Вы тут

Банкі cарыентуюць на «лічбу»


Эксперты Нацбанка ўпэўнены, што новая сістэма ідэнтыфікацыі кліентаў павялічыць канкурэнцыю ў фінансавай сферы і знізіць кошт банкаўскіх паслуг і прадуктаў.

Налета ў кастрычніку ў нашай краіне пачне сваё функцыянаванне міжбанкаўская сістэма ідэнтыфікацыі (МСІ), стварэнне якой прадугледжана Указам кіраўніка дзяржавы ад 1 снежня 2015 года № 478 «Аб развіцці лічбавых банкаўскіх тэхналогій». З пачаткам працы МСІ ў краіне будуць створаны ўмовы для развіцця лічбавай трансфармацыі банкаўскага сектара, пра што паведамляе прэс-служба Нацыянальнага банка Беларусі.

Адзіны «фэйс-кантроль» для кліентаў

Зразумела, што ўкараненне найноўшых лічбавых тэхналогій у банкаўскай сферы — агульнасусветны трэнд, які падтрымліваецца і айчыннымі банкамі. Таму сёння ў свеце ўсё больш банкаўскіх паслуг аказваюцца пры дапамозе дыстанцыйных каналаў і далейшая лічбавая трансфармацыя магчыма толькі з рашэннем пытання па міжбанкаўскай ідэнтыфікацыі кліентаў. Спецыялісты рэгулятара адзначаюць, што менавіта яе адсутнасць з'яўляецца асноўным бар'ерам на шляху доступу фізічных і юрыдычных асоб (кліентаў) да банкаўскіх паслуг і прадуктаў з дапамогай дыстанцыйных (лічбавых) каналаў узаемадзеяння.

Эксперты фінансавай сферы ўпэўнены, што фарміраванне МСІ дазволіць кліентам банкаў, аднойчы прайшоўшы працэдуру ідэнтыфікацыі асабіста ў адным з банкаў, атрымліваць банкаўскае абслугоўванне з дапамогай дыстанцыйных каналаў у любым беларускім банку ў зручны час. Такім чынам, цяпер жыхарам нашай краіны стануць даступны паслугі, якія аказваюцца беларускімі банкамі, незалежна ад наяўнасці ў іх населеных пунктах аддзяленняў банкаў.

Банкаўскія паслугі — не выходзячы з дому

«У якасці тэхналагічнай базы для фарміравання МСІ выступае адзіная разліковая і інфармацыйная прастора Рэспублікі Беларусь (АРІП)», — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка. Спецыялістамі рэгулятара ўдакладняецца, што адначасова з прыняццем указа №478 будзе ўдасканалены механізм аказання банкамі паслуг і ажыццяўлення банкаўскіх аперацый.

Таму нараўне з выкарыстаннем электроннага лічбавага подпісу кліент зможа атрымаць банкаўскую паслугу пры дапамозе праграмна-тэхнічных сродкаў і тэхналогій на базе інфармацыі аб першаснай ідэнтыфікацыі без неабходнасці наведвання банкаў. Такое абслугоўванне кліентаў будзе ажыццяўляцца з улікам рызыка-арыентаванага падыходу пры выкананні кожнай канкрэтнай банкаўскай аперацыі.

Разлікі «фізікаў» — праз АРІП

Акрамя таго, гэтым дакументам прадугледжваецца, што «з 1 студзеня 2017 года ўсе юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць работы, рэалізуюць тавары (паслугі) і карыстаюцца паслугамі банкаў і іншых юрыдычных асоб для арганізацыі прыёму плацяжоў на іх карысць, а таксама інтэрнэт-крамы павінны даць магчымасць фізічным асобам праводзіць названыя плацяжы з дапамогай АРІП». Такім чынам, насельніцтву будзе забяспечана магчымасць аплаты работ, тавараў і паслуг у больш чым 13 тысячах пунктах прыёму плацяжоў, у тым ліку і з дапамогай сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, банкаматах і інфакіёсках.

Цяпер менавіта Нацбанк адказвае за фарміраванне і развіццё АРІП, забяспечвае функцыянаванне яго аўтаматызаванай сістэмы АІС «Разлік», а таксама ажыццяўляе нарматыўнае прававое рэгуляванне і метадалагічнае забеспячэнне працэсу прыёму плацяжоў за паслугі і ў бюджэт ад насельніцтва. Аднак такая дзейнасць не адносіцца да кампетэнцыі цэнтральнага банка краіны як дзяржаўнага органа і не адпавядае міжнароднай практыцы.

Таму адным з эфектыўных механізмаў вызвалення цэнтральнага банка ад выканання неўласцівай функцыі выступае стварэнне самастойнага суб'екта гаспадарання з яго удзелам. У сувязі з гэтым указам № 478 прадугледжана стварэнне адкрытага акцыянернага таварыства «Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя «Адзіная разліковая і інфармацыйная прастора», якое павінна пачаць сваю самастойную дзейнасць налета з 1 красавіка.

Ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў Набанка ўпэўнены, што выкананне нормаў гэтага ўказа паслужыць дадатковым стымулам для павелічэння колькасці карыстальнікаў банкаўскімі паслугамі, а таксама паспрыяе зніжэнню цэн банкаўскіх паслуг і прадуктаў за кошт росту канкурэнцыі і скарачэння выдаткаў банкаў на іх аказанне.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.