Вы тут

Крэатыў + ініцыятыва + бізнес


60 бізнес-праектаў, распрацаваных студэнтамі 16 ВНУ, былі прадстаўлены ў Пінску на першым рэспубліканскім форуме маладзёжнага стартап-руху. Маштабнае мерапрыемства праходзіла на базе Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, а яго арганізатарам і ініцыятарам выступіла Міністэрства адукацыі.


4-34

Ацэньваў наватарскія ідэі экспертны савет, які ўзначаліў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. У савет увайшлі таксама старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін, намеснік дырэктара адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Аляксандр Марцінкевіч, прадстаўнікі бізнес-супольнасці, прадпрыемстваў і арганізацый. Прэзентацыя праектаў праходзіла ў фармаце краш-тэстаў, што дазваляла бізнесменам-пачаткоўцам вызначыць узровень перспектыўнасці сваёй прапановы, атрымаць рэкамендацыі па ўдасканаленні праекта, а магчыма, і грант на рэалізацыю сваёй ідэі.

У краіне зараз ідзе актыўная праца па прасоўванні студэнцкіх стартап-праектаў. Спецыяльныя мерапрыемствы па навучанні тых, хто хоча прадставіць сваю ідэю інвестарам (як трэба праводзіць прэзентацыю, як распрацаваць бізнес-план, дзе шукаць інвестараў), арганізуюць і самі ВНУ. Таму галоўнай задумай форуму было стварыць умовы для таго, каб маладосць, крэатыў, ініцыятыва і бізнес знайшлі адзін аднаго.

Міністэрства адукацыі выдзяліла гранты на рэалізацыю трох студэнцкіх стартап-праектаў. У намінацыі «Самы інавацыйны бізнес-праект» грант ад Мінадукацыі (і планшэт кіраўніку праекта) быў уручаны камандзе Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта за распрацоўку пад мудрагелістай назвай «Тэрмамеханічна мадыфікаваная драўніна для вырабу верхняга слою паркета». Студэнтам удалося палепшыць фізіка-механічныя ўласцівасці мяккаліставых парод за кошт ушчыльнення пад гарачым прэсам. Гэты спосаб дазваляе дадаткова абараніць паркет ад агрэсіўнага асяроддзя.

У намінацыі «Самы камерцыйна перспектыўны бізнес-праект» перамагла каманда БНТУ з інавацыйнай ідэяй «Студэнцкае бюро праектавання крэатыўнай упакоўкі». Маладыя людзі атрымалі грашовы грант на рэалізацыю ідэі, прыз ад Банка развіцця і медыяплэер.

Трэці грант быў уручаны камандзе БДЭУ за праект «Закон чысціні», прадстаўлены ў намінацыі «Самы крэатыўны падыход да вырашэння актуальнай праблемы». Размова ідзе пра вытворчасць тары для кавы, у састаў якой будзе ўносіцца насенне раслін. Такі карысны «посуд» за кошт прарошчвання насення і біясінтэзу раслін зможа штогод выводзіць каля адной тоны вуглякіслага газу з атмасферы. Экалагічны эфект відавочны.

У намінацыі «Найлепшая каманда праекта» ў секцыі «Бізнес-праект» (камерцыйны) перамагла каманда Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій (ДІКСТ) БДУ. Студэнты прадставілі праект «Веларыцар». Іх распрацоўка дапаможа знізіць колькасць крадзяжоў двухколавых машын за кошт выкарыстання спецыяльных велатрэкераў. У якасці ўзнагароды каманда атрымала сертыфікат ад Парка высокіх тэхналогій, які дае права на працягу паўгода навучацца ў гэтай арганізацыі.

А ў намінацыі «Народнае прызнанне» ў секцыі «Сацыяльны праект» найлепшым быў прызнаны праект «Нарачанская рэспубліка», прадстаўлены таксама студэнтамі ДІКСТ БДУ. Асноўная яго ідэя заключаецца ў наданні тэрыторыі Нарачы асаблівага статусу. «Нарачанская рэспубліка» будзе надзеленая сваімі «правамі», «правіламі» і «канстытуцыяй», што дазволіць стварыць спецыфічны адметны каларыт гэтай мясцовасці.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.