваецца. Яна малайчына.

— А калі б ваша жонка зарабляла больш, чым вы?

— На шчасце, я гэтага не зведаў.

— Як спалучаеце працу і сям'ю?

— Часта задаюць пытанне: «А як вы са знатакамі рыхтуецеся да гульні? Ёсць у вас нейкія фішкі?» У сям'і тое ж, яны таксама існуюць. Не займаюць шмат часу, але адыгрываюць значную ролю. Сумесныя шпацыры з сабакам ці без яго, паход у кавярню, сумесны адпачынак. У мяне не ідэальная сям'я, але гэтыя рэчы даюць магчымасць дзецям адчуць бацькоў. Я бачу, што ім мяне нестае. Але за ўсё трэба плаціць.

Бліц-апытанне

— Бландзінкі ці брунеткі?

— Адназначна брунеткі.

— Гарбата ці кава?

— І гарбата, і кава. Кампанія, у якой я працую, пастаўляе і тое, і тое.

— Сябры ці сям'я?

— Хацелася б, каб сям'я, але вельмі часта сябры.

— Розум ці сэрца?

— Розум.

— Інтэрнэт ці тэлебачанне?

— Прабач мне, мой бізнес, але, хутчэй, інтэрнэт, бо на тэлевізар няма часу.

— Эканомія ці марнатраўства?

— Марнатраўства.

— Вы ніколі не даруеце...

— Здрады.

— Кніга, якая вас кардынальна змяніла.

— Дыялогі Платона. У свой час яны мяне падштурхнулі стаць думаючым чалавекам.

— У першай кнізе аб Гары Потары ёсць люстэрка Еіналеж, якое паказвае не знешнасць чалавека, а яго самыя прыхаваныя жаданні. Што б вы пабачылі ў ім?

— Не буду адрознівацца ад Гары Потара. Я хацеў бы пабачыць сваіх бацькоў.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Іншыя матэрыялы рубрыкі "Сам-насам"

Васіль Дранько-Майсюк: «Варта любіць сваё»

Таццяна Старчанка: «Трэба ўмець рабіць нечаканыя радасці»

Іерэй Сергій Цімашэнкаў: «Слова «павінен» прыходзіць, калі знікае любоў»

Міхаіл Арцем’еў: «Беларускія вучоныя мазгавітыя і працаздольныя»

Ікар свайго часу (гутарка з рэктарам БДУ Сяргеем Абламейкам)

Лідзія Ярмошына: «Сябры для таго, каб рабіць кампліменты»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».