Вы тут

На беларускую мову перакладзена кніга пра Эдварда Вайніловіча


Асоба Эдварда Вайніловіча цяпер стала для нас яшчэ больш блізкай. З'явілася дакументальная аповесць, прысвечаная гэтаму выдатнаму чалавеку. Яе напісала польская журналістка Гізэля Хмялеўская на падставе рэальных дакументаў, якія ёй удалося адшукаць. А зусім нядаўна перакладзеная на беларускую мову Валерыяй Ждановіч кніга «Церні крэсаў» пабачыла свет у нашай краіне.
15-26

«...Ён мог нарадзіцца і ў Савічах — на зямлі, якая з 1661 года заставалася ў руках Вайніловічаў герба «Сыракомля». Там, дзе быў бацькоўскі палац, мноства памятак звязана з мінуўшчынай яго роду. Але бабуля і дзед з матчынага боку — Міхаліна з роду Манюшак і Эдвард Ваньковіч — абавязкова хацелі, каб першы ўнук прыйшоў на свет у іх доме ў Вялікай Сляпянцы. Яно і лепш, што так выйшла, бо сёння ад колішняй рэзідэнцыі ў Савічах, па сутнасці, не засталося ані следу. Купка старых дрэў, руіны гаспадарчых будынінаў і сціплыя рэшткі палацавых муроў пакрытыя прэлай саломай, па якой блукаюць задуменныя каровы...» — такімі словамі пачынаецца ўступная частка «Церняў крэсаў», якую для прысутных на прэзентацыі выдання агучыў артыст Беларускай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, самы вядомы «дылетант» краіны Юрый Жыгамонт. Так, месцамі наша мінулае занядбана, аднак веды пра яго дапамагаюць аднавіць рэальную карціну, якой, часцей за ўсё, можна ганарыцца.

Беларускае перавыданне «Церняў крэсаў» прайшло няпросты шлях. На ім яго падтрымліваў Польскі інстытут у Мінску. Натуральна, найперш апекаваўся кнігай выдавец Віктар Хурсік, які адзначыў, што кожнае выданне для яго — нібы выняньчанае дзіця, і «Церні крэсаў» — не выключэнне. Натуральна, праз сэрца прапусціла кнігу і перакладчыца Валерыя ЖДАНОВІЧ:

— Справа беларускага перавыдання гэтай кнігі напачатку выглядала проста рамантычнай задумай. Аднак мала хто зрабіў столькі, як Эдвард Вайніловіч, каб крыніца беларускасці зноў пачала бруіцца. Таму ў нас усё атрымалася... Менавіта Вайніловіч заснаваў банк і даваў грошы простым людзям, каб спраўдзіць іх мару аб уласнай зямлі. Ён быў тым чалавекам, які адчуваў бацькоўскую прагу апекі над тымі, каму мог дапамагчы, і шчодра адарыў іх гэтым. Шмат рабіў, напрыклад, для бедных шляхецкіх сем'яў, якія апынуліся ў палоне ліхвяроў: даваў пазыкі, каб дапамагчы далей існаваць годна. Вайніловіч развіваў мясцовую сельскую гаспадарку, бо бачыў у ёй самыя глыбокія карані нацыянальнага жыцця. Трагедыя гэтага чалавека звязана з асабістым горам — стратай любімых дзяцей. Але пасля адбылася яшчэ і ломка яго светапоглядаў: ірацыянальныя сілы пачалі бурыць усё, што ён будаваў. Вымушанае перасяленне прывяло да таго, што ён апынуўся далёка ад роднай зямлі, не мог нават памаліцца ў тым касцёле, які ўзводзіў у гонар сваіх дзяцей... Сёння часта разважаюць пра тое, ці святы Эдвард Вайніловіч? Думаю, так. Усё яго жыццё — гэта цуд. А найвялікшы цуд — тое, што касцёл у гонар святых Сымона і Алены ў сталіцы захаваўся, нягледзячы ні на якія катаклізмы.

Сапраўды, нават калі памяці пра Эдварда Вайніловіча сучаснікі ўдзяляюць мала ўвагі, касцёл Сымона і Алены ў Мінску велічна ўздымаецца над плошчай Незалежнасці. Яго чырвоны колер быццам нагадвае пра палымянае сэрца свайго фундатара, які не стамляўся любіць — сваіх дзяцей, сучаснікаў, Радзіму, мову...

