Не пра пух


Не ведаю, як іншым, а мне дык вельмі падабаюцца рэчы з гісторыяй. Ну вось прыклад: у шафе ў мяне на самым пачэсным месцы ляжыць вялікая ажурная хустка, якую сваімі рукамі звязала мая бабуля і потым абхіналася, едучы з дзедам у госці ды на кірмашы. Побач з хусткай — яе ж, бабуліна, саматканая посцілка. Ні канапу, ні ложак ёй, на жаль, не засцелеш, бо вузкая, але і распароць на два палавікі для дачы рука не падымаецца — шкада. А вось саматканых льняных ручнікоў — не, бо яны чым болей мыюцца, тым больш мякчэюць і бялеюць. І татавымі драўлянымі лыжкамі я з радасцю карыстаюся. І пасцельнай бялізнай, што атрымала ў пасаг ад мамы. І...

Пералік дарагіх мне рэчаў можна доўжыць і доўжыць, але зараз я хачу расказаць пра адну, якую купіла... сама.

У тую восень непрыемнасці на маю галаву сыпаліся з усіх бакоў: я шукала і не магла знайсці сабе працу, праз гэта вельмі перажывала, хварэла, перасварылася са сваімі сямейнікамі... Да ўсяго недзе непадалёк ад дома перыядычна рвала трубы, і ў нашым доме пастаянна адключалі то гарачую ваду, то ацяпленне, то ўсё разам... Карацей, змрок быў амаль што поўны!

Каб хоць неяк ад яго ўратавацца, я ўключала музыку і яркае святло, мыла, гатавала, прыбірала, вязала доўгі чырвоны шалік.

А да яго зусім неспадзявана купіла... паліто, прычым... белае. Галоўнае — разумела, што грошай у хаце няма, што рэч гэтая зусім непрактычная, а тым больш у горадзе і на кожны дзень, але ж, праходзячы па рынку, убачыла, памерала і зняць ужо не змагла.

Дамачадцы мае, дзякаваць Богу, не папракалі, нават павіншавалі з абноўкай...

Я прыбралася і хоць трохі павесялела, бо ў новым пухавічку адчувала сябе і маладзейшай, і прыгажэйшай, і больш упэўненай. А галоўнае, што са мной па-іншаму сталі размаўляць працадаўцы: нешта раілі, абяцалі... Мне трэба было хіба пачакаць, а яшчэ — памыць (ніз хутка спэцкаўся) маё чароўнае паліто.

Справа гэта лёгкая: зашпіліла я ўсе кнопачкі-маланкі, вывернула рэч на благі бок, усыпала правераны часам пральны парашок і...

І назаўтра да ўсіх маіх непрыемнасцей дадалася яшчэ адна, бо пасля сушкі высветлілася, што ўвесь пух у маім новым паліто... збіўся ў ладныя камякі. Адпаведна і полы, і спінка, і рукавы сталі выглядаць, як заснежаная ралля — усё на ямах і грудках.

Думаеце, гэта не бяда: трэба проста вярнуць паліто прадаўцу?

Я вярнула б, але ж... Рэч я купіла на чужым, зусім незнаёмым рынку, у каго — хоць забі, не помню, ды і ніякага чэка ў мяне няма...

Муж тады праўду сказаў: маўляў, палову яго зарплаты я скруціла ў трубачку і сабаку пад хвост... Туды ж «прасілася» паліто. Але штосьці трымала: у найбліжэйшую суботу мы збіраліся на лецішча па гародніну. А ў нас там  завядзёнка: усё непатрэбнае вешаем на плот — можа, забярэ хто з суседзяў альбо з вяскоўцаў, якія паўз дачы ходзяць у краму.

Я дык нават уяўляла ўжо, як паліто маё трапляе ў хату да нейкай майстрыхі, як яна «набівае» яго новым пухам або іншым уцяпляльнікам, аддае дачцэ ці ўнучцы...

Шмат, карацей, было думак, а толку — нуль, бо праз два тыдні, зноў заехаўшы на дачу, мы здалёк убачылі, што паліто па-ранейшаму вісіць — нікому не патрэбнае. Нават тут...

Было ад чаго засмуціцца!

А потым — і гэтак жа да слёз! — узрадавацца, бо, падышоўшы бліжэй, рэч сваю я проста не пазнала. Дзе падзеліся тыя бясформенныя камякі на полах, спіне і рукавах?! Паліто было акурат як новае: белае, роўнае, гладкае... Усё распушылася, грэе! А ўжо выглядае...

Менавіта ў ім, тым паліто (ды з чырвоным шалікам) я знайшла сабе новую працу, менавіта яго апранаю і цяпер, хаця б для таго, каб помніць, што многія нашы непрыемнасці, як тыя камякі, могуць разысціся, «рассмактацца» пад уздзеяннем свежага паветра, лёгкага марозіку і проста... часу.

