Вы тут

У сталіцы прайшоў конкурс юных распрацоўшчыкаў відэагульняў


Беларуская камп'ютарная гульня — даўно не аксюмаран, а звыклая справа. Айчынныя «айцішнікі» даволі паспяхова займаюцца распрацоўкай забаўляльных праграм, а славутая World of Tanks штогод ставіць усё новыя і новыя сусветныя рэкорды па колькасці гульцоў анлайн і іншых паказчыках. Трэба сказаць, што для цяперашніх распрацоўшчыкаў ужо падрастае змена — гэта пацвердзіў конкурс «Патрыёт.by», што прайшоў у Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці (РЦІіТТ).


Ва­ле­рыя Ка­сі­ла прад­стаў­ляе ўва­зе чле­наў жу­ры пра­ект «Бе­ла­рус­кія пры­сма­кі».

На конкурс з'ехаліся хлопцы і дзяўчаты ва ўзросце ад 12 да 21 года з усіх куткоў краіны. Пераможцаў вызначалі ў дзвюх намінацыях. У першай удзельнічалі камп'ютарныя гульні і творчыя праекты, прысвечаныя тэме барацьбы беларусаў падчас Вялікай Айчыннай вайны і подзвігам беларусаў пры вызваленні іншых краін. У другой — гульні і праекты на тэму нашай гісторыка-культурнай спадчыны, традыцый, дасягненняў беларусаў у розных сферах. — Гэта ўжо пяты такі конкурс, — зазначыў на адкрыцці дырэктар РЦІіТТ Сяргей САЧКО. — І прагрэс відавочны: узровень распрацовак павышаецца. Таму плануем, што ўжо ў наступным годзе конкурс стане больш маштабным, з'явяцца новыя намінацыі. Але галоўная тэматыка застанецца нязменнай — патрыятычная.

Менавіта выхаваць у маладога пакалення пачуццё любові да сваёй краіны — наша галоўная задача. Агляд праектаў праходзіў па дзвюх узроставых катэгорыях: 12-15 і 16-21 гады. Мы накіраваліся да самых малодшых удзельнікаў. Пераважная большасць распрацоўшчыкаў спынілася на фармаце камп'ютарнай віктарыны, бо ён не патрабуе прафесійных ведаў і параўнальна просты ў рэалізацыі. Але тэмы закраналіся самыя розныя. Часцей за ўсё яны насілі лакальны характар — гісторыя і культура малой радзімы юных аўтараў. Напрыклад, вучаніца полацкай сярэдняй школы №6 стварыла віктарыну пад назвай «Полацкія лабірынты». Асновай для праекта паслужыла вядомая, пэўна, кожнаму, хто меў справу з камп'ютарам, праграма PowerPoіnt з пакета Mіcrosoft Offіce. Гульня задае рознага кшталту пытанні па гісторыі і сучаснасці Полаччыны, а задача ўдзельнікаў — як мага хутчэй і правільней на іх адказаць. Пасля праграма вылічвае сумарны бал. Марыя Самайловіч з Мінска выбрала больш буйны, рэспубліканскі маштаб і прадставіла гульню «Мая Беларусь». Гэта таксама віктарына, але па фармаце бліжэйшая да добра вядомай «Што? Дзе? Калі?», нават з такімі ж музычнымі паўзамі.

Яшчэ адна перавага — наяўнасць відэапытанняў. Вучань крупскай гімназіі Мікіта Рогаў стварыў гульню-квэст паводле славянскіх легендаў пад назвай «Археолаг». Згодна з аўтарскай задумай, атрад археолагаў даследуе старажытнасць і адначасова даведваецца пра такіх прадстаўнікоў беларускага пантэона, як Пярун, Сварог, Зюзя і іншыя. Ілья Каралёнак з барысаўскай сярэдняй школы №9 вырашыў расказаць гульцам пра малавядомыя турыстычныя аб'екты на тэрыторыі Міншчыны — праект «Незвычайнае ў звычайным». Клікам па розных месцах карты можна знайсці інфармацыю пра такія цікавыя славутасці, як клецкі дуб і цудадзейная крыніца ў вёсцы Покрашава, што на Случчыне... Валерыя Касіла з дзятлаўскай гімназіі №1 стварыла праект «Беларускія прысмакі», прысвечаны традыцыйнай кухні. У некаторых заданнях, напрыклад, трэба было адасобіць першыя стравы ад другіх, дапоўніць няскончаныя прыказкі, суаднесці стравы і святы, на якія яны падаваліся. — На жаль, цяпер не ўсе ведаюць, чым харчаваліся нашы продкі, — дзеліцца меркаваннем аўтарка «Беларускіх прысмакаў». — Мне падалося, што такі праект можа выправіць сітуацыю. Дарэчы, сама я вельмі люблю нашы стравы, асабліва бабуліны дранікі і зацірку.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.