Ноч пасля вяселля


Усё змяшалася ў доме Лук'янавых. На заўтра было запланавана вяселле старэйшага сына Антона, і яго бацькі ўжо каторы дзень знаходзіліся пад цяжарам недаробленых і непачатых спраў. У сталовай наразаліся салаткі і ўкладваўся селядзец пад футра, па дарозе цыркулявалі машыны з крэсламі, прадуктамі і караваямі, жанчыны дамаўляліся з цырульніцамі і кветачніцамі. І ў гэтай мітусні трэба было сустракаць гасцей.

А яны — з розных канцоў краіны і блізкага замежжа, вызваленыя ад абавязкаў, ужо трымалі курс на пасёлак Зашыр'е Ельскага раёна.

Мы прыехалі невялікім складам у сярэдзіне дня. Гаспадары паставілі на стол талеркі з гарачым, графін з моцным і пасля абдымкаў, пацалункаў і паспешлівых размоў пакінулі нас, каб вярнуцца да спраў. Мы, дзякуй Богу, былі гасцямі самастойнымі і неўзабаве ўжо па тэлефоне ўдакладнялі, з чаго б нам зноў напоўніць графін, ды жартавалі, што пасля такіх «нерваў» бацькі замест пажаданняў скажуць маладым: «Не дай Бог разведзяцеся...».

Між тым да дома падбіраліся дзядзькі, цёткі, браты, сёстры, іх жонкі, мужы, дзеці («бач, як вас распладзілася!..»). З некаторымі мы рэдка сустракаліся, з некаторымі — незнаёмыя ўвогуле. Са славутага Санкт-Пецярбурга прыехаў прамысловец і паэт дзядзька Саша, прывёз з сабой двух сыноў, каб тыя сябе паказалі ды на іншых паглядзелі...

Шчасце ад сустрэчы са сваякамі даводзіла да замірання ўнутраных органаў: вяселле, як яму і належыць, стала падставай абняць і расцалаваць вялікую радню, пажартаваць наконт «прычоскі як пасля шторму, гы-гы-гы», успомніць продкаў, выпіць за іх. І, вядома ж, не толькі....

Аднак, ва ўсяго добрага ёсць пачатак канца. На другі дзень, у той час, як вяселле яшчэ працягвалася, прамысловец і паэт дзядзька Саша з сынамі сабраўся дамоў. Усмешкі з твараў сцерліся, жанчыны пусцілі слёзы, мужчыны сталі спехам наліваць «па апошняй» (ну, для кагосьці апошняй). Нехта, пазбавіўшы тамаду мікрафона, выдаў спіч пра адзінства нашага роду. А калі нарэшце былі агучаны развітальныя словы і машына рушыла, з'явілася непрыемнае пачуццё надыходзячага канца. Расхваляваліся, пацішэлі, расклеіліся...

Але ж музыка трымала ранейшы рытм, і страта байцоў хутка адышла на другі план. На вяселлі засталіся самыя стойкія. Яны арганізавалі сабе асобны стол з найлепшымі салатамі, заспявалі пад гітару і не заўважылі, як павечарэла, як адчыніліся дзверы і... у залу ўвайшоў дзядзька Саша ўласнай персонай, прамысловец і паэт! Ён карцінна развёў рукамі, гучна сказаў: «Так, я «лапухнуўся!» і запатрабаваў наліць яму выпіць.

Агульнае здзіўленне змянілася гамерычным смехам, калі высветлілася, што Саша, праехаўшы дзвесце кіламетраў, вярнуўся, таму што пакінуў у доме свой пінжак з кашальком і дакументамі.

Прыгледзеліся — пінжак на ім
надзеты, праўда, рукавы караткаватыя, ды па колеры да штаноў не пасуе.

«Следства» выявіла, што гэты шчасліўчык з раніцы прыбраўся, паляпаў сябе па грудзях і, намацаўшы кашалёк, спакойна адправіўся святкаваць другі дзень вяселля. «Падлог» выявіўся толькі на запраўцы, калі дзядзька Саша, дастаючы грошы, выцягнуў з кішэні вадзіцельскія правы з тварыкам свайго брата, бацькі маладога.

«Мог бы не вяртацца, — сказаў той, — я на твае грошы лазню дабудаваў бы». Але на самай справе кожны быў рады гэтай памылцы, бо ў нашым, лук'янаўскім, распараджэнні аказалася яшчэ адна ноч.

