Міжнародны канцэрн Olvі Oyj (Фінляндыя) выдаткаваў на гэта звыш 80 млн еўра. Такім чынам, завяршыўся самы паспяховы інвестыцыйны праект у айчыннай харчовай прамысловасці за апошнія гады. Завод стварыў выдатны плацдарм для найдалейшага абнаўлення і развіцця па прыкладзе лепшых еўрапейскіх стандартаў.
Мадэрнізацыя закранула ў першую чаргу водападрыхтоўку. «Сама вада здабываецца з дзвюх уласных свідравін глыбінёй 280 м — яны забяспечваюць усе патрэбы завода, — тлумачыць галоўны півавар «Лідскага піва» Дзмітрый НІЧЫПАР. — Усё ж такі тут выпускаецца і піва, і пітная вада, і некалькі відаў салодкіх напояў кампаніі Pepsі. Такая сур'ёзная кампанія адпаведным чынам ставіцца да вырабу сваёй прадукцыі ў іншых краінах, а таму ўзоры той пітной вады, што пойдзе на выраб «Пепсі», «Сэвен Ап» і «Мірынды», давялося дасылаць на экспертызу ў ЗША. Напоі патрабуюць самай мяккай вады, без жалеза і соляў. Для пітной жа вады «Аўра», напрыклад, цалкам выдаляць солі нельга. А для «піўной» вады — наогул свае патрабаванні». Трыа розных фільтраў — гэта ўнікальна для нашай краіны. Адным словам, самая сучасная ў Беларусі і суседняй Прыбалтыцы сістэма водападрыхтоўкі — на «Лідскім піве».
Аднак для вырабу піва толькі добрай вады недастаткова. Быў пабудаваны новы варачны цэх, у якім устаноўлена нямецкае абсталяванне. У новай варніцы можна ажыццяўляць 12 варак за суткі па 45 тысяч літраў за адну варку. Абсталяванне энергаэфектыўнае і экалагічнае. Лічыцца, што ў варніцы забяспечваецца 80 працэнтаў якасці і смаку будучага напою. Для гатавання сусла выкарыстоўваюцца розныя сарты хмелю — ад горкіх да духмяных. Дарэчы, у продажы ёсць нават від піва, які ў Лідзе вараць з аўстралійскага хмелю. Наогул тут даўно практыкуюць выраб невялікіх партый «аўтарскага» піва.
Самае важнае далей — кампазіцыя цукраў, якія праявяць сябе на наступнай стадыі, у браджэнні. Пачынаецца яно з дадаваннем дражджэй. Дарэчы, набываюцца яны ў Германіі і каштуюць нямала. Працэс ператварэння сусла ў піва можа цягнуцца 5-7 сутак, а для некаторых сартоў піва патрабуецца і 14-15, і нават 18-22 дні.
Новае дражджавое аддзяленне дазваляе сёння вырабляць піва па новых тэхналогіях. У цэху браджэння ўсталявана шэсць цыліндра-канічных танкаў на 330 куб. м (на фота). А ўсяго на прадпрыемстве — 28 «танкаў» для піва і квасу, уключаючы міні-«танк» для вырабу эксперыментальных, невялікіх партый крафтавага піва.
Паводле слоў генеральнага дырэктара ААТ «Лідскае піва» Аўдрыуса МІКШЫСА, цягам усёй сваёй 140-гадовай гісторыі існавання прадпрыемства ніколі не здраджвала выпуску хмельнага напою. Абнаўленне закранула ўсе працэсы вытворчасці. Аднак спадар Мікшыс дбае не толькі аб будучыні завода, але і аб захаванні мінулага. Таму ў планах — рэканструкцыя адной з заводскіх пабудоў ХІХ стагоддзя. Яна размешчана якраз на тэрыторыі завода, некалі побач пралягала адна з гарадскіх брукаваных вуліц, якую таксама будуць аднаўляць. Магчыма, удасца арганізаваць і музей гісторыі піваварэння Беларусі, і сувенірны гандаль для ўдзельнікаў экскурсій. Пры такім раскладзе паглядзець, што такое сучасны выраб піва, змогуць не толькі журналісты, а ўсе ахвотныя, уключаючы саміх лідчан, якія, магчыма, і не здагадваюцца, адкуль бярэцца іх роднае «Жыгулёўскае спецыяльнае».
Святлана БАРЫСЕНКА
protas@zviazda.by
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.