Вы тут

Зяленіва, якое лёгка вырасціць на падаконніку


Яно не патрабуе асаблівых клопатаў, але пры гэтым нязменна радуе ўраджаем у самыя кароткія тэрміны.

Вырасціць дома можна практычна любую агародную культуру, але не ў кожнага ёсць магчымасці для гэтага. Таму найлепшыя расліны для хатняга агарода тыя, вырасціць якія зможа любы чалавек.

16-6

1. Зялёная цыбуля

Напэўна, хоць раз у жыцці яе вырошчваў на падаконніку кожны, хай нават толькі з цікаўнасці. Ідэальная расліна для хатняга агарода: хутка расце, непатрабавальная, карысная.

У якасці пасадачнага матэрыялу можна выкарыстоўваць і буйную цыбулю-сеянку, і звычайную цыбулю-рэпку. З сеянкі (або дробнай рэпкі) ураджай, вядома, меншы: цыбуліна хутчэй высільваецца. Але пяро мякчэйшае і далікатнейшае. Акрамя таго, дробная цыбулька займае менш месца пры пасадцы. Буйная цыбуліна дае больш зеляніны, пяро ў яе, як правіла, буйнейшае, а атрымліваць ураджай з яе можна даўжэй.

Саджаць цыбулю на выганку можна ў невялікія ёмістасці з вадой або пажыўным растворам (так, каб цыбуліна ні ў якім разе не правальвалася ў ваду, а толькі дакраналася да яе) або ў грунт. Варта памятаць, што цыбуліны на вадзе часцяком пачынаюць падгніваць і спецыфічна пахнуць, а з грунтавымі такога казусу не здараецца.

У глебу для пасадкі вельмі добра ўнесці гідрагель, замочаны ў растворы Гумі (гэты біяпрэпарат умацоўвае расліны, дадаткова корміць іх, павышае ўстойлівасць да хвароб). У пакаёвых умовах глебавы субстрат перасыхае хутка, а гідрагель не дае цыбулінам пакутаваць ад дэфіцыту вільгаці.

Каб заўсёды быць з ураджаем, найлепш саджаць цыбульку рэгулярна — кожныя 10-14 дзён. Тады да таго моманту, як з першай «градкі» ўраджай будзе сабраны цалкам, паспее зеляніна на наступнай — і так да самай вясны.

Для пасадкі зручна выкарыстоўваць невялікія пластыкавыя скрыначкі. На дно трэба насыпаць керамзіт (адтулін для сцёку лішняй вільгаці ў іх няма, таму дрэнаж неабходны), зверху — грунт з гідрагеля прыкладна да паловы скрыні. Злёгку ўшчыльніўшы сумесь, высаджваем у яе цыбуліны блізка адна да адной, не заглыбляючы іх у глебу. Шчодра паліваем — і ўсё. А калі выкарыстоўваць прарослыя цыбуліны, то ўраджаю чакаць давядзецца зусім нядоўга.

16-7

2. Крэс-салата

Адна з найлепшых культур для хатніх агародаў. Па-першае, яна, як і цыбуля, выключна непатрабавальная. Тыя, хто не мае магчымасці або жадання марнаваць час на працаёмкі догляд за «градкамі» на падаконніку, гэта абавязкова ацэняць. Па-другое, яна вельмі хуткаспелая: ужо праз 2-3 тыдні пасля з'яўлення ўсходаў (а яны таксама не прымусяць сябе чакаць) вас парадуе маладая вітамінавая зеляніна. Па-трэцяе, прырода надзяліла крэс-салату мноствам карысных уласцівасцей: рэгулярнае ўжыванне ў ежу гэтай культуры дапамагае нармалізаваць крывяны ціск, палепшыць страваванне і сон. Яе выкарыстоўвалі як сродак ад цынгі, а сокам лячылі малакроўе і авітамінозы.

Калі ў вас ёсць дзеці, паспрабуйце пасеяць крэс-салату разам з імі, хоць бы дзеля эксперымента. Гэтая расліна з тых, з якіх варта пачынаць далучэнне да агародніцтва, бо няўдача практычна выключана!

Крэс-салата паспяхова расце на падаконніках нават зімой: яна вельмі холадаўстойлівая (ідэальнай для яе лічыцца тэмпература ад 15 да 18 градусаў) і непатрабавальная да святла. Адзінае, у чым яна мае патрэбу, — рэгулярнае ўвільгатненне глебы і паветра, бо засухі гэтая расліна не любіць. Каб зеляніна на стале была пастаянна, чарговую порцыю крэс-салаты рэкамендуецца высейваць кожныя 7—10 дзён.

