Вы тут

Магіляўчанка пакарыла журы салодкімі работамі на ФУД ШОУ


— На конкурсе я вельмі перажывала, — прызнаецца кандытар Наталля Шарай. Канкурэнцыя была вялізная! У Маскве сабраліся найлепшыя кулінары з сарака краін свету. Да гэтага часу не магу паверыць, што Гран-пры ўручылі мне!

18-21-1

На «кулінарную феерыю» Наталля прывезла работы з пасцілажу, шакаладу і салёнага цеста. Асабліва ўсіх ўразіла незвычайная скульптура Бабы-ягі.

— Мая казачная гераіня зусім не жудасная, якой яе звычайна малююць у народных казках. Яна модная і сучасная. Я прыбрала яе ў ажурную, экстравагантную сукенку, «абула» ў модныя басаножкі на высозных абцасах і зрабіла ёй класную прычоску. Ад маёй шакаладнай бабусі не адыходзілі! Здзіўляюся, як яна яшчэ не растала ад мігацення фотаўспышак, — з усмешкай кажа Наталля.

Дарэчы, са скульптурай нічога не здарылася. Яна ўжо вярнулася на радзіму, у Магілёў, і сёння ўсе ахвотныя могуць палюбавацца ёю ў фірменнай краме кампаніі «Дамачай», што на вуліцы Касманаўтаў, 39. Шкада, што да горада на Дняпры не даехалі яшчэ дзве конкурсныя работы — сукенкі «Лістапад» і «Снежань», якія ўдзельнічалі ў модным феерычным дэфіле «12 месяцаў».

18-22-1

— Нам трэба было незвычайна аздобіць уборы ад вядомага мадэльера-дызайнера Каці Андзяржанавай. За некалькі гадзін на сукенках расцвілі велізарныя экзатычныя бутоны з пасты, цукру і жэлаціну. Кветкі атрымаліся лёгкія і паветраныя, даводзілася ўсё рабіць з ювелірнай дакладнасцю! Самае галоўнае, што ўбранне было ядомае.

Але ажурныя кветкі так ніхто і не паспытаў: дызайнеры своечасова схавалі салодкія ўборы. Дарэчы, для Наталлі маскоўскае Гран-пры не стала першай узнагародай. Яе кулінарнае майстэрства ўжо не раз высока ацэньвалі ў розных міжнародных конкурсах. У скарбонцы таленавітай магіляўчанкі захоўваюцца тры залатыя медалі за яе шакаладныя шэдэўры. Напрыклад, адзін Наталля заваявала на Сусветным кулінарным кубку ў Люксембургу. У аснове яе 50-кілаграмовай кандытарскай кампазіцыі быў шакаладны фермер. А вакол яго — дзівосны восеньскі антураж: вазок з новым ураджаем, гарбузы і вялікія сланечнікі. Фермер быў апрануты ў стыльны клятчасты касцюм, на яго галаве красаваўся цыліндр, з-пад якога выбівалася капа рудых валасоў.

18-23-1

— Гэтую работу да конкурсу я давезла не зусім цэлай. Галоўны герой па дарозе... страціў сваю галаву. Але за тры гадзіны я яго падрамантавала. Нягледзячы на такую непрыемную акалічнасць, работа атрымала добрыя балы і водгукі.

Наталля часта раз'язджае па замежных краінах са сваімі кулінарнымі шэдэўрамі. Але ж асноўнае месца яе працы — у булачна-кандытарскай кампаніі «Дамачай». Заказаў у кулінарнай каралевы хоць адбаўляй!

Хрысціна Хілько

 

Загаловак у газеце: Магіляўчанка пакарыла сусветных кандытараў сваімі салодкімі работамі на фестывалі ФУД ШОУ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».