Вы тут

Вам сапраўды патрэбен снегавічок?


Інтэрнэт ускалыхнула гісторыя 4-гадовага Андрэйкі з Украіны, які лечыцца ад лейкозу ў беларускай клініцы і зарабляе на сваё лячэнне саморобнымі снегавічкамі. І паляцелі перапосты, пераказы. За першыя некалькі дзён малышу заказалі больш за 3000 цацак і пералічылі 5 з паловай тысяч долараў. Папулярнасць расце, збор ідзе, народ захапляецца. А ў мяне не атрымліваецца замілоўвацца гэтай гісторыяй. І я раскажу, чаму.

club50001

Спачатку рука аўтаматычна пацягнулася да клавіятуры, каб папрасіць сабе снегавіка. Але моцны штуршок у грудзях спыніў. Мне сапраўды патрэбна цацка? Ды не, проста хачу дапамагчы хлопчыку. Дык дапамажы! Для чаго тады снегавік? Ён будзе прыгожа стаяць на стале і нагадваць, якую добрую справу я зрабіла.

У мяне столькі такіх напамінаў! Вось навагодняя зорка, зробленая рукамі 9-гадовага Жэні. Ён падарыў мне яе ў 2009-м. Праз шэсць месяцаў хлопчыка не стала. А я ўжо сёмы год сустракаю з яго зоркай. І кожны раз, перад святам дастаючы яе з шафы, узгадваю, якая я малайчына і як яму дапамагала.

Мы часта крыўляліся на фотакамеру, калі валанцёры і пацыенты збіраліся пагарэзіць у Цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Потым я раздрукоўвала і дарыла ім фотакарткі. Дзіму, найлепшага сябра ў цэнтры, папрасіла падпісаць наш агульны фотаздымак. Мне на памяць, калі раз'едземся ці калі што... Картка праляжала ў яго цэлы тыдзень, але хлопец так і не падабраў слоў і вярнуў фота непадпісаным. Дзімкі не стала восем гадоў таму. А яго фотаздымак нагадвае мне пра адсутнасць надпісу, адсутнасць Дзімкі і пра тое, якая я цудоўная, што сябравала з ім.

З Андрэем мы хацелі пасадзіць дрэва. Проста ў двары анкацэнтра. Выкапаць у бліжнім узлеску і пасадзіць каля бальніцы. На памяць, калі ён паправіцца, ці калі... Мы выбіралі месца, шукалі саджанец, здабывалі рыдлёўку. А потым яму стала горш. Мы так і не пасадзілі дрэва. Ён ужо ніколі не выгадуе сына і не збудуе дом. А я, кожны раз прыязджаючы ў бальніцу, шукаю вачыма месца, пустое месца, дзе не расце наша дрэва.

Не-не, я не пра сумную памяць. Вядома, ёсць і добрыя прыклады. Наш слаўны Міша, які лёгка і весела перанёс хваробу, у жыцці якога было шмат болю і здрады з боку дарослых, ад'язджаючы, пакінуў мне свае вырабы. Я перыядычна тэлефанавала яму, даставала з шуфляды аплікацыі, вазы з бісернымі кветкамі, вышыўкі. І ганарылася сабой.

Наш дабрачынны рух зараз збірае грошы для маладой спартсменкі з саркомай. Апарат для распрацоўкі нагі каштуе некалькі тысяч долараў. Былі артыкулы ў газетах, абвесткі на сайтах, посты ў сацсетках, некалькі дзясяткаў перапостаў... І толькі 500 тысяч беларускіх рублёў на рахунку.

Кожны дзень я атрымліваю лісты з пытаннямі, як зрабіць перавод, з адгаворкамі, што гэта складана, што трэба дайсці да пошты, банка, завесці электронны кашалёк, што нам варта было б спрасціць працэс дапамогі. І запаветныя капейкі не «капаюць» на рахунак былой спартсменкі, а яе мышцы дзервянеюць з кожнай секундай.

10-15

Але, як толькі на нашым гарызонце замаячыць «снегавічок», мы з радасцю дапамагаем, лёгка адрываем «пятую кропку» ад крэсла і хутка знаходзім спосаб перавесці грошы. Нам патрэбна аддача, напамін. Мы можам сабраць вялікую суму, абліваючыся ледзяной вадой і выстаўляючы відэа ў інтэрнэт. Мы можам набыць у «МакДональдсе» далоньку з надпісам «я дапамог дзецям». Але не можам проста ўзяць і дапамагчы дзецям. Не можам проста скінуцца і набыць апарат для спартсменкі. Не можам проста перавесці грошы на рахунак украінскага хлопчыка. Нам патрэбен за гэта медаль. Ці хаця б снегавічок...

У рамках падтрымкі падапечных «Клуба 5000» мы ладзілі чарговы дабрачынны аўкцыён. Стаўкі рабілі неахвотна, хоць стартавы кошт быў мінімальны, а рэчы прадавалі прыгожыя. Ну хто яго ведае, можа, крызіс уплывае. Пасля вялага продажу мы пачалі збірацца дадому. І якое ж было дзіва, калі да скарбонкі клуба з усіх канцоў залы паплылі людзі. Яны пакідалі ахвяраванні і дзякавалі за працу. Мы ўпершыню бачылі, як «дзівакі» адмаўляліся набыць унікальнае ўпрыгожанне за 50 тысяч, а потым проста кідалі ў скарбонку 100.

Урок аўкцыёну навучыў мяне па-іншаму ставіцца да «снегавічкоў». І так стала прыкра ад назапашаных напамінаў і свайго гонару! Цяпер на дабрачынных кірмашах я набываю толькі тое, што сапраўды патрэбна. А дапамогу пералічваю без усялякіх доказаў і бонусаў. Мішкавы вырабы раздала знаёмым. Сшытае ім сонейка адправілася ажно ў Італію. Там вісіць над ложкам, сагравае аднаго добрага чалавека і грэе самога Мішку думкай пра яго італьянскае сонейка.

Вам сапраўды патрэбен снегавічок? Я ведаю, што гэта прыцягвае больш увагі, чым проста просьба дапамагчы, ведаю, што ім лягчэй прасіць, аддаючы нешта ўзамен, што творчасць дапамагае адцягвацца ад хваробы. Але гэта ўжо іншая гісторыя. А Андрэйку сёння не да снегавікоў. Мы можам даць магчымасць яго матулі падарыць час сыну, а не вырабам. Мы можам даць ім адпачынак замест чаргі на пошце. Мы хочам яму дапамагчы, а не набыць сабе снегавіка. І зрабіць гэта не так складана, як здавалася.

Таццяна НЕМЧАНІНАВА, заснавальніца дабрачыннага руху «Клуб 5000»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?