Л. Ю.,

г. Гродна

Развод і... куры папалам

Не так даўно на нашай вуліцы пасяліліся маладажоны — Люба і Пятро. На першых парах ціхутка жылі, бо, відаць, хавалі ўсё дрэннае, што было ў іх характарах, прывыкалі адно да аднаго. А ўжо потым... Можа, не прывыклі, а можа, зашмат было таго дрэннага, бо з іх хаты яно палезла як цеста з дзежкі.

Падчас сварак мы, суседзі, і дазналіся, што ў сужэнцаў гэты шлюб другі. Як Любашу паслухаць, дык яе першы муж «піў, біў і грошай не даваў». Як Пятра — дык яго былая хацела толькі смачна есці і нічога не рабіць.

Развяліся, карацей, наноў пажаніліся. І што ж нажылі?

Мы, прыгледзеўшыся да гэтай пары, прызналі, што Любе, можна сказаць, пашчасціла. Пятро, новы муж, грошай не прапіваў і нямала, відаць, зарабляў, бо пасадзіў жонку дома (трымаць парадак, займацца сабой ды сваімі хваробамі)... Да таго ж на падворку адразу паставіў цяпліцу, потым пабудаваў лазню і ладны хляўчук, завёў свінчо, накупляў курэй з куранятамі. Сам здабываў ім корм, сам варыў і насіў. Жонка зрэдку хіба якога збожжа насыпле альбо вады занясе — ленавалася кабета нават у краму па хлеб схадзіць. Казала мужу:

— Табе ён трэба, дык ты і ідзі. А я сваё мяса і так з'ем... Ад хлеба паўнеюць.

Карацей, не шанавала яна свайго чалавека, а многае з таго, што ён прыносіў, прывозіў ды зарабляў, употай перапраўляла сынку ад першага шлюбу.

Былі дзеці і ў Пятра, аднак іх, каб магла, Люба і на парог не пусціла б...

А гаспадар жа хацеў — і прывеціць іх, і пачаставаць, і пагаварыць...

Усё часцей здаралася: злаваўся ён на жонку — гарэлі нервы, і таму аднойчы пачаўся «пажар»: заявіў ён Любе:

— Усё, развод! Вунь Бог, а вунь парог... Я застаюся тут, у хаце, а ты ў кватэры жыві.

— Дудкі! — заявіла на гэта жонка. — Дурніцу знайшоў... Я пераеду і буду сядзець на нішчымніцы, а ты тут... маладую кураціну есці?

— Якую кураціну? Што ты вярзеш? — разгубіўся Пётр.

— А то не ведаеш: кураняты нашы выраслі? Выраслі. Я іх карміла? Карміла. Значыць, палова цяпер мая!

— Дык забірай яе ды каціся...

— А хто мне іх пасячэ, хто абскубе ды абсмаліць? Хто на кавалачкі потым парэжа? Наймаць некага буду? Не, галубок: я з гэтай хаты не пайду, пакуль пеўняў сваіх не з'ем!

...Так і засталася, жывуць, прынамсі пакуль: даядаюць пеўнікаў. Потым, магчыма, возьмуцца за парсючка, а потым будзе новая вясна і на падворку — новая жыўнасць.

Раіса Васілёва,

г. Гомель

Саечка і Сухарык, альбо Два боты — пара?

Мянушку гэтаму нестарому яшчэ халасцяку прыдумалі на працы. Не, ён зусім не чэрствы быў! І не сухі (чалавек як чалавек), проста на жанчын не ласы. Вось тыя і празвалі яго не Сухаром — Сухарыкам. А ўжо колькі разоў спрабавалі ачмурыць! Нават стымул такі прыдумалі: хто яго «падчэпіць», атрымае скрыню шампанскага. Найбольш старалася Галя... Ды толькі марна ўсё — Сухарык ну ніяк не паддаваўся: паправіць свае акуляры, усміхнецца дзеля прыліку і далей «паплыў» — зрываецца «з кручка», хоць ты плач! Пакуль...

Неяк, у дзень народзінаў той Галіны, на працу да іх з вёскі заехала сваячка: удавіца, вясёлая, румяная, як той пірог! Гасцінцы з сабою везла: першачок, сала, квашаную капустачку... Імянінніца, убачыўшы гэта, тут жа арганізавала сабантуй: маўляў, колькі таго жыцця, а радасцей мала! Тым больш што заўтра — субота... У выніку многія з іх аддзела патэлефанавалі дадому, папярэдзілі, што затрымаюцца... А вось Сухарык сабраўся сыходзіць.

— Ты куды гэта? — строга спытала імянінніца.

— Мне дадому трэба.

