Вы тут

Васіль Маргелаў: з любых вышынь — у любое пекла!


З роду бога вайны

У рамане «Аперацыю «Шторм» пачаць раней...» расійскага пісьменніка Мікалая Іванова, які пачынаў свой пісьменніцкі шлях у дэсантнай шматтыражцы і прайшоў потым афганскую і чачэнскую бойні, ёсць такія радкі: «ВДВ — это вообще-то не «Воздушно-десантные войска». Это — «Войска Дяди Васи». Пісьменнік меў на ўвазе іх стваральніка і шматгадовага камандуючага — генерала арміі Васіля Піліпавіча Маргелава. Пра яго хадзіла пры жыцці і ходзіць цяпер мноства легенд — рэальных, дадуманых і проста прыдуманых, якія, у сваю чаргу, вельмі нават маглі быць.

...Цяпер цяжка сказаць, калі на Касцюковіцкай зямлі з'явілася прозвішча Маркелаў. Цалкам магчыма, лічаць некаторыя даследчыкі, што паходзіць яно ад імя Маркел, што ў старажытных рымлян азначала «ваяўнічы», «прысвечаны Марсу» — богу вайны. Дарэчы, архіўныя дакументы сведчаць аб тым, што літара «г» у прозвішчы Васіля Піліпавіча пры яго жыцці неаднаразова знікала, змяняючыся на «к», а сам ён не асабліва абураўся гэтай акалічнасцю.

[caption id="attachment_114223" align="alignnone" width="600"]Ва­сіль Пі­лі­па­віч Мар­ге­лаў (на­ра­дзіў­ся 14 (27) снеж­ня 1908 го­да ў Ека­ця­ры­нас­ла­ве, у сям'і вы­хад­цаў  з Бе­ла­ру­сі Пі­лі­па Іва­на­ві­ча, ра­бо­ча­га-ме­та­лур­га,  і Агаф'і Сця­па­наў­ны Мар­ке­ла­вых (проз­ві­шча Мар­ке­лаў у Ва­сі­ля Пі­лі­па­ві­ча пас­ля бу­дзе за­пі­са­на  як Мар­ге­лаў з пры­чы­ны па­мыл­кі ў парт­бі­ле­це). Удзель­нік па­хо­ду  Чыр­во­най Ар­міі  ў За­ход­нюю Бе­ла­русь у ве­рас­ні 1939-га, са­вец­ка-фін­скай  і Вя­лі­кай Ай­чын­най вой­наў.  У да­лей­шым — вя­до­мы са­вец­кі во­е­на­чаль­нік, ка­ман­ду­ю­чы Па­вет­ра­на- дэ­сант­ны­мі вой­ска­мі ў 1954-1959 і 1961-1979 га­дах, ге­не­рал ар­міі (1967),  Ге­рой Са­вец­ка­га Са­ю­за (1944), лаў­рэ­ат Дзяр­жаў­най прэ­міі СССР (1975),  кан­ды­дат ва­ен­ных на­вук (1968). І га­лоў­нае —  баць­ка пя­ця­рых сы­ноў. Ва­сіль Пі­лі­па­віч Мар­ге­лаў (на­ра­дзіў­ся 14 (27) снеж­ня 1908 го­да ў Ека­ця­ры­нас­ла­ве, у сям'і вы­хад­цаў з Бе­ла­ру­сі Пі­лі­па Іва­на­ві­ча, ра­бо­ча­га-ме­та­лур­га, і Агаф'і Сця­па­наў­ны Мар­ке­ла­вых (проз­ві­шча Мар­ке­лаў у Ва­сі­ля Пі­лі­па­ві­ча пас­ля бу­дзе за­пі­са­на як Мар­ге­лаў з пры­чы­ны па­мыл­кі ў парт­бі­ле­це). Удзель­нік па­хо­ду Чыр­во­най Ар­міі ў За­ход­нюю Бе­ла­русь у ве­рас­ні 1939-га, са­вец­ка-фін­скай і Вя­лі­кай Ай­чын­най вой­наў. У да­лей­шым — вя­до­мы са­вец­кі во­е­на­чаль­нік, ка­ман­ду­ю­чы Павет­ра­на-дэ­сант­ны­мі вой­ска­мі ў 1954-1959 і 1961-1979 га­дах, ге­не­рал ар­міі (1967), Ге­рой Савец­ка­га Са­ю­за (1944), лаў­рэ­ат Дзяр­жаў­най прэ­міі СССР (1975), кан­ды­дат ва­ен­ных на­вук (1968). І га­лоў­нае — баць­ка пя­ця­рых сы­ноў.[/caption]

Спакойна ставіўся ён і да вольнай трактоўкі іншымі людзьмі сваёй нацыянальнай прыналежнасці. Аднойчы адзін з высокапастаўленых партыйных кіраўнікоў, раззлаваны тым, з якой зацятасцю Маргелаў адстойваў свой пункт гледжання, са злосці заўважыў: «Вядомая справа — бульбаш!» На што баявы генерал адказаў: «Я і бульбаш, і хахол, і велікарос. Адным словам — патомны славянін».

