Парадзіхі


У 1965 годзе на калгаснай машыне мяне прывезлі ў вялікі драўляны дом з радзільнай залай, прасторнай палатай і двума пакоямі: для немаўлят і медперсаналу.

Аднак пра гэта я даведалася пазней. Спачатку ўбачыла сваіх суседак-парадзіх ды іхнія ложкі (аж 10 штук), адчула, што ў палаце пануе ціхая радасць, да якой дадалася і сама весялосць. «Прывезла» яе яшчэ адна маладзіца — з вялікім жыватом (яна трымала яго аберуч) і ледзь не такой жа па аб'ёме капой ярка-рыжых валасоў.

— Каця, — павітаўшыся, з усмешкай сказала новенькая, і быццам абдала нас хваляй дабрыні і весялосці, бо з яе, як з тога чароўнага рога, сталі сыпацца розныя показкі ды гісторыі. Ну вось напрыклад. На абед нам прынеслі салату. Голас Каці:

— Ой, дзяўчаты, морквачка! Я ж яе з маленства люблю! Пайду, бывала, на градку, вырву каліва, а яно тоненькае, маленькае. Дык я за яго — і назад у зямельку: няхай падрасце. А сама па градцы далей паўзу — большую шукаю...

Каця расказвае пра гэта і смяецца, прычым такім заразлівым смехам, што рагатаць пачынаюць усе. За выключэннем хіба тых, каму не да смеху ўжо: у мяне «пад тую морквачку» чарговыя схваткі пачаліся...

Ад іх ды нясцерпнага болю я пакутавала ўсю ноч: першы крык свайго сыночка пачула толькі пад раніцу...

Тады ж, ледзь жывую, мяне прынеслі ў палату, паклалі на ложак.

— Як вы сябе адчуваеце? — у хуткім часе спытала дакторка.

А я маўчу, бо не магу не тое што адказаць, нават вочы расплюшчыць.

Тады яна з іншага боку зайшла — пытае ў мяне:

— Што баліць?

Я хачу ёй сказаць: «Усё!..» А вось што найбольш? Не падымаючы век, ледзь чутна прамаўляю:

— Пяткі.

У палаце — выбух смеху. А я ж сур'ёзна, бо ногі, сагнутыя ў каленях, за некалькі гадзін нерухомасці проста ўкарчанелі, пяткі — ажно смыляць.

— Я магу табе дапамагчы? — нахіляецца да мяне Каця.

Я шэптам прашу:

— Выпрастай мне ногі.

Каця тут жа адкінула коўдру, разагнула мае калені. Мне адразу ж стала лягчэй, а вось ёй — наадварот. Бо жанчына раптам войкнула, гучна закрычала і схапілася за спінку майго ложка...

Мне было вельмі дрэнна, а стала яшчэ горш. Але ж я ўжо ведала, што такое схваткі, і чакала, пакуль яны не скончацца ў Каці.

Нарэшце жанчына прыціхла — супакоілася, у знямозе лягла на свой ложак. Я таксама з палёгкай уздыхнула. Праўда, ненадоўга, бо ў Каці пачаліся новыя схваткі, і яна чамусьці зноў учапілася ў мой ложак.

Так паўтаралася аж пакуль парадзіху не забралі ў радзалу, дзе бліжэй да вечара яна нарадзіла хлопчыка.

...Ні мабільных, ні звычайных тэлефонаў у людзей тады, можна сказаць, не было. Усе навіны з радзільні акушэрка паведамляла ў сельскія Саветы. А ўжо адтуль яны маланкамі разносіліся па акрузе і, вядома ж, дасягалі мэты. Назаўтра пад нашымі вокнамі з'яўляліся бацькі немаўлят, іх брацікі ды сястрычкі.

— Гляньце, мае прыйшлі! — крычыць неяк Каця.

Мы прыляпіліся насамі да шыб: пад акном і сапраўды стаяў мужчына з дзвюма дзяўчынкамі: у сям'і, вядома ж, не хапала хлопчыка. А магчыма, і двух...

Прынамсі, прыехаўшы ў радзільню яшчэ раз (па дачушку), я чакала, што зараз расчыняцца дзверы, і ў палату ўвойдзе Каця.

Не збылося... Шкада.

