Вы тут

Тэхнічныя дыназаўры, якія жывуць і дагэтуль


Сучасныя смартфоны, ноўтбукі паспяваюць маральна састараваць так хутка, што мадэлі, якія здаюцца сёння суперсучаснымі, перастаюць сыходзіць з канвеераў літаральна праз год-два. Праўда, аказваецца, што некаторыя носьбіты інфармацыі і механічныя прылады, якія састарэлі маральна не адзін дзясятак год таму, нейкім цудам дажылі да нашых дзён. І нават больш за тое, дагэтуль сыходзяць з канвеераў.

Відэакасеты памруць толькі налета...Так выглядалі відэамагнітафоны Betamax. Фота з сайта 3dnews.ru.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

У сакавіку 2016-га будзе канчаткова перагорнута апошняя старонка ў гісторыі відэакасет. Хоць у нашым шырокім продажы яны зніклі яшчэ каля 10 гадоў таму, а яшчэ ў 2008-м годзе прайшлі звесткі пра тое, што апошні буйны вытворца – амерыканская кампанія Distribution Video Audio – адгрузіў апошнюю партыю гэтых прылад, аказалася, што ў Японіі яны выпускаюцца і дагэтуль. Гэта можа падацца дзіўным, але факт ёсць факт: толькі праз 13 год пасля зняцця з вытворчасці відэамагнітафонаў сістэмы Betamax з канвеераў кампаніі Sony перастануць выпускацца касеты для іх. Значыць, на іх існаваў попыт у часы куды больш прасунутых тэхналогій DVD ды Blu-Ray, не кажучы ўжо пра інтэрнэт з касмічнымі хуткасцямі?

У 1970-х гадах тэхнічны прагрэс падарыў жыхарам заходніх краін магчымасць ствараць уласную відэатэку, не чакаючы чарговай трансляцыі любімага фільма па тэлебачанні – у шырокім продажы з’явіліся відэамагнітафоны. І тут жа на новым рынку пачалася вельмі жорсткая барацьба паміж карпарацыямі, якія стваралі розныя фарматы відэазапісу на магнітную стужку. У фінальны раўнд праз некалькі год выйшлі дзве японскія кампаніі: Sony з фарматам Betamax і JVC з фарматам VHS, які неўзабаве і стаў манапалістам.

Чаму ж заходні глядач павярнуўся збольшага спіной да Betamax? А адказ вельмі просты – відэакасеты гэтага фармату хоць і давалі крыху больш якасную карцінку, але спярша запісаць на іх больш за гадзіну відэа было нельга. А як запісаць відэафільм, які працягваецца, напрыклад, паўтары гадзіны? Таму для стандарту VHS гэты параметр быў зыходна ўдвая большы. Калі ж распрацоўшчыкі фармату Betamax усвядомілі сваю недапрацоўку і выправілі яе, аказалася, што ўжо позна: спажывецкі рынак быў захоплены іншым фарматам. Да таго ж спрацаваў адзін эканамічны закон: чым вытворчасць больш масавая, тым кошты на гэтую прадукцыю ніжэйшыя. А запусціць касету на магнітафоне, прыназначанага для іншага фармату, было немагчыма.

А што ж нашы прасторы? Іх войны фарматаў відэакасет проста не закранулі. У 1980-я гады магчымасць набыць замежны відэамагнітафон была хіба толькі ў тых, хто выязджаў за мяжу, ды ў іх сяброў і знаёмых, якім дэфіцытную тэхніку прывозілі па замовах з-за кардону. Савецкія прайгравальнікі відэакасет з’явіліся ж вельмі позна (у 1984 годзе), былі вельмі дарагія – рознічная цана апарата дасягала 1.200 рублёў, што крыху не дацягвала да сярэдняга гадавога заробку “чыстымі”. Але набыць і яго было не так проста – даводзілася некалькі месяцаў ці нават больш за год адстаяць у спецыяльнай чарзе. І кантрольны стрэл: айчынныя апараты працавалі толькі ў сістэме VHS. Сваю ролю адыграла ў некаторай ступені і тое, што відэакасеты, якія траплялі з-за мяжы “агародамі” (напрыклад, з фільмамі, пракат якіх быў забаронены), таксама былі запісаны ў фармаце VHS. Сітуацыя са стандартамі відэакантэнту не змянілася і на пачатку 1990-х гадоў, калі ўнутраны рынак рэзка адкрыўся для імпартных тавараў. Праверыць гэта можаце і вы самі: калі ў вас дома яшчэ захаваліся відэакасеты, зірніце на іх футляры. І вы там абавязкова ўбачыце тры лацінскія літары: VHS.