У службовай картцы камандзіра ўзвода В.П. Маргелава, складзенай у Аб'яднанай беларускай ваеннай школе імя ЦВК рэспублікі ў 1931 годзе, у графе «народнасць» запісана «ўкраінец», а ў графе «веданне моў» — «украінская, беларуская, руская». «Беларуская кароткая энцыклапедыя» сцвярджае, што Герой Савецкага Саюза, генерал арміі Васіль Піліпавіч Маргелаў — беларус. Кніга «Героі Савецкага Саюза — магіляўчане» (Мінск, 1965) таксама не пакідае сумненняў у гэтым. Па праве лічаць Васіля Піліпавіча сваім земляком жыхары раённага цэнтра Касцюковічы Магілёўскай вобласці. Пра гэта сведчыць унікальная праца мясцовых краязнаўцаў — «Кніга памяці» і стэнд у музеі.

У аўтабіяграфіі Маргелава, напісанай у лютым 1939-га, знаходзім: «Нарадзіўся ў 1906 годзе, 27 снежня ў г. Днепрапятроўску». Заўважым, што гэты горад у 1906 годзе называўся Екацярынаславам і дата нараджэння дадзена па сучасным летазлічэнні (па старым стылі яна выпадае на 14 снежня). А вось з годам нараджэння пасля адбылася блытаніна. Ва ўсіх пасляваенных крыніцах значыцца, што В.П. Маргелаў нарадзіўся ў 1908 годзе. Але не мог жа ён памыліцца, калі ставіў свой подпіс і пад паслужной карткай, складзенай у Беларускай школе імя ЦВК БССР. Як і чаму адбылося «амаладжэнне» Васіля Піліпавіча на два гады — застаецца загадкай.

Скончыўшы царкоўна-прыходскую школу, ужо ў 13 гадоў, будучы генерал пачаў працоўную біяграфію вучнем у гарбарнай майстэрні, двума гадамі пазней паступіў чорнарабочым у мясцовы «Хлебапрадукт». Неўзабаве па камсамольскай пуцёўцы Маргелава адпраўляюць на шахту.

У 1925 годзе на ўсю краіну прагучаў партыйны заклік: «Моладзь — даеш вугаль!» Што ж, дарога ў Екацярынаслаў была находжанай. Рыдлёўка, кайло, цьмянае святло «лятучай мышы» і праца, цяжкая, да поту і болі ў суставах, але перапоўненая значнасці — першыя савецкія металургічныя гіганты задыхаліся без вугалю. Не выканаў норму — не пакідай забой, перавыканаў — гонар табе і хвала. Пачаткоўцам у шахцёрскай справе паслаблення не рабілася. У забоі роўныя ўсе, зрэшты, як і перад непрадказальным характарам горнай пароды.

І аднойчы здарылася непапраўнае. Змена ішла да канца, калі затрашчалі падпоркі і патухла святло. Абвал! У лічаныя імгненні забойшчык аказваецца цалкам адрэзаным ад выратавальнага выхаду. Знойдзеш яго — шчасце, не знойдзеш — памірай замураваным. Трое сутак група шахцёраў, у якую ўваходзіў Васіль Маргелаў, прабівала выратавальны лаз. Трое сутак без ежы, вады, святла. І выратаваліся! Калі іх ужо не спадзяваліся ўбачыць жывымі, гарнякі, падтрымліваючы адзін аднаго, выйшлі з шахты. Ледзь адляжаўшыся ў мясцовай бальніцы, таварышы па няшчасці кінуліся ўпрошваць начальства вярнуць іх на працу ў забой. На жаль, суровае медыцынскае заключэнне надоўга пазбавіла іх такой магчымасці.

[caption id="attachment_114224" align="alignnone" width="600"]24 чэр­ве­ня 1945 го­да. Масква. Па­ра­д Пе­ра­мо­гі. Ге­рой Са­вец­ка­га Са­ю­за В.П. Мар­ге­лаў —  на чале зводнага палка 2-га Укра­ін­ска­га фрон­ту. 24 чэр­ве­ня 1945 го­да. Масква. Па­ра­д Пе­ра­мо­гі.
Ге­рой Са­вец­ка­га Са­ю­за В.П. Мар­ге­лаў — на чале зводнага палка 2-га Укра­ін­ска­га фрон­ту.[/caption]

Першыя крокі

Як бы там было далей — невядома, але яшчэ ў лютым 1921 года па загадзе Рэўваенсавета рэспублікі ў Мінску былі арганізаваны кароткатэрміновыя пяхотныя курсы каманднага складу. У тым жа годзе яны двойчы мянялі сваю шыльду і называліся спачатку курсамі Саўнаркама БССР, а потым, перайшоўшы ў вайсковае ведамства, — Мінскімі пяхотнымі курсамі РСЧА. У кастрычніку 1924 года яны перасталі існаваць, а на іх базе была арганізавана 7-я Аб'яднаная ваенная школа імя ЦВК БССР з трохгадовым тэрмінам навучання. Назва «Аб'яднаная» з'явілася не выпадкова. На трох аддзяленнях рыхтаваліся кадравыя камандзіры для кавалерыі, артылерыі, пяхоты.