Дзіна Дубадзелава,

в. Леніна, Добрушскі раён.

Бог сцеражэ асцярожнага

...З маленства помню: гарбузы ў нашай вёсцы даспельвалі на дахах. Не сказаць, што гэта вельмі зручна і лёгка, не сказаць, што бяспечна, але ж шмат хто прыстаўляў да будынка драбіны, на край даху вялікімі цвікамі прыбіваў тоўстыя дошкі і потым некалькі гадоў складваў за імі ўраджай.

Складваў бы, магчыма, дагэтуль, калі б...

У той год у нашага суседа дзеда Якава гародніна ўрадзіла будзь здароў! Ва ўсялякім разе гарбузоў (хай не дужа вялікіх), шмат было, дзед іх доўга цягаў на дах...

І вось настаў час здымаць. Гаспадар прынёс драбіны, прыставіў іх, нагледзеў самы гладкі і спелы гарбуз, пацягнуў за хвост. Але ж пацягнуў... разам з дошкай, якая і без таго была пад нагрузкай.

Ну і не вытрымала — варухнулася, адным канцом пасунулася ўніз.

Адпаведна гарбузы ўсе зрушыліся з месца, націснулі на прыстаўленыя драбіны. І не проста скінулі іх разам з дзедам, — можна сказаць, градам пасыпаліся самі...

Жонка, здалёк убачыўшы гэтае відовішча, ледзьве не самлела: схапілася за сэрца, знямела. Потым падбегла да кучы з крыкам:

— Яшачка, ці жывы ты?

Стары не азваўся, але ж, дзякаваць Богу, варухнуўся...

Бабуля стала спехам «адграбаць» гарбузы, падбірацца да дзеда, падала руку.

Той з яе дапамогай неяк устаў, ледзь не на карачках папоўз у хату.

...Амаль месяц ён адлежваўся на печы. А калі крыху ачуняў, выйшаў з кійком на вуліцу, стаў частаваць дзятву гатовымі гарбузікамі.

Адзін з хлапчукоў асмеліўся паспачуваць старому, спытаць, ці моцна яго пабілі... гарбузы? Дзед у адказ толькі цяжка ўздыхнуў:

— Ведаеш, — сказаў, — у 1919 годзе мяне білі бізунамі палякі, у 1944-м — яшчэ больш ад немчуры перапала... І ад гарбузоў усё цела баліць, але ж тут ужо сам вінаваты!

Пасля гэтага здарэння ніхто ў нашай вёсцы гарбузы на даху болей не спяліў. Бог сцеражэ асцярожнага. Ці не так?

Уладзімір Пугач,

м. Навасёлкі, Петрыкаўскі раён

Каб не тая бландзінка...

Пачні распытваць мужоў і жонак, як яны пазнаёміліся, дзе сустрэліся, і, відаць, непазбежна высветліцца, што вельмі шмат каго звёў выпадак — чужое вяселле, чарга да касы, паход у кіно ...

У адрозненне ад іх, мы з мужам сустрэліся... заканамерна, бо разам вучыліся ў інстытуце. А вось пажаніліся сапраўды выпадкова.

Мне тады было трошкі за 20, і пра замужжа я зусім не думала, хоць — не без таго — нехта з хлопцаў падабаўся мне, некаму падабалася я... Адзін, у прыватнасці (малдаванін, вучыўся ў нас пасля службы ў войску) час ад часу клікаў на спатканні, запрашаў у кіно, у музей, у тэатр...

Зрэдку, пад настрой, я згаджалася, і мы хадзілі, але найчасцей прыдумляла нейкую прычыну, каб адмовіцца (ну не казаць жа хлопцу, што мне з ім сумна?). Ён тады крыўдаваў, на нейкі час адступаўся, рабіў выгляд, што наогул не заўважае мяне, але ж праходзіў тыдзень-другі, і Алег, так бы мовіць, «вяртаўся»: казаў, напрыклад, што ў яго зусім выпадкова аказаліся два білеты на канцэрт маёй любімай спявачкі.

Карацей, усё пачыналася спачатку і цягнулася больш за год, аж пакуль...

