Хадой пінгвіна


Прадухіліць зімовую траўму няпроста, але будзем спрабаваць.

Можа быць, гэтая зіма і будзе даволі цёплай, але паслізнуцца можна і на мокрым снезе, і на апалым лісці ў дождж. Так што зімовыя траўмы ніхто не адмяняў. Пакуль у спецыялізаваных аддзяленнях зацішша, але спецыялісты гатовы прыняць наплыў пацярпелых. Шкада, што патэнцыяльныя хворыя, хоць і паглядаюць на каляндар (там жа дакладна напісана: зіма прыйшла!), але ніяк не навучацца своечасова рыхтавацца да спецыфічнага сезона. Ці машыну, ці сябе, а нярэдка і ўсё разам, забываюцца «пераабуць». Вось і першая наша вялікая памылка. Праўда, не адзіная.

16-14

Як адзначае намеснік дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра траўматалогіі і артапедыі Леанід ЛОМАЦЬ, траўмы складаюць 12 працэнтаў ад агульнай колькасці захворванняў. А ў структуры смяротнасці доля знешніх прычын (траўмаў у тым ліку) складае 8 працэнтаў. Гэта чацвёртае месца пасля сардэчна-сасудзістай, анкалагічнай паталогіі і так званых смерцяў ад старасці (ёсць і такі дыягназ — выстаўляецца толькі па дасягненні 80-гадовага ўзросту). Доўгія гады, праўда, размова ішла пра 10 працэнтаў, а зніжэнне нават на два працэнты — гэта тысячы выпадкаў.

Калі ў 2010 годзе ад знешніх прычын загінулі 14 281 чалавек, то летась — 9 684. На думку Леаніда Мікалаевіча, зніжэнне істотнае. Адкуль жа яно ўзялося? Можна меркаваць, што спрацавала наша свядомасць, абуджэнню якой паспрыялі, галоўным чынам, два моманты: нягледзячы на бясплатную медыцыну, хварэць і лячыцца ўсё ж такі становіцца дорага, а па-другое, дорага яшчэ і плаціць штрафы за парушэнне тых жа правілаў дарожна-транспартнага руху, дзе ў сур'ёзных выпадках без траўмаў не абысціся.

Сучасная медыцына здольна ўжо на многае. Узяць хоць бы траўмы ў сталых людзей, калі косці становяцца нетрывалымі і пераломы здараюцца нават пры падзенні з ложка. Раней з пераломам шыйкі бядра хворы ў хуткім часе гінуў, паколькі развіваліся такія цяжкія ўскладненні, як пнеўманія і інш. Сёння ж адразу разглядаецца пытанне замены сустава, пасля чаго чалавек здольны да самаабслугоўвання, што, безумоўна, не проста выратоўвае жыццё, але і спрыяе захаванню яго якасці. Разам з тым, як бы ні развівалася медыцына, сама па сабе яна не здольна прадухіліць усе траўмы на свеце. Хоць імкнуцца да зніжэння самых цяжкіх выпадкаў усё ж такі варта. Што і рэкамендуе Сусветная арганізацыя аховы здароўя.

У першую чаргу, гэта ўвядзенне больш жорсткіх мер у заканадаўства па зніжэнні дарожна-транспартных здарэнняў. Вось узаконілі дзіцячыя аўтамабільныя крэслы — і адразу ёсць эфект. Два сёлетнія прыклады з жыцця. Дзіця ў аўтамабілі хоць і сядзела ў дзіцячым крэсле, але не было прышпіленым. На вялікай хуткасці машына перавярнулася, вадзіцель застаўся жывым, дзіця загінула. У другім выпадку жанчына-вадзіцель прышпіліла і сябе, і траіх дзяцей. Калі яна заснула за рулём, машына перавярнулася, але ніхто з пасажыраў не атрымаў цяжкай траўмы.

