Вы тут

Асуджаных першы раз будуць трымаць асобна


Менавіта гэтага аспекту датычацца асноўныя змены і дапаўненні ў Крымінальна-выканаўчы кодэкс, якія дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў першым чытанні на ўчарашняй сесіі. Такім чынам, на думку распрацоўшчыкаў законапраекта і дэпутатаў, зменшыцца пераемнасць у крымінальным асяроддзі. — Мы б не хацелі, каб крымінальны вопыт адных перадаваўся іншым нават ва ўмовах устаноў адкрытага тыпу, — заявіў Ігар ШУНЕВІЧ, міністр унутраных спраў. — Зразумела, што такі працэс адбываецца ў нейкай меры, аднак мы імкнёмся мінімізаваць гэтыя магчымасці ў тым ліку і для таго, каб зрабіць далейшую сацыялізацыю такіх грамадзян больш эфектыўнай. Трэба сказаць, што гэтае новаўвядзенне ў Крымінальна-выканаўчы кодэкс базуецца на вопыце сусветных краін. Большая частка тых людзей, што сядзелі ў турме ўпершыню, пасля сацыялізуюцца і жывуць нармальным жыццём, не звязаным са злачынным светам. Як адсачыць тых, хто едзе ў ІДІЛ? Адказваючы пасля прадстаўлення законапраекта на пытанні журналістаў пра тое, ці ёсць грамадзяне нашай краіны, што далучыліся ці імкнуцца далучыцца да ІДІЛ, міністр унутраных спраў паведаміў, што такія прэцэдэнты ёсць. — Няма дакладных спосабаў, якія выяўлялі б, дзеля чаго чалавек едзе за мяжу, — адзначыў міністр. — Ён, безумоўна, не дэкларуе свайго жадання ваяваць. Проста едзе, умоўна кажучы, у Турцыю, нейкім чынам трапляе на тэрыторыю так званай «Ісламскай дзяржавы». Мы можам казаць пра ўдзел у гэтым працэсе толькі тады, калі ёсць фактычныя даныя. У гэтым выпадку органы ўнутраных спраў, спецслужбы могуць рабіць адпаведныя высновы. Такія прэцэдэнты ёсць, таксама як і з тымі, хто ўдзельнічае ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. Па кожным вядомым выпадку мы праводзім праверку. Адказваючы на пытанне пра колькасць тых, хто едзе ў ІДІЛ з нашай краіны, Ігар Шуневіч паведаміў, што, згодна з яго звесткамі, такіх людзей больш за 10. За парушэнне тэхрэгламенту — да 200 базавых Эдуард СЯНЬКЕВІЧ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве, расказаў пра новаўвядзенні ў Крымінальным кодэксе, Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях, Працэсуальна-выканаўчым кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях. — Змены тычацца абароны айчыннага рынку ад паставак недабраякаснай прадукцыі, якая не адпавядае тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза, — паведаміў дэпутат. — Узмацняецца адміністрацыйная адказнасць за пастаўку такой прадукцыі ў нашу краіну. Па словах парламентарыя, прадугледжваецца павелічэнне да 200 базавых велічынь адказнасці за парушэнне тэхрэгламенту. — Мы ўваходзім у Мытны саюз, таму ідзе ўніфікацыя заканадаўства, — патлумачыў Эдуард Сянькевіч. — Падобная адміністрацыйная адказнасць ужо ўведзена ў Расіі і Казахстане. Гарантыя бяспекі Бяспека на прадпрыемстве, умацаванне працоўнай дысцыпліны — асноўная мэта змен, што ўносяцца ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. — У першую чаргу змены ў кодэкс накіраваны на ўзмацненне працоўнай дысцыпліны і, як вынік, на зніжэнне вытворчага траўматызму і дарожна-транспартных здарэнняў, — адзначыў Ігар СТАНКЕВІЧ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях. — Перш за ўсё — узмацнення адказнасці працадаўцы ў тым, што тычыцца праходжання медыцынскіх аглядаў работнікаў — як перад пачаткам працы, так і ў працэсе. Узмацняецца адказнасць кіраўніка за непраходжанне работнікамі агляду на алкагольнае, таксічнае, наркатычнае ап'яненне. — Гэта звязана перш за ўсё з тым, што ў законе Рэспублікі Беларусь аб ахове працы гэтыя патрабаванні выкладзены — гэта значыць, людзі, якія працуюць ва ўмовах павышанай небяспекі, у шкодных умовах працы, абавязаны праходзіць медыцынскі агляд. У першую чаргу гэта звязана з тым, што няшчасныя выпадкі на вытворчасці часта з'яўляюцца вынікам знаходжання работніка ў стане алкагольнага ап'янення. Права на таварны знак У другім чытанні быў прыняты законапраект, што ўносіць змены і дапаўненні ў некаторыя законы нашай краіны па пытаннях прававой аховы таварных знакаў і знакаў абслугоўвання. — Правапрымяняльная практыка паказала: гэтыя змены неабходны, таму што закон быў прыняты ў 1993 годзе, у новай рэдакцыі — у 2000 годзе, — заўважыў Васіль МІХНО, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы. — Змены тычацца, перш за ўсё, двух асноўных пунктаў. Па-першае, гэта выключнае права на таварны знак, па-другое, адказнасць за парушэнне гэтага выключнага права. Васіль Міхно падкрэсліў, што кожны, хто вырабляе прадукцыю, павінен мець права на таварны знак. Парушэнне выключнага права цягне за сабой санкцыі ў значным памеры — да 50 тысяч базавых велічынь. Надзея ЮШКЕВІЧ yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Каб «крымінальны вопыт» не перадаваўся, асуджаных першы раз будуць трымаць асобна

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.