16-4

3. Ліставая салата

Гэтая культура трохі больш патрабавальная, чым зялёная цыбуля і крэс-салата, але дзеля сакавітай зеляніны пастарацца варта. Што трэба ўлічыць? Па-першае, салаце ў хатніх умовах неабходна дадатковае асвятленне — гэта святлолюбівая культура. Недахоп асвятлення прывядзе да ранняга ўтварэння кветканосаў. Праблема часткова вырашаецца выбарам гатункаў. Па-другое, салата адмоўна рэагуе на засуху і спякоту: лісце грубее і становіцца горкім, хутка ўтвараюцца кветканосы. Па-трэцяе, усходы салаты трэба прарэджваць. Рэкамендуецца рабіць гэта двойчы: праз тыдзень пасля з'яўлення ўсходаў на адлегласць 1-2 см паміж сеянцамі, а ў фазе 2-3 сапраўдных лістоў — на адлегласць 4-5 см. Калі загусціць пасевы, расліны выцягнуцца, аслабнуць, і ўраджаю вы, верагодна, не ўбачыце. Ад вырошчвання качанных формаў салаты ў хатніх умовах лепш адмовіцца да таго часу, пакуль не з'явіцца дастаткова вопыту: яны маюць патрэбу ў больш дбайным доглядзе, чым іх ліставыя сабраты, ды і вегетацыйны перыяд у іх, як правіла, даўжэйшы. Ліставую салату ў хатніх умовах дарошчваць да стандартных памераў, якіх яна дасягае ў агародзе, няма асаблівага сэнсу — досыць далікатных маладых лісточкаў.

16-5

4. Пятрушка

Зеляніну пятрушкі дома можна атрымаць двума шляхамі: пасевам насення ў грунт і выганкі з карэньчыкаў. Другі спосаб хоць і патрабуе некаторай папярэдняй падрыхтоўкі, але ўвогуле прасцейшы. Улічваючы асаблівасці сённяшняй зімы, пасадачны матэрыял цалкам можна здабыць на гародзе. У расліны абавязкова павінна захавацца верхавінная пупышка.

Добра ўвільгатняем глебу ў скрыначцы ці гаршку, саджаем караняплоды, прыкрываючы грунтам іх верхавіны. Занадта доўгія можна абрэзаць (зрэз прысыпаюць вугалем, каб пазбегнуць гнілі) або пасадзіць нахільна. Апошні варыянт лічыцца нават лепшым, чым звычайная пасадка.

Калі вырошчваць пятрушку з насення, неабходна ўлічыць два нюансы: расліна святлолюбівая, а яе насенне прарастае даволі павольна.

Халадоў пятрушка не баіцца, так што на падаконніку яна адчувае сябе выдатна. Асаблівых патрабаванняў да вільгаці расліна таксама не прад'яўляе: паліваем па патрэбе, у залежнасці ад умоў у памяшканні.

16-3

5. Шніт-цыбуля

Гэтая культура запатрабуе невялікай папярэдняй падрыхтоўкі. Каб усю зіму атрымліваць ураджай, з восені неабходна нарыхтаваць пасадачны матэрыял для выганкі. А паколькі восень у нас зацягнулася, то яшчэ і цяпер можна выкапаць невялікія кусцікі шніт-цыбулі і пасадзіць у скрыні ці гаршкі, якія захоўваюць у склепе або на балконе.

Іх па неабходнасці ўносяць у цёплае памяшканне і ставяць бліжэй да святла. Пяро ў шніт-цыбулі адрастае хутка: яго можна вышчыпваць з кусціка выбарачна або зрэзаць цалкам. У хатніх умовах ураджай з адной расліны можна атрымаць двойчы, пасля чаго яна высільваецца, нават пры добрым доглядзе і падкормках. Таму разумна нарыхтаваць некалькі ёмістасцяў з пасадачным матэрыялам, каб вырошчваць зеляніну на працягу ўсёй зімы. Ну, а ранняй вясной шніт-цыбуля адной з першых прарастае ў агародзе.

Матэрыял на выганку мэтазгодна браць з тых пасадак, якія вы збіраецеся прарэджваць або цалкам выдаляць: выкарыстаныя на выганку расліны ўжо не аднаўляюцца, і пасля канчатковай уборкі ўраджаю іх выдаляюць.

Важны нюанс: шніт-цыбуля вельмі адчувальная да вільгаці — пры яе недахопе пяро грубее і пачынае прыкметна гарчыць, хутка ўтвараюцца кветканосы.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».