Вы тут

Універсальны агляд


Выкананне правоў чалавека ў нашай краіне абмеркавалі ў Мінску.

Сімвалічна, што міжнародны Дзень правоў чалавека, які адзначалі днямі, сумясціўся з семінарам, дзе падвялі вынікі Універсальнага перыядычнага агляду па правах чалавека ў нашай краіне. Эксперты з Міністэрства замежных спраў, Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, іншых міжнародных арганізацый, а таксама грамадскіх аб'яднанняў нашай краіны сустрэліся, каб абмеркаваць, як дзяржава будзе рэалізоўваць рэкамендацыі Універсальнага перыядычнага агляду. Генсек ААН плануе наведаць нашу краіну — У свеце няма краін, якія з'яўляюцца бліскучым прыкладам у сферы правоў чалавека, — гаворыць Санака Самарасінха, пастаянны прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Беларусі. — Беларусь таксама чакае вялікая праца ў гэтым кірунку. Дыялог, які распачаўся паміж урадам, няўрадавымі арганізацыямі і прыватным сектарам, азначае, што ёсць рух наперад. Распрацоўка нацыянальнага плана дзеянняў у галіне правоў чалавека стане імпульсам да далейшага развіцця, а вынік пойдзе на карысць усяму грамадству. Як адзначыў пастаянны прадстаўнік ПРААН, наша краіна падтрымала большасць рэкамендацый УПА па эканамічных, сацыяльных і культурных правах, прычым многія рэкамендацыі накіраваны на абарону слабых катэгорый насельніцтва. Санака Самарасінха ў сваім выступленні звярнуў увагу на тое, што Беларусь падпісала канвенцыю аб правах інвалідаў. Акрамя гэтага, па яго словах, нельга не заўважыць, як краіна клапоціцца пра бежанцаў і асоб, што прыехалі сюды з Украіны. Прадстаўнік ПРААН канстатаваў, што Беларусь можа быць у пэўным сэнсе маяком у многіх сферах. Магчыма, менавіта ўсё гэта паўплывала на жаданне генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна наведаць нашу краіну ў найбліжэйшай будучыні. Як паведаміў Санака Самарасінха, кіраўнік ААН можа зрабіць гэта ўжо ў наступным годзе. Рэкамендацыі ўлічаны Пра вынікі другога Універсальнага перыядычнага агляду ў нашай краіне расказаў Вадзім Пісарэвіч, намеснік кіраўніка галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Беларусі. — Другі нацыянальны даклад быў падрыхтаваны ў партнёрстве з грамадзянскай супольнасцю, — заўважыў прадстаўнік МЗС. — У складзе дэлегацый былі высокапастаўленыя прадстаўнікі зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў краіны, што сведчыць аб прыярытэтнасці гэтага пытання на нацыянальным узроўні. Па выніках УПА нашай краіне было дадзена 259 рэкамендацый. Дэлегацыя адразу ж прыняла да рэалізацыі 115 рэкамендацый, да ведама — 48. Да далейшага разгляду было прынята 96 рэкамендацый, пазней з іх наша краіна пагадзілася прыняць да рэалізацыі яшчэ 53, астатнія 43 — да ведама. Такім чынам, з 259 рэкамендацый Беларусь прыняла да рэалізацыі 152, да ведама 101, часткова прыняты 6. Рэкамендацыі, якія беларускі бок прыняў да ведама, можна падзяліць на некалькі тэматычных груп. Адна з іх звязана з тэматыкай смяротнага пакарання ў нашай краіне. — У адпаведнасці з нашай Канстытуцыяй, смяротнае пакаранне з'яўляецца выключнай мерай, — падкрэсліў Вадзім Пісарэвіч. — Напрыклад, яна не прымяняецца ў адносінах да жанчын, да асоб, што не дасягнулі 18-гадовага ўзросту. Асобы, якіх прыгаварылі да найвышэйшай меры пакарання, могуць звярнуцца з прашэннем да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб тым, каб змяніць пакаранне. Пытанне смяротнага пакарання разглядае адпаведная парламенцкая група. Трэба сказаць, што, згодна з апошнімі апытаннямі, значная частка насельніцтва падтрымлівае захаванне смяротнага пакарання. — У той жа час мы не працівімся дыялогу з усімі зацікаўленымі па гэтым пытанні, у тым ліку з нашымі заходнімі партнёрамі, і гатовы паступова рухацца да мараторыя на смяротнае пакаранне, — зазначыў выступовец. — Беларусь ніколі не галасавала супраць рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН «Аб мараторыі на смяротнае пакаранне». Такім чынам, наша краіна падтрымлівае сусветную тэндэнцыю па паступовай адмене смяротнага пакарання. Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.