Вы тут

На што трэба абавязкова звяртаць увагу пры набыцці кватэры


У прадаўцоў нерухомасці цяпер існуе нямала рознага кшталту хітрыкаў, якія дазваляюць усыпіць пільнасць кліента, паказаць жыллё ў больш выгадным святле, чым яно ёсць насамрэч. Асабліва калі тое ўжо добра зношана.
1-28

Не стаць героем пастаноўкі

Часам пры набыцці кватэры на другасным рынку кліент адразу задаволены на ўсе 100% — дом няхай і немалады, але яшчэ трывалы; ціхі дворык; зусім побач крама і метро праз чатыры прыпынкі. Кватэра невялікая, але ўтульная, а самае галоўнае — недарагая для гэтага раёна. Аднак ужо праз пэўны час пасля здзелкі ружовыя акуляры з яго вачэй звальваюцца і новы гаспадар знаходзіць цэлы набор сур'ёзных недахопаў сваёй «ідэальнай» кватэры. Упэўнены, што на чужых памылках лепш вучыцца, чым на сваіх...

З'явіўся нават асобны маркетынгавы прыём — хоўм-стэйджынг (у перакладзе з англійскай мовы — хатняя інсцэніроўка, пастаноўка), якім прасунутыя гаспадары ўсё больш актыўна карыстаюцца для нівеліроўкі недахопаў не вельмі якаснай нерухомасці. Маніпуляцыя пакупніком часам пачынаецца на самых першых «прыступках», бо нават стан пад'езда мае значэнне.

Верагодна, што патэнцыйны пакупнік не дайшоў бы нават да дзвярэй кватэры, калі б незадоўга да яго прыходу ў пад'ездзе і на пляцоўцы капітальна не прыбралі. Гэта трэба заўважыць і пераправерыць. Лягчэй за ўсё падман ускрываецца суседзямі, якія раскажуць, як даўно тут так прыбіралі і пырскалі парфумам, бо звычайна хлопцы з трэцяга паверха пастаянна дымяць. Неверагодна, але менавіта пах можа паўплываць на рашэнне «купляць ці не купляць». Таму гаспадару будзе лепш, калі на момант паказу кватэры ў доме прапішуцца не пахі свойскіх жывёл, затхласці або цыгарэт, а будзе лунаць мяккі водар смажанай бульбы або свежазваранай кавы. Пах карыцы або ванілі таксама ўздзейнічае заспакойліва, і ў першую чаргу на мужчын. Падобных прыёмаў і хітрыкаў усыплення пільнасці хапае. Тут галоўнае — іх своечасова заўважыць і не «паплыць».

Гульня са святлом і трукі прасторы

У тых выпадках, калі кватэра цёмная, сустрэчу з кліентам вопытныя рыэлтары прызначаюць раніцай ці ўдзень. Аднак калі становішча дома зусім нявыйгрышнае, тады гасцей яны лепш прымаюць вечарам. Гэта той выпадак, калі асвятляльныя прыборы працуюць на поўную магутнасць. Таму кватэру лепш сур'ёзна разглядаць у розны час сутак і не згаджацца на сустрэчу толькі «пад прадаўца».

Каб разабрацца ў рэальных памерах кватэры, захавайце толькі цэнтральнае асвятленне, а таршэры і настольныя лямпы лепш выключыць.

Ведайце, што правільнае асвятленне дапамагае стварыць у кватэры не толькі патрэбную атмасферу, але і замаскіраваць недахоп прыроднага святла. Лепш адразу заўважыць у жылым пакоі вялікае люстэрка, якое візуальна павялічвае прастору, асабліва калі знаходзіцца насупраць дзвярэй. Папрасіце часова «выключыць» фокус з люстэркам, каб рэальна ацаніць усе плюсы вялікай кватэры.

