Вы тут

Патаннелымі мінскімі кватэрамі зноў пачалі цікавіцца расійскія таўстасумы


У Мінску, як сведчыць аналіз рынку нерухомасці, з пачатку года прыкметна знізіліся цэны на гатовыя кватэры без адстройвання — іх купляюць на 15-20% танней за жыллё з гатовым інтэр'ерам, а для правядзення рамонту ўсё часцей прыцягваюць спажывецкія крэдыты.

3-41

Дэльта паміж катэгорыямі кватэр — 300 долараў за «квадрат»

Спецыялісты адзначаюць, што сталічнае жыллё з пачатку года патаннела на чвэрць. Найбольшым попытам сталі карыстацца недарагія аб'екты з адным-двума пакоямі. Сярод іх — кватэры без рамонту ў панэльных новабудоўлях і жыллё ў непрывабным стане ў старых дамах. Іх уладальнікам прыходзіцца дэмпінгаваць — кошт «квадрата» ў такіх аб'ектах звычайна ніжэйшы адразу на 300 долараў рэальных цэннікаў.

Рыначныя цэны на кватэры без адстройвання ў Мінску цяпер складаюць каля 1100 долараў за квадратны метр, а з рамонтам дасягаюць 1400 долараў за «квадрат».

Разам з тым эксперты другаснага рынку нерухомасці галоўнага мегаполіса краіны адзначаюць, што нават сціплае адстройванне стандартнай кватэры цяпер выльецца ў 100-200 долараў за квадратны метр. Грошы на рамонт усё часцей бяруць у банкаў, якія актывізаваліся ў пераднавагодні перыяд. Многія сем'і скарысталіся крэдытнымі канікуламі — беспрацэнтнай адтэрміноўкай плацяжоў па крэдыце гатоўкай, у тым ліку і на рамонт кватэры.

Крэдытныя бонусы ад банкаў

Напрыклад, у прэс-службе Альфа-Банка нам паведамілі, што гэтай восенню жыхары краіны пачалі часцей прыцягваць спажывецкія крэдыты для ўладкавання кватэры. Фінансісты ад банкаўскай сферы лічаць, што цяпер час для гэтага самы ўдалы: у снежні, калі традыцыйна ўзмацняецца актыўнасць на рынку жылля, банкі робяць пераднавагоднія паслабленні. У якасці прыкладу — крэдытныя вакацыі ад Альфа-Банка. Многія выкарыстоўваюць гэтую магчымасць, каб хутка зрабіць хоць бы мінімальны рамонт у кватэры і адсвяткаваць наваселле да канца года.

Попыт на кватэры без рамонту застаецца высокім. «Пакупнік з невялікімі зберажэннямі — у раёне 40 тысяч долараў — цяпер можа сабе дазволіць купіць жыллё ў сталіцы, хоць яшчэ год таму гэта здавалася фантастыкай. Так што цікавасць да такіх прапаноў не зніжаецца. У той жа час трэба разумець, што попыт тут абумоўлены толькі нізкай цаной — варта яе павысіць, як пакупнік пераключыцца на аналагічныя аб'екты, але з гатовым інтэр'ерам», — адзначыла намеснік дырэктара па продажах на другасным рынку жылля групы кампаній «Твая сталіца» Святлана КУДЗЕЛКА.

Кватэры ў дрэнным стане папулярныя сёння як сярод маладых мінчан, так і прыезджых. «На рынак прыйшлі новыя пакупнікі, якія раней нават і не марылі пра кватэру ў сталіцы. Некаторыя набываюць недарагія кватэры без рамонту, а потым з дапамогай бацькоў, сяброў або банка робяць рамонт і пераязджаюць, абы не плаціць за арэнду здымнага жылля», — патлумачыла эксперт.

Сучасны абмен з даплатай

Яшчэ адна тэндэнцыя на рынку — продаж старой кватэры наўзамен новабудоўлі. На жыллёвым рынку, дзе назіраецца патанненне нерухомасці і не хапае жывых грошай, скарачаецца дэльта паміж цаной новай кватэры і коштам старога жылля, а сярод насельніцтва павялічыўся попыт на значныя сумы пазык. «Сярэдні чэк па крэдытах наяўнымі грашыма традыцыйна вагаецца на ўзроўні каля 30 млн рублёў. Але, верагодна, у сувязі з апошнімі тэндэнцыямі на рынку нерухомасці вырас попыт на значныя сумы — да 150-200 млн рублёў, якія можна атрымаць без прыцягнення паручыцеляў», — растлумачылі ў камерцыйным банку.

Менавіта таму ўсё больш сем'яў сталіцы імкнуцца пераехаць у кватэры з сучаснай планіроўкай, вялікай плошчай і высокімі столямі. Вяртаецца цікавасць да схемы трэйд-ін на рынку жылля, хоць большасць забудоўшчыкаў да яе не гатовыя — у такіх выпадках усё роўна даводзіцца фарміраваць «ланцужок» з дапамогай агенцтва нерухомасці. Увогуле схема трэйд-ін прадугледжвае будаўніцтва (набыццё) кватэры пад гарантыю (заклад) старога жылога памяшкання.

Інвестары ўжо «ўбачылі» цэнавае дно

На сталічным рынку стала больш інвестараў — тыя, хто купляюць нерухомасць з мэтай ўкладання зберажэнняў. Нягледзячы на тое, што цэны на жыллё працягваюць зніжацца, у сярэднетэрміновай перспектыве аб'екты нерухомасці могуць прынесці пэўную прыбытковасць. Часцей за ўсё кватэры купляюць беларусы, але нерухомасцю ў Мінску цяпер пачалі цікавіцца і расіяне з грашыма.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.