Ірэна Лук'янава, г. Мінск

Старшыня між тым — ні пры чым

...Баюся ўспамінаць пасляваеннае мінулае і, у прыватнасці, як жа цяжка рубцаваліся раны, як доўга паўставала з руін краіна, як падымала сельскую гаспадарку. Не было для гэтага ні тэхнікі, ні ўгнаенняў. Усё, што магло хоць неяк паспрыяць урадлівасці, шукалі, як крумкач косці. Нас, школьнікаў, помню, прымушалі збіраць па хатах попел і вазіць на калгасныя палі.

Адчуваўся і недахоп кіраўнікоў-мужчын.

Каб ліквідаваць яго, партыя кінула кліч да гараджан і, для пад'ёму эканомікі, накіравала ў вёскі каля 30 тысяч рабочых і служачых. Сіла, здавалася б, але многія з гэтых добраахвотнікаў павырасталі ў гарадскіх умовах, яны курыцы жывой ніколі не бачылі, а тут якія-ніякія, але ж коні, каровы, фермы, палеткі — калгас. Ім трэба кіраваць...

Адзін з такіх начальнікаў трапіў і ў нашы мясціны, стаў старшынёй. Звалі партыйца Макар Пятровіч Бухароў. Што калі рабіць — у якія тэрміны якую культуру сеяць і калі ўбіраць — ён спачатку нават уяўлення не меў. Усё вырашалі вышэйшыя партыйныя ўлады. Але ж і Макар Пятровіч без справы не сядзеў. Ён сачыў за парадкам, стараўся трымаць дысцыпліну. І з людзьмі, дзякаваць Богу, не лютаваў. Вяскоўцы паважалі яго за пасаду, за знешнюю культуру, за рускую мову...

Але ж павага павагай, а голад голадам: ён, як вядома, не цётка. І нават не дзядзіна — з'ясі і крадзена.

Дык вось. Неяк раз дзве суседкі, Волька і Марыля, цэлы дзень крукам прастаяўшы ў баразне (калгасную бульбу выбіралі тады ўручную, за плугам), прыкмецілі, што як ты зямлю не перабірай, а клубні ўсё ж застаюцца: недзе плуг на камень наскочыць, недзе араты спудлуе, а то і конь... Глядзіш, кусцік-другі ў зямлі...

Шкада іх калгасніцам, бо прападзе ж дабро, змерзне, згніе, а дома — дзеці...

Факт, што пашапталіся яны і, калі прыцямнела, з кашамі, з рыдлёўкай падаліся на бульбянішча. Вольцы гэта лягчэй было, бо яна даўганогая, дужая, спрытная, а вось Марыля... Мала таго, што яна ростам не выйшла, што цяжарная, дык яшчэ і баязлівая. Збірае тую бульбачку ды трасецца:

— Вой, зловіць старшыня... Вой, бяды нам будзе...

Накаркала, карацей: конь як быццам іржэ? Паднялі галовы — і сапраўды: хуткім крокам ідзе да іх Бухароў (на калёсах па калдобінах не разгонішся).

— Уцякайма! — крыкнула Волька, схапіла рыдлёўку, свой кош з бульбай і кінулася да бліжэйшага лесу.

Марыля, вядома ж, за ёй. І добра, каб лес той быў блізка, а то ж... Задыхаліся кабеты, узмакрэлі. Волька на Марылю азірнецца, спытае: «Ну што — бяжыць старшыня?» Тая кажа: «Бяжыць», бо азірнуцца проста не можа.

З апошніх сіл жанкі ўцякалі... І такі ж уцяклі. У лесе аддыхаліся крыху ды пакіравалі дадому. Зноў жа з прыгодамі: па дарозе Марыля нарадзіла хлопчыка — без пары, але, дзякуй Богу, здаровага.

Назвалі малога Косцікам. А мянушка прыляпілася неяк сама — Бухароў. Хоць ён, калі разабрацца, быў ні пры чым.

Ці ўсё ж пры чым?

Н.С., г. Слуцк

P.S. Шмат гадоў пасля гэтага прайшло, але я і цяпер не разумею, у чым быў крымінал? Чаму пасля асноўнай уборкі ўраджаю нельга было дазволіць калгаснікам перакопваць, пераворваць тое ж бульбянішча, каб хоць так аддзячыць за працу? Чаму так доўга людзі на вёсцы працавалі за так званыя «палачкі», а па сутнасці — задарма?