Васіль Маргелаў паступіў у гэтую школу, калі ваенная рэформа 1924-1925 гадоў, якая заняла асаблівае месца ў чарадзе карэнных пераўтварэнняў у СССР, была завершана. Упершыню ў ваеннай практыцы ў незвычайна кароткі тэрмін быў дасягнуты дзіўны эфект — Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія здабыла арганізаванасць і баяздольнасць. Асаблівы ўпор быў зроблены на стварэнне тэрытарыяльных, нацыянальных вайсковых злучэнняў, на пераход да адзінаначалля і больш якасную падрыхтоўку камандных кадраў, на ўмацаванне ролі партыі ў арміі.

Першым нацыянальным фарміраваннем у Заходняй ваеннай акрузе стала 2-я Беларуская стралковая дывізія, і ў задачу АВШ імя ЦВК БССР уваходзіла падрыхтоўка камандзіраў у першую чаргу менавіта для гэтай дывізіі.

У другім выданні вядомай кнігі «Беларуская ваенная акруга» аб 7-й Аб'яднанай школе згадваецца ў некалькіх радках: «Са сцен гэтай школы выйшлі такія вядомыя пасля военачальнікі, як В.А. Пянькоўскі, І.І. Якубоўскі, В.П. Маргелаў». Дадам, што ў гэты спіс маглі б па праве ўвайсці Герой Савецкага Саюза генерал-лейтэнант Г.Т. Васіленка, намеснік камандуючага ПДВ генерал-лейтэнант І.І. Лісаў і многія іншыя выпускнікі.

Да нашых дзён будынак, у якім доўгія гады размяшчалася ваенная школа, не захаваўся. Зараз на пляцы, па якім некалі чаканілі крок будучыя чырвоныя камандзіры, адточваюць сваю страявую падрыхтоўку беларускія сувораўцы. У сярэдзіне дваццатых гадоў гэта быў цэнтр Мінска са шматгалосым і шумным базарам, які часта прыцягваў да сябе розных цёмных асоб. Бойкі гандаль не абыходзіўся без канфліктаў, якія раз-пораз перарасталі ў сутычкі. Калі міліцыя не спраўлялася, выручалі курсанты.

Распарадак дня ў школе быў жорсткім, але курсанты знаходзілі час і кнігі пачытаць, і на танцы схадзіць. Пасля пад'ёму, які адбываўся ў 6 гадзін 30 хвілін, — зарадка, сняданак, шэсць гадзін заняткаў. Восенню і зімой у раскладзе дамінавалі агульнаадукацыйныя прадметы: гісторыя, геаграфія, мова і літаратура, хімія, фізіка, нямецкая мова, Канстытуцыя СССР і, вядома, марксісцка-ленінская падрыхтоўка. У пералік ваенных дысцыплін уваходзілі: тапаграфія, гісторыя грамадзянскай вайны, ваеннае мастацтва, тактыка, агнявая падрыхтоўка, інжынерная справа. І хоць тэрміны «агульнавайсковы бой» і «агульнавайсковы камандзір» з'явяцца значна пазней, аднак рэальныя абрысы яны набылі ў такіх ваенных школах, як мінская. Тактыка пяхоты і кавалерыі (курсанты спасцігалі джыгітоўку і прыёмы язды) вывучалася ў іх з улікам прымянення артылерыйскага агню.

«Гэта якраз той выпадак, калi камандз, палкаводзец, военачальн знайшоў свае войскi, а войскі знайшлi свайго камандуючага».

Усё б нічога, але ў 1933 годзе пачалася грандыёзная чыстка партыйных радоў, а следам за ёй — абмен партбілетаў, які працягваўся да канца 1936-га. Варушылі мінулае, капаліся ў асабістым жыцці. Разам з тымі, хто членствам у партыі дасягаў кар'ерысцкіх і шкурных мэт, з яе радоў выганяліся і тыя, хто, на думку адмысловай камісіі, «страціў бальшавіцкую пільнасць». У той жа час ішлі паказальныя выкрыцці антыпартыйных груп, з удзельнікамі якіх не цырымоніліся.

Не раз у абарону таварышаў даводзілася выказвацца намесніку сакратара партбюро вучылішча Маргелаву: яго слова было значным, а сумленнасць і прынцыповасць не дазвалялі крывіць душой. Калі надышла і яго чарга замяніць стары, узору 1926 года, партыйны білет на новы, і адбыўся казус з літарай «к» у прозвішчы. Улік камуністаў у палітаддзеле вялі інструктар Мірціц Неўлер, палітрук Залман Эркін і машыністка Соня Міскевіч. Хто з гэтага трыа ўставіў у прозвішча Маргелава злашчаснае «г», сёння сказаць цяжка, аднак у загадах па 596-м палку 122-й стралковай дывізіі, з якой Васіль Піліпавіч адправіўся на вайну з фінамі, ён значыўся ўжо капітанам Маргелавым.