— Пойдзеш пазней. А пакуль — я цябе не адпускаю. Заставайся.

Сухарык завагаўся быў, як маятнік, які толькі што падштурхнулі, аднак, падняўшы вочы на госцю і сустрэўшы яе нябесна-блакітны позірк, падумаў: «Ат, была ні была...»

— Мяне завуць Дар'я, — сказала маладзіца, сядаючы побач і наліваючы яму першачку. — А вас чаму Сухарыкам клічуць?

— Не ведаю... Па пашпарце я — Саша.

— Ага, разумею. У нашай вёсцы таксама людзей па-рознаму клічуць: каго Цаглінай, каго — Аглобляй. Мяне вось Саечкай... Відаць, праз пышнасць? Ды я не крыўдую, няхай... Выпіце, Саша, і закусіце. Тут сваё ўсё, вясковае...

Не тое ад яе такога блізкага голасу, не тое ад самагонкі на душы ў Сухарыка пасвятлела і пацяплела. Ды і застольнікі ўжо расшумеліся, нават штосьці заспявалі. Праўда, галасы ў іх зусім не зліваліся, словы блыталіся. І Дар'я тады, цяжанька ўздыхнуўшы, ціха завяла: «Напілася я п'яна, не дайду я да дому...» Голас у яе быў незвычайны — нізкі, моцны, грудны. Ад яго ў Сухарыка аж мурашкі па спіне пабеглі.

— Вось гэта жанчына! З такой бы на прыроду, на тыдзень! — захоплена сказаў яму начальнік аддзела, тут жа «арганізаваў рытмічную музычку» і, вывеўшы маладзіцу ў сярэдзіну пакоя, закружыўся вакол, што той певень... Госця ля яго выглядала павачкай, але ж...

— Змарылася, — весела сказала Сухарыку, сядаючы пабач. — А вы чаму сумны?

— Таму што я ўсё жыццё чакаў такую жанчыну, як вы, а цяпер, калі сустрэў, павінен расстацца...

— Гэта чаму ж? — спытала Дар'я.

— Таму што вы заўтра ці калі там паедзеце ў сваю вёску, а я...

— Ну дык і вы паедзьце... У мяне там свой дом, сад з агародам, кароўка, свінкі. Сынок мой Ваня даўно просіць татку прывезці. Чацвёрты гадок малому...

— І вы прапануеце мне паехаць? Вось так адразу? — здзівіўся Сухарык. — Вы ж мяне зусім не ведаеце.

— Не ведаю ды бачу, што чалавек вы добры. А добрыя людзі на дарозе не валяюцца!

— Сапраўды, — згадзіўся Сухарык. — Хоць ад вашай самагонкі паваліцца і можна... Назаўтра, у суботу, Галіна праводзіла Дар'ю на вакзал. Чакаючы аўтобуса, яны ўспаміналі ўчарашнюю вечарынку, казалі, як жа ўсё было добра!

— Толькі Сухарык штосьці сумаваў. А ўжо сыходзіў, дык і зусім як хмара, — прызнала Галіна, пазіраючы на Дар'ю.

— Ой, глядзі, хто ідзе! — пачырванеўшы, усклікнула тая.

— Божухна, я не веру вачам! — здзівілася Галя.

З аднаго боку да іх падыходзіў аўтобус, а з другога — Сухарык.

— Вось... Праводзіць прыйшоў, — збянтэжана сказаў ён.

— Гэта добра!.. Ну, дык шчасліва заставацца? — Дар'я працягнула яму руку.

— Бывайце, — сумна ўсміхнуўся той.

...Аўтобус крануўся з месца і ўжо трохі ад'ехаў, калі Сухарык з крыкам «Стой!» кінуўся яму ўслед.

Кіроўца досыць рэзка затармазіў, адчыніў дзверы. Сухарык уляцеў у салон і сеў поруч з Дар'яй.

Усё адбылося настолькі нечакана, што ніхто нічога не зразумеў. Хіба Галіна:

— Ай ды Сухарык! Ай ды малайчына!.. І ты малайчынка, Дар'я! Я прыеду да вас... Прыеду са скрыняй шампанскага!

— А навошта скрыня? — гучна спытала маладзіца.

— Ды ў нас дамова такая! — паспела крыкнуць Галіна.

Аўтобус, пакінуўшы лёгкую аблачынку дыму, хутка паімчаў у далячынь, звозячы ў вёску Дар'ю, Сухарыка ды іх нечаканае шчасце.

Валянціна Паліканіна,

г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Ад яе ж: ведаеце, што аб'ядноўвае гэтыя гісторыі? Тое, што кожная з іх пачыналася словамі: «Я даўно збіралася расказаць вам пра тое...»

Дык, калі ласка, не «збірайцеся» — расказвайце!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.