Парада рыэлтара

Адзін знаёмы работнік агенцтва нерухомасці расказаў пра хітрыкі прадаўцоў, пасля якіх узнікаюць праблемы як у пакупнікоў, так і ў рыэлтараў. Гэта даўгі за «камуналку». Пра падобныя запазычанасці, што вісяць на кватэрах, арганізатары здзелкі звычайна інфармуюць будучых гаспадароў або патрабуюць іх пагасіць. Аднак здараюцца выпадкі, калі бягучай запазычанасці кватэра не мае, а існуюць даўгі па аплаце за камунальныя паслугі за папярэднія гады. Адразу такія даўгі без дасканалай праверкі і не ўбачыш. Між іншым, іх памеры могуць дасягаць 20 млн рублёў і нават больш. Таму ў першую чаргу перад тым, як падпісваць дакумент аб куплі кватэры, зусім не пашкодзіць наведаць мясцовы разліковы цэнтр ЖЭСа і даведацца пра ўсе падводныя камяні вашага будучага жылля.

Бабулі не падмануць

А яшчэ будучаму ўласніку неабходна абавязкова звярнуць увагу на від з вокнаў, каб ацаніць тэрыторыю побач з домам. Пры аглядзе кватэры лепш не ленавацца і зазірнуць пад падлогавае пакрыццё. Абавязкова пераканайцеся ў адсутнасці свежапафарбаваных падцёкаў на столі і ў кутках, праверце стан электраправодкі, сантэхнікі, а таксама ці нармальна адчыняюцца вокны і дзверы.

Не трэба адмаўляцца ад інфармацыйнай разведкі на мясцовасці. Яе можна ажыццявіць праз «механізм» шчырай гутаркі з бабулямі на лавачцы ля пад'езда. Яны абавязкова раскажуць пра ўсіх праблемных суседзяў, пра гісторыю вашай патэнцыяльнай кватэры і ўвогуле шмат чаго цікавага, пра што і гаспадары, і рыэлтары палічаць за лепшае проста не згадваць.

[caption id="attachment_112512" align="alignnone" width="600"]1-30 Да... і пасля...[/caption]

Адшукаць перапланіроўку

Перад прыняццем канчатковага рашэння неабходна на халодную галаву скрупулёзна перачытаць усе жыллёвыя дакументы. Параўнайце задэклараваныя прадаўцом метраж і планіроўку кватэры з тэхпашпартам. Калі ў кватэры праведзена перапланіроўка, абавязкова праверце, ці ўзаконена яна, інакш вам не пазбегнуць сур'ёзных праблем у будучыні. І галоўнае, не трэба рабіць такіх сур'ёзных крокаў спантанна, пад уздзеяннем асабістай сімпатыі. Папярэдне ўладальнік можа быць і сапраўды цудоўным чалавекам, але... Яму галоўнае прадаць, а рыэлтару — правільна арганізаваць і правесці здзелку. А жыць у кватэры будзе новы гаспадар — вы.

Каментарый ад прафесіянала

Аргумент «не заўважыў» не прымаецца.

Прачытаўшы частку гэтага матэрыялу, адна мая калега заўважыла, што не ўсе такія занадта камунікабельныя, каб ісці ў чужы дом і размаўляць з суседзямі або лазіць з лупаю ў кожны куток яшчэ не свайго жылля. Можна нешта і не заўважыць. А што тады рабіць, калі адшукаў недахопы крыху пазней, калі ўжо жывеш у гэтай кватэры?

Наш пастаянны эксперт жыллёвай сферы — кіраўнік агенцтва «БепЦТН», старшыня рады Беларускай асацыяцыі «Нерухомасць» Мікалай Прасталупаў гаворыць, што пасля падпісання дагавора і адпаведнай рэгістрацыі яго натарыусам дарогі назад ужо не будзе. У Мінску штогод афармляюцца тысячы здзелак па куплі-продажы жыллёвай нерухомасці. Так, бываюць выпадкі, калі такія здзелкі прызнаюцца несапраўднымі. Аднак наш суразмоўца не ўзгадаў ніводнага эпізоду, калі для суда галоўным аргументам было тлумачэнне пакупніка аб тым, што ён няўважліва праводзіў «рэвізію» свайго будучага жылля. Такая фармуліроўка суддзямі не прымаецца.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».