...Ён здзіўляўся. Людзі, ведамі і вопытам якіх ён шчыра захапляўся і лавіў кожнае слова, калі была такая магчымасць, такія выбітныя ваенныя аўтарытэты, як камандарм І.П. Убарэвіч і маршал М.М. Тухачэўскі, раптам, скінуўшы з сябе «шкуру ягнят», сталі «ворагамі працоўнага народа». Атмасферу, якая панавала ў той час, пазней апісаў у сваіх «Успамінах і разважаннях» маршал Г.К. Жукаў:

«У краіне стварылася жудасная атмасфера. Ніхто нікому не давяраў, людзі сталі баяцца адзін аднаго, пазбягалі сустрэч і якіх-небудзь гутарак, а калі трэба было — стараліся гаварыць у прысутнасці трэціх асоб-сведак. Разгарнулася небывалая паклёпніцкая кампанія...

Савецкія людзі, ад малога да вялікага, не разумелі, што адбываецца, чаму так шырока распаўсюдзіліся сярод нашага народа арышты... Кожны сумленны савецкі чалавек, кладучыся спаць, не мог цвёрда спадзявацца на тое, што яго не забяруць гэтай ноччу з якой-небудзь паклёпніцкай нагоды».

Беларускую асобную ваенную акругу пазней назвалі «Галгофай Чырвонай Арміі». Тут былі арыштаваны ўсе, без выключэння, камандзіры карпусоў. Пасля іх рэпрэсіі перакінуліся ў дывізійнае і палкавое звяно. Ліхаманіла і мінскае вучылішча. Адзін за адным пакідалі яго камандзіры, чые службовыя шляхі калі-небудзь, хоць на імгненне, перасякаліся са «здраднікамі справы рэвалюцыі», «замежнымі шпіёнамі, дыверсантамі і забойцамі».

У такіх умовах В.П. Маргелаў атрымаў прызначэнне на пасаду камандзіра батальёна ў 8-ю стралковую дывізію імя Ф.Э. Дзяржынскага і ў снежні 1938-га пакінуў Мінск.

Служба ў маладога афіцэра складвалася даволі паспяхова: камандзір узвода, роты, батальёна. Пачатак савецка-фінскай вайны 1939-1940 гадоў Маргелаў сустрэў у якасці камандзіра асобнага лыжнага разведвальнага батальёна, на чале якога здзяйсняў дзёрзкія рэйды ў тыл ворага.

Аб тым перыядзе сваёй ваеннай біяграфіі славуты генерал успамінаць не любіў, але аб адным эпізодзе ўсё-такі расказаў.

Аднойчы, паглыбіўшыся кіламетраў на 10 на фінскую тэрыторыю, байцы выявілі свежую лыжню праціўніка. Наладзілі засаду, у якую праз некаторы час і трапілі фінскія лыжнікі. Але сярод іх вылучаліся некалькі чалавек у іншай форме. Аказалася, што гэта шведскія афіцэры, якія вывучалі магчымасць удзелу ў вайне на баку Фінляндыі шведскага экспедыцыйнага корпуса. І хоць прыпісалі тады камбату палітычную блізарукасць — маўляў, не тых у палон узяў — «нейтралы»-шведы маргелаўскі ўрок засвоілі: шведскі ўрад да канца вайны не адправіў у Фінляндыю ніводнага свайго салдата.

Вопыт лыжных рэйдаў па варожых тылах успомнілі ў канцы восені 1941 года ў абложаным Ленінградзе. Маёру В. Маргелаву даручылі ўзначаліць сфарміраваны з добраахвотнікаў Першы асобы лыжны полк маракоў Чырванасцяжнага Балтыйскага флоту.

Ветэран гэтай часці М. Шувалаў успамінаў:

— Як вядома, маракі — народ своеасаблівы. Улюбёныя ў марскую стыхію, яны не асабліва паважліва ставіліся да сваіх сухапутных сабратоў. Калі Маргелава прызначылі камандзірам палка марскіх пехацінцаў, некаторыя гаварылі, што ён там не прыжывецца, «браткі» яго не прымуць.

Аднак гэта прароцтва не спраўдзілася. Калі полк маракоў быў пастроены для прадстаўлення новаму камандзіру, Маргелаў, убачыўшы перад сабой хмурных асоб, якія глядзелі на яго не асабліва прыязна, замест звыклага ў такіх выпадках слоў прывітання «Здравствуйте, товарищи!», не задумваючыся, гучна крыкнуў:

— Здарова, клёшнікі!

Момант — і ў страі ніводнага хмурнага твару.

Шмат слаўных подзвігаў здзейснілі маракі-лыжнікі пад камандаваннем маёра Маргелава. Задачы ім ставіў асабіста камандуючы Балтыйскага флоту віцэ-адмірал Трыбуц.

Глыбокія дзёрзкія рэйды лыжнікаў па нямецкіх тылах зімой 1941-1942 гадоў былі несціханым галаўным болем для камандавання гітлераўскай групы армій «Поўнач». Чаго каштаваў хоць бы дэсант на ўзбярэжжа Ладагі ў напрамку Ліпкі-Шлісельбург, які ўстрывожыў генерал-фельдмаршала фон Лееба настолькі, што ён пачаў здымаць для яго ліквідацыі войскі з-пад Пулкава, якія сцягвалі пятлю блакады Ленінграда.

Праз два дзесяцігоддзі камандуючы Паветрана-дэсантнымі войскамі генерал арміі Маргелаў дамогся, каб дэсантнікі атрымалі права насіць цяльняшкі.