Пра еднасць Вайніловіча і беларускай сталіцы гаварыў і галоўны архівіст Нацыянальнага гістарычнага архіва Уладзімір ДЗЯНІСАЎ:

— Аўтарка кнігі падкрэсліла, што асноўнай рэзідэнцыя Вайніловіча былі Савічы. Аднак ён быў звязаны з Мінскам. Па-першае, тым, што нарадзіўся ў маёнтку Вялікая Сляпянка. Паяднаны яшчэ і таму, што яго хрысцілі менавіта тут. У Нацыянальным гістарычным архіве захавалася актавая кніга Мінскага кафедральнага касцёла, дзе маецца запіс пра гэта. Я думаю, што Эдвард Вайніловіч прыязджаў сюды (хаця адпаведных успамінаў не захавалася), бо гэта была мінская летняя рэзідэнцыя яго самага блізкага сваяка Ваньковіча, якому належала Сляпянка... Гізэля Хмялеўская, дзякуючы сваёй энергіі, па кавалачках сабрала сямейныя архівы Вайніловіча, якія разышліся па ўсёй Польшчы. Многія прафесійныя гісторыкі займаліся вывучэннем гэтай постаці, пісалі пра яго, аднак такой працы зрабіць не здолелі. Вайніловіч вяртаецца на Беларусь, бо гэтая кніга, перакладзеная на беларускую мову, стала даступнай для ўсіх, хто цікавіцца нашай мінуўшчынай.

Дарэчы, сама Гізэля Хмялеўская падзялілася думкай, што ў Мінску варта было б належным чынам уганараваць асобу Вайніловіча — назваць яго імем адну з вуліц.

Прафесар, доктар філалагічных навук Адам МАЛЬДЗІС на прэзентацыю выдання, як заўсёды, прыйшоў не з пустымі рукамі, а з сенсацыяй у запасе:

— У кнізе апісана гісторыя мястэчка Юравічы цяперашняй Гомельскай вобласці — таго, што там былі касцёл, затым — праваслаўная святыня. Калісьці адна мясцовая магнатка па прозвішчы Горват узяла абраз Маці Божай і падпольна перадала ў Кракаў. У 1934 годзе ён быў выстаўлены ў касцёле Святой Барбары. Я неяк завітаў туды, каб, па-першае, паглядзець на сам абраз, па-другое, падумаць, як можна зрабіць гістарычны абмен — арыгінал вярнуць у Юравічы, а копію — перадаць у Польшчу. Святар выслухаў мяне ўважліва... Аказваецца, у гістарычных дакументах пазначана і апублікавана, што гэтая ікона была перададзена туды ў дэпазіт. Таму вяртанне яе бачыцца сапраўды рэальным.

Аднак ёсць і тое, што крыху бянтэжыць у «Цернях крэсаў». Здзіўляе даследчыкаў і проста ўважлівых чытачоў сама назва выдання, дзе ўжыта слова «крэсы» (ускраіны. — Аўт.). Беларусь — больш не ўскраіна. Гэта самастойная краіна, якая ні ад кога не залежыць. З такой думкай згодны як прафесар Адам Мальдзіс, так і дацэнт, кандыдат гістарычных навук гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Віталь МАКАРЭВІЧ, які патлумачыў:

— Эдвард Вайніловіч у сваіх успамінах, якія пісаў ужо ў 1920-х гадах, ужывае выраз «крэсы беларускія, нашы крэсы». Аднак на той час тэрыторыя сучаснай Беларусі — былога Вялікага Княства Літоўскага — была не актыўным, а пасіўным удзельнікам падзей. Нас разарвалі на часткі, і мы ў пэўным сэнсе былі ўскраінай іншых палітычных утварэнняў. Аднак сённяшнія беларусы тэрмін «крэсы» ўспрыняць не могуць. І дыпламатычна, і метадалагічна гэта не вельмі правільна ў дачыненні да Беларусі. Вайніловіч нарадзіўся на Літве, або Русі, у 1920-я гады гэта зямля стала «крэсамі», аднак сёння — гэта Беларусь, Украіна і Літва.

Варта дадаць, што асоба Эдварда Вайніловіча сёння набывае ўсё большую папулярнасць. На рускай мове выйшлі яго мемуары, якія з задавальненнем чытаюць самыя розныя людзі, зацікаўленыя дзейнасцю слыннага папярэдніка. На Капыльшчыне плануюць стварыць маршрут «Шляхамі Вайніловіча». У Чырвоным касцёле каштоўнасці і прынцыпы жыцця славутага фундатара папулярызуе ксёндз Уладыслаў Завальнюк. Вайніловіч і сёння, амаль што праз стагоддзе, аб'ядноўвае многіх...

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.