Вы тут

Праз церні ўбачыць даўнейшае


Што такое Ведзьмерагіна і ці ёсць у нашай краіне свой Стоўнхендж?

Адказы на гэтыя пытанні можна знайсці ў кнізе «Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія». Яе аўтар — навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Цімафей АВІЛІН. У выданні ўпершыню ў гісторыі комплексна разглядаюцца традыцыйныя ўяўленні беларусаў пра астраномію. Карэспандэнту «Чырвонкі. Чырвонай змены» аўтар расказаў пра галоўныя асаблівасці народнага разумення космасу.

[caption id="attachment_112870" align="alignnone" width="600"]3-11 На­ват ка­лі не­ба за­цяг­ну­та аб­ло­ка­мі, кем­лі­вы эт­на­аст­ра­ном зной­дзе вый­сце.[/caption]

— Цімафей, адразу спытаю, пра што можна даведацца з кнігі?

— Яна закранае ўсе аспекты ўспрымання беларусамі космасу. Я імкнуўся зрабіць выданне цікавым не толькі для навукоўцаў. Яго можна разглядаць і як навукова-папулярнае, і як энцыклапедыю. Можна чытаць спачатку, а можна адкрыць асобны артыкул і даведацца пра канкрэтнае сузор'е ці з'яву. Яшчэ адзін аспект магчымага выкарыстання — гэта сучасная інтэрпрэтацыя. Я спадзяюся, што сабраная інфармацыя стане падмуркам для развіцця тэмы ў мастацтве, дапаможа нашым пісьменнікам, мастакам.

— А ці шмат адрозненняў у нашай этнаастраноміі ад класічнай еўрапейскай — старажытнагрэчаскай?

— Памылкай будзе лічыць, што ў аснове сучаснай астраноміі ляжыць грэчаская міфалогія. Справа ў тым, што грэчаскае тлумачэнне гісторыі назваў сузор'яў было сфарміравана і ўведзена ў навуковы ўжытак толькі ў ХІХ стагоддзі на аснове тэкстаў толькі некалькіх антычных аўтараў. Але ж кожны народ выбудоўваў сваю міфалагічную сістэму, не выключэнне і Беларусь.

Частка нашай астранамічнай міфалогіі заснавана на побытавых з'явах (Арыён — Касцы, Вялікая Мядзведзіца — Воз), частка — на біблейскіх уяўленнях (напрыклад, гісторыя Віфлеемскай зоркі, легенда пра Млечны шлях як разлітае святымі малако).

Мы маем з суседзямі шмат агульнага. Напрыклад, тэрмін «Ведзьмерагіна», якім на беларуска-літоўскім памежжы называюць Венеру, утвораны ад беларускага слова «ведзьма», і літоўскага «рагіна», што азначае... таксама «ведзьма». Такое вось узаемапранікненне.

Кожны народ успрымае начное неба праз прызму сваёй культуры, таму сабраныя намі звесткі па этнаастраноміі — гэта ўнікальны падмурак для навукоўцаў з самых розных сфер: мовазнаўства, этнаграфіі, фалькларыстыкі і іншых.

— Па якіх крыніцах можна вывучаць «народную» астраномію цяпер?

— У першую чаргу варта назваць экспедыцыйную дзейнасць. Старыя людзі ў вёсках дагэтуль памятаюць шмат цікавага па тэме. Я сам нярэдка збіраю пэўныя звесткі падчас паездак. Не менш важны і аспект дакументальных запісаў, нешта можна знайсці ў летапісах і іншых дакументах, нешта — у працах замежных калег.

Зазначу, што ўсе звесткі — дакументальна пацверджаныя.

Я імкнуўся змяшчаць максімальна дакладныя даныя, не міфалагізуючы нашу астраномію. Бо многае з таго, што мы ведаем пра беларускае разуменне космасу, штучна створана ў параўнальна нядаўнія часы.

— Напрыклад?

— Скажам, тэрмін «Мілавіца», які часта ўжываюць у дачыненні да Венеры. Насамрэч беларусы так не казалі. Гэтую планету называлі па-рознаму: у першую чаргу — Заранкай ці Вечарніцай (з-за добрай бачнасці ранкам і ўвечары), Віфлеемскай зоркай, Звярыніцай, Воўчай зоркай, Мядзведзіцай, Дар'яй і Мар'яй, але ніколі — Мілавіцай. Ці ўзяць слова «знічка» — яго таксама не было да пэўнага часу ў нашай лексіцы ў такім значэнні. Знічкай называлі дзяўчыну, якая знікае і з'яўляецца ў іншым месцы.

Дарэчы, цікава, што некаторыя з гэтых міфаў становяцца рэальнасцю. Прыязджаеш у вёску, чуеш там ад кагосьці — «зорка Венера». Пытаешся, адкуль ведаюць такія словы, а табе ў адказ: «Дык так жа ў Багдановіча».

Ёсць і вельмі спрэчныя рэчы, з якімі я таксама паспрабаваў разабрацца. Напрыклад, наяўнасць старажытных беларускіх абсерваторый кшталту Стоўнхенджа. Некаторыя лічаць, што такія збудаванні знаходзіліся ва ўрочышчы Купа ў Аршанскім раёне і на возеры Янова каля Полацка, але сказаць, ці дакладна капішчы на гэтых месцах будаваліся ў астранамічных мэтах, немагчыма. У вёсцы Пашэвічы кажуць пра валун з лункамі, якія нібыта адлюстроўваюць частку зорак з сузор'яў Андрамеды і Касіяпеі, але гэта таксама цяжка пацвердзіць.

— А ці была ў беларусаў свая астралогія?

— Калі казаць пра наша традыцыйнае яе ўспрыманне — са знакамі задыяка, па якіх можна вызначаць лёс, — то наўрад ці нашы продкі мелі такую сістэму. Але пэўныя элементы прадказання будучыні пры дапамозе зорак сустракаюцца. Скажам, у Веткаўскім раёне мне распавядалі пра бабак-павітух, якія пасля нараджэння дзіцяці выходзілі паглядзець на начное неба, каб прадказаць яго лёс. Як яны гэта рабілі, сказаць цяжка. Хутчэй за ўсё, сачылі за размяшчэннем самых яркіх зорак на небасхіле, наяўнасцю метэораў, гэта і ўказвала на будучыню нованароджанага.

— Калі падагульніць, ці моцна наша традыцыйная астралогія адрозніваецца ад агульнапрынятай?

— Так, гэта нават тэрміналагічна адсочваецца. Скажам, у нас не было спецыяльнага слова для абазначэння сузор'яў, у вёсках звычайна кажуць або «зорка», або «купка зорак», маючы на ўвазе іх групу. У літаратуры ўжываліся розныя тэрміны, нават лацінскія — «канстэлацыя», але «народнага» слова не было. Толькі ў пачатку мінулага стагоддзя з'явілася адпаведнае абазначэнне. Дарэчы, Вацлаў Ластоўскі прапаноўваў сваё слова — «спагвездзе», але ў мове замацавалася «сузор'е».

Ці ўзяць тую ж «зорку» — толькі на тэрыторыі Беларусі шырока ўжывалася тры тэрміны: «зорка», «звязда» і «гвязда».

Зазначу, што я ні ў якім разе не прапаноўваю замяніць усе існуючыя тэрміны ўласнабеларускімі. Але ведаць сваё — варта. Гэта як ведаць некалькі моў — любому чалавеку не зашкодзіць.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.