— Смеласць «браткоў» запала мне ў сэрца! — тлумачыў ён. — Мне хочацца, каб дэсантнікі перанялі слаўныя традыцыі старэйшага брата — марской пяхоты — і з гонарам іх працягвалі. Для гэтага я і ўвёў дэсантнікам цяльняшкі. Толькі палоскі на іх пад колер неба — блакітныя...

Калі на ваенным савеце пад старшынствам міністра абароны галоўнакамандуючы ВМФ Адмірал Флота Савецкага Саюза Сяргей Георгіевіч Гаршкоў стаў наракаць, што, маўляў, дэсантнікі крадуць у маракоў цяльняшкі, Васіль Піліпавіч яму рэзка запярэчыў:

— Я сам у марской пяхоце ваяваў і ведаю, што заслугоўваюць дэсантнікі і што — маракі!

А ваяваў Васіль Піліпавіч са сваімі «марпехамі» ліха. Вось яшчэ прыклад. У маі 1942-га ў раёне Віняглава паблізу Сінявінскіх вышынь каля 200 гітлераўцаў прарваліся праз участак абароны суседняга палка і зайшлі ў тыл «маргелаўцам». Васіль Піліпавіч хутка аддаў неабходныя распараджэнні і сам лёг за кулямёт «Максім». Тады ён асабіста знішчыў 79 фашыстаў, астатніх дабіла падаспелае падмацаванне.

Дарэчы, у перыяд абароны Ленінграда ў Маргелава заўсёды быў пад рукой станковы кулямёт, з якога па раніцах ён здзяйсняў своеасаблівую стралковую зарадку: «падстрыгаў» чэргамі верхавіны дрэў. Потым ускокваў на каня і практыкаваўся з шашкай.

У наступальных баях камандзір палка не раз асабіста ўздымаў у атаку свае батальёны, змагаўся ў першых радах сваіх байцоў, смела ўвязваўся ў рукапашныя баі, дзе яму не было роўных. Праз такія страшныя сутычкі фашысты і празвалі марскіх пехацінцаў «паласатая смерць».

12-2

Гарачы снег

Хто чытаў раман Юрыя Бондарава «Гарачы снег» ці бачыў аднайменны кінафільм, пастаўлены па гэтым рамане, хай ведае: правобразам герояў, што сталі на шляху танкавай армады Манштэйна, якая спрабавала разарваць кальцо акружэння вакол 6-й арміі Паўлюса ў Сталінградзе, былі маргелаўцы. Гэта яны апынуліся на напрамку галоўнага ўдару фашысцкага танкавага кліна і здолелі не дапусціць прарыву, выстаяўшы да падыходу падмацавання.

У кастрычніку 1942-га гвардыі падпалкоўнік Маргелаў стаў камандзірам 13-га гвардзейскага стралковага палка, які ўваходзіў у 2-ю гвардзейскую армію генерал-лейтэнанта Р.Я. Маліноўскага, што фарміравалася спецыяльна для завяршэння разгрому ворага, які прарваўся ў прыволжскія стэпы. Два месяцы, пакуль полк стаяў у рэзерве, Васіль Піліпавіч напружана рыхтаваў сваіх байцоў да жорсткіх баёў за волжскую цвярдыню.

Пад Ленінградам яму не раз даводзілася ўступаць у адзінаборствы з фашысцкімі танкамі, ён добра ведаў іх слабыя месцы. І зараз асабіста вучыў знішчальнікаў танкаў, паказваючы бранябойшчыкам, як адкрыць акоп у поўны профіль, куды і з якіх дыстанцый цэліцца з процітанкавага ружжа, як кідаць гранаты і бутэлькі з запальнай сумессю.

Калі маргелаўцы трымалі абарону на рубяжы ракі Мышкаўка, прыняўшы на сябе ўдар танкавай групоўкі «Гот», што рвалася на злучэнне з групай прарыву Паўлюса, яны не спалохаліся найноўшых цяжкіх танкаў «Тыгр», не завагаліся перад нашмат мацнейшым сапернікам. Яны зрабілі немагчымае: за пяць сутак баёў (з 19 па 24 снежня 1942-га), без сну і адпачынку, несучы цяжкія страты, спалілі і падбілі на сваім напрамку амаль усе танкі праціўніка. Пры гэтым полк захаваў сваю баяздольнасць!

У гэтых баях Васіль Піліпавіч быў моцна кантужаны, але строй не пакінуў. Новы 1943 год ён сустрэў са сваімі байцамі, з «маўзерам» у руцэ, ведучы сваіх байцоў на штурм хутара Кацельнікаўскі. Гэтым імклівым кідком часцей 2-й гвардзейскай арміі ў Сталінградскай эпапеі была пастаўлена тлустая кропка: апошнія надзеі арміі Паўлюса на дэблакаду расталі як дым. Потым было вызваленне Данбаса, фарсіраванне Дняпра, лютыя баі за Херсон і Яска-Кішынёўская аперацыя... Трынаццаць падзяк ад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага заслужыла 49-я гвардзейская Херсонская Чырванасцяжная ордэна Суворава стралковая дывізія — дывізія Маргелава!