У той дзень мы з Алегам вярталіся з заняткаў, ішлі па сталічным праспекце Францыска Скарыны (цяпер Незалежнасці). Нехта, як водзіцца, абганяў нас, нехта ішоў насустрач — то хуткім крокам, то так званым прагулачным... Тая бландзінка, мусіць, вельмі спяшалася.

Зрэшты, усё адбылося настолькі хутка, што мы нічога не зразумелі. Проста ўбачылі, што на асфальт перад намі падаюць нейкія паперы і... маладая жанчына.

Алег адразу ж кінуўся да яе:

— Як вы? Што баліць? — пытаўся ён, дапамагаючы падняцца. — «Хуткую» выклікаць?

— Не, не трэба, — паціраючы пабітае калена, адказала жанчына. — Прабачце мне, калі ласка! І дзякуй!

Што здзівіла, далонь пацярпелай была ў крыві, калена пад джынсамі, мусіць, таксама, але яна пры гэтым шчыра ўсміхалася, казала (па-беларуску, гледзячы на мяне):

— Вось бачыце, які ў вас мужчына, — жанкі перад ім так і падаюць, так і падаюць... Пройдзе яшчэ пяць гадоў — вось пабачыце! — штабелямі будуць укладвацца!

З гэтымі словамі, яшчэ раз падзякаваўшы нам за дапамогу, маладзіца склала ў стосік свае кніжкі-паперы і, ступаючы вельмі нясмела, падалася ў свой бок. Мы з Алегам пайшлі ў свой, але ўжо не моўчкі.

— Яна што, перш-наперш папрасіла прабачэння? — удакладніў Алег. (Трэба сказаць: яго шмат што здзіўляла ў нашай краіне).

— Так, —- адказала я.

— А за што?

— Ну, можа, за тое, што спатыкнулася, напужала нас сваім падзеннем, — выказала здагадку я.

— А потым што, нягледзячы на боль, узялася дзякаваць?..

— Так.

— І тут жа стала жартаваць?.. Ну гэта ж трэба!

Алег так дэталёва ўсё запамінаў, так шчыра здзіўляўся... Больш за тое, зусім нечакана для мяне ён зрабіў выснову, што ў гэтым эпізодзе, як у люстэрку адбіўся (ні больш, ні менш)... наш нацыянальны характар, прычым у найлепшых рысах. Ну па-першае, нягледзячы ні на што, не прычыняць ніякіх клопатаў іншым; па-другое, у любых, нават самых нечаканых абставінах, што называецца, трымаць марку і сябе ў руках — не расклейвацца і не пасаваць, па-трэцяе, не губляць прысутнасці духу і гумару...

Потым не раз яшчэ мы ўзгадвалі гэту выпадковую сустрэчу, гэты эпізод. Прычым Алег — яго пачатак, а я найчасцей — менавіта фінал, паўжартам сказаную кіношную фразу: «Вось бачыце, які ў вас мужчына, — жанкі перад ім так і падаюць, так і падаюць...»

Не паверыце, але гэтыя словы проста прымусілі мяне прыгледзецца да Алега. І ўбачыць, што ён і сапраўды не такі, як іншыя. Што ён, напрыклад, вельмі ўважлівы і клапатлівы, што ён шмат чаго ведае і ўмее, што досыць сур'ёзна ставіцца да жыцця...

Карацей, яшчэ праз год — ужо блізкага сяброўства — мы з ім згулялі вяселле, і я аказалася замужам. Гэта значыць, за мужам — без перабольшвання — як за каменнай сцяной.

І зараз — здараецца — з жахам думаю, што мы, відаць, маглі б «размінуцца», калі б не тая бландзінка з кніжкамі.

Н. Казарына,

Мінскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Пахаванне адходаў — самы просты i танны спосаб пазбавiцца ад iх, аднак ён шкодзiць наваколлю i здароўю чалавека.

Грамадства

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

У перыяд летніх канікулаў для школьнiкаў i студэнтаў падрыхтаваны розныя цiкавыя мерапрыемствы, у тым лiку шмат з iх — анлайн. 

Грамадства

З першых вуснаў: ад чаго трэба абараняць дзяцей? Адказваюць самі малыя

З першых вуснаў: ад чаго трэба абараняць дзяцей? Адказваюць самі малыя

Дзеці «звяздоўцаў» адказалі вусна, пісьмова, друкавана і нават у малюнках.