Вы тут

Прынц і ружа прысняцца табе


Ёсць жа такія людзі, якія ўсім на свеце незадаволены. І дрэннае ім дрэнна, і ў добрым яны дрэннае абавязкова знойдуць. Але адна справа, калі бубніць і абураецца сварлівая цётка, — тады падумаеш, можа, яе муж крыўдзіць, магчыма, ён п'яніца ці яшчэ што. А ў мінулую нядзелю мне проста фатальна «шанцавала» на сварлівых дзядзькаў. Першы ў аўтобусе на ўвесь салон абураўся, што ў яго два разы за паездку праверылі білет. Шмат новага пра сябе даведаліся ў той дзень кантралёры: і што яны швэндаюцца, бо ім няма чаго рабіць, і што занадта павольныя, і што перашкаджаюць яму сядзець спакойна. Невядома, праўда, якім чынам. Я паспрабавала нясмела ўступіцца за жанчын у форменных накідках, сказала, што яны робяць сваю справу. Нестары яшчэ мужчына, дзесьці ў раёне 50 гадоў, стаў абурацца яшчэ гучней. Праўда, кантралёры, прывычныя да падобных сцэн, ніяк не адрэагавалі на выпад пасажыра. І гэта была правільная рэакцыя. 10-33 Бо не варта ўступаць у палеміку альбо даказваць нешта таму, хто не мае іншай мэты, як выплюхнуць на навакольных свой негатыў. У той жа дзень пасля прыезду ў цэнтр горада і не вельмі ўдалага паходу па крамах мы з дачкой прыпыніліся на алеі ліхтароў ля майго любімага Маленькага прынца. Там стаяла маці з дзецьмі і вельмі прыгожа пераказвала малым змест добрай казкі Экзюперы. Дзеці, з выгляду вучні малодшых класаў, уважліва разглядвалі скульптуру прынца, нешта пыталіся ў мамы, удакладнялі. Маці сказала ім: «Вернемся дадому, перачытаем «Маленькага прынца», раскажу вам пра яго аўтара». Тут падышоў грамадзянін, які адпачываў на суседняй лаўцы, і пачаў сваю прамову. Адразу стала ясна, што дзядзька, невыразнай знешнасці, цяжка вызначальнага ўзросту, толькі і чакаў моманту, каб выказацца. Сваё абурэнне ён адрасаваў і гарадскім уладам, і аўтарам ідэі алеі ліхтароў, і раўнадушнай грамадскасці, якая не разумее недарэчнасці на брэсцкай вуліцы «чужых» герояў. «Хто нам француз Экзюперы з яго дзіваком-прынцам?» — прыкладна такую думку імкнуўся данесці чалавек у сваёй шматслоўнай і блытанай тырадзе. Чамусьці напомніў ён мне героя іншага твора, які раптам «саткаўся з паветра». Я разгадала гэты прымітыўны псіхалагічны прыём, які часам называюць паглынаннем чужой энергіі, і хацела ўжо павярнуць. А маладая сімпатычная жанчына, што называецца, папалася. Яна пачала спрачацца, абурацца ў адказ, накшталт: «Як вы можаце?! Хіба Маленькі прынц мае дачыненне да Францыі большае, чым да нашай краіны? Ён жа — насельнік іншай планеты. І ніхто ў свеце не напісаў пра дружбу, пра шчырыя чалавечыя адносіны лепей, чым Антуан дэ Сент-Экзюперы ў яго «Пісьме заложніку...» Я зразумела, што трэба ўмяшацца і паклікала яе з сабой, адвяла ад гэтага чужароднага элемента. Мы пайшлі па алеі далей і разгаварыліся. Дзіяна раптам расказала сваю гісторыю. Родам яна з Расіі. Прыехала сюды за мужам. Усё ў іх было цудоўна. Нарадзіліся вось гэтыя сімпатычныя двайняткі. Яны з мужам узялі крэдыт і сталі будаваць кватэру. Яшчэ не паспелі ўсяліцца, як спасцігла гора: муж загінуў у аварыі. Ёй тады многія раілі вяртацца да бацькоў, пад Піцер. Але ў іх жыллёвыя ўмовы таксама не вельмі, а тут грошы ўкладзены, кватэра была на падыходзе. Праўда, як яна будзе выплачваць крэдыт, як адна паднімаць дзяцей, тады зусім не ўяўляла. Сябры мужа дапамагалі. Тыя, з кім раней хадзіў у паходы (Іван захапляўся турызмам), не пакінулі яе сам-насам з праблемамі. Найбольш яна ўдзячна за тое, што дапамаглі на добрую работу ўладкавацца пасля дэкрэтнага, каб магла выплачваць пазыку. А раней, калі сядзела дома з дзецьмі, ведала, што заўсёды можа пазваніць некаму з сябровак, калі трэба, напрыклад, у паліклініку ці нешта купіць, падвезці. «Каб не гэтыя чужыя людзі, не ведаю, як выжыла б, — гаворыць маладая жанчына і працягвае: — Сёння чытала інтэрв'ю адной вядомай актрысы, яна кажа, што здрабнелі людзі, здрабнелі адносіны. Я не магу пагадзіцца. Бо людзі ёсць зусім не дробныя і не ўсё вымяраецца грашыма. І гэта самае важнае ў жыцці, я цяпер ведаю...» Нешта вельмі добрае ішло ад той выпадковай жанчыны, як святло ад ліхтара на начной вуліцы. Здавалася, яна гатова дзяліцца дабром, тым, якое атрымала ад іншых. Я прыйшла дадому, перачытала «Пісьмо заложніку» і знайшла там радкі, пра якія, відаць, гаварыла Дзіяна: «Аснова ўсялякай культуры найперш за ўсё — у самім чалавеку. Найперш за ўсё — гэта ўласцівая чалавеку сляпая, неадольная прага цеплыні. А потым скрозь памылкі чалавек знаходзіць дарогу да агню. Вось таму, мой сябар, мне так патрэбна твая дружба. Мне, як глыток вады, патрэбен таварыш, які паднімаецца над спрэчкамі, якія народжаны розумам, паважае ўва мне паломніка, які ідзе да гэтага агню». Тое ж толькі іншымі словамі гаварыў і Маленькі прынц, які сапраўды не мае ні краіны, ні нацыянальнасці. І добра, што своеасаблівы помнік яму ёсць у Брэсце і што ў адной з беларускіх калыханак ёсць словы: «Прынц і ружа прысняцца табе». Святлана ЯСКЕВІЧ yackevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Атракцыёны рыхтуюцца да лета. Што робіцца, каб каруселі былі бяспечныя

Атракцыёны рыхтуюцца да лета. Што робіцца, каб каруселі былі бяспечныя

Сярэдзіна красавіка — час, калі сталічныя паркі рыхтуюцца да масавага наведвання. 

Грамадства

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Звязацца з храмам у гонар Георгія Перамаганосца, дзе служыць айцец Валерыян, можна па тэлефоне, які няцяжка знайсці ў інтэрнэце. 

Эканоміка

На «ТІБО-2019» Белпошта паказала новыя тэхнічныя цікавінкі

На «ТІБО-2019» Белпошта паказала новыя тэхнічныя цікавінкі

Якія неўзабаве ўвойдуць у прафесійны побыт.

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!