Заключны акорд — бяскроўнае паланенне ў маі 1945 года на мяжы Аўстрыі і Чэхаславакіі танкавага корпуса СС, які прарываўся на Захад, каб здацца амерыканцам. Сюды ўваходзіла эліта бранятанкавых войскаў рэйха — эсэсаўскія дывізіі «Вялікая Германія» і «Мёртвая галава».

Як найлепшаму з найлепшых гвардыі генерал-маёру, Герою Савецкага Саюза В.П. Маргелаву камандаванне 2-га Украінскага фронту даверыла гонар камандаваць франтавым зводным палком на Парадзе Перамогі ў Маскве 24 чэрвеня 1945 года.

Камандуючы крылатай гвардыяй

Пасля заканчэння ў 1948 годзе Вышэйшай ваеннай акадэміі (з 1958-га — Ваенная акадэмія Генеральнага штаба) Васіль Піліпавіч прыняў Пскоўскую паветрана-дэсантную дывізію.

Гэтаму прызначэнню папярэднічала сустрэча генерал-маёра В. Маргелава з міністрам абароны СССР маршалам Мікалаем Булганіным. У кабінеце знаходзіўся яшчэ адзін генерал, таксама Герой Савецкага Саюза.

Міністр абароны пачаў гутарку добрымі словамі пра Паветрана-дэсантныя войскі, іх слаўнае баявое мінулае, пра тое, што прынята рашэнне развіваць гэты малады род войск.

— Мы верым у іх і лічым неабходным умацаваць іх баявымі генераламі, якія вызначыліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Што думаеце, таварышы? — спытаў ён.

Той, другі генерал, пачаў скардзіцца на раны, атрыманыя на фронце, сказаў, што ўрачы не рэкамендавалі яму вялікія нагрузкі, тым больш здзяйсняць парашутныя скачкі. Увогуле, адмовіўся ад прапановы міністра.

Генерал Маргелаў, які меў шмат раненняў за тры вайны, у тым ліку і цяжкіх, ды яшчэ ў ногі, задаў у адказ адзінае пытанне:

— Калі можна адправіцца ў войскі?

— Сёння ж, — адказаў міністр абароны і моцна паціснуў яму руку.

Маргелаў разумеў, што многае давядзецца пачынаць з нуля і, як пачаткоўцу, спасцігаць мудрагелістую дэсантную навуку. Але ён ведаў і іншае: ёсць у гэтым родзе войск асаблівая прыцягальнасць — дзёрзкасць, трывалая мужчынская спайка.

Праз гады ён распавядаў карэспандэнту газеты «Красная звезда»:

— Да 40 гадоў я абсалютна не ўяўляў сабе, што такое парашут, мне і ў сне скачкі не сніліся. Атрымалася гэта само па сабе, а дакладней, як належыць у арміі, па загадзе. Я чалавек ваенны, калі трэба, гатовы хоць да чорта ў зубы. Вось так і давялося, ужо генералам, зрабіць першы скачок з парашутам. Уражанне, скажу я вам, ні з чым не параўнальнае. Над табой раскрываецца купал, ты лунаеш у паветры, як птушка, — далібог, спяваць хочацца! Я заспяваў. Але на адным захапленні не паедзеш. Зазяваўся, за зямлёй не сачыў, у выніку вымушаны быў тыдні два хадзіць з перавязанай нагой. Атрымаў урок. Парашутная справа — не толькі рамантыка, але і велізарная праца і бездакорная дысцыпліна...

Потым будзе шмат скачкоў — са зброяй і без, днём і ноччу, з хуткасных ваенна-транспартных самалётаў. За час службы ў ПДВ Васіль Піліпавіч здзейсніў іх больш за 60. З парашутам ён скакаў нават у 65-гадовым узросце.

Працуючы ў звыклым для сябе рэжыме, дзень і ноч — суткі прэч, генерал Маргелаў хутка дамогся таго, што яго злучэнне стала адным з найлепшых у савецкіх дэсантных войсках.

Год 1970-ы, аператыўна-стратэгічнае вучэнне «Дзвіна». Вось што пісала пра яго газета Беларускай ваеннай акругі «Во славу Родины»: «Беларусь — краіна лясоў і азёр, і знайсці пляцоўку для прызямлення неймаверна цяжка. Надвор'е не радавала, але і не давала падстаў для засмучэння. Прапрасавалі зямлю знішчальнікі-штурмавікі, з камандзірскай будкі прагучала «Увага!» — і погляды прысутных звярнуліся ўвысь.

Вось ад першых самалётаў аддзяліліся буйныя кропкі — гэта баявая тэхніка, артылерыя, грузы, а потым, як гарох, з люкаў Ан-12 пасыпаліся дэсантнікі. Але вянком выкідкі стала з'яўленне ў паветры чатырох «Антэяў». Лічаныя хвіліны — і вось на зямлі ўжо цэлы полк! Калі апошні дэсантнік крануўся зямлі, Маргелаў спыніў секундамер на камандзірскім гадзінніку і паказаў міністру абароны: 22 хвіліны спатрэбілася для таго, каб восем тысяч дэсантнікаў і 150 адзінак баявой тэхнікі былі дастаўлены ў тыл «праціўніка».