Пра казла, які не баіцца нічога, апроч...

Наша лецішча знаходзіцца на пачатку маладзечанскага ўзвышша, у мясцовасці, якую трапна называюць «беларускай Швейцарыяй»: бо ў нас, як і ў той, сапраўднай Швейцарыі, ёсць і горы, і даліны, ёсць сцежкі, якія іх звязваюць. Жарты жартамі, а з ганка нашай дачы, напрыклад, можна бачыць, як унізе, праз мястэчка, да якога не менш за кіламетр, вусенем паўзе цягнік...

Экзотыка! І прытым прыгожая!

Але ж тут не пра яе — вернемся да сцежак.

Адна з іх надзейна звязвае нашы дачы з тым мястэчкам, з чыгуначнай станцыяй. І да яе і ад яе недзе з мая па кастрычнік пастаянна ходзяць людзі. Тут жа, ля сцежкі, местачкоўцы пастаянна навязваюць коз. Чаму, здагадацца няцяжка: жывёліны прывучаны да рук, да пастаянных пачастункаў. З дому выходзіш, — нешта, вядома ж, бярэш. Не сам, дык дзеці залямантуюць, што дзяліцца трэба!

Дык вось. Неяк надвячоркам пасля дачнага працоўнага «ўікэнда» вяртаюся я ў Мінск і толькі збочваю на заўсёдную сцежку, як з падлеску з трэскам выскоквае... казёл. Ды такі барадаты, вялізны, ззаду ланцуг жалезны грыміць... У мяне ад нечаканасці аж сумка з рук выпала.

А казёл між тым пачынае не проста жабраваць ці гасцінца выпрошваць, а хоча... зарабіць яго, каб усё «па-чэснаму». Давай ён, значыць, вакол мяне кругі наразаць ды выбрыкваць, давай розныя гімнастычныя фінты паказваць. Каронны нумар — падскочыць і пярэднімі нагамі быццам на плечы мне хоча стаць, у вочы зазірнуць, пакланіцца... Ну чыста артыст!

Я яму за гэта выступленне булачку дала і пайшла б сабе, бо на электрычку спяшалася. Але ж крокаў праз пяць сцежку мне зноў заступіў казёл: ён хацеў прадоўжыць сваё выступленне.

Давялося яшчэ раз паглядзець, потым — пачаставаць, зрабіць пяць крокаў і...

З такімі вось непрадбачанымі «прыгодамі» я прайшла ўсё поле, потым — мост праз рэчку. А далей...

Я ласкава прасіла казла адчапіцца ад мяне, вярнуцца назад, я размахвала сумкай, крычала на яго... Той , што называецца, слухаў і вухам не вёў.

Мяне тым часам ахапіў сапраўдны адчай: «на гарызоце» паказалася станцыя, і я ўяўляла, як зараз, з гэтым казлом, узыду на перон...

Трэба было шукаць выйсце. «Уключыла» мазгі, падумала, што казёл гэты — не іначай Янкаў: у яго досыць вялікі статак. Успомніла, як гаспадар па вечарах заганяў яго ў хлеў і звычайных людскіх слоў у яго лексіконе тады не было — спрэс мацюкі.

Вось гэтым я і надумала скарыстацца: азірнулася (каб людзі, бронь Бог, не пачулі), набрала ў грудзі паветра і...

Спачатку атрымалася ціха — казёл на мяне толькі паглядзеў, потым — мацней (ён насцярожыўся), а потым мяне панесла, не раўнуючы, як тога Астапа. Я сказала казлу ўсё, што думала — пра яго, ягоных продкаў, людзей з казлінай «упартасцю»...

«Артыст» уважліва слухаў. У нейкі момант, мне падалося, што ў яго вачах прамільгнула захапленне, змяшанае з жахам, і морда ў казла неяк выцягнулася. Пасля чаго мой праважаты нарэшце падбрыкнуў і, загрымеўшы ланцугом, знік у зваротным напрамку. ...На электрычку я, дзякуй Богу, паспела. І амаль усю дарогу да Мінска думала пра сілу прывычкі, пра тое, што добрыя словы яны, вядома ж, прыемныя — для ўсіх, у тым ліку і казлоў. Але ж нешта давесці Янкавым можна толькі матам.

Таццяна Гаральчук, г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».