Калі працягваць аўтамабільную тэму, то вялікая група траўмаваных прыпадае і на катэгорыю пешаходаў, веласіпедыстаў ды матацыклістаў, сярод якіх здараецца найбольшая колькасць смяротных выпадкаў. Дарэчы, пра веласіпеды. Цяпер усталявалася такое надвор'е, што дагэтуль некаторыя аматары перасоўваюцца на двух колах. Але гэта не абачліва. Ёсць, праўда, еўрапейскія краіны, кшталту Даніі, дзе такім відам транспарту карыстаецца ледзь ці не кожны датчанін і амаль круглы год. Але ў Капенгагене крыху іначай з умовамі надвор'я — гэта раз. Там стварылася своеасаблівая культура веласіпедыстаў — гэта два. Для іх звыклая справа — дабірацца з прыгарада ў Капенгаген на электрычцы разам з двухколавым сябрам, на які перасаджвацца па прыбыцці. Нам жа трэба неяк улічваць свае асаблівасці

Калі звяртацца да ўрача?

Адкрыты пералом прапусціць цяжка. А вось ва ўсіх іншых выпадках звяртайце ўвагу на боль падчас руху, прыпуханне, пасіненне (пры пашкоджанні сасудаў будзе кровазліццё). Нават калі вам здаецца, што «нічога страшнага», пакажыцеся траўматолагу. Застарэлая траўма — а гэта нават некалькі дзён без лячэння — можа так абмежаваць рух у суставе, што наступнае лячэнне будзе і пакутлівым, і вельмі працяглым, а вынік негарантаваным.

Важна, вядома, каб супастаўленне касцей пры пераломе было ідэальным, каб рух у суставе не абмежаваўся. Не так даўно беларус атрымаў у Еўропе падчас катання на лыжах траўму кісці. Страхоўка ў небаракі была добрая, але першую дапамогу яму аказалі не на найлепшым узроўні. Ужо на радзіме ўрачы выявілі, што зрастанне адбылося няправільна, рука амаль не рухалася... Тутэйшыя ўрачы прапанавалі ламаць і складаць наноў.

Навука падаць

Што галоўнае перад выхадам на вуліцу? Правільна апрануцца. Адзенне павінна быць свабодным, каб не перашкаджала нашым рухам, абутак жа — на няслізкай падэшве і нізкім абцасе.

Што галоўнае пры падзенні? Паспець згрупавацца. Трэба ўхітрыцца ўпасці не з вышыні ўсяго росту, а быць як мага ніжэй, а значыць, неабходна крыху прысесці.

Майце на ўвазе...

...што падзенне на спіну пагражае пераломам копчыка (даволі складана лечыцца, нярэдка становіцца хранічнай паталогіяй), пераломам пазваночніка (не ўсе такія траўмы патрабуюць хірургічнага ўмяшання, але ўсё роўна працэс аднаўлення даволі цяжкі).

...што падзенне наперад — гэта магчымыя траўмы кісцяў рук, дзе шмат дробных касцей, ідэальна залячыць якія вельмі няпроста. Не выстаўляйце наперад рукі ў момант падзення.

...што падчас любога падзення можна траўмаваць і галёнкаступнёвы сустаў (яго сёння можна нават пратэзаваць, але ўвогуле лячэнне працяглае і складнае).

...што падзенне на бок пагражае пераломам бядра (звычайна ў пажылых). Тым не менш, менавіта такое падзенне з'яўляецца аптымальным варыянтам.

Запомніце і рабіце

1. Не выпускайце з-пад увагі дзяцей, якія за зімовымі гульнямі і забавамі забываюцца на асцярожнасць і абачлівасць. Нават звычайнае катанне на каньках можа скончыцца сур'ёзнай траўмай. І не толькі ў выніку ўласнага падзення, але, што значна горш, калі цябе збівае з ног той, хто страціў раўнавагу.

2. Не бяжыце за транспартам. Нават калі спазняецеся. З траўмай вы не толькі спозніцеся, але і наогул будзеце па-за работай доўгі час.

3. Будзьце ўважлівымі там, дзе бачыце слізкую плітку, а таксама на любых прыступках.

4. Хадзіце ў галалёд «паходкай пінгвіна» — павольна, не моцна адрываючы ногі ад зямлі.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.