Бліскучыя вынікі былі паказаны і на буйных вучэннях «Днепр», «Бярэзіна», «Поўдзень»... Стала звычайнай практыкай: паветраны дэсант падымаць, скажам, у Пскове, здзяйсняць працяглы пералёт і дэсантавацца пад Ферганой, Кіравабадам або нават у стэпах брацкай Манголіі. Каментуючы адно з вучэнняў, Маргелаў сказаў карэспандэнтам:

— Выкарыстоўванне паветранага дэсанту стала практычна неабмежаваным. У нас, напрыклад, існуе такі від баявой падрыхтоўкі: на карце краіны адвольна выбіраецца кропка, куды скідаецца дэсант. Воіны-парашутысты скачуць на зусім незнаёмую мясцовасць: у тайгу і пустыні, на азёры, балоты і на горы...

Менавіта пасля вучэнняў «Дзвіна», аб'явіўшы падзяку гвардзейцам за вайсковае майстэрства, камандуючы, як бы незнарок, спытаў:

— А вось калі б давялося скакаць, знаходзячыся ўнутры машыны?

— І, вытрымаўшы паўзу, дадаў:

— У баі...

Маргелава можна было зразумець: наспела неабходнасць скарачэння тэрмінаў падрыхтоўкі дэсантных падраздзяленняў да бою пасля прызямлення. Дэсантаванне баявой тэхнікі з аднаго самалёта, а экіпажаў — з другога прыводзіла да таго, што роскід часам складаў да пяці кіламетраў. Пакуль экіпажы адшуквалі сваю тэхніку, праходзіла шмат часу.

Крыху пазней Маргелаў зноў вярнуўся да гэтай думкі:

— Разумею, што гэта складана, але ніхто, акрамя нас, гэтага не зробіць.

Больш за тое, калі (даволі нялёгка прымалася прынцыповае рашэнне аб правядзенні першага такога эксперымента) Васіль Піліпавіч прапанаваў сваю кандыдатуру для ўдзелу ў першым выпрабаванні, міністр абароны і начальнік Генеральнага штаба былі катэгарычна супраць.

Зрэшты, і без гэтага аб мужнасці военачальніка хадзілі легенды. Праяўлялася яна не толькі ў баявых умовах. На адным са святочных прыёмаў, куды не маглі не запрасіць апальнага маршала Георгія Канстанцінавіча Жукава, Васіль Піліпавіч, выцягнуўшыся па стойцы «смірна», гучна павіншаваў яго са святам. Генерал не мяняў сваіх адносін да заслужаных людзей, каб дагадзіць высокапастаўленым падхалімам.

Войскі «дзядзькі Сэма» і войскі «дзядзькі Васі»

У канцы вясны 1991 года адбыўся афіцыйны візіт у ЗША міністра абароны СССР маршала Савецкага Саюза Дзмітрыя Язава.

Вярнуўшыся ў Маскву, міністр падзяліўся сваімі ўражаннямі.

Падчас наведвання ваеннай базы ў Форт-Брэг савецкую ваенную дэлегацыю запрасілі на паказальнае вучэнне аднаго з парашутных батальёнаў знакамітага «палка д'яблаў» — 82-й паветрана-дэсантнай дывізіі ЗША. Яна праславілася тым, што ўдзельнічала ледзь ці не ва ўсіх канфліктах пасляваеннага часу, у якія ўмешваліся Злучаныя Штаты (Дамініканская Рэспубліка, В'етнам, Грэнада, Панама і інш.). Гэтая дывізія першай высадзілася на Блізкім Усходзе перад пачаткам антыіракскай «Буры ў пустыні» ў 1990 годзе. Ва ўсіх аперацыях «д'яблы» ішлі на вастрыі атакі як самыя спрытныя, смелыя, непераможныя.

І вось гэтым «дублёрам Сатаны» і даручана было здзівіць савецкага міністра класам вывучкі і бясстрашнасцю. Іх дэсантавалі на парашутах. Частка батальёна прызямляецца ў баявых машынах. Але эфект ад «паказухі» атрымаўся сумным, таму што Дзмітрый Цімафеевіч не мог расказваць пра ўбачанае ў Паўночнай Караліне без горкай усмешкі.

Аказваецца, многія амерыканскія дэсантнікі, выкінутыя з самалёта ў баявых машынах, атрымалі цяжкія траўмы і калецтвы. Былі і загінулыя. Прызямліўшыся, больш за палову машын так і не кранулася з месца...

У гэта з цяжкасцю верыцца, але і ў пачатку 90-х хвалёныя амерыканскія прафесіяналы не мелі такога, як у нас, рыштунку і не валодалі сакрэтамі бяспечнага дэсантавання падраздзяленняў «крылатай пяхоты» на тэхніцы, якія былі засвоены ў «войсках дзядзькі Васі» яшчэ ў 70-я гады.

А пачыналася ўсё з мужнага рашэння Маргелава ўскласці на свае плечы адказнасць першапраходца. Тады, у 1972 годзе, у СССР поўным ходам ішлі выпрабаванні нядаўна створанай сістэмы «Кентаўр» — для дэсантавання людзей унутры баявой машыны на парашутных платформах. Эксперыменты былі рызыкоўныя, таму пачыналі іх на жывёлах. Далёка не ўсё ішло гладка: то рваўся купал парашута, то не спрацоўвалі актыўныя рухавікі тармажэння. Адзін са скачкоў нават скончыўся гібеллю сабакі Бурана.

