Вы тут

Помнік патрэбны жывым


Спрэчка, якая разгарнулася паміж жыхарамі вёскі Агаркі, што пад Мінскам, і мясцовай уладай, нарэшце, скончылася. Прычынай канфлікту, які цягнуўся больш чым паўгода, стаў помнік ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Каб канчаткова расставіць кропкі над «і», карэспандэнты «Звязды» выехалі на месца.

Пом­нік ста­яў на гэ­тым мес­цы, дзе вяс­ной 1943-га і зда­ры­ла­ся тра­ге­дыя.

Пом­нік ста­яў на гэ­тым мес­цы, дзе вяс­ной 1943-га і зда­ры­ла­ся тра­ге­дыя.

 Свая Хатынь

Здаўна помнік стаяў на месцы трагедыі. Гітлераўцы ўварваліся ў Агаркі 5 сакавіка 1943 года (па іншых звестках, 3 сакавіка). Людзей сагналі ў хату і падпалілі. Полымя абарвала жыцці 27 чалавек, у тым ліку старых і дзяцей. Праўда, на помніку — 25 прозвішчаў. Астанкі дваіх (а па сцверджанні старажылаў, чатырох) пацярпелых спачываюць на могілках у вёсцы Рогава, што непадалёк. Іх пахавалі сваякі, якія апазналі на папялішчы тое, што засталося ад родных... Для астатніх жа брацкай магілай стала месца іх гібелі.

Аплакваючы сваякоў і знаёмых, на тым месцы, дзе стаяла хата, аднавяскоўцы паставілі драўляны крыж. Толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля вайны тут з'явіўся помнік, на якім увекавечылі імёны загінулых. Удзячныя месцічы даглядалі яго ўвесь час, зрабілі драўляную агароджу, пасадзілі чатыры дрэўцы, якія сімвалізавалі вуглы загарэлай хаты. Прыходзілі сюды з кветкамі, прыводзілі да месца трагедыі нашчадкаў — каб на рэальным прыкладзе паказаць, якой цаной была здабыта Перамога. Потым ужо нашчадкі вадзілі сюды сваіх дзяцей, унукаў. У жыхароў Агаркаў была свая Хатынь.

Як яго пераносілі

Але аднойчы сюды прыехалі рабочыя і пачалі разбураць помнік. У Лашанскім сельсавеце, на тэрыторыі якога знаходзіцца вёска, з нагоды 70-годдзя Перамогі вырашылі зрабіць рэканструкцыю: з цягам часу пастамент нахіліўся, і стэла магла ўпасці ў любы момант. Змытыя дажджамі і выцвілыя на сонцы літары невыразна чыталіся...

Рэканструкцыя адбылася. Толькі ці рэканструкцыя? Помнік па-ранейшаму застаўся ў непрывабным выглядзе, але яго перанеслі ў іншае месца. А ў напамін аб хаце, дзе вясной 1943-га здарылася трагедыя, засталася куча смецця, якое неўзабаве прыбралі.

«Мы бачылі, як хата гарэла...»

Змірыцца з пераносам некаторыя мясцовыя жыхары не маглі. У хаце, дзе згарэлі вяскоўцы, Яніна Ташчакова была не раз. Тут з сынам Міхаілам жыла матчына цётка Таццяна Абрамчык. Разам з гаспадыняй у полымі загінулі стрыечная сястра Яніны Васільеўны Марыя Пятліцкая з мужам і дачкой, іх маці і сваяк Мікалай. Дзядзька Міхаіл толькі цудам выбраўся з агню, але з атрыманымі апёкамі доўга не пражыў.

— Сем сваякоў адабрала ў мяне гэтая трагедыя... І як я магу спакойна глядзець на тое, калі помнік стаіць не на месцы пахавання? — абураецца жанчына.

Магла ў тым полымі апынуцца і Яніна Васільеўна. У той дзень яна, дзесяцігадовая дзяўчынка, якраз гасцявала з маці ў бабулі, што жыла ў сярэдзіне вёскі (у гэтай хаце, дарэчы, жанчына жыве і сёння). Сусед, Аляксандр Кулаковіч, папярэдзіў: у вёсцы гітлераўцы. Трэба хавацца! Так і праседзелі ў стозе сена цэлы дзень. «Праз шчыліны мы добра бачылі, як у цётчыну хату зганялі людзей, як яна гарэла, — са слязамі на вачах успамінае жанчына. — Бачылі і тое, як ахоплены агнём выбег з хаты мой дзядзька Міша...»

У гэтай хаце згарэў і стрыечны брат Марыі Смолікавай. Жанчына нават не ўяўляе, як яе бабуля, якая ў адзін момант страціла 8 членаў сваёй сям'і, перажыла гэта. Яе ўнуку Мікалаю Палціне было ўсяго сямнаццаць...

Марыя Уладзіміраўна мяркуе, што такім чынам гітлераўцы вырашылі пакараць сем'і партызанаў. Апошняй «кропляй» стаў узарваны цягнік на станцыі Радашковічы, што непадалёк.

— Як усё адбывалася, ведаю па аповедах маёй бабулі, — расказвае Марыя Смолікава. — Гітлераўцы ішлі па вёсцы, заходзілі ў хаты. Называлі канкрэтныя прозвішчы і тых, хто іх цікавіў, выганялі на вуліцу. Зводзілі ў хату Абрамчыкаў — яна тады перадапошняй стаяла. Тых, хто спрабаваў збегчы, забівалі. Пачуўшы на двары гоман, выйшаў на вуліцу і мой брат. Так ён апынуўся сярод гэтых няшчасных людзей. Праз дарогу знаходзіўся дом маёй бабулі — яна якраз даіла ў хляве карову, толькі цудам немцы туды не зазірнулі.