...а за імі – і дыскеты?Гэты носьбіт дагэтуль захаваўся ў іконках праграм. Фота з сайта migom.by

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Яшчэ адзін сімвал двух мінулых дзесяцігоддзяў, які мусіў даўно адысці ў нябыт, - гэта звычайныя трохдзюймовыя дыскеты. Ім не было замены ў мінулыя часы з-за таннага кошту. Праўда, яшчэ напрыканцы нулявых дыскеты былі канчаткова выцесненыя флэш-карткамі, якія імкліва патаннелі. І здавалася б, што старыя носьбіты інфармацыі можна выкарыстоўваць толькі для таго, каб абараняць вочы, назіраючы сонечнае зацьменне, але...

Нарвегія ўжо адмовілася ад папяровых картак у бальніцах і паліклініках і перайшла на вядзенне электронных гісторый хвароб пацентаў. Перайшла настолькі даўно, калі камп’ютары працавалі на аперацыйнай сістэме MS-DOS, а флэшак не існавала зусім. Затое былі 3,5-цалевыя флопі-дыскі.

Кожны зарэгістраваны пацыент у Нарвегіі мусіць абраць сабе пэўнага ўрача, у якога будзе лячыцца, але разам з тым ён мае права перайсці і да іншага спецыяліста. Таму база дадзеных пастаянна абнаўляецца, і кожны ўрач мае сваю базу дадзеных, якая сінхранізуецца з агульным каталогам пацыентаў, які знаходзіцца пад кантролем дзяржавы. Разам з тым у краіне дзейнічае закон, згодна з якім атрымліваць падобныя звесткі можна толькі на фізічных носьбітах. І як ні дзіўна, але дыскеты пакуль падыходзяць для гэтага лепш за ўсё: база дадзеных не перавышае ў памеры 1,44 мегабайт плюс сам кошт дыскеты куды меншы за кошт флэшкі.

Аднак ужо ў наступным годзе нарвежскі ўрад можа адмовіцца ад дыскет. Праўда, пакуль невядома, чым жа заменяць дыскеткі – лазернымі дыскамі з-за іх таннасці ці флэш-картамі з-за іх большай устойлівасці да механічных пашкоджанняў.

Пішучыя машынкі: жывей за ўсіх жывых!Больш за стагоддзе яна была інструментам усіх тых, хто працаваў з паперамі. Фота з сайта steampunker.ru

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Менавіта яны завяршаюць топ-3 жывых і дагэтуль тэхнічных архаізмаў. Праўда, пішучыя машынкі сёння выкарыстоўваюць шырока... у ЗША, якія лічацца адным з флагманаў тэхнічнага прагрэсу ў свеце. Чаму ж атрымаўся такі парадокс?

Справа ў тым, што заканадаўчая база ў штатах ЗША не заўжды змяняецца ў адпаведнасці з часам, з-за чаго нарматыўныя акты выклікаюць часам у непадрыхтаванага чалавека смех. Напрыклад, у Тэхасе забараняецца страляць па бізонах з другога паверха гатэля. А ў Аклахома-Сіці нельга хадзіць задам і есці ў гэты час гамбургер. Тое ж датычыцца і пішучых машынак. У штаце Філадэльфія дзейнічае закон, згодна з якім квітанцыі, бланкі штрафаў і ордэры на ператрус мусяць быць запоўненыя на пішучай машынцы. Як паведамляе выданне The New York Times, пасведчанні аб смерці ў некаторых штатах на гэтым жа апараце мусяць друкаваць пахавальныя бюро. А ў кампаніі Swintec у Нью-Джэрсі падпісаныя кантракты ажно ў 43 амерыканскіх штатах на пастаўку пішучых машынак для... зняволеных – карыстацца пішучай машынкай пры перапісцы іх таксама абавязвае закон.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?