Вы тут

«Ледзяны пакой» для святочнага настрою


У апошні час Новы год і папярэднія яму тыдні ў многіх беларусаў перасталі асацыявацца з маразамі, снегам і льдом. Усё часцей снежань прыносіць толькі халодныя дажджы і слоту. Але зарадзіцца пераднавагоднім настроем нават у такое надвор'е жыхарам сталіцы цяпер стане прасцей — у гандлёвым цэнтры ALL на Даўгінаўскім тракце з'явіўся так званы «ледзяны пакой», у якім пара года не залежыць ад навакольнага асяроддзя.

9-31

На 24-х квадратных метрах размяшчаюцца сані, канапа, трон і камін, заселены пакой жывёламі, якія традыцыйна асацыююцца з зімой, у прыватнасці, зайцамі. Усё гэта зроблена з лёду, а захоўвае інтэр'ер тэмпература ў мінус 10 градусаў. Без цёплай вопраткі пратрымацца ў такой казачнай рэзідэнцыі цяжка. Дапаўняе экспазіцыю атмасферная падсветка. Усю «мэблю» можна кранаць і нават выкарыстоўваць па прамым прызначэнні, праўда, не надта доўга — каб не прастудзіцца.

— Ідэя з'явілася проста — мы хацелі зрабіць нешта такое, чаго яшчэ не было ў Беларусі, — распавядае аўтарка ідэі ледзянога пакоя, спецыяліст па маркетынгу кампаніі-забудоўшчыка «А-100 Дэвелапмент» Вольга ЦІШКЕВІЧ. — Выпадкова ўбачылі працы студыі ледзянога мастацтва Nіce, якая потым і стала выканаўцам праекта, і вырашылі, што гэта будзе цікава. Ад моманту распрацоўкі макета і да завяршэння работ над скульптурамі прайшло два месяцы. Наведванне пакою будзе для ўсіх бясплатным, працаваць ён будзе штодзень з 10 раніцы да самага вечара, а сам праект працягнецца да 15 студзеня. Магчыма, па завяршэнні выставім скульптуры на вуліцы.

9-32

Па словах кіраўніка студыі ледзянога мастацтва Nіce Аляксея АЎСЕЙКІ, працэс стварэння ледзяных скульптур — не самая простая задача. Нават вада, якая пасля прымае выбраную мастаком форму, рыхтуецца па спецыяльнай тэхналогіі — у яе павінен быць пэўны хімічны састаў і асаблівыя характарыстыкі. Усяго падчас працы было выкарыстана шэсць тон вадкасці, а некаторыя экспанаты важаць каля тоны. Стваральнік пакоя абяцае, што за больш як месяц фігуры не сапсуюцца і не зменяць форму, калі толькі чыя-небудзь неахайнасць не пакіне зайцаў без вушэй.

Для будучых наведнікаў пакоя стваральнікі падрыхтавалі адмысловую праграму: штодзень каля пакоя будзе «дзяжурыць» Дзед Мароз, тут жа яму можна будзе пакінуць ліст з пажаданымі падарункамі (вядома, у ледзяной скрыні).

[caption id="attachment_113713" align="alignnone" width="600"]9-33 Па словах Юрыя Гігіняка, адзінае ратаванне ног ад лютых маразоў Антарктыкі — драўляныя хэндмэйд-тапачкі. Адну пару палярнік падарыў ледзяному пакою.[/caption]

У цырымоніі адкрыцця сталічнага «полюса холаду» ўзялі ўдзел і тыя, каму да маразоў і замкнёнай прасторы не прывыкаць: беларускія палярнікі Юрый ГІГІНЯК і Уладзіслаў МЯМІН расказалі наведнікам пра свае прыгоды і штодзённае жыццё ў Антарктыдзе. Разам з палярнікамі прысутныя запісалі зварот да сваіх калег, якія цяпер накіроўваюцца на паўднёвы кантынент і на працягу наступных месяцаў будуць манціраваць там першую беларускую антарктычную станцыю. Прывітанне з радзімы каманда ўбачыць, як толькі вернецца на вялікую зямлю ў афрыканскім Кейптаўне.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.