Жы­ха­ры на­стой­ва­лі: «Вяр­ні­це пом­нік на мес­ца!».

Жы­ха­ры на­стой­ва­лі: «Вяр­ні­це пом­нік на мес­ца!».

 

 

Святое месца

Марыі Смолікавай было тры гады, калі памерла бабуля, але яна і сёння памятае, як тая прыводзіла іх, дзяцей, сюды. «Гэты помнік быў увасабленнем яе найвялікшага гора, — лічыць жанчына. — На Радаўніцу тут шмат людзей збіралася. Хадзілі ўвесь час і мы. Кветкі насілі, запальвалі ладанкі, плакалі і размаўлялі з тымі, хто згарэў».

— Для ўсіх жыхароў вёскі гэтае месца было святое і недатыкальнае, — гаворыць Святлана Кузняцова, дом якой знаходзіцца насупраць памятнага месца. — Калі да чарговай гадавіны Перамогі прадстаўнікі сельвыканкама прыехалі і ўсталявалі тут помнік, людзі былі вельмі ўдзячныя. Ні адзін чалавек ніколі не нанёс шкоды гэтаму пахаванню. Не закранала яго і калгасная тэхніка, якая ўвесь час праязджала побач.

Нягледзячы на тое, што даўно жыве ў Мінску, Святлана Кузняцова неабыякавая да таго, што адбылося з помнікам. У вёсцы жыў яе дзед, жылі бацькі, сама жанчына вырасла побач.

— На наш погляд, неабходна было проста добраўпарадкаваць гэтае месца, падправіць пастамент, які нахіліўся, — пераканана Святлана Пятроўна. — Мы былі гатовы, што яго павернуць «тварам» да дарогі.

Як лічаць Ніна і Генадзь Марцішонкі, перш, чым нешта рабіць, трэба было сабраць людзей і спытаць іх.

Людміла Петрушэнка хоць не карэнны жыхар вёскі, але перажывала не менш. «Мы вельмі часта прыходзілі да помніка з унукамі, — кажа яна. — Яны пакідалі тут цукеркі — маленькім дзеткам, якія ніколі не пакаштавалі іх».

— Да такіх месцаў звычайна пракладзены сцежкі, вакол растуць дрэўцы, у найлепшым выпадку і на лавачку можна прысесці, — гаворыць Генадзь Марцішонак.

Цяпер месца, дзе здарылася трагедыя, абгароджана жалезным ланцугом. Помнік жа сціпла стаіць на вялікай пустцы. Так, зараз ён бачны з дарогі, але цікаўны падарожнік наўрад ці разбярэцца, што за прозвішчы выбіты на ім.

Просьбы мясцовых жыхароў вярнуць помнік на месца ніякіх вынікаў не далі. Многія ўжо і не верылі, што атрымаецца аднавіць гістарычную справядлівасць.

«Так вырашыла камісія»

— Напярэдадні святкавання Дня Перамогі да нас неаднаразова звярталіся грамадзяне — як мясцовыя жыхары, так і тыя, хто жыве на тэрыторыі сельсавета, — з нагоды рэканструкцыі помніка ў вёсцы Агаркі, — пракаментаваў сітуацыю старшыня Лашанскага сельвыканкама Віталь КАРКАЧОЎ. — Была створана камісія, якая падчас абследавання вызначыла, што абеліск з двума надмагільнымі камянямі на брацкай магіле 25 мірных жыхароў, усталяваны ў 1990 годзе ў вёсцы Агаркі, меў непрывабны эстэтычны выгляд, яго падмурак прасеў і помнік пакасіўся. Акрамя таго, ён стаяў «тварам» да агароджы. Таму, каб не страціць гістарычнае значэнне помніка і захаваць усю 20-метровую ахоўную зону, было прынята рашэнне правесці рамонтныя работы. Мы знайшлі спонсараў, якія ахвяравалі дзеля гэтага каля 3 тысяч долараў, запрасілі спецыяльных работнікаў, якія і правялі рэканструкцыю помніка.

Тое, што помнік павярнулі да дарогі і перанеслі яго на мінімальную адлегласць, на думку мясцовага кіраўніцтва, — адзінае правільнае рашэнне. Камісія, створаная пры райвыканкаме, таксама палічыла, што вяртаць помнік на ранейшае месца нерацыянальна.

— Гэта прывядзе да вялікіх работ па выкарчоўцы пнёў і выдаленні карэнняў, — патлумачыў старшыня сельскага Савета. — Месца, дзе раней знаходзіўся помнік, з'яўляецца брацкай магілай мірных жыхароў, а работы могуць парушаць пахаванне. Таму, каб ніхто не хадзіў па касцях, было прынята рашэнне абгарадзіць месца трагедыі і па магчымасці зрабіць там палегчаную платформу з указаннем імён загінулых.

Каб упэўніцца ў правільнасці гэтага рашэння, сельвыканкам правёў сярод насельніцтва анкетаванне. У выніку са 153 апытаных праведзеную рэканструкцыю падтрымаў 151 чалавек.

Толькі мясцовыя жыхары, якія змагаліся за вяртанне помніка на месца, прызналіся, што ні ў якім анкетаванні не ўдзельнічалі...

***

Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, мясцовыя жыхары і сваякі загінулых падчас вайны людзей звярнуліся ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь... Неўзабаве ў Агаркі прыехалі рабочыя, і праз некалькі дзён помнік заняў сваё — гістарычнае — месца. Праўда, павернуты ён ужо да дарогі.

Зараз мясцовыя жыхары ініцыююць збор сродкаў на яго рэстаўрацыю і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Мінскі раён

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.