«Збiлі з ног — змагайся на каленях, iсцi не можаш — лежачы наступай».

Нешта падобнае адбывалася і ў заходніх выпрабавальнікаў ідэнтычных сістэм. Праўда, там эксперыментавалі на людзях. У баявую машыну, якая скідвалася з самалёта, пасадзілі асуджанага да смяротнага пакарання. Ён разбіўся, і працягваць доследна-канструктарскія працы ў гэтым кірунку на Захадзе доўгі час лічылі немэтазгодным.

Нягледзячы на рызыку, Маргелаў верыў у магчымасць стварэння бяспечных сістэм дэсантавання людзей у тэхніцы і настойваў на ўскладненні выпрабаванняў. Паколькі ў далейшым «сабачыя» скачкі праходзілі нармальна, ён дабіўся пераходу да новай фазы — з удзелам ваеннаслужачых. У пачатку студзеня 1973-га ў яго адбылася размова з міністрам абароны СССР маршалам Савецкага Саюза А.А. Грэчкам.

— Ты разумееш, Васіль Піліпавіч, на што ідзеш, чым рызыкуеш? — пераконваў Маргелава адмовіцца ад задуманага Андрэй Антонавіч.

— Выдатна разумею, таму на сваім і стаю, — адказваў генерал. — І тыя, хто гатовы да эксперымента, таксама ўсё цудоўна разумеюць.

5 студзеня 1973 года гістарычны скачок адбыўся. Унутры БМД-1 на парашутна-платформенных сродках упершыню ў свеце быў дэсантаваны экіпаж. У яго ўваходзілі маёр Л. Зуеў і лейтэнант А. Маргелаў — у машыне побач з вопытным афіцэрам знаходзіўся малодшы сын камандуючага Аляксандр, у той час малады інжынер навукова-тэхнічнага камітэта ПДВ.

Паслаць сына на такі складаны, непрадказальны эксперымент адважыўся б толькі вельмі мужны чалавек. Гэта быў учынак, падобны да подзвігу генерал-лейтэнанта Мікалая Раеўскага. Герой вайны 1812 года пад Салтанаўкай бясстрашна вывеў сваіх юных сыноў наперад батальёнаў, якія гатовы былі пакінуць поле бою пад ударамі французскай карцечы, і гэтым прыкладам удыхнуў стойкасць у сваіх грэнадзёраў, утрымаў пазіцыю, вырашыў зыход бою. Ахвярны гераізм такога кшталту ў сусветнай ваеннай гісторыі — з'ява ўнікальная.

Васіль Піліпавіч за паспяховае выкананне задачы па дэсантаванні жывой сілы ўнутры баявой тэхнікі быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй СССР.

На змену «Кентаўру» (не ў апошнюю чаргу дзякуючы камандуючаму ПДВ, які настырна даказваў у найвышэйшых партыйна-ўрадавых інстанцыях перспектыўнасць новага метаду дастаўкі байцоў і тэхнікі да цэлі) неўзабаве прыйшла новая, больш дасканалая сістэма «Рэактаўр». Хуткасць зніжэння на ёй была ў чатыры разы вышэйшай, чым на «Кентаўры». У псіхафізічным сэнсе дэсантніку адпаведна цяжэй (аглушальны роў і грукат, вельмі блізка полымя, якое вырывалася з рэактыўных соплаў). Затое рэзка зменшыліся ўразлівасць ад агню праціўніка і час ад моманту выкідвання з самалёта да прывядзення БМД у баявое становішча.

З 1976 па 1991 год сістэма «Рэактаўр» выкарыстоўвалася каля 100 разоў, і заўсёды паспяхова. Год ад года, ад вучэння да вучэння «блакітныя берэты» набывалі вопыт яе прымянення, шліфавалі навыкі ўласных дзеянняў на розных этапах дэсантавання.

З 1979 года не было ўжо з імі побач Васіля Піліпавіча, які здаў пасаду камандуючага ПДВ і перайшоў у Групу генеральных інспектараў Міністэрства абароны. Праз 11 гадоў, 4 сакавіка 1990 года, ён пайшоў з жыцця.

Васіль Піліпавіч быў узнагароджаны 13 ордэнамі і 19 медалямі Савецкага Саюза (сярод іх 4 ордэны Леніна), 34 ордэнамі і медалямі замежных дзяржаў. Яго імя носіць Разанскае вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча, плошчы і вуліцы ў многіх гарадах былога СССР, у тым ліку і ў нашай краіне. Афіцэры і салдаты-дэсантнікі, ветэраны ПДВ кожны год прыходзяць да помніка свайму камандуючаму на Новадзявочых могілках у Маскве, каб аддаць даніну памяці. Прайшоўшы шлях ад камандзіра злучэння да камандуючага Паветрана-дэсантных войск СССР, Маргелаў ператварыў іх у эліту Узброеных Сіл. І зусім не выпадкова дэвізам дэсантнікаў на ўсе часы сталі крылатыя словы Маргелава: «Ніхто, акрамя нас!»

Анатоль СЛАНЕЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».